Вы тут

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?


Што гэта за цуд? Каб яго ўбачыць, трэба накіравацца да аднаго з прычалаў Нёмана ў раёне Старога горада Гродна. Прызнацца, чуткі аб гэтай ладдзі паціху сталі з'яўляцца ў сеціве, і мы з сябрамі вырашылі іх праверыць. Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў? І вось што атрымалася...


З Х стагоддзя — у ХХІ-е...

— Гэта вы нас чакаеце? — з такога пытання паспрабавалі мы завязаць знаёмства з капітанам ладдзі, чалавекам, сапраўды нечым падобным на скандынава. Адразу пацікавіліся ў яго, ці зможа наша група ў складзе пяці чалавек тут размясціцца. Аказалася, што лодка вытрымае і ўдвая больш.

Каб пачаць вандроўку, апранулі яркія ратавальныя камізэлькі. Паралельна пазнаёміліся з уладальнікам ладдзі. Завуць яго Андрэй Блажэвіч. Разам з ім — яго сябар Мікіта. Напачатку распыталі, што гэта за тып судна.

— Гэта малая баявая ладдзя эпохі вікінгаў, — распачаў Андрэй свой аповед. — На ўзбярэжжы Даніі былі знойдзены рэшткі такой лодкі Х стагоддзя.

Андрэй упэўнены — па Нёмане вікінгі таксама плылі. У старажытных скандынаўскіх сагах ёсць згадванне аб рацэ Немень і ранніх пасяленнях уздоўж рэчышча. Магчыма, гэтыя пасяленні і сталі папярэднікамі горада-крэпасці Гарадзен. Дарэчы падчас раскопак на тэрыторыі Старога замка была знойдзена шахматная фігура ХІІ стагоддзя ў форме якраз такой ладдзі. А яшчэ тут знаходзілі скандынаўскі меч Х стагоддзя.

Таксама Нёман уваходзіў у склад Вялікага бурштынавага шляху, гэта частка знакамітага шляху «з варагаў у грэкі», які звязаў краіны Скандынавіі з Візантыяй і Чорным морам. Тут было не самае зручнае месца для гандлёвых экспедыцый, але невялікія судны скандынаваў сюды заходзілі. На такіх лодках хадзілі ў асноўным па рэках, бо яны лёгкія і наўрад ці маглі б вытрымаць моцную прыліўную хвалю.

— Такой я і пастараўся яе стварыць — такімі ж інструментамі і з такіх матэрыялаў, як і арыгінал таго часу. Таму корпус зроблены нахлёстам, калі адна дошка накладваецца на наступную. Падчас руху паміж суднам і вадой узнікаюць паветраныя праслойкі, якія ствараюць эфект падушкі і нібы ўздымаюць яго над вадой. Такія лодкі былі рэкардсменамі па хуткасці сярод сярэднявечных суднаў і ўступалі толькі фрэгатам, — расказвае Андрэй Блажэвіч.

На самім корпусе няма ніводнага ніта ці шрубы, усё зроблена на заклёпках, якія каваліся ўручную ў горне і ўручную заклёпваліся. Тут выкарыстана каля 1300 заклёпак.

З парусам небяспечна

Мы адплываем ад прычала пад грукат водных скутараў і прагулачнага катара. Ці не баяцца гродзенскія «скандынавы» канкурэнцыі? Наадварот, лічыць Андрэй. Калі ў адным месцы такая стаянка водных сродкаў, людзі будуць яе наведваць і змогуць выбраць тое, што ім даспадобы — хуткасны скутар ці павольную ладдзю.

Мы працягваем задаваць пытанні. Цікавімся, дзе і як стваралася такая лодка. Аказваецца, на хутары каля Гродна. Калі ўзнікла ідэя, малады гродзенец пачаў з тэорыі. Карыстаўся рознымі манаграфіямі, інтэрнэтам, вывучаў чарцяжы і напрацоўкі тых, хто імкнуўся ўвасобіць гэта ў жыццё. Потым на хутары пачалі грукаць малаткі, сякеры, з'явіліся стапелі пад каркас лодкі. Работа над незвычайным праектам забірала ўвесь вольны час і, канешне, сродкі. Бо трэба было набываць драўніну, купляць іншыя матэрыялы. І так доўжылася амаль два гады. Яшчэ год спатрэбіўся, каб зрабіць усе дэталі, якія былі характэрныя для сапраўднай ладдзі.

— Мая жонка мяне вельмі падтрымлівала. Калі б не яна, можа, нічога і не было б. У іншы момант хацелася ўсё кінуць. Але яна мяне падштурхоўвала, дапамагалі і сябры. І іх дапамога ў многіх выпадках была незаменная, — лічыць Андрэй.

Лодка хоць і зроблена па ўсіх канонах, але прыстасаваная да сучасных умоў. Напрыклад, спачатку хадзілі на вёслах, як у старажытныя часы. Але пасля таго, як сучасныя весляры панатруджвалі рукі да мазалёў, паставілі матор. Бываюць праблемы і з парусам.

