Вы тут

На Гомельшчыне некалькі гадоў актыўна вырошчваюць кавуны


Ужо некалькі гадоў, як фермеры і прыватныя гаспадаркі Беларусі ў цэлым і Гомельшчыны ў прыватнасці актыўна пачалі вырошчваць кавуны. Сёлета іх столькі, што абласное спажывецкае таварыства адмовілася ад закупак вялізнай салодкай ягады за межамі краіны і аддае перавагу мясцовым сартам. Начальнік упраўлення нарыхтовак, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства Святлана Атрошчанка кажа, што арганізацыя закупляе больш за 100 відаў рознай прадукцыі і сыравіны.


— У нас сезон нарыхтоўкі пачаўся з ранніх агуркоў. Мы іх закупілі 607 тон, у тым ліку ў насельніцтва 430 тон. Агуркі яшчэ не скончыліся, сезон будзе працягвацца практычна да кастрычніка. Сёлета мы закупілі і 350 тон таматаў, з іх у насельніцтва — 280 тон. Гэтую гародніну закупляем пад поўную патрэбу.

Між тым клубніцам сёлета спрыяла надвор'е, і гэтай ягады нарыхтавана было 264 тоны — на чвэрць больш, чым летась. Чарніцы таксама не падвялі, і нарыхтоўшчыкі працавалі па-максімуме, адзначае Святлана Атрошчанка.

— Чарніц мы закупілі 254 тоны. Таксама тэмп росту вялікі — ён склаў 132 працэнты. З іх больш за 200 тон у замарожаным выглядзе мы экспартавалі ў краіны Прыбалтыкі і Польшчы. Паралельна закуплялі парэчкі чырвоныя і чорныя — адпаведна 36 тон і 45 тон. Сёлета актыўна займаемся зелянінай. Пятрушкі, сельдэрэю, кропу, зялёнай цыбулі, салаты закупілі аж 22 тоны. Па гэтых культурах мы выходзім на першае месца ў краіне.

З пачаткам дажджоў у лясах з'явіліся і грыбы. Але ж, як вядома, больш паловы тэрыторыі Гомельскай вобласці забруджана радыяцыяй. Менавіта таму гэтыя дарункі лясоў павінны праходзіць жорсткі кантроль, перш чым зборшчыкі атрымаюць за іх грошы. Нягледзячы на тое, што шмат грыбоў адвяргаецца, «чыстых» сёлета ўжо закуплена 4 тоны.

А вось з яблыкамі на Гомельшчыне праблема. Дрэвы так шчодра аддалі ўсё летась, што цяпер адпачываюць. Дарэчы, адсутнасці самых папулярных пладоў спрыяла і засуха, якая стаяла на поўдні краіны практычна ўвесь май і чэрвень. Цяпер спажывецкае таварыства актыўна закупляе папулярную садавіну ў іншых абласцях краіны. Рэсурснымі па яблыках сёлета сталі Брэсцкая, Гродзенская і Мінская вобласці. Між тым менавіта яблыкі з'яўляюцца асноўнай сыравінай для вінаробства і вытворчасці павідла.

Дарэчы, цана на яблыкі вырасла ў два-тры разы ў параўнанні з мінулым годам. Летась давалі толькі 5—8 капеек за кілаграм, а сёлета ўжо 18. Заканамерны працэс, да якога здатчыкі прызвычаіліся: калі сыравіны не хапае, адразу ж павышаецца цана. І наадварот.

Між тым на Гомельшчыне 136 прыёмна-нарыхтоўчых пунктаў актыўна працягваюць працаваць увесь сезон. Так што, калі бульбы, буракоў, фасолі і іншага будзе на падворку з лішкамі, можна прадаць гэты лішак нарыхтоўшчыкам. А адрасы заўсёды падкажуць у сельвыканкамах.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.