Вы тут

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах


У 2020 годзе ў Беларусі ўрачы агульнай практыкі цалкам заменяць участковых тэрапеўтаў. Пастаўскі раён стаў адным з першых, дзе ўкаранялася і тэсціравалася гэта сістэма. Як арганізавана медыцынская дапамога ў самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне, чым тут утрымліваюць маладых спецыялістаў (а за апошні час усе шэсць маладых урачоў, у якіх скончылася размеркаванне, падоўжылі кантракт)? У чым сакрэт рэгіёна, які лічыцца рэкардсменам па колькасці доўгажыхароў? І нарэшце, як бальніца «ўжываецца» з помнікам архітэктуры другой паловы ХVІІІ стагоддзя — палацам Тызенгаўза, у якім размешчаны і музей, і аддзяленне стацыянара? Пра гэта мы даведаліся, пабываўшы ў Паставах.


Самы аддалены — не значыць абдзелены

— Наш раён — адзін з самых аддаленых ад абласнога цэнтра ў Беларусі. Ад Пастаў да Віцебска — 260 кіламетраў, — кажа галоўны ўрач Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Чакавы, які, дарэчы, узначальвае яе ўжо амаль чвэрць стагоддзя. — Таму мы адпрацоўваем мадэль аказання дапамогі ў аддаленым раёне, якая грунтуецца на прынцыпах самадастатковасці. Гэта значыць, максімальна магчымы спектр медыцынскіх паслуг людзі павінны атрымаць у сваім раёне. Мадэль была распрацавана Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам сумесна з выканаўчай уладай нашага раёна. Акрамя цэнтральнай раённай бальніцы, у раёне ёсць Ваенны шпіталь пагранічнай службы, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Ветразь». Максімальна выкарыстоўваем тое абсталяванне, якое ёсць у гэтых установах. Калі пацыенту патрабуецца складанае лячэнне, накіроўваем найперш у Віцебск. У асобных выпадках выкарыстоўваем і Мінск — ад нас ён за 160 кіламетраў. Вось днямі адправілі пацыента з інфарктам у 9-ю сталічную бальніцу.

Рэнтгеналабарант Пастаўскай ЦРБ Юрый Літвіновіч  з новым абсталяваннем на «ты».

У выпадку сардэчна-сасудзістых катастроф, калі важна аказаць дапамогу ў першыя гадзіны, па словах галоўнага ўрача, пацыента накіроўваюць у клінікі з ангіяграфічнымі комплексамі. Найчасцей — у Наваполацк, а таксама ў абласны цэнтр і сталіцу.

— Нягледзячы на аддаленасць раёна, падчас транспарціроўкі хворых у нас не было дапушчана выпадкаў летальнасці ці ўзнікнення ўскладненняў, — падкрэслівае Уладзімір Чакавы.

Ёсць у бальніцы і радзільнае аддзяленне. Усе роды без рызыкі ўзнікнення ўскладненняў, а гэта 60 %, прымаюць тут. Летась у Пастаўскай ЦРБ нарадзілася больш за 200 малых. На чарзе — мадэрнізацыя радзільнага і дзіцячага аддзяленняў, а пакуль завершаны рамонт у аддзяленні жаночай кансультацыі. Кабінеты аснашчаны новым абсталяваннем і мэбляй. Прыйшоўшы на прыём да гінеколага, пры паказаннях можна адразу прайсці УГД.

— Усе акушэры-гінеколагі прайшлі падрыхтоўку па УГД-дыягностыцы. Сёння іх у нас чацвёра. Мы актыўна працуем над тым, каб урачы мелі дзве спецыялізацыі: маглі праводзіць УГД ці ФГДС-дыягностыку, эндаскапічныя даследаванні. На сённяшні дзень восем нашых урачоў прайшлі падрыхтоўку па УГД-дыягностыцы. Усе тыя абследаванні, якія па стандарце патрабуюцца на першым узроўні аказання дапамогі, — выконваем. Дзесяць гадоў таму мы нядрэнна абнавілі абсталяванне, праўда, некаторае ўжо зноў патрабуе мадэрнізацыі, — дзеліцца галоўны ўрач. — У нас два апараты для каланаскапіі, бранхаскоп, эндаскапічнае абсталяванне, тры апараты УГД, праўда, два з іх эксплуатуюцца больш за 10 гадоў. І мы маем вострую патрэбу ў яшчэ адным УГД-апараце высокага класа. З'явілася ў нас і магчымасць рабіць гемадыяліз, дзякуючы чаму мы падрыхтавалі 12 пацыентаў, у тым ліку адно дзіця, да перасадкі нырак, якую ім выканалі ў сталіцы. Гемадыяліз дапамагае нам выратоўваць людзей і пры атручваннях. Што датычыцца такіх абследаванняў, як КТ і МРТ, то каля 300 пацыентаў штогод накіроўваем у Полацк, Наваполацк або Віцебск. Многія абследуюцца па сваёй ініцыятыве ў Мінску і Мінскай вобласці.

