Вы тут

Майкл Маргуліс: Я — грамадзянін Свету


Пісьменнік, журналіст, палітолаг, хрысціянскі прапаведнік, заснавальнік міжнароднага фонду «Духоўная дыпламатыя», ганаровы консул Беларусі ў штаце Фларыда (ЗША) даў інтэрв’ю газеце «Звязда».


— Майкл, у вас столькі спраў па ўсім свеце: дыпламатыя, бізнес, журналістыка... Але вы яшчэ пішаце кнігі. «Вяртанне на Чырвоную планету» (Return to the Red Planet) у 1991 годзе ўвайшла ў спіс бестселераў у ЗША. Давайце пагаворым пра Маргуліса-пісьменніка. Як усё пачыналася?

— У 14 гадоў я напісаў сваё першае апавяданне. Яго апублікавала адна ўкраінская газета. Памятаю, усе здзіўляліся — ад сваякоў да знаёмых і настаўнікаў. Штуршок далі Хемінгуэй, Стэйнбек, Эрых Марыя Рэмарк... І, вядома ж, Іван Бунін. Я лічу яго найлепшым стылістам у рускім пісьменніцкім свеце, які атрымаў Нобелеўскую прэмію яшчэ ў 1938 годзе, жывучы ў эміграцыі ў Парыжы. А потым ужо пайшлі асабістыя кантакты, сяброўства з многімі выдатнымі майстрамі пяра. Такімі, як Віктар Някрасаў, Навум Каржавін, Васіль Аксёнаў, Яўген Еўтушэнка. Вось так я пачынаўся з іншых. Мы заўсёды пачынаемся з іншых, самі гэтага не ўсведамляючы...

— Прачытаўшы вашу новую кнігу ўспамінаў «Сам-насам з жыццём», я знаходзілася пад уражаннем: тут, пад гэтай «вокладкай-іконай» знаходзяцца неверагодныя людзі! Няважна: ці то гэта сваякі, проста суседзі, знаёмыя; ці то гэта вядомыя людзі з палітыкі, мастацтва. Як вам удалося іх спасцігнуць, ацаніць і перадаць так ярка і дакладна?

— Хачу адзначыць, што асацыяцыя з «вокладкай — іконай» у вас паўстала не выпадковая. На ёй быў здымак у момант маёй малітвы ў Чарнобылі, дзе я ўдзельнічаў у аказанні дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад наступстваў аварыі. Адносна самой кнігі — гэта своеасаблівая мазаіка ўспамінаў пра людзей, з якімі мне пашчасціла мець зносіны на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Самых розных — ад прэзідэнтаў і палітыкаў, творчых інтэлігентаў да простых абывацеляў. Бываюць мала вядомыя людзі, а вартыя таго, каб пра іх напісалі. Але асабліва мне імпануюць вядомыя, але сціплыя людзі, напрыклад, цудоўная жанчына Ірэна Кільчыцкая. Жыве ў Кіеве, адна выхоўвае чацвярых дзяцей. Так сышліся зоркі, што яна стала багатай. Пачала дапамагаць украінскім маці-адзіночкам. Зрабіла шмат добрага людзям.

З Яўгенам Еўтушэнкам.

На жаль, Яўген Еўтушэнка, пра якога напісаў, так і не дачакаўся выхаду гэтай кнігі, памёр. Ёсць глава аб выдатным рэстаранным спеваку Міхаіле Гулько.
Міхаіла Гарбачова я па-руску ў першы раз успомніў у гэтай кнізе. Як я публічна маліўся з ім у Крамлі, а затым была мая малітва ў самім КДБ.

З Маці Тэрэзай я гаварыў усяго хвіліну. Яна сказала: «Ты Божы чалавек, але, калі ты будзеш падаць, ніколі не чакай, каб табе падалі руку, падымайся сам». Мне падалося, што гэта трэба было запісаць. Потым яшчэ сталі аднаўляцца нейкія сустрэчы.

