Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» вучылася размаўляць на разбойніцкай мове


Памятаеце добры савецкі фільм «Дзе знаходзіцца нофелет», герой якога знаёміўся з дзяўчатамі, прагаворваючы словы задам наперад? Калі даведалася, што ў Магілёве ёсць чалавек, які валодае такімі здольнасцямі, адразу ж напрасілася на сустрэчу. Кажуць, што амбідэкстраў, як яшчэ называюць такіх людзей, адзін на мільён. Лічы, мне пашчасціла.


Онвад с унод

Каб я не сумнявалася, што ён умее гаварыць наадварот, Сяргей сходу прапануе агучыць любы тэкст. Я бяру з рабочага стала першае, што трапляе ў рукі, чытаю: тэматычнае планаванне на трэці квартал... «Еоксечитамет еинавориналп ан йитерт латравк» з ходу перакладае ён рускі варыянт. Пакуль я ў шоку, ён расказвае з чаго ўсё пачалося.

— У дзяцінстве я шмат чытаў, у класе сёмым прачытаў «Пятра Першага» Талстога і захапіўся ... разбойніцкай мовай, — расказвае Сяргей. — Памятаеце, там ёсць такая фраза «онвад с унод». Гэта былі словы з размовы разбойнікаў «давно с Дону». Пасля гэтага мне хацелася кожнае слова прачытаць задам наперад: манітор — ротінам, ручка — акчур і гэтак далей. Хутка гэта стала атрымлівацца ў мяне з лёту. Маёй гульнёй захапіўся ўвесь клас. Нехта спецыялізаваўся выключна на лаянках. У перагорнутым выглядзе яны гучалі не так груба і крыўдна. Нехта вывучыў усяго некалькі слоў, каб дзесьці бліснуць у размове. Але так натхнёна і хутка, як гэта рабіў я, ніхто з класа паўтарыць не мог.

Аднойчы ў школе быў конкурс «Thе bеst рuріl» і трэба было бліснуць талентамі. Нехта пёк, нехта танчыў, нехта вершы дыкламаваў. А Сяргей Лабкоў прачытаў «Бура імгою неба крые» наадварот. Слухаю, як гэта гучыць у яго выкананні, і здаецца, што суразмоўнік гаворыць на нейкай незразумелай мове. Потым ён бярэцца за Маякоўскага «Я воўкам бы выгрыз бюракратызм». Вуха рэжуць рэзкія гукі, накшталт дз і бз. Зусім па-іншаму пачынаеш успрымаць савецкага паэта.

— Калі я выступаў са школьнай сцэны, уся зала была ў захапленні, — успамінае суразмоўнік. — І я, каб замацаваць свой поспех, прапанаваў перакласці любое слова. Што тут пачалося. Крычалі наперабой адно слова складаней другога: эмансіпацыя, сінхрафазатрон, калектывізацыя. А я ўсё з лёту «перакладаў». Практыка ў мяне тады была пастаянная.

Сябры неаднаразова прапаноўвалі таварышу прадэманстраваць свае здольнасці на нейкай тэлеперадачы. Але ён сціпла адмаўляўся. І ўсё ж знаёміцца з дзяўчатамі, як кіношнаму герою Панкратава-Чорнага, незвычайная мова сапраўды дапамагала.

— У нас была своеасаблівая гульня, хто болей возьме тэлефонаў у дзяўчат, — расказвае Сяргей. — Мабільных тады яшчэ не было, нас цікавілі менавіта хатнія. І нават не для таго, каб спатканні назначаць, а так, дзеля спартыўнага інтарэсу. Мне шчасціла болей, чым каму. А фільм «Дзе знаходзіцца нофелет», які якраз выйшаў на экраны ў той час, мяне яшчэ больш натхняў. Мне падабалася, як гучыць маё імя наадварот — Йегрес. Так і знаёміўся. Галоўнае, спачатку шакіраваць чалавека.

Калі не ведаеш, што сказаць, кажы па-французску!

Памятаеце гэтую цудоўную непараўнальную ні з якой іншай казку пра Алісу ў краіне цудаў Льюіса Кэрала. «Задам наперад, зусім наадварот!» — пісаў аўтар аб прыгодах сваёй маленькай цікаўнай гераіні ў Залюстроўі, дзе «заўтра ніколі не бывае сёння», а з пальца пачынае ісці кроў яшчэ да таго, як ён быў паранены.

Я так і думала, суразмоўнік, нягледзячы на свой ужо далёка не дзіцячы ўзрост, натхненне працягвае чэрпаць у фэнтэзійнай літаратуры.

— Калі трэба ад чагосьці абстрагавацца, адкрываю кнігу Ніка Перумава і цалкам пагружаюся ў яе, — кажа ён. — Глядацкае ўяўленне ў мяне добрае, вельмі цікавыя карцінкі малюе.

Дарэчы, малодшы сын Лабкова, які хутка пойдзе ў школу, таксама дапытлівы. У свае шэсць гадоў ён наведвае бібліятэку, ахапкамі бярэ літаратуру і амаль «праглынае» яе.