Зусім нядаўна ў паліклініцы адкрыўся пасля рамонту рэнтгенаўскі кабінет. Тут сучаснае лічбавае абсталяванне. Узводзіцца і новы будынак для патолага-анатамічнага бюро, які плануюць здаць у кастрычніку-лістападзе.

Палаты — у Палацы

Будаўніцтва яшчэ аднаго корпуса для стацыянара таксама ў планах. Рэч у тым, што на тэрыторыі медыцынскага гарадка ў Паставах знаходзіцца гісторыка-культурны помнік другой паловы ХVІІІ — першай паловы ХІХ стагоддзя — Палац Тызенгаўза. У ХХ стагоддзі тут размяшчаліся розныя ўстановы — шпіталі падчас Першай і Другой сусветных войнаў, гімназія, НКВД і міліцыя ў мірны час. У сярэдзіне мінулага стагоддзя палац быў перададзены бальніцы. Калі былі пабудаваны новыя карпусы паліклінікі і стацыянара, у палацы ўсё роўна засталіся некаторыя падраздзяленні.

— У корпусе не было інжынерных сетак і камунікацый, і мы іх пабудавалі: падвялі ў палаты каналізацыю, ваду, уладкавалі санітарныя вузлы. Тут размяшчаюцца неўралагічнае аддзяленне стацыянара, аддзяленне пералівання крыві, фізіятэрапеўтычнае аддзяленне. Але далей будаваць штосьці ў корпусе, якому 250 гадоў, немэтазгодна, — упэўнены галоўны ўрач. — Лепш пабудаваць новы невялікі корпус на 30 ложкаў, каб вывесці з палаца нашы медыцынскія падраздзяленні.

Дарэчы, на падтрыманне палаца ўжо ў гэтым стагоддзі было выдзелена два гранты ЮНЭСКА (Палац Тызенгаўза стаў першым у Віцебскай вобласці помнікам, адзначаным такім чынам). Першы дазволіў стварыць умовы, каб захаваць яго ад разбурэння. На сродкі другога ў падвальных памяшканнях быў створаны музей, які сёння наведваюць госці горада, у тым ліку і замежныя турысты.

— У нас шмат арганізаваных груп, асабліва ў выхадныя. Гэта нядзіўна, бо ў розных рэйтынгах палац уваходзіць у дзясятку лепшых аб'ектаў Віцебскай вобласці. З намі вядуць перапіску людзі з Еўропы, у прыватнасці з Вялікабрытаніі, якія ў розныя часы тут пабывалі і продкі якіх былі звязаны з гэтымі мясцінамі, — расказвае галоўны ўрач. — У межах нашых фестываляў тут праводзяцца канцэрты пад адкрытым небам, гістарычныя рэканструкцыі, з'езды біёлагаў і арнітолагаў. Эксплуатацыя будынка цалкам ускладзена на раённую бальніцу, і мы з гэтай нехарактэрнай для медыцынскай установы функцыяй спраўляемся. Гэта, бадай, адзіны прыклад у Беларусі, калі гісторыка-культурны помнік, які мае такі высокі рэйтынг значнасці, знаходзіцца на балансе бальніцы і эксплуатуецца як медыцынскі корпус. Але надышоў час размежаваць патокі турыстаў і медработнікаў з пацыентамі. Цяпер ідзе карэкціроўка праекта.

