Вы тут

«Позні вечар, поўны дум...»


Любіць жыццё, здзіўляцца жыццю, не стамляцца знаходзіць у ім новыя грані, адценні, вобразы — вялікае мастацтва. Для пісьменніка гэта асабліва важная здольнасць, яна дапамагае яму развівацца і ўдасканальвацца ў прафесійным плане.


Сённяшні свет патрабуе хуткага руху. Кожны некуды спяшаецца ў няспынным шалёным рытме, спрабуе «ўхапіць» імгненне… І ўсё ж так шмат наўкол расчаравання, зняверанасці, адчування страты арыенціраў. Між тым ідэалы, на якія варта раўняцца, побач: вось яны, нашы сучаснікі, руплівыя, разумныя, натхнёныя стваральнікі і захавальнікі самых каштоўных і вечных у нашым зменлівым свеце скарбаў — духоўных і інтэлектуальных.

Безумоўна, ніводзін творца (няважна, хто ён: навуковец, літаратар, мастак, дойлід) не адбыўся сам па сабе. Асноўныя рысы характару і схільнасці, якія так любяць пасля называць прыроджанымі, насамрэч фарміруюцца там, «игде зродилися и ускормлены суть по Бозе» — на так званай малой радзіме.

У мінулым годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла кнігу навел і эсэ Навума Гальпяровіча «На скрыжаванні сноў». Прачулы лірык, аўтар шматлікіх паэтычных кніг, ён ужо даўно друкуе ў перыёдыцы свае празаічныя мастацкадакументальныя нататкі. Хаця азначэнне «празаічныя» не зусім дакладнае. Бачна, што іх пісаў паэт. І творы, змешчаныя ў кнізе, нельга аднесці да нейкага пэўнага кірунку. Гэта і не дзённікавыя запісы («…Ніколі не вёў дзённікаў. Спрабаваў некалькі разоў, але кідаў»), і не модны «нон-фікшн». Гэта само жыццё — увабранае ў душу, пераасэнсаванае, па-мастацку перапрацаванае і выкладзенае на паперу. Кніга атрымалася цэласная, гарманічная і глыбокая па змесце — рэдкасць для падобных выданняў. Чамусьці яе выхад не атрымаў належнага розгаласу ў перыёдыцы, хаця заслугоўвае яна нашмат большай увагі.

Бо мала хто здольны нетрывіяльна, без лішняга пафасу прызнацца ў любові мясцінам, дзе нарадзіўся. Тым больш калі радзіма — калыска беларускай дзяржаўнасці, славуты Полацк. Тут лёгка збіцца на банальнасці і пустаслоўе. Навум Гальпяровіч арыгінальны і шчыры ў кожнай думцы, у кожнай фразе: «Мой маленькі ціхі горад знаёмы мне да кожнай выбоіны ў бруку, да кожнага крываватага завулачка, горад, у якім і ўдзень можна было заблукаць, нібы ў лабірынце…».

Родныя, суседзі, знаёмыя — галоўныя героі аповедаў, іх стваральная і рухальная сіла. Нібы ў кінафільме, перад чытацкімі вачыма праносяцца тыя, дзякуючы каму хлопчык Навум навучаўся шчодрасці, спагадзе, спасцігаў няпростыя, часам жорсткія, жыццёвыя ісціны. Размова з бабуляй пра вечнае: «Бабуля, а дзе Бог? На небе? А чаму мы яго не бачым?». І першыя слёзы пасля яе пахавання… «Кажуць, усё на свеце паўтараецца. Прынамсі, імёны», — высноўвае свой чарговы афарызм аўтар, тлумачачы, чаму ён назваў сваю дачку ў гонар бабулі.

Гэта і сябрукі-аднагодкі — Васька, задзіра Лёнька Ганжа… Гэта і Мішка — дваравы «кароль» з аднайменнага апавядання. Напэўна, кожнаму з нас у дзяцінстве сустракаўся нехта падобны на бабелеўскага Беню Крыка — адчайны і бясстрашны вулічны герой, на якога хацелася раўняцца, каб быць паважаным, каб перамагаць у бойках і мець прыхільніц сярод дзяўчат… Гэта і першыя літаратурныя адкрыцці («Тэкерэй»), і першыя закаханасці («Маруся», «Фаціма», «Ванда»). Гэта і Сяргей Божы Чалавек з аднайменнага аповеду — той, хто паказаў прыклад сапраўднай, непрытворнай веры ў хрысціянскія запаветы… Гэта і першыя сутыкненні з абсурднасцю ганебных праяў антысемітызму — жахлівымі рудыментамі варварскага мінулага.

