Вы тут

«Праблема большасці малых гарадоў — наяўнасць аднаго буйнога прадпрыемства»


На пачатку чэрвеня ў Навагрудку адбыўся ХV Рэспубліканскі экалагічны форум, на якім разглядаліся пытанні развіцця «зялёнай» эканомікі, ці, іншымі словамі кажучы, «зялёнага» росту. Навагрудак з 2017 года якраз з'яўляецца пілотным горадам праекта «Зялёныя гарады».


Як вядома, стратэгія ўстойлівага развіцця праз падтрымку «зялёнай» эканомікі ўзнікла не сёння. Яна бярэ свой пачатак з Канферэнцыі «Рыа+20» (2012 г.), на якой краіны свету, і Беларусь у тым ліку, пагадзіліся стаць на шлях «зялёнай» эканомікі — як найважнейшага інструмента гэтай стратэгіі. Перакананы, што асноўная работа ў нас яшчэ наперадзе. Сёння мы можам з задавальненнем канстатаваць, што розныя дзяржаўныя і рэгіянальныя праграмы, уся адукацыйная сфера ў той ці іншай ступені ўтрымліваюць экалагічны складнік. Аднак патрабаваннем дня з'яўляюцца не тэарэтычныя палажэнні, а рэальныя крокі на гэтым шляху.

Мне, грамадзяніну Беларусі і жыхару гарадскога пасёлка, цікава назіраць, як на практыцы рэалізуюцца крокі па «азяляненні» эканомікі, і меркаваць, што было б разумна ў гэтых адносінах змяніць.

Пачаць свае разважанні хочацца з выбару прыярытэтаў для «зялёнага» развіцця. Зразумела, што такім колерам павінна «афарбавацца» ўся нацыянальная эканоміка і ўсе рэгіёны краіны. Аднак магчымасці Беларусі, нават пры дапамозе міжнародных арганізацый, якія фінансуюць шматлікія экалагічныя праекты, не дазваляюць у сённяшніх умовах зрабіць гэты працэс паўсюдным. Таму вызначаюцца прыярытэтныя кірункі, ці, як прынята сёння казаць, драйверы, пілотныя раёны, гарады. Адносна апошніх узнікае пытанне: наколькі абгрунтаваным з'яўляецца іх выбар? Вядома, што гэта робіцца не адным чалавекам, а калектывам спецыялістаў.

Вось, напрыклад, ідзе размова пра малыя гарады як месцы, найбольш прыдатныя для «зялёнай» эканомікі. Нагадаю, што да гэтай катэгорыі пасяленняў звычайна адносяцца тыя, дзе пражывае да 50 тысяч чалавек. Урбаністы адносяць да ліку такіх населеных пунктаў пасяленні з колькасцю жыхароў да 20 тысяч чалавек. Будзем зыходзіць з першай лічбы.

Беларусь, як вядома, краіна малых гарадоў. З больш чым 200 гарадскіх пасяленняў (у Беларусі гэта гарады, гарадскія, рабочыя і адзін курортны пасёлак) амаль 90 % складаюць малыя, а пражывае ў іх усяго каля 20 % гарадскога насельніцтва. Тым не менш менавіта яны застаюцца крыніцамі самабытнасці беларускага народа, яго нацыянальнай культуры, традыцый і захаванага прыроднага асяроддзя.

Праблема большасці малых гарадоў і асабліва гарадскіх пасёлкаў — наяўнасць, як правіла, аднаго горадаўтваральнага прадпрыемства, ад фінансавага стану якога ў значнай ступені залежыць іх развіццё. Ды і гэтыя прадпрыемствы ў апошнія гады, бывае, прыпыняюць сваю дзейнасць (спадчына СССР), а прыватны бізнес не набыў патрэбных маштабаў. Распрацаваныя ў рамках супрацоўніцтва з праектам ПраААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні» стратэгіі у такіх гарадах, як Тураў і Фаніпаль, сітуацыю ў цэлым не ратуюць. Адсюль — праблема адносна высокага ўзроўню беспрацоўя і як вынік — не надта высокага ўзроўню жыцця.

Яшчэ больш ускладняюць перспектывы далейшага развіцця малых гарадоў сучасныя дэмаграфічныя працэсы: вельмі нізкі натуральны прырост (у больш чым палове з іх ён увогуле
адсутнічае), старэнне насельніцтва (ва ўзросце, старэйшым за працаздольны, знаходзіцца, як правіла, не менш чвэрці жыхароў), міграцыйны адток у вялікія гарады і іншыя.

Як бачым, у значнай колькасці малых гарадоў магчымасці развіцця прыватнага сектара вельмі абмежаваныя. Больш за тое, нават пры сур'ёзнай дзяржаўнай падтрымцы патэнцыял шматлікіх малых гарадоў не дазваляе ў сучасных умовах разгарнуць канкурэнтаздольную вытворчасць, не кажучы ўжо пра яе «зялёнае» аблічча.

