Вы тут

Сёлета ўзрос кошт на некаторыя віды айчыннай прадукцыі ў 3-5 разоў


Адсутнасць прадукцыі стабілізацыйнага фонду ў нарыхтоўшчыкаў, незабеспячэнне рытмічных паставак у гандлёвыя пункты пры павышаным попыце на айчынную сельгаспрадукцыю пацягнула сёлета рост кошту на некаторыя яе віды ў 3-5 разоў. І ў першую чаргу праз павелічэнне гандлёвых надбавак суб'ектамі гандлю. Да такога вываду прыйшлі спецыялісты Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці.

Там канстатуюць, што не выконваюцца даручэнні Прэзідэнта па забеспячэнні насельніцтва якаснай айчыннай сельскагаспадарчай прадукцыяй, падтрымцы яе вытворцаў і скарачэнні долі імпарту. Гэта высветлілася ў выніку кантрольных мерапрыемстваў, праведзеных у першым паўгоддзі.

Начальнік упраўлення кантролю за работай галін гаспадаркі Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці Вадзім ВАЛОВІЧ растлумачыў, што непрыняцце мясцовай уладай належных мер па аказанні айчынным вытворцам падтрымкі па прасоўванні вырашчанай прадукцыі ў рознічную гандлёвую сетку, і ў першую чаргу да буйных гандлёвых рытэйлераў, цягне паўсюднае яе замяшчэнне імпартнай.

Трохі гісторыі ў тэму. Раней у мэтах бесперабойнага забеспячэння насельніцтва айчыннымі прадуктамі ў міжсезонны перыяд пачынаючы з 1998 года пад непасрэдным кіраўніцтвам Савета Міністраў у абласцях і Мінску пачалі стварацца стабілізацыйныя фонды харчовых тавараў. У іх першапачаткова закладваліся мяса, жывёльнае масла, сычужныя цвёрдыя сыры, сухое малако, тварог, гародніна, садавіна, бульба, цукар. Потым Саўмінам былі выключаны прадукты жывёлагадоўлі і цукар. А спіс прадуктаў раслінаводства, акрамя бульбы і садавіны, быў дапоўнены капустай, морквай, буракамі, цыбуляй.

З 2016 года, пасля таго як функцыі па стварэнні стабфондаў харчовых тавараў былі перакладзеныя ўрадам на аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам, работа па іх фарміраванні і выкарыстанні пераважна стала фармальнай і праводзілася для выгляду.

— Камітэтам вобласці выкрываліся факты фармальнага заключэння дагавораў: як паміж захавальнікамі і вытворцамі прадукцыі, так і паміж захавальнікамі прадукцыі стабфонду і гандлёвымі арганізацыямі. Фактычна дагаворныя адносіны не выконваліся, штрафныя санкцыі за невыкананне ўзятых бакамі на сябе абавязацельстваў не прымяняліся... Кантрольнымі мерапрыемствамі ўстаноўлена, што шмат у якіх захавальнікаў на момант наведвання адсутнічала ў даведзеным мясцовымі органамі ўлады аб'ёме прадукцыя стабфонду, — працягвае Вадзім Валовіч.

Пры гэтым адбывалася і штогадовае зніжэнне аб'ёмаў стабфондаў. Напрыклад, на міжсезонны перыяд 2018/2019 гадоў, у параўнанні з 2017/2018 гадамі Віцебскім аблвыканкамам зніжаны аб'ёмы прадукцыі па большасці яе відаў (акрамя морквы і буракоў). У прыватнасці, па рэпчатай цыбулі на 100 тон (з 2400 да 2300), бульбе — на 660 т (з 8500 да 7840 т), белакачаннай капусце — на 730 тон (з 4500 да 3770). А па яблыках — на 920 т, і гэта ў параўнанні з перыядам 2016/2017 гадоў менш напалову!

Раней, калі гэтыя аб'ёмы зацвярджаліся Саўмінам, яны былі вышэйшыя ў разы.

У цэлым праведзеныя кантрольныя мерапрыемствы паказалі, што грамадзяне не ў поўным аб'ёме забяспечваюцца якасным айчынным харчаваннем. Адпаведна, асноўная задача стварэння запасаў прадукцыі стабфонду не дасягнутая, у тым ліку з прычыны зніжэння яго аб'ёмаў.

Вынікі кантрольных мерапрыемстваў разгледжаны на пасяджэнні калегіі Камітэта з удзелам кіраўніцтва аблвыканкама, гарадскіх і раённых выканкамаў, іншых арганізацый і прадпрыемстваў. Унесены канкрэтныя прапановы па выпраўленні сітуацыі, якая склалася.

У мэтах выканання рэкамендацый Камітэта дзяржкантролю пры зацвярджэнні ў жніўні аб'ёмаў і наменклатуры стабілізацыйных фондаў (запасаў) прадукцыі раслінаводства для рэалізацыі ў міжсезонны перыяд 2019/2020 гадоў аблвыканкам павялічыў у параўнанні з закладзенымі летась аб'ёмы: бульбы — на 60 тон, яблыкаў — на 70 тон, цыбулі рэпчатай — на 100 тон, капусты — на 330 тон...

Выканкамам даручана забяспечыць заключэнне паміж суб'ектамі гаспадарання (якія ажыццяўляюць вытворчасць, захоўванне, рэалізацыю прадукцыі раслінаводства) адпаведных дагавораў, што прадугледжваюць аб'ёмы, віды (гатункі) прадукцыі, канкрэтную матэрыяльную адказнасць за невыкананне бакамі абавязацельстваў. Новы ўраджай трэба закласці ў сховішчы да 1 лістапада.

Кантраляваць пытанне вельмі пільна будуць і надалей.

Ці ёсць са здачай прыватнай прадукцыі праблемы? У Віцебскім абласным саюзе спажывецкіх таварыстваў купяць усё і ва ўсіх, хто пажадае здаць лішняе. Праблем з транспартам, аплатай і тым, дзе захоўваць прадукцыю, не будзе. Увогуле, больш за 70 % у агульных аб'ёмах нарыхтоўчага абароту спажывецкай кааперацыі — прадукцыя, якая закупляецца ў насельніцтва. Спажывецкая кааперацыя ў вобласці з'яўляецца асноўным нарыхтоўшчыкам бульбы, гародніны, садавіны, ягад, грыбоў і іншай прадукцыі.

Каб набыць і захаваць ураджай, у Віцебскай вобласці дзейнічае каля дзевяноста прыёмных нарыхтоўчых пунктаў, каля дваццаці сховішчаў. Ёсць дзе, дарэчы, і прадаць вырашчаную на ўласным падворку прадукцыю: 1400 гандлёвых месцаў даецца грамадзянам для яе рэалізацыі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Бульбы хопіць усім?

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.