Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Чый боршч найлепшы?

...У адной папулярнай дзіцячай песеньцы сцвярджаецца, што дружба пачынаецца з усмешкі. Я спрачацца не буду: з яе, відаць, таксама, але ж не толькі.

Больш за 20 гадоў таму я прыйшла працаваць на Мінскі трактарны завод, атрымала так званае «ложка-месца» ў інтэрнаце і, відаць, да скону не забудуся, як упершыню адчыніла дзверы ў свой пакой, убачыла там дзяўчыну і пачула:

— Есці будзеш?.. Тады мый рукі.

Лёгкім кіўком галавы мне паказалі, дзе гэта можна зрабіць, падалі ручнік. Я села за стол і адчула сябе... як дома.

Вось так, з сумеснага перакусу (імя ў мяне спыталі пазней), пачалося маё новае дарослае жыццё, а галоўнае — шчырае сяброўства з Ірай. Што і нядзіўна: мы жылі ў адным пакоі, працавалі на адным прадпрыемстве, разам сталаваліся, адпачывалі. Яна не раз гасцявала ў маіх бацькоў, я — у яе...

А потым здарылася тое, што і павінна было: Іра выйшла замуж — за вайскоўца, паматалася з ім па Расіі, там жа, непадалёк ад Піцера, асела на ПМЖ... Аднак увесь гэты час мы з ёй слова сваё трымалі: як мінімум раз на год на тыдзень-другі сустракаліся. Гэта значыць, альбо яна прыязджала да мяне, або я да яе, альбо мы ўдзвюх выпраўляліся некуды ў санаторый ці дом адпачынку.

У той раз сяброўка (не падабаецца мне слова «подруга»... Нешта ёсць у ім часовае: падружыў-падружыў ды кінуў...) разам з сям'ёй была ў Беларусі. Яе малодшы сын пацягнуў нас на так званую Лінію Сталіна. Па дарозе туды грэх было не заехаць у Заслаўе, не заказаць там абед. Справа ў тым, што Ірын муж досыць даўно «пасадзіў» страўнік. А яшчэ даўней нажыў праблему з лішнімі кілаграмамі. Таму з раніцы (і для жонкі гэта закон) яму патрэбна свежая каша, а ў абед — добрая талерка гарачага супу.

Такім чынам, з'есці яго (і вядома ж, не толькі) мы планавалі на зваротным шляху, у Заслаўі. Помню, што добра прыпазніліся, прагаладаліся, пад'ехалі да кафэ і...

Апомніцца не паспелі, як на нас наляцела нейкая жанчына. «Маша? Не Маша?» — пераглянуліся мы з Ірай.

Аказалася, што гэта яна, уласнай персонай — таксама завадчанка, пяюха, танцорка, суседка па інтэрнаце, якая цяпер жыве непадалёк, у прыватным доме.

— Гэта з кіламетр адсюль. Едзем да мяне! — досыць настойліва запрашала прыяцелька.

— Але ж абед, — нясмела запярэчыла Іра, — майму Алегу першая страва трэба.

— Дык будзе! Гэта лёгка, — тут жа паабяцала Маша. — Я баршчок для яго звару.

— Гэта ж доўга, — дружна заявілі мы.

— Ды дзесяць хвілін, не болей. Едзем?!

— ?!

(Хоць бы дзеля гэтага — ну згадзіцеся — з'ездзіць нам трэба было).

Як аказалася, сакрэт Машынай фірменнай стравы заключаўся ў загадзя звараным бураку.

А сам працэс і сапраўды заняў лічаныя хвіліны. З маразілкі гаспадыня дастала невялікую ёмістасць з замарожаным булёнам (звараным, дарэчы, на курыцы з сушанымі баравікамі), закіпяціла яго, апусціла ў каструлю натаркаваны бурак. Зноў закіпяціла. Далей — соль, прыправы, смятана і...

— Смачна есці!

Трэба сказаць, што рабіць гэта Ірын муж не збіраўся. Пакаштаваць? Магчыма. Пахваліць? Абавязкова, але не больш.

Мы бачылі як ён — з асцярогаю — узяў лыжку, пасмакаваў, вытрымаў паўзу і... папрасіў хлеба, пасля чаго ўжо і мы дружна замахалі лыжкамі. Голад і сапраўды найлепшая прыправа.

Пакуль уміналі Машын баршчок (гаспадыня, яе маці і бабуля так называлі гэтую страву), на стале з'яўлялася нешта яшчэ. Мы таксама не з пустымі рукамі прыехалі... Карацей — пад'елі на славу, пабачыліся, пагаварылі, пагулялі па горадзе.

...Але ж галоўнае зусім не гэта: з таго нечаканага абеду прайшло амаль восем месяцаў, за якія Ірын муж, досыць часта і ўласнаручна варачы Машын баршчок, «скінуў» амаль 10 кілаграмаў, якія, што важна, назад не вярнуліся.

Вось і думайце пасля гэтага, чый боршч найлепшы.

А. Тарасава, г. Мінск.


