Вы тут

Ландшафтны дызайнер: Архівы трэба збіраць, калі мы хочам аднаўляць сваю спадчыну


Яна Марчук — ландшафтны дызайнер. Яна мае дыплом інжынера садова-паркавага будаўніцтва Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, акрамя таго, скончыла магістратуру ў Вялікабрытаніі па спецыяльнасці «Рэстаўрацыя гістарычных паркаў і культурных краявідаў». Трэба адзначыць, гэта хіба што адзіны спецыяліст з такой адукацыяй у нашай краіне. Таму мы пагутарылі з Янай Марчук пра тое, дзе схавана сэрца старога парку і як можна яго ўбачыць, а таксама пра «зялёную» атмасферу вялікага горада.


— На твой погляд, ці сапраўды Беларусь — зялёная краіна?

— Найперш, хачу нагадаць, што краявід — гэта не толькі расліны. Гэта складанае паняцце пра месца, якое ўключае ў сябе як фізічныя элементы (глеба, рэльеф, паветра, вада, расліны, жывёлы, пабудовы і паселішчы) і працэсы, так і яго гісторыю, адлюстраванне ў культуры і нашае ўспрыняцце.

Цяпер да пытання пра «зялёную краіну». Калі я не памыляюся, пад гэтым звычайна разумеюць лясістасць і колькасць «зялёных» тэрыторый у паселішчах.

Па ступені пакрытасці лесам Беларусь асабліва не выдзяляецца ні сярод краін умеранага пояса, ні ў Еўропе. Лясы займаюць каля 40 % нашай плошчы, таксама, як у Нарвегіі, Славакіі і Францыі, і крыху больш, чым у Германіі, ЗША і Канадзе. У Еўропе сярэдняя лясістасць — прыблізна 50 %, а найбагацейшыя лесам еўрапейскія краіны — Фінляндыя і Швецыя (каля 70 %).

Што да «зялёнасці» гарадоў, то яна магла б быць нашмат большая. Раслін дужа не хапае на нашых вуліцах і ў жылых дварах. У цэнтрах нашых гарадоў — усцяж брук і адкрытыя газоны, а значыць, спёка і пыл. Паркаў і сквераў нібыта нямала, але не паўсюль зручна праводзіць час, бо ўсё яшчэ не хапае прадуманай якаснай інфраструктуры.

Арэх шэры ў парку ў Любчы, 2013 год.

— Ты рабіла даследаванне, прысвечанае парку каля Любчанскага замка. Ці складана займацца такім вывучэннем?

— Так, вывучэнне гістарычнага парку — доўгая і карпатлівая праца. У так званых комплексных навуковых даследаваннях удзельнічае мноства спецыялістаў: гісторыкі, ландшафтныя архітэктары, археолагі, гідролагі, эколагі, батанікі, фітапатолагі. А калі ў парку выявяцца каштоўныя віды жывёл, грыбоў або лішайнікаў, то іх больш пільна вывучаюць адпаведныя спецыялісты і таксама даюць свае заключэнні і рэкамендацыі.

Рэстаўратары гістарычных паркаў (звычайна гэта ландшафтныя архітэктары з кваліфікацыяй у рэстаўрацыі) адказныя за прыняцце праектных рашэнняў. Для гэтага яны дасканала вывучаюць усе матэрыялы — гістарычныя і натурныя — і вызначаюць на іх падставе каштоўнасць парку. Гэта складаная, але і надзвычай цікавая задача.

Сваё даследаванне Любчанскага парку я рабіла ў межах дыпломнага праекта. Я вывучала рэшткі планіроўкі, блізкія і далёкія віды, дрэвавыя і травяністыя расліны, састаў глебы. Асноўнымі гістарычнымі крыніцамі былі працы знакамітага даследчыка беларускіх сядзіб Анатоля Федарука і гістарычная даведка Святланы Адамовіч.

