Вы тут

Інтэрнэт-перапіс будзе максімальна зашыфраваны


Спецыяльны сайт перапісу насельніцтва 2019 года, на якім любы ахвотны зможа самастойна запоўніць апытальнік, запрацуе з 00 гадзін 4 кастрычніка. А прома-сайт www.перапіс.бел або www.сеnsus.bу запусцяць ужо 23 жніўня, паведаміла ўчора на прэс-канферэнцыі журналістам старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева.


Чарговы, трэці, перапіс незалежнай Беларусі пройдзе ў нашай краіне з 4 да 30 кастрычніка. Раней агучвалася інфармацыя, што ў першыя тыдні паўдзельнічаць у перапісе можна будзе дыстанцыйна — самастойна запоўніўшы перапісны ліст і адправіўшы анлайн. Такое ў нашай краіне практыкуецца ўпершыню. Прычым анлайн-перапіс будзе арганізаваны на базе дзеючай з 2016 года міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі.

Старшыня камітэта пацвердзіла, што гэтым разам жыхарам нашай краіны сапраўды будзе дадзена магчымасць выбраць аптымальны спосаб удзелу ў перапісе насельніцтва. Прайсці апытанне можна будзе адным з трох спосабаў — самастойна шляхам запаўнення перапісных лістоў на сябе і членаў сваёй хатняй гаспадаркі праз інтэрнэт, на стацыянарным участку альбо чакаць прыходу перапісчыка дома.

Прыняць удзел у інтэрнэт-перапісе можна з 4 да 18 кастрычніка. З 19 да 20 кастрычніка будзе праведзена ўдакладненне адрасоў, па якіх людзі яшчэ не перапісаліся, а з 21 да 30 кастрычніка да работы пачнуць далучацца перапісчыкі. Яны наведаюць толькі тых, хто да 21 кастрычніка не перапісаўся праз інтэрнэт або на стацыянарным участку.

Дарэчы, перапісацца на стацыянарным участку можна будзе на працягу ўсяго перыяду правядзення перапісу — з 4 да 30 кастрычніка.

Па выніках правядзення пробнага перапісу ў Маладзечне ў кастрычніку 2017 года і выбарачных абследаванняў хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця і занятасці гатоўнасць перапісацца самастойна праз інтэрнэт выказала 25 % апытаных.

Для правядзення інтэрнэт-апытання распрацавана спецыяльная інтэрнэт-праграма. Пры падрыхтоўцы інтэрнэт-перапісу Белстатам былі прааналізаваныя існуючыя ў краіне сістэмы ідэнтыфікацыі на лёгкасць і прастату аўтэнтыфікацыі карыстальнікаў і запаўнення перапіснога ліста.

Найбольш адпавядае названым патрабаванням міжбанкаўская сістэма ідэнтыфікацыі (далей — МСІ), паколькі яна дазваляе забяспечыць шырокі ахоп патэнцыйных карыстальнікаў. У базе даных МСІ змяшчаецца інфармацыя аб 6,8 млн грамадзян, або 71,8 % жыхароў краіны. Для ўключаных у базу даных МСІ грамадзян дастаткова ўвесці ідэнтыфікацыйны нумар пашпарта і нумар тэлефона, каб атрымаць унікальны код і перайсці да запаўнення перапіснога ліста.

Акрамя таго МСІ мае сістэму двухэтапнай праверкі сапраўднасці: на першым этапе — праверка ўведзенай камбінацыі (ідэнтыфікацыйны нумар пашпарта і нумар тэлефона), на другім — праверка нумара тэлефона і кода доступу, што гарантуе дадатковую абарону персанальных даных.

Той, хто перапісаўся па інтэрнэце, па заканчэнні запаўнення апытальніка атрымае сертыфікат аб гэтым. Згаданы дакумент можна спампаваць і раздрукаваць. І калі раптам да вас прыйдзе перапісчык, то можна прад'явіць сертыфікат.

Іна Мядзведзева асабліва падкрэсліла, што прыняты ўсе меры па абароне інфармацыі. Звесткі, якія перанакіроўваюцца па інтэрнэце, будуць шыфравацца і паступаць на закрыты сервер Белстата. Аператыўна-аналітычны цэнтр, кампаніі ПВТ, якія выйгралі тэндар, на першае месца таксама ставяць бяспеку і канфідэнцыяльнасць даных, атрыманых у ходзе перапісу. «Права апрацоўваць гэтую інфармацыю ёсць толькі ў некалькіх чалавек, выдзелены пакой, у які могуць увайсці толькі яны. Усе даныя перш за ўсё будуць шыфравацца — кожнаму чалавеку будзе прысвоены нумар, а прозвішча і адрас выключаны. Далей пачнецца работа па агрэгацыі даных — менавіта яны стануць асновай для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў», — заключыла
кіраўнік Белстата.

Было 95 %, а стане 35 %

Актыўнае прыцягненне спонсарскай і міжнароднай дапамогі для падрыхтоўкі і правядзення перапісу насельніцтва ў нашай краіне ў 2019 годзе дазволіла скараціць долю ўдзелу рэспубліканскага бюджэту.

Іна Мядзведзева падкрэсліла, што доля рэспубліканскага бюджэту на падрыхтоўку і правядзенне перапісу насельніцтва ў 2009 годзе складала 95 %, а сёлета — каля 35 %. Значную дапамогу аказаў Парк высокіх тэхналогій: каля пяці тысяч планшэтаў, якія ён выдзеліў Міністэрству адукацыі Беларусі, спачатку будуць задзейнічаны ў правядзенні перапісу, а затым перададзены па прызначэнні. Сярод спонсараў таксама значацца Беларуская калійная кампанія, МТЗ, «Галантэя», «Белфармацыя», «Еўрагандаль», арганізацыі, падпарадкаваныя Белстату. Усяго мяркуецца задзейнічаць прыкладна 12,8 тысячы планшэтаў (з улікам рэзерву). Па словах спецыялістаў, такая дапамога дазволіць скараціць час апытання рэспандэнта прыкладна ў тры разы (з 15 хвілін да 5).

Таксама Белстат атрымаў грант Сусветнага банка з агульным аб'ёмам 1,9 мільёна долараў.

Аб канкрэтных сумах атрыманай эканоміі для рэспубліканскага бюджэту Белстат пакуль не паведамляе. Але гаворка ідзе пра мільёны беларускіх рублёў. І ў тым ліку — аб зніжэнні нагрузкі на перапісчыкаў дзякуючы магчымасці запаўнення апытальнага ліста анлайн і сыходу ад папяровых носьбітаў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.