Дарэчы, ёсць і пра прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку. Ён стаў мне сімпатычны з першай сустрэчы, так і засталося, на ўсё жыццё. Я амаль 20 гадоў з ім знаёмы. У кнігу ўвайшло інтэрв’ю пра Беларусь і пра яго. Кіраўнік краіны расказаў, напрыклад, гісторыю з жыцця, калі, будучы раённым дэпутатам, дапамог вернікам пабудаваць дом малітвы, завёз ім будматэрыялы. Пасля гэтага райкам партыі аб’явіў яму вымову. Аляксандр Рыгоравіч сказаў: «Мне здаецца, што калі ёсць на зямлі хоць самая маленькая царква, значыць яна камусьці патрэбная і ніхто не мае права яе закрыць».

З Аляксандрам Лукашэнкам.

Рукапіс з успамінаў «Сам-насам з жыццём» на гэты перыяд часу я яшчэ дапаўняю. Мне б хацелася выдаваць кнігу ў Беларусі, каб з ёй азнаёміліся і грамадзяне вашай краіны.

— Са з’яўленнем інтэрнэту многія лічаць, што папяровыя кнігі сваё аджылі. Як вы думаеце, ці перамогуць электронныя кнігі? Быць ці не быць папяровай літаратуры?

— Кніга была і застаецца асаблівым інструментам пазнання чалавечай душы і розуму. Мне здаецца, што інтэрнэт, як новы ўніверсальны сродак, запоўніў усю прастору сабой, заваяваў новае пакаленне. Дый што казаць, людзі пішуць ужо па-іншаму, таксама як бы спяшаючыся, коратка, апускаючы не толькі знакі прыпынку, але і думкі. У інтэрнэце ўсё робіцца на хуткасць, таму там застаецца толькі час для інфармацыйнага разумення падзеі. Што да эмацыянальнага стану душы, рамантычных нюансаў, праз экран камп’ютара яны знікаюць, сціраюцца ў свядомасці, становяцца быццам бы безаблічныя. У сувязі з гэтым адбываецца дэградацыя літаратуры...

Але я веру: няхай не будзе сотні мільёнаў чытачоў, але застануцца мільёны тых, для каго чытанне кніг — не проста паглынанне інфармацыі, а душэўныя перажыванні, тых, каму падабаецца і хвалюе сам працэс чытання... Пах кніжных старонак, магчымасць вярнуцца на тую, дзе твор асабліва спадабаўся, уразіў, і спакойна перачытаць. Кожная прачытаная кніга запамінаецца вокладкай, шрыфтам, нават тэкстурай старонак, нейкай адмысловай індывідуальнасцю. Таму ўсе яны для нас розныя, і ўсе разам ствараюць нейкі асаблівы, непаўторны свет. Друкаваная кніга — гэта тое, з чаго чалавецтва пачынала сваё цывілізацыйнае развіццё. На мой погляд, традыцыйная кніга застанецца жыць, яна зойме сваё дастойнае месца нароўні з любымі ўдасканаленымі электроннымі машынамі.

— Вы заснавалі буйное выдавецтва ў ЗША. Якія кнігі там выдаваліся?

З мітрапалітам Філарэтам.

З патрыярхам Алексіем ІІ.

— У 1982 годзе ў Чыкага я адкрыў славянска-евангельскае выдавецтва «Slavic Gospel Press». Гэта першае ў свеце выдавецтва, якое выпускала пераклады амерыканскіх, брытанскіх, нямецкіх філосафаў і пісьменнікаў з англійскай на рускую. Мы друкавалі, а потым прывозілі і бясплатна раздавалі ў Савецкім Саюзе кнігі выдатных пісьменнікаў, літаратуру высокага ўзроўню, для многіх гэта было глытком свежага паветра. У нас былі выдадзеныя працы 118 аўтараў. Сярод іх, такія вядомыя, як Джэймс Добсан, або Гілберт Кіт Чэстэртан, вядомы па кнізе «Чалавек, які быў чацвяргом». Мы выдалі яго твор «Вечны чалавек». Клайв Стэйплз Льюіс, прафесар Оксфардскага ўніверсітэта, пісаў цудоўныя кнігі, у тым ліку дзіцячыя — «Хронікі Нарніі». Мы выдалі ўсе яго рукапісы кніг. Сумарны тыраж склаў 15 мільёнаў асобнікаў. 