Нёман — рака свавольная, а цяпер яшчэ і абмялела. Шкада, што рачны порт запусціў яе. Кусты растуць проста пасярэдзіне рэчышча, не зашкодзіла б пачысціць. Таксама ўсюды зараслі кустарнікаў на ўзбярэжжы. Гэта няправільна. Бо тут усё павінна быць акультурана і прыгодна для суднаходства. Вунь чайка на сярэдзіне ракі стаіць — па калена птушцы толькі, — выказвае Андрэй свае заўвагі.

З дыпломам урача і лоцмана

Трэба сказаць, што прафесія Андрэя далёкая ад будаўніцтва і суднаходства. Ён урач і працуе рэнтгенолагам. Праўда, займаецца рэстаўрацыяй Сярэднявечча ў ваенна-гістарычным клубе. Але новае хобі пачынаў з нуля. Пры гэтым авалодаў яшчэ і навыкамі ваджэння судна. Атрымаў пасведчанне суднавадзіцеля. На лоцмана вучыўся ў Гродне. Група набралася ў складзе 30 чалавек, за год вучобу прайшлі дзве групы. Праўда, набор ідзе марудна, бо ў Гродне суднаходства не развітае, тут няма флоту, а толькі два параходзікі, якія катаюць пасажыраў па Нёмане і Аўгустоўскім канале.

Самым складаным аказалася зарэгістраваць новае воднае судна, аформіць усё юрыдычна. Хоць перад гэтым лодка прайшла ўсе выпрабаванні, яе нават «тапілі», каб праверыць бяспечнасць.

— Яна прайшла ўсе выпрабаванні, вытрымлівае 2,5 тоны. Судна садзілася на мель. Былі сур'ёзныя ўдары аб камяні, і яно вытрымала. Знешнія дэфекты потым выправілі. Ладдзя прайшла тэхнічнае абслугоўванне ў інспекцыі маламерных суднаў. Гэта працэдура, як і для аўтамабіляў, штогадовая, — кажа Андрэй.

Цяпер у дзень (а лодка працуе толькі па выхадных) адбываецца 5—7 паездак, кожная з якіх доўжыцца да 40 хвілін. За гэты час ладдзя ў два бакі праходзіць гарадскую акваторыю Старога горада. Але пакуль аб «раскручанасці» гаварыць рана, хоць было ўжо нямала і замежных турыстаў. Няма зацікаўленасці і з боку турыстычных агенцтваў. І што дзіўна, да незвычайнага хобі не праявілі інтарэсу калегі па рабоце. Ва ўсякім выпадку, ніхто з іх на старажытнай ладдзі не катаўся...

Уздоўж гарадзішча

Плывём у бок старажытнага гарадзішча, каля Старога замка і Каложы. Адсюль добра відаць, як змяніўся замак падчас рэканструкцыі. З'явілася сцяна, якая акружае яго на даволі крутым схіле. Дарэчы, адсюль, з гэтага месца пачаўся горад амаль 900 гадоў таму.

Андрэй уключае сваю эрудыцыю. Мала хто ведае, кажа ён, што тут праводзіўся кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай, тут прайшоў і апошні, ці, як яго называюць, Нямы сейм у 1793 годзе, які завяршыў існаванне Рэчы Паспалітай. І тут праз два гады было падпісана адрачэнне караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Цяпер Стары замак узнаўляецца пад палац караля Стафана Баторыя ХVІ стагоддзя. Хоць гісторыкі і спрачаюцца па многіх пытаннях, але справа зрушылася з месца, і работы актыўна вядуцца.

На адлегласці ад замчышча, таксама на схіле, добра відаць жамчужыну рэгіёна — Каложскую царкву ХІІ стагоддзя. І што цікава, аказваецца, яна пабудавана не ў межах узмоцненага паселішча, а значна далей, што вельмі нетыпова для тых часоў. Ёсць версія, што тут некалі было паганскае капішча. І вось перасяленцы-хрысціяне будуюць на гэтым месцы царкву, каб пазбавіць мясцовае насельніцтва альтэрнатывы.

Адным з аргументаў наконт капішча з'яўляецца вялізны валун з граніту, які тут знойдзены пры земляных работах. Цяпер ён устаноўлены каля Каложы ў гонар Давыда Гарадзенскага — палкаводца ВКЛ і каменданта замка.

Славянам і скандынавам было характэрна пакланенне вялікім валунам. І такія з капішчаў можна сустрэць у многіх кутках Беларусі. Культавы сімвал мае і ладдзя. Яе назва «Інгерт» азначае «захоўваемая багіняй».

— Напачатку я рабіў ладдзю як гістарычны аб'ект, мне хацелася прымаць удзел у фестывалях і рэканструкцыях, — кажа Андрэй. — Але потым узнік новы праект — гісторыка-турыстычны, каб прывабіць турыстаў. Так мы пачалі рэалізоўваць ідэю воднага падарожжа з аповедам пра цікавыя факты ранняга Сярэднявечча.

На гэтым мы развіталіся з апантаным гродзенцам. Абышлося цікавае падарожжа не дорага — па 8 рублёў з дарослых і 5 рублёў з дзяцей. Гэта кошт добрай кавы ў гарадской кавярні. Затое ўражанні застануцца значна даўжэй. А сёння многія іх шукаюць. І добра, што знаходзяцца аматары, якія здольны прапанаваць такі карысны адпачынак.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Святланы СМАЛЕЙ

Загаловак у газеце: Ладдзя Нёмана...

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.