— Зараз чытае серыю кніг пра Карандаша і Самадзелкіна — па 80 старонак за дзень, а тэкст там не вельмі просты, крыху нават навуковы, — расказвае Сяргей Лабкоў. — А яшчэ вывучыў электронную энцыклапедыю Чагосціка. Прыехалі сёлета ў Рым, а ён: тата, а ты ведаеш на якім узвышшы стаіць гэты горад? І сам адказвае — галоўнае было Палаційскае. Потым паведаміў, што Рым узнік на рацэ Тыбр, а заснавалі яго браты Рэм і Ромул. Калі снедалі, на сцяне ўбачылі ладную яшчарку. Я, каб дзеці не спужаліся, паспрабаваў іх папярэдзіць, а малы толькі адмахнуўся — гэта ж бекон, насценная яшчарка. Наогул гекон, ён крыху пераблытаў, але ж я нават заганарыўся ім. Дарэчы, марыць быць вучоным.

Што агульнага ў маркетынгу і цыган

Па прафесіі Сяргей эканаміст, выкладае маркетынг у Магілёўскім універсітэце харчавання. Сваё «галоўнае — спачатку шакіраваць чалавека» прымяняе і тут. Сказануць нешта задам наперад таксама можа, але толькі для таго, каб разрадзіць абстаноўку. А вось, каб зразумелі матэрыял, трэба выкарыстоўваць іншыя прыёмы.

— Каб цалкам захапіць увагу чалавека, трэба ўстанавіць з ім зрокавы, слыхавы і тактыльны кантакты, — інструктуе ён. — Па гэтым жа прынцыпе працуюць рэклама і цыгане. Падыходзяць у нечым стракатым і пачынаюць шаптаць: хвароба, падробка, сурокі. Людзі пачынаюць напружвацца, услухоўвацца. Шанц збегчы ёсць, пакуль вас не ўзялі за руку. Калі ўзялі і сказалі, дай пагадаю — вы прапалі. Мне заўсёды цікава назіраць, як дзейнічаюць тыя ж агенты па продажах. У адрозненне ад іншых, я іх выслухоўваю да канца. Потым... ветліва адмоўлю. Яны не разумеюць чаму. А мне чыста з прафесійнага пункту погляду цікава, як яны адпрацавалі.

Маркетынг захапляе суразмоўніка не меней, чым калісьці жаданне вывучыць «люстэркавую» мову. Большасць успрымае гэтую навуку, як купіць-прадаць, але гэта толькі вяршыня таго, што яна з сябе ўяўляе. Гэта тая ж эканоміка, масівы лічбаў, аналітыка.

— Ва ўніверсітэце я працую для душы, а зарабляю грошы іншымі спосабамі, — прызнаецца выкладчык. — Як эканаміст, я ўсё пралічваю, раблю даследаванні, падказваю перспектыву. Бяруся за любыя тэмы. Апошні раз працаваў з сур'ёзнымі заказчыкамі з Масквы. Тэма — выкарыстанне цвыркуноў для харчовых мэт. Гэта ж 70 % бялку. У нас пад Мінскам таксама ёсць такая ферма. Але адна справа вырасціць, іншая перапрацаваць.

Адной левай

Пра амбідэкстраў кажуць, што гэта людзі ўнікальных здольнасцяў, у якіх абодва паўшар'і мозга развітыя аднолькава. Яны добра валодаюць левай і правай рукамі. Сяргей Лабкоў піша правай, але адразу ж папярэджвае, што ён перавучаны ляўша. Усё астатняе ён робіць менавіта левай. Напэўна, і пісаў бы левай, калі б у Савецкім Саюзе такіх дзяцей не перавучвалі. Ёсць меркаванне, што людзі са здольнасцямі казаць наадварот могуць з лёгкасцю авалодаць замежнымі мовамі. Сяргей прызнаецца, што нядрэнна ведае англійскую і хутка назапашвае слоўнікавы запас у той краіне, куды прыязджае. А падарожнічаць ён вельмі любіць. Прычым на сваёй машыне. Раз у год разам з жонкай і сынам яны абавязкова адпраўляюцца ў далёкія вандроўкі.

— Летась, напрыклад, ездзілі ў Албанію — тры тысячы кіламетраў туды, тры тысячы назад, — удакладняе ён. — Гэта вельмі цікава, калі ты перасякаеш межы шасці краін і на тваіх вачах усё мяняецца. У Чэхіі жыве мой найлепшы сябра. Ён славак, вучыўся на Кубе ў рускай школе. З ім мы размаўляем на любыя тэмы. Людзі звычайна абмяжоўваюць сябе нейкімі рамкамі і робяць сваё жыццё шэрым і аднастайным. Так быць не павінна. І я тут цалкам згодны са сваім прыяцелем: у жыцці ўсё проста і нічога складанага няма. Галоўнае, у гэта паверыць.

Гаспадыням на заметку

— Люблю пячы, — агарошвае Сяргей Лабкоў і дэманструе ў тэлефоне фота торта, які «змайстраваў» на дзень нараджэння сына. — Жонка гатуе сур'ёзныя стравы, а я ў сваё задавальненне пяку, на што будзе настрой. Дзеці вельмі любяць мой яблычны пірог. Бяру тры яйкі, узбіваю са шклянкай цукру і шклянкай мукі. Узбітым цестам заліваю яблыкі і адпраўляю ўсё гэта ў духоўку. Прасцейшага рэцэпта няма. Смачна есці!

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Люстраны свет Сяргея Лабкова

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.