Вы тут

Кляновы адбітак як знак якасці


Мая мама і сёння ўспамінае, што самы смачны хлеб, які яна каштавала ў сваім жыцці, быў выпечаны яе бабуляй у печы, на кляновым лісце. Духмяны, з хрумсткай скарынкай зверху і адметным кляновым адбіткам унізе. На жаль, яе маці (а мая бабуля) не захавала той рэцэпт, і ён канчаткова згубіўся ў часе…


Для беларуса любога пакалення хлеб — «кармілец, бацька, гаспадар у хаце, над усімі панамі пан». Бо калі няма хлеба — няма і сілы на працу, няма надзеі, што заўтрашні дзень будзе шчаслівы. Ды і любая страва без хлеба падаецца пустой, нетрывалай. Нездарма ж кожную маладую сям’ю на вяселлі віталі і сёння па традыцыі вітаюць хлебам-соллю, на Вялікдзень абавязкова асвячалі хлеб, ды і на Дзяды неабходным лічылі пакласці кавалачак для продкаў.

Нашы продкі лічылі хлеб самым каштоўным Божым дарам, сімвалам дабрабыту, заможнасці, шчаслівай долі. З маленства вучылі дзяцей не крышыць, не раскідваць яго, берагчы як святыню. А калі кавалачак выпадкова ўпаў на падлогу — падняць, пацалаваць і папрасіць прабачэння. Існуюць і прыкметы: калі ў мякішы заўважаецца вертыкальная шчыліна — гэта азначае блізкі разлад у сям’і, калі гарызантальная — дачка выйдзе замуж ці сын пойдзе ў прымы (будзе жыць у сям’і жонкі).

Падчас фэстаў нашы суайчыннікі часам прадстаўляюць хлеб, выпечаны па розных тэхналогіях, напрыклад, з дадаваннем крапівы і ўвядзення выявы арнаменту. Але, на радасць, не так далёка ад маёй роднай Мёршчыны традыцыю выпечкі жытняга хлеба захавалі, і сёння яна з’яўляецца аб’ектам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Так, у вёсцы Дзеркаўшчына, што на Глыбоччыне, старажытную рэцэптуру і тэхналогію выпечкі жытняга хлеба захоўваюць і практыкуюць некалькі сем’яў. Носьбіты традыцыі выпякаюць яго для ўласнага ўжывання, а таксама па замове аднавяскоўцаў, для розных святаў і мерапрыемстваў.

Працэс прыгатавання жытняга хлеба ўключае некалькіх стадый: прыгатаванне квасніку (закваскі), квасу, на якім расчыняецца хлеб, замеску і выпечку. У гэтым працэсе па тэхналогіі выкарыстоўваюцца традыцыйныя прылады: качарга, драўляная лапата, дзежка, самаробныя бляхі, формы, драўляныя лыжкі.

Традыцыйную тэхналогію выпечкі хлеба па старадаўніх рэцэптах продкаў аднавіў і жыхар вёскі Новыя Гараны Полацкага раёна Віктар Жукаў. У яго сям’і гэтыя веды перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Таму і на стале ў іх доме штодня — хлеб жывы, духмяны, адметны па смаку і водары.

З дзяцінства для гаспадара такі пачастунак найлепшы за любыя прысмакі. Таму і вырашыў аднойчы сам авалодаць майстэрствам хатняга хлебапячэння. Сам ён працуе як мастак-пейзажыст, а выпечка хлеба — занятак для душы.

Дарэчы, засвоіць яго атрымалася не адразу — распытваў старых людзей, шукаў, спрабаваў, вынаходзіў, пакуль не застаўся задаволены вынікам. «Мука патрэбна добрая, вада мяккая, але самае галоўнае — любіць справу, аддаваць ёй цеплыню сваёй душы. Кожная клетка павінна быць прасякнута светлым, узнёслым пачуццём, бо рабіць хлеб — гэта свята», — кажа ён.

Як і продкі, Віктар Віктаравіч пячэ хлеб без дражджэй, а квасіць цеста з дапамогай рошчыны, што застаецца ад папярэдняй выпечкі. Вымешвае абавязкова рукамі, каб адчуваць, як дыхае цеста. Падчас працы можа нешта ціхенька прыгаворваць ці напяваць. Важны складнік поспеху — спакойная, даверлівая атмасфера. Бывала, калі ў хату прыходзілі чужыя людзі, хлеб не хацеў расці і падымацца, бо ён, па словах гаспадара, з характарам, не будзе штосьці рабіць напаказ. Вялікую ролю адыгрывае і інтуіцыя. Трэба дакладна злавіць момант, калі цеста саспела, само просіцца ў печ.

Жытняя мука, чыстая калодзежная вада, каменная соль, а з дадаткаў — лыжка мёду, кмен ды льняное насенне. Вось такі рэцэпт.

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Ларысы МЕЛЬНІЧЭНКІ

Загаловак у газеце: Над усімі панамі пан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».