Часам узнікае ўражанне, што чытаеш мастацкую аповесць, бо шмат хто з герояў вандруе з аповеду ў аповед. Вобразы бацькі і маці цэнтральныя, ім, самым родным людзям, аўтар абавязаны не толькі з’яўленнем на свет, але і фарміраваннем чалавечых ідэалаў, ладам мыслення, светаўспрыманнем. Якім глыбінным і сапраўдным сэнсам напаўняецца слова «бацька», калі тата, інвалід вайны з адзінай дзеючай рукой, нясе сына, дванаццацігадовага хлапчука з прабітай падчас дзіцячых гульняў нагой, некалькі кіламетраў да бальніцы на сваіх плячах… «…Перад смерцю ён стаў лёгкім, як дзіця, і ўжо я ледзь не пераносіў яго з пакоя ў пакой… І вось цяпер, калі ён памёр, я ўсё часцей успамінаю тую дарогу, ягоную дужую спіну і ўласную веру, што ўсё будзе добра, калі са мной бацька. І чую ягоны голас: “Нічога, сынок, пацярпі…”». Значнае месца ў кнізе прысвечана літаратурнаму жыццю Наваполацка канца 70-х — пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Яно сапраўды віравала, і нарыс «Былі крыніцы сінія…» — таму пацвярджэнне. Навум Гальпяровіч тактоўна «зашыфраваў» сваіх паплечнікаў-літаратараў, але людзі, абазнаныя ў літаратуры, без цяжкасцяў пазнаюць тых, хто хаваецца за красамоўнымі імёнамі: Гаспадар Тайгі, Анёлак, Друкар, Разумаў — сёння гэта вядомыя асобы ў літаратурным свеце.

Распавядаючы пра замежныя вандроўкі, пра шматлікія знаёмствы, Навум Гальпяровіч штораз вяртаецца да разваг пра месца Радзімы і спаконвечных каштоўнасцяў у жыцці чалавека: «Быць высакародным і справядлівым — значыць не падпіхнуць у забыццё святое і выпакутаванае пакаленнямі [……..], бо страта і заняпад любой мовы — трагедыя для ўсяго чалавецтва». Ён таксама засмучаецца, што «…знікла павага да ролі пісьменніка ў грамадстве, што розныя падробкі, танны эпатаж, безгустоўе робяцца правілам у мастацтве і не толькі ў мастацтве».

На самай высокай і ўзнёслай ноце гучаць радкі пра вельмі важнага чалавека ў жыцці аўтара — паэта Алеся Пісьмянкова. Прыяцеляў, «фрэндаў» у сеціве можа быць сотні і нават тысячы, сапраўдны ж сябар — толькі адзін, і то калі пашанцуе яго сустрэць. Навуму Гальпяровічу пашанцавала. Унікальнае сяброўства пачалося, калі абодва былі ўжо сталымі творцамі і цягнулася некалькі гадоў, надзвычай багатых на вандроўкі, жарты, кур’ёзныя выпадкі, на цікавыя сустрэчы з адметнымі асобамі. Шчымлівым болем працяты старонкі, дзе аўтар піша пра трагічны сыход сябра з жыцця. Згадвае і верш, які прысвяціў яму Алесь Пісьмянкоў:

Позні вечар, поўны дум,

Клопат плот гародзіць.

Акадэмія, Навум,

Нам пара выходзіць…

Канстанцін Паўстоўскі ў сваёй знакамітай «Аповесці пра жыццё» сцвярджае: «Пісьменнік, выказваючы сябе, тым самым выказвае і сваю эпоху». На жаль, часіны, калі шчырасць і непасрэднасць былі асновай чалавечых стасункаў, канулі ў Лету. Сёння ўжо не завітваюць без папярэджання ў госці да сяброў, жывыя гутаркі больш не зацягваюцца да глыбокае начы, а творцы дыскутуюць, найчасцей не гледзячы адзін аднаму ў вочы, а ў каментарах пад пастамі ў фэйсбуку. Кніга «На скрыжаванні сноў» — пра незваротныя часы, і хоць аўтар — наш сучаснік, душой ён там — у сяброўскіх шчырых сустрэчах, размовах пра жыццё і літаратуру.

Нездарма ў зборніка такая незвычайная назва. Для творцы свет мрой — заўжды крыніца натхнення. А для Навума Гальпяровіча яшчэ і дадатковыя матывацыя і стымул: «Мне снілася вясна, а значыць, жыццё працягвалася, значыць, трэба яшчэ верыць у добрае і светлае, змагацца з цемрай і паняверкай, адным словам — жыць».

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».