Вялікая колькасць турыстаў, дарэчы, вымагае ад калектыву бальніцы падтрымліваць на ўзроўні тэрыторыю медыцынскага гарадка. Тут устаноўлены помнік Канстанціну Тызенгаўзу і сёлета з'явіцца яшчэ адзін — Антонію Тызенгаўзу. Праведзена ландшафтнае добраўпарадкаванне: на тэрыторыі высаджана некалькі тысяч кветак, працуюць фантаны і каскады, устаноўлены кампазіцыі са скульптур багоў медыцыны і здароўя. Побач з музеем размешчана кафэ.

Каб маладыя спецыялісты падоўжылі кантракт...

У Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы сёння працуюць 102 урачы. Пры гэтым 42 медработнікі знаходзяцца ў дэкрэтных адпачынках.

— У нас закрыты амаль усе стаўкі, але з улікам пераважна жаночага калектыву неабходнасць у кадрах усё роўна захоўваецца. З дзевяці педыятраў, напрыклад, чацвёра зараз у дэкрэце. Пры гэтым наш калектыў, бадай, самы мужчынскі сярод усіх медыцынскіх устаноў Віцебшчыны — у нас звыш 30 % мужчын. Напрыклад, працуе восем падпалкоўнікаў медыцынскай службы, якія перайшлі з ваеннага шпіталя пагранічнай службы, — з гонарам кажа пра калектыў Уладзімір Чакавы. — У два бліжэйшыя гады мы чакаем дзевяць урачоў, якім выдавалі мэтавыя накіраванні. Яны павінны адпрацаваць у нас пяць гадоў.

Дарэчы, маладыя спецыялісты, якія прыехалі працаваць па размеркаванні, застаюцца ў Паставах.

— Сёлета і летась усе шэсць урачоў агульнай практыкі, адпрацаваўшы неабходны тэрмін, падоўжылі кантракты. Мы ўсім прапаноўваем прайсці перападрыхтоўку і атрымаць другасную спецыялізацыю, а таксама павысіць сваю катэгорыю. Усё гэта дае магчымасць павялічыць ім зарплату. У нас малады доктар, які працуе ў першасным звяне, атрымлівае да тысячы рублёў і нават больш. Прапаноўваем ім і жыллё — арэндныя кватэры. Акрамя таго, наш сацыяльны пакет прадугледжвае 50-працэнтную аплату кватэры па найме. Маладыя спецыялісты больш ахвотна выбіраюць кватэры па найме з мэбляй і бытавой тэхнікай, якія каштуюць 100—140 рублёў. Тым, у каго ёсць сям'я, зручней, канешне, жыць у двухпакаёвай арэнднай кватэры, — аргументуе галоўны ўрач.

Сакрэт раёна доўгажыхароў

Пастаўская ЦРБ абслугоўвае амаль 40 тысяч насельніцтва. У яе склад уваходзяць дзве паліклінікі (у Паставах і Варапаеве) і восем амбулаторый урача агульнай практыкі. Тры з іх — у Паставах, пяць — у сельскай мясцовасці, дзе вядзе прыём 18 урачоў. Амбулаторыі цалкам укамплектаваны неабходным абсталяваннем, у некаторых ёсць стаматалагічныя кабінеты, кабінеты фізіяпрацэдур, апараты УГД-дыягностыкі. Усе амбулаторыі аснашчаны электроннымі праграмамі: там працуюць з электроннымі медыцынскімі карткамі, урач атрымлівае на планшэт вынікі аналізаў пацыента з лабараторыі ці рэнтгенаўскія здымкі. Урачы аказваюць шматпрофільную дапамогу: робяць хірургічныя апрацоўкі, падбіраюць акуляры, абследуюць пацыентаў з лор-захворваннямі, робяць кардыяграму і г. д.

— З 2001 года Пастаўскі раён стаў базавым у віцебскім эксперыменце па адпрацоўцы рэфармавання сістэмы першаснай медыка-сацыяльнай дапамогі па прынцыпе ўрачоў агульнай практыкі. Мы сталі піянерамі ў краіне па гэтай рэарганізацыі. Першай была наша Навасёлкаўская амбулаторыя, затым Камайская ўчастковая бальніца. Ужо пяць гадоў, як мы цалкам перайшлі ад участковых тэрапеўтаў да ўрачоў агульнай практыкі, — удакладняе суразмоўнік.