— Майкл, як журналіст вы сустракаліся з многімі дзеячамі палітыкі і культуры. Хто падаўся вам найбольш яркім і запамінальным?

— Рональд Рэйган. Ён мой самы любімы палітык. Рэйган не быў асаблівым мудрацом, але быў вельмі абаяльны і празорлівы, любіў гумар. Калі быў замах і ў яго стрэлілі, ён упаў на зямлю, над ім схіліліся ўсе члены ўрада. А ён сказаў: «Чаму вы ўсе тут, а хто застаўся ў краме?» Рональд меў на ўвазе Белы дом... Усе тады ўспомнілі і зразумелі гэты стары анекдот.

Пасля яго, як ні дзіўна, я называю Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Чаму? Не таму, што ён анёл — іх няма на зямлі, а таму, што ён працуе і служыць народу Беларусі ў неверагодна цяжкіх умовах. Лічу яго яркай асобай. Ён не толькі прафесійны гісторык, ён прафесіянал і ў палітычнай сферы. Добра разумее сітуацыю ў свеце. Вучыцца ў Бісмарка, у выдатных грамадскіх дзеячаў Захаду...
Ну і, вядома ж, Міхаіл Гарбачоў! Хоць мне больш падабалася яго жонка — Раіса Максімаўна. Мая першая хрысціянская тэлепраграма «Вяртанне да Бога» выйшла яшчэ ў часы СССР. Раіса Максімаўна казала: вось вы такі таленавіты, але, калі б гаварылі менш пра Бога, было б лепш. А я адказваў, што Бог — гэта адзінае месца, якое застаецца чыстым у нашым брудным жыцці. Яна настойвала на сваім — не Бог, а прыгажосць павінна выратаваць свет!

З Міхаілам Гарбачовым

А я казаў, што Бог — гэта і ёсць прыгажосць. Таму што напісана ў Бібліі: Бог ёсць любоў... Раіса Максімаўна была валявой, рашучай і сцвярджала: «Усё роўна я з вамі ніколі не змагу пагадзіцца». Але калі яна памірала ад лейкеміі, то часта паўтарала словы: «Госпадзі... Госпадзі... Слава табе...» Так расказвалі яе блізкія. За 10 дзён да яе смерці па просьбе блізкіх ёй людзей я маліўся за яе і верыў, што праз ласку Божаю яна будзе ў тым месцы, дзе душам добра.

— Каго з сучасных беларускіх пісьменнікаў вы б вылучылі?

— Ёсць вельмі таленавіты пісьменнік — Аляксандр Міхайлавіч Валковіч, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат міжнародных літаратурных прэмій. Жыве ў Брэсце і выдае ўнікальны краязнаўчы альманах «Астрамечаўскі рукапіс». У яго ёсць кніга «Бяроза белая, бяроза чорная» і шмат іншых. Творча ён падобны на майго сябра, які, на жаль, ужо сышоў у вечнасць — Віктара Платонавіча Някрасава, пісьменніка з Кіева, аўтара вялікай кнігі «У акопах Сталінграда», за якую быў удастоены Сталінскай прэміі. Гэта была аповесць, якая расказвае пра гераічную абарону Сталінграда без прыхарошвання. 

— Не магу не спытаць пра рух «Духоўная дыпламатыя». Як з’явілася сама ідэя?

— Ідэя стварэння «Духоўнай дыпламатыі» нарадзілася ў 1991 годзе, калі ў СССР ўпершыню прыехала вялікая прадстаўнічая дэлегацыя хрысціянскіх лідараў Амерыкі, у іх складзе быў і я. Апафеозам стала сустрэча з Міхаілам Гарбачовым. Менавіта ў Крамлі я зразумеў, што прыйшоў новы час. Можна сказаць, з бласлаўлення Міхаіла Сяргеевіча і пачаўся гэты фонд. Асноўная канцэпцыя «Духоўнай дыпламатыі» — гэта імкненне пераадольваць канфлікты ўнутры і паміж краінамі з дапамогай духоўных каштоўнасцяў канфліктуючых бакоў. Напрыклад, паміж мусульманамі і хрысціянамі адбыўся канфлікт. Значыць, трэба ўзяць Біблію і Каран, знайсці ідэнтычныя рэчы і апераваць імі падчас перамоваў з гэтымі бакамі. Духоўная дыпламатыя заўсёды нагадвае нам аб падобных каштоўнасцях народаў. Яна заклікае да міру, любові, спакою, цярпення... Яшчэ тады, шмат гадоў назад Міхаіл Гарбачоў казаў, што яму вельмі падабаецца гэтая новая канцэпцыя, але яна ўтапічная для нашага цынічнага часу.

