Вы тут

Вольга Падгайская: Сэнс — у самім працэсе стварэння


Магчыма, вы сустракалі яе імя ў спісе сяброў Беларускага саюза кампазітараў? А можа, бачылі на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі? Ці чулі яе творчасць па радыё, у касцёле, на фестывалі нямога кіно «Кінемо»? Не? Тады — прыемнага знаёмства з кампазітарам, арганістам і выкладчыкам Вольгай Падгайскай.


Адчуваць сучаснасць

— Магу сказаць, што ў Беларусі мала хто займаецца сучаснай акадэмічнай музыкай. Чамусьці для складальнікаў канцэртных праграм сучаснасць — гэта імпрэсіянізм. Ён — той максімум, тая набліжаная плынь, якую, на іх думку, можна выканаць на сцэне. Цудоўна, Дэбюсі! Але ж ён ствараў стагоддзе назад! Сучаснасць жа пакуль існуе толькі для адзінак. Неаднаразова сутыкалася з тым, што арганізатары канцэртаў баяцца насычаць публіку найноўшай музыкай. Памятаю, як яшчэ ў студэнцкія гады на прапанову выканаць штосьці з творчасці Соф’і Губайдулінай, Альфрэда Шнітке чула: «Вы звар’яцелі! Не палохайце слухачоў!» Пазней, калі пачалі ладзіць арганныя канцэрты для архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і касцёла Святога Роха на Залатой Горцы, мне штосьці ўдавалася зрабіць: напрыклад, працэнтаў дзевяноста — музыка барока, а на завяршэнне — адзін сучасны твор. Танальны, меладычны, духоўны, але… сучасны. З цягам часу ў праграму дадавалася ўсё больш і больш новых кампазіцый. Як вынік — канцэрты ў тых жа касцёлах, але ўжо цалкам падрыхтаваныя маладымі кампазітарамі. І ведаеце, усё было цудоўна. Сучасная музыка таксама мастацтва. А мастацтва не трэба імкнуцца патлумачыць, яго трэба адчуваць. Пра гэта сведчыць і дзейнасць капэлы «Санорус», якой кіруе Аляксандр Хумала — яшчэ адзін прыхільнік, выдатны прапаведнік новай музыкі. Калектыў збірае поўныя залы — і ніякіх непаразуменняў, скаргаў…

Некаторы час я жыла ў Польшчы, і ў параўнанні з нашым там стан рэчаў у музычнай галіне значна лепшы. На развіццё і папулярызацыю творчасці маладых польскіх кампазітараў выдаткоўваюцца вялікія сродкі. Ладзяцца і рэгулярныя музычныя фестывалі («Варшаўская восень», напрыклад), і адзінкавыя праекты, і невялікія студэнцкія вечары сучаснай музыкі (пакуль не ўяўляю падобную імпрэзу ў нашай кансерваторыі). Тым не менш на канцэрты я хадзіла амаль кожны дзень… Разумееце, класічная музыка — аснова, яна абавязкова павінна выконвацца. Але аддаючы перавагу толькі прызнанаму, мы стаім на месцы. Стэрэатыпы і страхі, што атачаюць сучасную музыку, нараджаюцца ад няведання. А яшчэ — ад дрэннага густу. Пакуль выдаткоўваюцца грошы на нізкаякасную эстраду, на прарыў спадзявацца не варта.

Сінтэз тэатра і музыкі

— Авангард не ўзрушае, не палохае, не бянтэжыць. Грукат, шолах паперы ўжо не здзіўляюць. Уражвае сінтэз музыкі і візуальнага рада. Часам на сцэне гучыць вельмі просты, меладычны твор, а ўражанні пакідае незабыўныя, светлыя. Такая «прастата» зачароўвае… Мне вельмі прыемна ўспамінаць сумесныя праекты з брэсцкім незалежным тэатрам «Крылы халопа», які цікава працуе з тэхнікай альтэрнатыўных і вулічных тэатраў. А яшчэ я вельмі ўсцешана тым, што ў Мінску дзейнічаюць такія пляцоўкі, як «Корпус», «Галерэя “Ў”», «ОК16». Дзякуючы ім, стала магчыма суаўтарства музыкантаў з мастакамі, рэжысёрамі, пісьменнікамі. Прынамсі, я атрымала магчымасць ладзіць імпрэзы з літаратарамі Андрэем Хадановічам, Віктарам Жыбулем, Верай Бурлак…

Спецыфіка

— Сёлета open-air фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі «Кінемо», што ладзіўся ў музеі-майстэрні З. Азгура, прайшоў сёмы раз. Памятаю, калі фестываль толькі пачынаўся, да нас падыходзілі людзі, якія прызнаваліся: «Мы нават не ведалі, што ў Беларусі ёсць такія цікавыя маладыя кампазітары. Думалі, што творцы — толькі Бах, Бетховен, Моцарт…». Гледачы пачалі сачыць за тымі, хто піша музыку для кіно, і цяпер у аўтараў ужо склалася адмысловая аўдыторыя: некаторыя выбіраюць фільмы паводле музыкі, якую стварае ўлюбёны майстар.

