Вы тут

У Талачынскім раёне сёлета з'явілася першая аграсядзіба


У Віцебскай вобласці зарэгістравана каля 620 аграсядзіб, у тым ліку чатыры — на базе сельскагаспадарчых арганізацый. Амаль палова з іх знаходзіцца ў Браслаўскім, па 44 — у Мёрскім і Пастаўскім раёнах. А вось у Талачынскім сёлета з'явілася першая.


Добрай навіной для гаспадароў у пачатку мінулага года стаў уступіўшы ў сілу прэзідэнцкі Указ № 365 «Аб развіцці аграэкатурызму» (ад 9 кастрычніка 2017 года). Дзякуючы яму істотна спрашчаецца аказанне паслуг у гэтай сферы. Паралельна пашыраны пералік паслуг, якія могуць аказвацца.

На жаль, не ўсе сядзібы працуюць. З агульнай колькасці летась дзейнічала толькі 80 %. Напрыклад, у Браслаўскім раёне ў 2018 годзе колькасць сядзіб паменшылася на 17. Гэта адбылося таму, што некаторыя суб'екты агратурызму не адпавядалі патрабаванням Указа № 365.

Таксама летась у сядзібах прынялі каля 42,2 тысячы гасцей. Параўнайце: пазалетась іх было 33,1 тысячы, а ў 2016 годзе — прыблізна 31,7 тысячы. Сярэдняя працягласць пражывання: у 2018-м — больш за дзевяць дзён і прыблізна па пяць з паловай дзён у 2016 і 2017 гадах. Значыць, бізнес становіцца больш выгадным. А падатак — усяго толькі базавая велічыня ў год.

У многіх раёнах гаспадары аграсядзіб, каб менавіта да іх прыехалі адпачыць, шукаюць «фішкі». І прыкладаў гэтаму ўсё больш. Напрыклад, масавым стаў леташні чэмпіянат краіны па яздзе па бездарожжы, які прайшоў на базе сядзібы «Канашы» ў Полацкім раёне. Новым турыстычным прадуктам стала анімацыйная праграма «Адраджэнне полацкага сярэдневяковага суднаходства». Крэатыўнічаюць і ў суседнім Глыбоцкім раёне. Сядзіба «Утрына» стала сталіцай экалагічнага фестывалю «ЭкаЛэнд». У яго рамках правялі кулінарны конкурс сярод гаспадароў аграрных сядзіб і жыхароў раёна. А ў сядзібы «Запаветны востраў» і «Цэнтр Еўропы» летась на міжнародны фестываль прыехала каля сарака дайвераў з Беларусі, Расіі і Украіны. Нагодай стала магчымасць пагрузіцца ў самае глыбокае беларускае возера — Доўгае.

У Мёрскім раёне на «Мацейкавай сялібе» арганізавалі летні сямейны лагер. У праграме былі рухомыя гульні, майстар-класы па валянні воўны, спектаклі і экскурсіі па знакавых мясцінах раёна. А на Пастаўшчыне ў аграсядзібе «Акарына» праводзяцца майстар-класы па ганчарным мастацтве...

У камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама лічаць, што адным з самых перспектыўных кірункаў развіцця турызму павінен стаць так званы экалагічны. Такі від адпачынку называюць яшчэ «зялёным» — гэта калі і самі турысты прыносяць мінімум шкоды навакольнаму асяроддзю. Яго магчыма развіваць у раёнах з некранутай прыродай, з сельскагаспадарчай накіраванасцю (апошніх у Віцебскай вобласці большасць — 12 з 21).

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Паўночныя «фішкі» аграсядзіб

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Егіпет

Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Егіпет

Чакаецца падпісанне пакета двухбаковых дакументаў.

Грамадства

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

На ўпарадкаванне пасля прыклееных паперак выдаткоўваюцца велізарныя сродкі.