Вы тут

Падарожжа да сябе


Кожны літаратар мае сваё ўяўленне пра сутнасць паэзіі. Заўжды ёсць такія творцы, што ставяць перад сабой мэту здзівіць і нават шакаваць. Некаторыя імкнуцца выглядаць максімальна адметнымі і самабытнымі, што часцяком прыводзіць да прэтэнцыёзнага і пустога арыгінальнічання. Шмат хто сягае ў глыбіні мовы, рэлігійных і філасофскіх вучэнняў дзеля адкрыцця новых сэнсаў, спасціжэння сябе і (Су)свету.


Такія творцы заўжды складалі меншасць ад усіх служак багіні лірычнай паэзіі Эўтэрпы. Дамінуюць усё-ткі тыя паэты, для якіх найпершая ўнутраная неабходнасць — «излить» сваю душу, падзяліцца радасцямі і нягодамі, перажываннямі і страхамі, сімпатыямі і антыпатыямі. Для такіх вершаскладальнікаў паэтычная творчасць — разнавіднасць аўтатрэнінгу ці своеасаблівая «тэрапія душы», якая ў працэсе напісання вершаў дазваляе зняць стрэс, пераадолець неспакой ці душэўны боль, чарговы раз перажыць прыемныя альбо драматычныя моманты мінулага.

Менавіта да апошняга тыпу творцаў і адносіцца полацкая паэтэса Галіна Загурская, якая сёлета выпусціла ў свет свой чарговы зборнік вершаў «Бераг зарападаў» (Віцебская абласная друкарня). Як і папярэднія, гэтая яе кніга атрымалася пранікнёна-кранальная, душэўная, прасякнутая замілаваннем да роднага кутка, любоўю да родных і блізкіх людзей, да выдатных сыноў беларускай зямлі — Міцкевіча, Купалы, Багдановіча, Быкава, Караткевіча…

Змест зборніка пераканаўча сведчыць, што Галіна Загурская настолькі знітаваная ў сваіх думках і мроях са сваёй «малой радзімай» (мястэчка Лявонпаль у Міёрскім раёне Віцебскай вобласці), што адразу згадваецца цудоўнае беларускае выслоўе: родная зямелька — як зморанаму пасцелька. Відавочна, паэтэсе доўга давялося церабіць свой шлях да родных вытокаў, каб выснаваць наступнае: «Вось тады прыплыла я сама да сябе, / Бо вяртацца да існасці — наша дарога».

Паэзія Галіны Загурскай вызначаецца меладычнасцю, выразным рытмічным малюнкам. Многія вершы — гэта вершаваныя замалёўкі, якія распавядаюць пра айчынныя краявіды, поры года. І гэта невыпадкова, бо паэтэса — яшчэ і самадзейная мастачка, яна неаднаразова ўдзельнічала ў мастацкіх выстаўках. Дарэчы, гэта яна аздобіла ўласнымі жывапіснымі работамі свой зборнік.

У большасці вершаў Галіна Загурская звяртаецца да глыбіняў няўрымслівай і чэпкай на дэталі памяці, дзеліцца з чытачамі шматлікімі ўспамінамі, роздумамі.

Чырвонай ніткай праз увесь зборнік праходзіць матыў непераможнай Любові: да прыроды і гісторыі роднага краю, да землякоў, да самых блізкіх людзей, роднай мовы:

Прамаўляю я просьбу-замову

Пад вясновы капеж са страхі,

І прашу я ў Нябёсаў любові

Для ўсіх не на дзень — на вякі.

Галіна Загурская таксама спрабуе сябе ў розных формах і жанрах: санета і трыялета, рандэля і квантэмы; ёсць нават адзін верлібр. Гэта зрабіла паэтычны зборнік больш разнастайным, дадало яму фарбаў і самабытных інтанацый. Праўда, створаныя аўтаркай квантэмы, запазычаныя з творчага арсеналу Алеся Разанава, вызначаюцца, на маю думку, празмернай рацыянальнасцю і адсутнасцю фірмовай разанаўскай «вар’яцінкі» — пасвойму прыцягальнай сваёй шматзначнасцю і загадкавасцю.

Але ў кнізе можна заўважыць і пэўныя хібы. Так, у некаторых вершах адчуваюцца нацягнутасць, штучнасць, празмерная пафаснасць, часам сустракаюцца банальныя, бедныя рыфмы. Напрыклад, у наступным чатырохрадкоўі слова «кроў» наўмысна было «прывязана» да слова «ізноў», у выніку чаго ўзнікла класічная банальная рыфма:

І боль перажыць; і ўваскрэснуць ізноў,

Каб новым ісці да людзей;

Над кожным радком праліваць сваю кроў,

Каб стала камусьці святлей…

Акрамя гэтага, паэтэсе варта было б пазбягаць ужывання «у нескладовага» пасля зычных, што сустракаецца ў зборніку даволі часта (каля двух дзясяткаў разоў). І ўжо зусім непрымальным з’яўляецца выкарыстанне дзвюх літар «ў» запар: «стварае ў ёй ўсё новыя старонкі»; «што прыхаваў ў сабе самоту»; «пазваў ў час далёкі мяне»; «пра што засведчыў ў творах» і падобнае.

Агулам жа паэтычны зборнік «Бераг зарападаў» Галіны Загурскай —гэта шчырая і ўсхваляваная споведзь шчодрай душы і палкага сэрца. Дзякуючы інтанацыям і змястоўнай насычанасці, вершы можна з поўным правам аднесці да так званай «ціхай лірыкі», традыцыйна засяроджанай на сузіранні прыроды, на шчымлівых успамінах пра гады дзяцінства і маладосці. А выказванні бязмежнай удзячнасці і любові сваякам, блізкім, а таксама славутым суайчыннікам — чарговае пацвярджэнне выключных чалавечых якасцяў аўтаркі.

Эдуард ДУБЯНЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».