— Маглі б вы прывесці канкрэтныя прыклады прымянення «Духоўнай дыпламатыі»?

— За ўвесь гэты час мы пабывалі ў дзясятках краін, удзельнічалі ў многіх перагаворах. І заўсёды знаходзілі мірныя рашэнні з дапамогай духоўнай дыпламатыі. Напрыклад, В’етнам — камуністычная краіна, дзе забаронены былі цэрквы. Толькі для замежнікаў — адна або дзве. Наш фонд дабіўся рэгістрацыі ў краіне сарака цэркваў. Мы растлумачылі, што Амерыка не дасць ім крэдыту. ЗША — краіна з хрысціянскімі каштоўнасцямі, а ў В’етнаме няма рэлігійнай свабоды.
Чарговая перамога «Духоўнай дыпламатыі» звязаная з маім нядаўнім наведваннем Украіны. Мы вялі перагаворы па абмене палоннымі паміж Кіевам і Данецкам і дамагліся поспехаў. Акрамя таго, вывезлі 67 аўтобусаў з дзецьмі, якія ў Данецку і Луганску жылі ў неверагодна жудасных умовах: падвалах, бараках. Рассялялі разам з бацькамі ў Кіеве. Нам дапамог мэр, вылучыў спецыяльны дом для гэтых людзей. Прывезлі ў шпіталь з маім сябрам Цімафеем Нагорным хлопчыка Колю Навакоўскага, якому снарадам адарвала дзве нагі і руку і пашкодзіла вока. Яму далі магчымасць вучыцца, нават навучылі плаваць. Прыцягнулі да гэтага пытання вядомых спартсменаў, якія дапамаглі зрабіць для Колі пратэзы. Глыбока ў душы я вельмі спадзяюся, што новы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і Уладзімір Пуцін неяк усё ж дамовяцца. Мы таксама стараемся, прыкладаем намаганні.

— Майкл, вы ў Беларусі часты госць. Скажыце, што вас прыцягвае ў нашай краіне?

— Ёсць рэчы, якія неўсвядомлена любіш, паважаеш, сімпатызуеш. Для мяне гэта Беларусь. Беларускі народ цудоўны, з асаблівай ціхмянасцю ў характары. Як вы самі гаворыце пра сябе — «памяркоўныя людзі», цярплівыя, удумлівыя. Мне падабаюцца беларусы за спакой, нейкую асаблівую разважлівасць і жаданне да прымірэння. Таму напэўна мяне і прызначылі Ганаровым консулам Рэспублікі Беларусі ў штаце Фларыда (ЗША). Мы стараемся знайсці новыя шляхі для збліжэння нашых краін: ЗША і Беларусі. Думаю, усё развіваецца добра, але, трэба старацца, каб гэты працэс збліжэння краін працякаў больш дынамічна.
У ЗША выходзіць англамоўны часопіс «US — Belarus Observer». Мы расказваем пра Беларусь, пра людзей краіны. Для таго, каб больш ведалі ў Амерыцы пра маленькую, але цудоўную дзяржаву ў цэнтры Еўропы. Гэта вельмі рознабаковы і дастойны часопіс аб палітыцы, культуры, спорце, літаратуры...

З Вячаславам Палуніным.

— Майкл, вы ствараеце ўражанне чалавека, які жыве як праблемамі кожнага паасобку чалавека, так і цэлых народаў, і краін. Пры гэтым вас можна назваць патрыётам і Амерыкі, і Украіны, і Беларусі, і Расіі... Адразу напрошваецца вобраз грамадзяніна Свету...

— Можна і так мяне назваць: грамадзянін Свету... Але я зусім не прыхільнік касмапалітаў, якіх некаторыя параўноўваюць з такімі глабалістамі, як я...