Нельга не ўлічваць і тое, што малыя гарады вельмі розныя і патрабуюць у сваім развіцці дыферэнцыраванага падыходу. Аднак цяжка зразумець такую дыферэнцыяцыю, калі, напрыклад, той самы Навагрудак стаў пілотным горадам праекта «Зялёныя гарады», але ж у спіс пілотных раёнаў, на тэрыторыі якіх рэалізуецца праект «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», не ўвайшоў. Разам з тым у Мінскай вобласці да такіх пілотных раёнаў аднесены блізкія па сваім патэнцыяле Маладзечанскі і Барысаўскі раёны.

Найважнейшае эканамічнае патрабаванне пры размяшчэнні вытворчасці —  агламерацыйны эфект, бо кампактна размешчаныя аб'екты, калі яны спалучаюцца, заўсёды больш эфектыўныя, чым размешчаныя ізалявана. На жаль, такім эфектам валодаюць толькі сталіца і некалькі буйных гарадоў краіны.

Увогуле, трэба вельмі адказна падыходзіць да ўкладання інвестыцый, асабліва да выбару месцаў для размяшчэння тых ці іншых аб'ектаў. Падзеі, звязаныя з будаўніцтвам акумулятарнага завода пад Брэстам, вытворчасцю цэлюлозы ў Светлагорску і іншыя толькі пацвярджаюць гэты тэзіс. І хоць названыя гарады не адносяцца да малых, перакананы: праблема размяшчэння прадпрыемстваў, нават і менш экалагічна небяспечных, актуальная і ў іх межах. Мяркую, што ва ўмовах, калі вывучэнне эканамічнай геаграфіі Беларусі будзе завяршацца ў дзявятым класе агульнаадукацыйных школ (так прадугледжана новым планам), памылак пазбегнуць не атрымаецца.

А вось яшчэ адзін прыклад з маіх родных Смілавіч. Рэальная колькасць усіх занятых у прыватным бізнесе сёння ў гэтым пасёлку ў разы саступае колькасці некалі занятых на адным гарбарным заводзе, якога ўжо няма. Заўважце, размова ідзе пра аб'ект, які амаль поўнасцю абапіраўся на ўласную сыравіну і ў 70-я гады ХХ ст. правёў рэканструкцыю. Па сутнасці, тады было створана новае прадпрыемства. Але ўжо каля дзесяці гадоў на яго месцы стаіць адзін каркас, і толькі сёлета пачалося «лёгкае варушэнне». Трэба было ўсё разбурыць, каб потым стварыць сумесны турэцка-беларускі бізнес па вытворчасці медыцынскіх прэпаратаў, які ў найлепшым выпадку дадаў некаторую колькасць рабочых месцаў.

Адмыслова не закранаю экалагічны аспект былога і ствараемага на яго месцы прадпрыемстваў у Смілавічах. Заўважу толькі, што гэта цэнтр пасёлка, а да ракі Волмы 50 метраў — да яе і пракладзена ліўневая каналізацыя. Пагадзіцеся, што тут цяжка будзе ўбачыць нешта ад «зялёнай» эканомікі.

А вось сама рака даўно чакае аздараўлення. Апошні раз яе чысцілі ў 50-я гады ХХ ст. Непасрэдна я сам і яшчэ некалькі нераўнадушных грамадзян неаднойчы звярталіся да мясцовых улад на прамую лінію з просьбай пачысціць раку хоць у межах пасёлка. У адказ чулі абяцанні, спасылкі на неабходнасць распрацоўкі праекта і ўключэння яго ў план будучых работ. Мы можам пачакаць, але рака чакаць не можа, яна ўсё больш зарастае і гіне.

Літаральна на працягу мая — ліпеня ў Смілавічах распачата актыўнае добраўпарадкаванне цэнтральнай часткі ў выглядзе замены асфальту на брусчатку. Аднак у працэсе добраўпарадкавання было вырублена некалькі дрэў. А дзе ж у такім выпадку новыя пасадкі? Больш таго, каля крамы «Сямёрачка» пашырылі пляцоўку для паркоўкі машын, у сувязі з чым давялося таксама спілаваць некалькі дрэў... Вось такія «зялёныя» прыярытэты на лакальным узроўні.

Мяркую, органам тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання тут ёсць над чым падумаць і куды прыкласці намаганні. Глыбока перакананы ў тым, што сродкі, якія пайшлі на брусчатку ў вышэйзгаданым выпадку, былі б з большай карысцю выдаткаваны на вырашэнне іншых жыццёва важных праблем.

Спадзяюся, што ўзнятая тэма зацікавіць чытачоў газеты з малых гарадоў Беларусі і яны змогуць параўнаць напісанае з тым, што робіцца па прасоўванні «зялёнай» эканомікі на іх радзіме, і падзеляцца сваімі разважаннямі з газетай.

Вячаслаў САСНОЎСКІ, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт

Загаловак у газеце: Рэальныя крокі даюцца не проста, або Малыя гарады на шляху да ўстойлівага развіцця

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.