Я спрабавала знайсці інфармацыю аб парку таксама ў архівах у Гродне і Мінску, але без поспеху. Пазней у замежным архіве гісторыкі выявілі фотаздымкі кветкавага партэра ў Любчанскім парку і дыхтоўнай драўлянай лесвіцы, якая вяла да яго з замчышча. Дарэчы, гэтая знаходка чарговы раз паказала, што насамрэч звесткі пра нашыя паркі захаваліся, але яны рассыпаныя па розных мясцінах свету. Сабраць архівы — доўгая і дарагая праца, але без яе не абысціся, калі мы хочам сапраўды захоўваць і аднаўляць сваю спадчыну.

Мяне захапляла чытанне ўспамінаў нашчадкаў апошніх уладальнікаў Любчанскага замка і сядзібы. Месца, на якое спачатку глядзіш толькі як на архітэктурны і гістарычны аб'ект, пачынае «ажываць»: ты знаёмішся з людзьмі, якія яго асвойвалі, змянялі і развівалі, даведваешся пра іх густы, характары, лад жыцця. Гісторыя месца набывае дадатковае вымярэнне — чалавечую індывідуальнасць.

Нам пакуль дакладна не вядома, як выглядаў Любчанскі парк, таму рана казаць пра яго аднаўленне. Цяпер важна захаваць тое, што да нас дайшло. Асаблівага клопату патрабуе шэры арэх, які мае не менш за 100 гадоў і які, паводле Анатоля Федарука, з'яўляецца найстарэйшым у Беларусі.

Ратонда ў Станькаўскім парку (Дзяржынскі раён), 2016 год. Фота В. Пісарэўскага, pіsarevskіj.com

— Якія паркі нашай краіны ты раіш наведаць?

— Вядома, Нясвіжскія замкавыя паркі. Таксама варта прагуляцца па Альбе — некалі вялізным паркавым ансамблі. У ім захаваліся рэшткі цікавай воднай сістэмы ў выглядзе каналаў, якія радыяльна адыходзяць ад выспы, а таксама нямала старых дрэў.

Вельмі маляўнічы парк у Лагойску: ён уладкаваны на старажытных умацаваннях гарадзішча, а пазней — замка. Падобна як і парк у Высокім, які ўключыў у сваю кампазіцыю рэшткі замка Сапег. У Высокім яшчэ чытаецца адметная алея з конскага каштана, якая мае даўжыню 400 метраў і з'яўляецца адной з самых доўгіх паркавых алей у Беларусі.

Таксама параю паглядзець парк «Манькавічы» на ўскраіне Століна, які захаваў шмат цікавых экзотаў і цяпер мае статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння.

— Колькі ў Беларусі наогул гістарычных паркаў?

— Іх не менш за тысячу. Цяпер абсалютная большасць з іх у кепскім і вельмі кепскім стане: планіроўка і віды страчаныя, як і большасць старых дрэў, вадаёмы зарастаюць і перасыхаюць. Тым не менш многія паркі яшчэ захоўваюць асаблівую атмасферу. Але ехаць да іх трэба падрыхтаванымі, прачытаць усё, што знойдзеце, каб здолець пабачыць у паркавых руінах рэшткі алеі, разрозніць тэрасы, заўважыць у зарасцях групу ліп, якія калісьці былі зялёнай альтанкай, а ў шэрагу грабаў пазнаць стрыжаную ў мінулым шпалеру.

Здараюцца і адкрыцці. Парк сядзібы Савейкі, што ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, уразіў мяне захаванасцю сваёй прасторы. Яна не парушаная недарэчнымі збудаваннямі, ручаі і сажалкі паўнаводныя, травяністае покрыва багатае, дарожкі не зарослыя. Пашанцавала таксама, што ў гэтай сядзібе дастаткова добра захаваўся дом і гаспадарчыя пабудовы. Савейкі — дужа перспектыўнае месца.

Стары парк у Нясвіжы. Фота А. Крука, mapіo.net

— Ці ёсць у Беларусі прыклады добра рэстаўраваных паркаў?