— Напрыканцы што б вы пажадалі беларусам?

— Пераадольваць усе цяжкасці і годна выходзіць са складаных сітуацый. З Божай дапамогай, вядома.

І яшчэ ў мяне ёсць пажаданне газеце «Звязда»: свяціць так, каб гэтае святло асвятляла людзям дарогу ў інфармацыйнай прасторы. Газета павінна быць дадаткам да жыцця чалавека. Значыць, у першую чаргу яна абавязана аглядаць, паказваць і здзіўляць чытача новымі адкрыццямі і знаходкамі, якіх заўсёды ў жыцці любой краіны нямала. І быць пуцяводнай зоркай!

— Дзякуй, Майкл, за цікавую гутарку.

Гутарыла Юлія САВІЦКАЯ

Фота з архіва Майкла Маргуліса


Артыкул Майкла Маргуліса «Беларускі градуалізм», які быў надрукаваны ў часопісе «US-Belarus Observer»

Тэма, узнятая ў артыкуле, да нядаўніх часоў, не асабліва абмяркоўвалася амерыканскімі палітыкамі ў дачыненні не толькі да Беларусі, а і да іншых краін свету. Паняцце «градуалізм» стала выглядаць больш актуальна падчас падзей у суседняй з Беларуссю краінай, дзе загінулі тысячы людзей. Градуалізм можна назваць і інакш: бяскроўныя рэформы зверху. Беларусь — краіна, якая зведала страшныя ваенныя катастрофы, страціла ў вайне кожнага трэцяга грамадзяніна, не можа сабе дазволіць новых крывавых падзей на сваёй шматпакутнай зямлі. Таму «каляровыя рэвалюцыі», «майданы» і іншыя экстрэмісцкія дзеянні, якія разбураюць мір на зямлі, не падыходзяць беларускаму народу, які ведае, што за ўсе такія падзеі плаціцца чалавечай крывёю, дзіцячымі жыццямі.

Улічваючы гэтыя аргументы, артыкул актуальны для ўсіх народаў свету.

"Калісьці Прэзідэнт Беларусі сказаў у інтэрв’ю: «Можа быць наш шлях не самы лепшы. Але гэта наш шлях! Як спяваў вялікі амерыканец Фрэнк Сінатра: «Yes, it was my way».

Калі ўважліва паглядзець на шлях Беларусі за 25 гадоў яе незалежнасці, мы ўбачым, што тут удалося захаваць тое лепшае, што было пры сацыялізме, і дададзена неабходнае, што існуе ў капіталізме.

У Беларусі атрымаўся такі ўнікальны дастойны гібрыд: сацыялізму і капіталізму.

Дзяржава захоўвае галоўную ролю, ёй належаць шматлікія буйныя кампаніі, а разам з тым, існуюць шмат прыватных кампаній і фірмаў, у тым ліку і замежных. У сталіцы, у мінскім «Макдональдсе» вы пачуеце англійскую мову бізнесменаў з ЗША, Англіі, Аўстраліі, але таксама чутная нямецкая, французская, італьянская і іспанская. Таксама ў Мінску вы пачуеце арабскую гаворку і старажытную мову яўрэяў — іўрыт. Вядома, няма раю на зямлі, няма яго ні ў адной краіне свету, але некаторыя іншаземцы называюць гэту краіну «Швейцарыяй Усходняй Еўропы». Чаму? Ды таму што ў гэтай краіне адчуваеш мір, спакой. Бачачы ўсе ваенныя катаклізмы, якія адбываюцца на зямлі, гледзячы на ваенны канфлікт у суседняй Украіне, па-асабліваму шануеш мір і спакой у Беларусі.

Рэформы ў Беларусі адбываюцца, але не ў выніку сілавых актаў або крывавых «рэвалюцый». Тут дзейнічае спакойны градуалізм.

