Вы тут

Андрэй Худык: Не трэба баяцца ісці да людзей


З кожным годам грамадства становіцца больш дасведчаным у пытаннях экалагічнага кірунку, і таму людзі ўсё часцей абмяркоўваюць іх на самых розных пляцоўках. На нарадзе ў Мінпрыроды разгледзелі тэму камунікацыі з насельніцтвам.


Як адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык, праблемы ўзнікаюць там, дзе мясцовыя ўлады не гатовыя да дыялогу з насельніцтвам. «Трэба працаваць над тым, каб людзі атрымлівалі дакладную інфармацыю ў даступнай форме, і дасканала выконваць законы», — падкрэсліў ён.

Між тым пры правядзенні дзяржаўнай экалагічнай экспертызы нярэдка ўзнікае шмат пытанняў. На жаль, некаторыя інвестары не думаюць пра экалагічную бяспеку, а дбаюць выключна аб прыбытку.

Андрэй Худык расказаў пра свой рабочы візіт у Салігорск па даручэнні кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай. Там інвестар спрабуе пачаць будаўніцтва прадпрыемства за 20 метраў ад дамоў індывідуальнай жылой забудовы. Натуральна, жыхары пачалі звяртацца ў інстанцыі. Тут варта адзначыць, што ў нашай краіне людзі часта адразу скардзяцца ў рэспубліканскія органы, таму што лічаць: мясцовыя ўлады не могуць паўплываць на сітуацыю. Па словах Андрэя Худыка, у Салігорску проста абуральны выпадак — інвестар паставіў капітальны плот, пачаў будаўнічыя работы, не маючы на руках станоўчага заключэння дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. «І да нашых тэрытарыяльных структур таксама ёсць пытанні, як такое магчыма», — сказаў міністр.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Вольга Топдэмір паведаміла, што сітуацыя ў Салігорску на кантролі, і шляхі яе вырашэння спрабуюць знайсці на абласным узроўні.

Удзельнікі нарады не толькі актыўна абмяркоўвалі тэму, але і вялі дыскусію. Адзначалася, што беларусы адчувальныя да пытанняў экалагічнай бяспекі пасля трагічнага вопыту — аварыі на ЧАЭС. На думку намесніка міністра энергетыкі Вольгі Пруднікавай, сёння неабходна тлумачыць людзям станоўчыя фактары наяўнасці ў краіне сваёй АЭС. У прыватнасці, гэта зніжэнне долі вуглевадародаў у паліўным балансе і істотнае скарачэнне выкідаў парніковых газаў.

Шэраг канкрэтных прапаноў, накіраваных на прадухіленне негатыўных сітуацый і паляпшэнне інфармавання насельніцтва, выказаў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут. У прыватнасці, ён мяркуе, што інвестыцыйны дагавор неабходна заключаць на аснове ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе; узмацняць ролю грамадскіх аб+меркаванняў праектаў. Некалькі практычных прапаноў унёс дырэктар Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі Мінпрыроды Міхаіл Сіманюкоў, у тым ліку ўключыць у склад камісій, ствараемых мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады, па выбары зямельнага ўчастка для размяшчэння аб'ектаў, якія плануюцца да будаўніцтва, прадстаўніка Цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. І таксама Міхаіл Сіманюкоў звярнуў увагу на тое, што па запыце грамадзян заказчыкі гаспадарчай дзейнасці абавязаны прадстаўляць копію заключэння дзяржаўнай экалагічнай экспертызы.

Падводзячы вынікі нарады, кіраўнік Мінпрыроды адзначыў, што ёсць праблема з камунікацыяй. Многіх вострых пытанняў можна было б пазбегнуць, калі б насельніцтву падрабязна і даступна тлумачылі сутнасць тых ці іншых праектаў. «Не трэба баяцца ісці да людзей, — рэзюмаваў Андрэй Худык. — Маё ўражанне ад сустрэчы ў Салігорску: адэкватныя людзі, добразычлівыя, ведаюць заканадаўства. З насельніцтвам трэба весці дыялог на роўных, па-іншаму не атрымаецца. Прафесіяналізм, выкананне заканадаўства і адкрытасць у прыняцці рашэнняў — вось што сёння трэба».

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота прэс-службы Мінпрыроды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».