У напісанні музыкі для нямога кіно існуюць цяжкасці: адначасова паказаць асобу рэжысёра і раскрыць асобу кампазітара, захаваць баланс паміж рэжысёрскай канцэпцыяй і ўласнай задумай. У гэтым годзе мне давялося працаваць над фільмамі Акселя Лундзіна «Прыгоды паўрубеля» і Эрнста Мёрмана «Месье Фантамас». У «Фантамасе», нягледзячы на мноства камічных выпадкаў, шмат суму. Здаецца, рэжысёр шкадуе галоўнага героя, суперажывае яго няўдалым пошукам любові. Мне важна было паказаць, што за весялосцю хаваецца спагада. «Месье Фантамас» — дакладна не фільм жахаў…

Наступны «Кінемо», як і звычайна, будзе ладзіцца ў чэрвені — ліпені, але рыхтавацца да фестывалю мы, кампазітары, пачнём ужо ў верасні. Падбор матэрыялу ажыццяўляецца праектам «Сінемаскоп». Звычайна музыкантам прапаноўваецца некалькі карцін у запрошаных жанрах. А далей — выбар аднаго фільма і… музыка, якая залежыць толькі ад нас.

Не быць банальнымі

— У мінскай музычнай школе № 3 імя Ф. Шапэна я кірую ансамблем юных кампазітараў «Фрэдэрыкі», у які ўваходзяць інструменталісты ад сямі да чатырнаццаці гадоў. Дзеці трапляюць у калектыў парознаму: кагосьці прыводзяць выкладчыкі («Іграе што заўгодна, толькі не праграму!»), кагосьці — бацькі («Цэлымі днямі нешта сачыняе за інструментам!»), у некаторых схільнасці заўважаю сама (здараецца, дзеці і не здагадваюцца аб сваіх здольнасцях). Праслухоўваю, і калі ў творах пачаткоўцаў ёсць якасць, адпаведная ўзросту, пачынаем працаваць: застаёмся пасля ўрокаў, слухаем, запісваем, а напрыканцы чвэрці ладзім імпрэзы… Ціснуць, «адсякаць» памкненні не маю права, інакш у дзіцяці застанецца траўма. Адзінае, што не дазваляю сваім вучням, — быць банальнымі. Безумоўна, ёсць правілы, гармонія. Мы ўвесь час думаем трыма акордамі. Але ёсць і прымітыў, танныя хады, якія можна пачуць толькі ў няякаснай поп-песні. Калі гэта заўважаю, прапаноўваю падумаць і зрабіць па-іншаму. Уключаю брыдкую «папсу» з падобнымі нотамі — і дзіця само ўсё разумее… Перапісваем.

Немагчыма без раяля

— Арганныя канцэрты, «Кінемо», школа, уласная сачыненні... Так, творчая дзейнасць неверагодна насычаная. Але ўсё атрымліваецца, калі цалкам аддавацца працоўнаму моманту: на рэпетыцыі ў касцёле — ніякіх роздумаў пра вучняў, на занятках — ніякіх згадак пра арган. А падчас напісання твора галоўнае не азірацца на аўдыторыю. Сэнс — у самім працэсе. Я пішу, а значыць, ствараю атмасферу і адначасова атрымліваю энергію ад сусвету… Дзмітрый Шастаковіч, напрыклад, ствараў музыку за пісьмовым сталом. Ігар Стравінскі, наадварот, пісаў выключна за інструментам. Вось і ў мяне ні адна мелодыя не абыходзіцца без раяля. У галаве — ідэя. Але сэрцабіццё музыкі — яно толькі ў інструменце. Улюбёнымі творцамі і настаўнікамі застаюцца Ігар Стравінскі, Аліўе Месіян, Луі Андрысен. Па-ранейшаму супакаенне дорыць Арва Пярт.

Будучыня непакоіць

— На мой погляд, у кампазітарскім асяроддзі захоўваецца прыязная атмасфера. Бачу, што аўтарам патрэбны сустрэчы, сумесныя канцэрты, абмеркаванні. Асабіста мне стасункі з калегамі вельмі дапамагаюць. У той жа час трывожыць будучыня беларускай музыкі. З болем назіраю, як мноства аднадумцаў сыходзяць з прафесіі: хтосьці праз так званыя скарачэнні, хтосьці з прычыны мізэрных заробкаў. Выкладчыкаў, здольных па-сапраўднаму навучыць і натхніць, застаецца катастрафічна мала, а ўзровень падрыхтоўкі абітурыентаў з кожным годам зніжаецца. Акрамя таго, шмат хто з адораных, моцных, прызнаных майстроў з’язджае за мяжу...

Марыя СТРАХ

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».