Дарэчы, з 2016 года ўрачы агульнай практыкі Пастаўскай ЦРБ нязменна рабіліся лепшымі на конкурсах прафесійнага майстэрства. Загадчык паліклінікі Пастаўскай ЦРБ Марына Брэсцкая перамагла ў намінацыі «Найлепшы ўрач агульнай практыкі» ў 2016 годзе, Навасёлкаўская амбулаторыя (загадчык Васіль Сівіцкі) стала найлепшай у краіне ў 2017 годзе, а летась сярод урачоў агульнай практыкі вызначыўся загадчык аддзялення Пастаўскай ЦРБ Міхаіл Петух.

— Мы пайшлі на дэцэнтралізацыю і адкрылі ў Паставах тры амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Гэта дазволіла разгрузіць паліклініку, тут абслугоўваецца толькі тое насельніцтва, якое жыве ў гэтым мікрараёне, і кансультуюць вузкія спецыялісты, — тлумачыць галоўны ўрач.

Дарэчы, увядзенне ўрачоў агульнай практыкі дазволіла разгрузіць і вузкіх спецыялістаў.

— Сёння ў нас 19-е, і самы далёкі запіс — да афтальмолага на 23-е чысло. Да хірурга вы трапіце ў дзень звароту, гэтак жа як да дэрматолага і гінеколага, — канстатуе, зверыўшыся з камп'ютарам, Уладзімір Чакавы. — І зразумела, да ўрача агульнай практыкі — у дзень звароту ён павінен прыняць любога пацыента. У нас штодзённа праводзіцца маніторынг рэжымаў чакання, і калі цягам дзесяці дзён пацыенты не могуць трапіць да спецыяліста, праграма на камп'ютары інфармуе мяне і загадчыка паліклінікі, мы збіраемся і аналізуем, як пераразмеркаваць рэсурсы.

Талончык да ўрача вузкай спецыялізацыі заказвае ўрач агульнай практыкі, калі ў пацыента ёсць паказанні да кансультацыі. Або да такога спецыяліста трапляюць з вострай паталогіяй
па хуткай дапамозе. Таксама ўрач самастойна выклікае хворых, якія знаходзяцца ў яго на дыспансерным уліку (як правіла, у кожнага спецыяліста такіх пацыентаў 300—400).

У Пастаўскім раёне 450 вёсак. У іх працуе 26 ФАПаў. Раз-два на тыдзень урачы агульнай практыкі выязджаюць на ФАПы. Спецыялісты вузкай спецыялізацыі наведваюць сельскія медыцынскія ўстановы па аўторках. Ёсць і перасоўны медыцынскі пункт, які выязджае ў вёскі, — у ім адразу ж можна набыць і неабходныя лекі. У любую вёску, адкуль паступае зварот двух і больш грамадзян, таксама выязджае ўрач.

— Пры кожнай участковай бальніцы ў нас ёсць ложкі сястрынскага догляду. Прычым кожны год восенню мы мяняем іх профіль: 30 % ложкаў пакідаем для лячэння вострай і хранічнай паталогіі, а вось астатнія пераводзім у медыка-сацыяльныя. І з лістапада да красавіка сталыя людзі з маленькіх вёсак маюць магчымасць абследавацца, здаць аналізы, падлячыцца, а да лета вяртаюцца ў свой дом. Праз такія медыка-сацыяльныя ложкі, пансіянаты, якія належаць упраўленню па працы і сацыяльнай абароне, мы адаптавалі нашу сельскую медыцыну пад патрэбы вяскоўцаў. І атрымліваецца, што нашы людзі жывуць даўжэй, чым у суседніх раёнах, — рэзюмуе суразмоўнік. — З Глыбоцкім раёнам мы лідары па доўгажыхарах у рэгіёне. У нас больш за дзве тысячы чалавек перасягнула 80-гадовы рубеж.

Дарэчы, ужо тры дзесяцігоддзі людзі давяраюць Уладзіміру Мікалаевічу прадстаўляць іх інтарэсы ў мясцовых Саветах дэпутатаў, 20 гадоў з іх — у Віцебскім абласным Савеце дэпутатаў.

— Увесь гэты час мяне вылучае адзін і той жа калектыў і выбіраюць жыхары адной і той жа акругі. Значыць, мая пазіцыя адпавядае чаканням людзей, — тлумачыць такое пастаянства суразмоўнік.

Алена КРАВЕЦ, г. Паставы

Загаловак у газеце: Па прынцыпе самадастатковасці

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.