Вы тут

Качанава: Мясцовая ўлада павінна быць бліжэйшай да людзей


На гэтым акцэнтавала ўвагу кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля КАЧАНАВА, якая прыняла ўдзел у паседжанні Вілейскага райвыканкама, падчас якога разглядаліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.


Фота БЕЛТА

Перш за ўсё кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта пацікавілася, якія пункты росту Вілейскага раёна бачаць мясцовыя ўлады. Бо пакуль ёсць праблемы з выкананнем паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за паўгода, і гэта пры багатым патэнцыяле. «Датацыйнасць раёна памяншаецца, цяпер складае 43%. Гэта адзін з ключавых паказчыкаў развіцця і ацэнкі эфектыўнасці работы мясцовых органаў улады. Чарговы раз нагадваю: чалавек на чале ўсяго. Калі эканоміка эфектыўна працуе — ёсць магчымасць напаўняць бюджэт і вырашаць сацыяльныя пытанні, — сказала Наталля Качанава. — Нядобра, што такі прыгожы раён — я тут упершыню — не выконвае паказчыкі. Бо з лічбаў складаецца жыццё. Трэба глыбей разглядаць перспектывы росту. Ужо сёння павінны быць напрацоўкі. У вас гэта прыцягненне прамых замежных інвестыцый, трэба яшчэ падцягваць экспарт паслуг. Яны і турызм павінны займаць большы сегмент, у Вілейскім раёне усё для гэтага ёсць. Выкарыстоўвайце гэты патэнцыял».

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта выказала занепакоенасць нізкай зарплатай у АПК раёна, а таксама колькасцю стратных прадпрыемстваў, асабліва ў сельскай гаспадарцы. «Трэба выпраўляцца, — адзначыла яна. — І трэба кадрамі ўмацоўваць сельгаспрадпрыемства. Ёсць жа прыклады, калі пры роўных эканамічных умовах арганізацыі працуюць па-рознаму. Так што падбор і расстаноўка кадраў — асноўная задача».

«Трэба займацца стратнымі прадпрыемствамі, не запускаць. Калі бачыце, што ёсць станоўчая дынаміка, трэба прымаць меры. За гэтым нашы людзі, іх дабрабыт», — падкрэсліла Наталля Качанава. Яна звярнула ўвагу на тое, што да гэтай работы неабходна больш актыўна прыцягваць і прадстаўнікоў абласной улады, і рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання — калі гаворка ідзе пра прадпрыемствы адпаведнай формы ўласнасці.

У лік стратных трапілі і абедзве будаўнічыя арганізацыі — на ПМК-185 працуе 51 чалавек, сярэдняя зарплата ў іх — Br470, на ПМК-88 — 87 чалавек, сярэдняя зарплата — Br511. «Намесніку старшыні аблвыканкама гэтую праблему даручана ўзяць на кантроль. ПМК павінны працаваць эфектыўна і выконваць аб’ёмы», — сказала Наталля Качанава.

«Вы павінны за гэтыя два гады выканаць задачу па забеспячэнні шматдзетных, якія даўно стаяць у чарзе, жыллём. А з 2021 года мы павінны выразна ўвайсці ў графік — запрашаць да будаўніцтва на працягу года з моманту пастаноўкі на чаргу. Кожную шматдзетную сям’ю трэба трымаць на кантролі», — падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Падсумоўваючы сустрэчу, Наталля Качанава падкрэсліла, што прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта рэгулярна выязджаюць у рэгіёны, кантралюючы выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы, работу са зваротамі грамадзян і іншыя пытанні. «Мы наведваем такія пасяджэнні, каб даць ацэнку кадрам, убачыць, як развіваецца рэгіён, якія ёсць праблемы і перспектывы. Магчыма, недзе падставіць плячо, — сказала Наталля Качанава. — Я ўбачыла, што тут новая каманда — гэта накладае адбітак: пайшлі станоўчыя зрухі. Думаю, па выніках года сітуацыя палепшыцца, і гэта будзе рэальнае выкананне пастаўленых задач».

Паказальнай з’яўляецца колькасць зваротаў грамадзян Вілейскага раёна — у Адміністрацыю Прэзідэнта паступіла 32 звароты, у аблвыканкам — больш за 100, 266 зваротаў накіраваныя непасрэдна ў райвыканкам. «Гэта правільна. Людзі павінны атрымліваць дапамогу і падтрымку ў мясцовай вертыкалі, якая фармуе імідж улады ўсёй краіны. Ключавое — работа з насельніцтвам, давядзенне да людзей праўдзівай інфармацыі. Трэба паважаць і шанаваць кожнага чалавека. І памятайце, што тры задачы — цэны, зарплаты, занятасць — перш за ўсё. З дабрабыту кожнага рэгіёну складаецца дабрабыт краіны ў цэлым», — рэзюмавала кіраўнік Адміністрацыі.

Паводле БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.