Навошта гарод гарадзіць

Скажу адразу: усе ўдзельнікі і героі гэтай гісторыі (недзе смешнай, а недзе і драматычнай), дзякуй богу, жывыя-здаровыя, аднак імёны я ўсё-ткі змяніў.

Значыць, была вясна, прыгожы сонечны ранак, спакой — і на вуліцах мястэчка, і ў памяшканнях сельсавета, — як раптам дзверы ў кабінет старшыні адчыніліся, і на парозе з'явілася эфектная бландзінка з высокай моднай прычоскай, яркім макіяжам і воблакам дарагіх духоў. Абцяжарваць сябе нейкім «уступным словам» у выглядзе прывітанняў ды знаёмства яна не стала.

— Так, — стукнула рукой па стале, — я забараняю пасвіць кароў ля сцен майго дома.

— Дык вы што — з мясцовых? — спытаў старшыня.

— З мясцовых... Участак купілі на сваю галаву, і цяпер ад вашага статку ўсе мухі ў нашым двары. Ні табе паесці, ні пазагараць...

— Але ж статак нельга не пасвіць, — паспрабаваў быў заікнуцца Пятровіч. — Бо карова — гэта ўсё ж для вяскоўца...

— Дык няхай той вясковец «гэта вашае ўсё» і пасе — ля свайго дома, а не ля майго. Зразумелі? Два дні вам даю, — з выклікам сказала дама, досыць рэзка павярнулася да дзвярэй і выйшла, вынесшы з сабою пах дарагой парфумы.

У кабінеце старшыні стала ціха і сумна.

— Падумаеш, краля! Прыехала аднекуль ды будзе вучыць, як жыць нам на нашай зямлі, — абурыўся Пятровіч.

— Ага... Ёй, ці бачыце, каровы перашкаджаюць, — падтрымала старшыню сакратарка. — А малачко ды смятанка з тваражком, мусіць, не? Відаць, любіць паесці?

На гэтым размова скончылася і, можна сказаць, забылася: статак кароў пасвіўся там, дзе пасвіўся. Як раптам ліст «зверху»: маўляў, паступіла скарга ад грамадзянкі Ю. М. наконт выпасу кароў пад вокнамі дома. Дык вы там разбярыцеся...

Лёгка сказаць, а вось як зрабіць?

...Не паспеў старшыня хоць нешта прыдумаць, як прыйшоў яшчэ адзін ліст — ужо з Мінска і з катэгарычным: «Тэрмінова прыняць меры...»

Пакуль у сельсавеце ламалі галовы над ранейшым пытаннем, якія (канкрэтна) заяўніца, згледзеўшы статак на подступах да ўласнага дома, выйшла насустрач каровам,  прытым не адна, а з аўчаркай, і дала ёй каманду «фас»...

Пастухі Пеця і Коля таксама не разгубіліся. На службе ў іх была прыгажуня лайка, і яны сказалі: «Узяць!»

Што тут пачалося!..

Калі сабак разнялі, счапіліся гаспадары: тая самая бландзінка і пастухі, аднаго з якіх аўчарка ўкусіла за пятку, парваўшы кед...

У выніку назаўтра толькі і гутаркі было, што «панаехалі», маўляў, «розныя»... І цяпер са сваім статутам у чужы манастыр... Ды бачылі мы такіх!..

З гэтымі словамі ў славесныя баталіі ўключылася мясцовая эліта — настаўнікі, інжынеры, леснікі... У іх таксама былі каровы, яны ведалі свае правы і тое, куды пішуцца скаргі.

...Такім чынам і ў хуткім часе ў мястэчка прыехала высокае начальства, пабывала на месцах «баёў», выслухала галоўных герояў.

— Зазірніце ў інтэрнэт, — даводзіла абураная заяўніца, — у Амерыцы каля жылых дамоў пашы наогул няма. Хто парушыць гэтае правіла, заплаціць вялікі штраф. У Германіі вывозіць гной дазваляецца строга ва ўстаноўленыя гадзіны. А ў нас, атрымліваецца, каровы пад вокнамі ходзяць? І што мы?

Мы, як аказалася, таксама не лыкам шытыя. Высокае начальства прыняло рашэнне: за сто метраў ад дома заяўніцы паставіць... 800 метраў агароджы.

— І гэта зараз, у час жніва?! — паспрабаваў абурацца Пятровіч. — Калі тут ні свабодных машын, ні людзей, ні грошай?!

Але ж нічога не было — і ўсё... знайшлося: на пілараме дамовіліся пра жэрдкі і слупкі, а каб паставіць іх ды ўсё папрыбіваць, «трымальнікі» кароў выйшлі на суботнік.

...Здаецца, што толькі ўчора гэта было, а як жа ўсё змянілася! З вялікага статку (на 200 галоў!) у мястэчку засталіся толькі тры кароўкі. Можна, як высвятляецца, жыць без іх: прычым лёгка, усё прадаецца ў крамах.

Так што агароджа тая больш не патрэбная.

Б. В., Брэсцкі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.