— Стары парк каля Нясвіжскага замка адноўлены, агулам, прыстойна: насаджэнні, пакрыццё дарожак, масткі і мэбля арганічна выглядаюць у гістарычнай прасторы, не псуюць яе ўспрыняцце. Прыклад якаснай рэстаўрацыі ёсць у Станькаве, дзе ратонда, прыстань і масток адноўленыя паводле гістарычных матэрыялаў. Цешаць дарожкі з каменных высевак у парку ў Высокім.

— Многія старыя будынкі страчаны для сучаснасці, але ёсць шмат паркаў, якія пра іх нагадваюць, ці не так?

— У кожнай, нават самай сціплай шляхецкай сядзібе быў парк, няхай толькі ў выглядзе алей, якія акалялі пладовыя сады. Цяпер нярэдка парк (а дакладней, яго рэшткі) — ледзьве не адзіны ацалелы элемент шляхецкай сядзібы. У савецкі час панскія дамы як сімвалы варожага класа, знішчалі або перабудоўвалі да непазнавальнасці. Гаспадарчыя будынкі разбіралі на цэглу або яны проста згнівалі без догляду. Да паркаў, відаць, такой нянавісці, як да шляхецкіх дамоў, не было: напэўна, таму, што да «зеляніны» агулам ставіліся станоўча. Але і клопату не было: у парках высякалі каштоўныя дрэвы, ладзілі сіласныя ямы, смецілі, бяздумна змянялі водны рэжым, ад чаго сажалкі і ручаі зарасталі і перасыхалі. Але, нягледзячы на сур'ёзны заняпад, большасць паркаў захавалі прынамсі свае межы, адзінкавыя старыя дрэвы, а таксама самасеў, які магчыма выкарыстаць у іх аднаўленні.

Мы часта не звяртаем увагі, а прысада каля дарогі, якая вяла да шляхецкага маёнтка, была часткай яго кампазіцыі. Яна аздабляла шлях і стварала ўрачыстае пачуццё, рыхтуючы гасцей да сустрэчы з панскім домам. Найчасцей высаджвалі ліпу, клён, ясень. Думаю, што прысады абавязкова трэба захоўваць, нават калі сама сядзіба не захавалася. І паклапаціцца пра тое варта ў тым ліку сельскім Саветам, на тэрыторыі якіх яны знаходзяцца.

Парк у Савейках, 2017 год.

— Ты звязала сваё жыццё з ландшафтным дызайнам і даследаваннем паркаў. Ці адчуваеш задавальненне ад абранай справы?

— Часам адчуваю вялікае задавальненне: калі бачу прыгажосць, а яшчэ — калі паглыбляюся ў вывучэнне месца.

Гістарычныя паркі мне асабліва цікавыя тым, што спалучаюць у сабе прыродныя і культурныя складнікі. На адным баку — прырода са сваімі сіламі і непазбежнымі працэсамі, а на іншым — чалавек, які імкнецца рэалізаваць прыдуманы ім план. І вось, калі маеш справу з гістарычным аб'ектам, заўсёды вельмі цікава вывучаць яго з двух пунктаў. З аднаго боку, гэта жывы арганізм, у якім за час, вольны ад рук чалавека, сфарміравалася пэўная экасістэма, або, прыкладам, дужа маляўнічае месца з самасеўных дрэваў і хмызнякоў, або кветкавыя расліны «збеглі» з клумбы і сталі арганічнай часткай паркавага травянога покрыва. З другога боку, цікава дазнавацца, як парк выглядаў у розныя часы, якія былі ідэі ў яго стваральнікаў, якое значэнне гэтае месца мела і мае для людзей на працягу ўсяго свайго існавання. Ты супастаўляеш усё, пра што атрымалася даведацца (і ўсё, што не ведаеш), шукаеш найлепшыя рашэнні. Гэтая праца складаная, але захапляльная.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота з архіваў гераіні матэрыялу

Загаловак у газеце: Таямніцы паркавых прысадаў...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.