У палітыцы: гэта прынцып дзеянняў па дасягненні пастаўленай мэты пры дапамозе плаўных, а не радыкальных дзеянняў. Свет ведае, што Беларусь стала ініцыятарам «Мінскіх пагадненняў» па рэгуляванні ваеннага канфлікту Расіі і Украіны. Асобая роля Беларусі заключаецца ў тым, што яна захоўвае нейтралітэт ва ўсіх міжнародных сітуацыях. Але і праяўляе неабходную цвёрдасць, абараняючы суверэнітэт краін. Напрыклад, Беларусь не прызнала законным увод расійскіх ваенных сіл ва Украіну. Урад прадаставіў паветраную прастору для пралёту амерыканскіх самалётаў у раёны Афганістана. Беларусь удзельнічае ў многіх міжнародных праектах, якія садзейнічаюць развіццю экалогіі, здароўю і свабодзе чалавека. Дзяржава дае сваім грамадзянам магчымасць свабодна пакідаць Беларусь на любыя тэрміны.
У галіне эканомікі, крэда градуалізму заключаецца ў наступным: гэта канцэпцыя, якая прадугледжвае правядзенне павольных, паслядоўных рэформаў, адводзіць дзяржаве галоўную ролю ў фарміраванні рынку і супрацьстаіць канцэпцыі шокавай тэрапіі. Таму, як гаварылася вышэй, разам з вялікімі дзяржаўнымі карпарацыямі тут дзейнічае вялікая колькасць прыватных кампаній.

Беларусь асабліва адкрытая для сумесных бізнес-дзеянняў з замежнымі кампаніямі на тэрыторыі краіны. Тут дзейнічаюць ільготныя законы, па якіх замежныя кампаніі 5 першых гадоў не плацяць падаткі дзяржаве.

Медыцына ў Беларусі вызначаецца высокім узроўнем і прафесіяналізмам, а цэны ў гэтай галіне ў параўнанні з еўрапейскімі і амерыканскімі нашмат ніжэйшыя. У краіне існуюць дзяржаўныя клінікі і бальніцы, але і вялікая колькасць прыватных медыцынскіх устаноў.

Адукацыйная сістэма развіваецца, і акрамя дзяржуніверсітэтаў з высокім узроўнем выкладання, існуюць шмат прыватных каледжаў і школ заходняга ўзору.

Сацыяльная дапамога ў Беларусі асабліва ўражвае. Бясплатная медыцына не толькі для дзяцей і пенсіянераў, але і таксама для ўсіх грамадзян краіны.

У галіне эканомікі і прадпрымальніцтва адбываюцца рэформы, але яны ідуць плаўна, з улікам дзяржаўных інтарэсаў.

Па маіх назіраннях, ды і не толькі маіх, беларусы баяцца нечаканых змен. Яны памятаюць свой гістарычны лёс, калі ў канфліктах паміж вялікімі краінамі Беларусь станавілася арэнай бітваў паміж імі. Таму народ баіцца войнаў і вельмі шануе мір у Беларусі. У памяці пажылых людзей яшчэ жыве страшны час Другой сусветнай вайны, калі нямецкія нацысты і іх памагатыя забілі кожнага трэцяга грамадзяніна Беларусі. Такіх ахвяр не ведае ніводная краіна свету. Важна, што не толькі сведкі гэтай вайны памятаюць пра гэта, але і моладзь ведае пра гэтыя ахвяры, і я думаю, што ўжо на генетычным узроўні ў людзях жыве гэтая цяжкая памяць і жаданне пазбягаць новых узрушэнняў.

Неяк я гутарыў з маладым гісторыкам Ягорам, які сказаў: «Мы вельмі цэнім мір і цішыню на нашай зямлі. Мы не агрэсіўныя, мы не хочам барыкад. Мы верым, што наша зямля мірна ажыццявіць жаданні народа, у нас людзі добрыя і мірныя. Нам толькі патрэбныя сябры з іншых краін, і разам мы зможам зрабіць нашу краіну яшчэ лепшай і больш шчаслівай. Мы ведаем, што народ Аўраама Лінкальна, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Фолкнера, Дзюка Элінгтана — амерыканскі народ — зразумее нас і будзе разам з намі».

Ад сябе дадам: хто цікавіцца Беларуссю і палюбіў гэты мірны народ, той знойдзе ў сучаснай Беларусі шмат плюсоў, якія робяць гэту краіну зручнай для сумесных эканамічных, сацыяльных, культурных праектаў».

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.