Вы тут

Беларусь далучыцца да выпрацоўкі мер супраць дэградацыі зямель


Чарговая, 14-я па ліку канферэнцыя ўдзельнікаў Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем пройдзе з 2 да 13 верасня ў Дэлі (Індыя).


Як расказаў нацыянальны каардынатар КБА ААН Андрэй Кузьміч, для Беларусі, якая актыўна ўдзельнічае ў рабоце канвенцыі, на сустрэчы асабліва важна далучыцца да выпрацоўкі мер па ахове і аднаўленні лясоў і тарфянікаў як ключавых рэсурсаў у барацьбе са зменай клімату, стратай біяразнастайнасці і дэградацыяй зямельных угоддзяў.

Фота: pixabay.com

— Беларусь едзе на чатырнаццатую сустрэчу ўдзельнікаў з устаноўленымі нацыянальнымі паказчыкамі нейтральнага балансу дэградацыі зямель, а таксама палітычнай воляй да іх дасягнення. У нас ужо назапашаны пэўны практычны вопыт аднаўлення такіх тэрыторый, у прыватнасці тарфянікаў, і мы будзем рады падзяліцца гэтым вопытам, — расказаў Андрэй Кузьміч.

Сярод праблем, на якія звяртае ўвагу канвенцыя, для нашай краіны асабліва актуальныя водная і ветравая эрозіі глебы, мінералізацыя арганічнага рэчыва тарфяных глеб, тэхнагеннае забруджванне, парушэнне зямель падчас здабычы карысных выкапняў і г. д. Акрамя таго, з-за змены клімату ў Беларусі павялічылася колькасць засух. Напрыклад, такога сухога красавіка, як сёлета, не адзначалася ніводнага разу за перыяд з 1940-х гадоў.

Каб стрымаць і мінімізаваць уплыў гэтых працэсаў, у 2015 годзе беларускім урадам зацверджаны Стратэгія па рэалізацыі КБА ААН і Нацыянальны план дзеянняў па прадухіленні дэградацыі зямель на 2016—2020 гады. Створаны адпаведны каардынацыйны савет пад кіраўніцтвам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Адзін з кірункаў дзейнасці, па якім наша краіна знаходзіцца у ліку лідараў, — аднаўленне асушаных тарфянікаў. Для гэтага Беларусь прыцягвае ў тым ліку і міжнародныя сродкі. Так, рэалізаваны праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі Рэспублікі Карэя і КБА ААН «Аднаўленне асушаных тарфянікаў у Беларусі». На працягу года ў Магілёўскай вобласці было адноўлена больш за 1000 га дэградзіраваных і неэфектыўна асушаных балот.

«Мы чакаем ад канферэнцыі прыняцця рашэнняў, якія дапамагалі б краінам прасунуцца ад устанаўлення нацыянальных задач нейтральнага балансу дэградацыі зямель да іх практычнай рэалізацыі. Адным з ключавых пытанняў на гэтым шляху з'яўляецца мабілізацыя рэсурсаў. Таксама неабходна кваліфікавана прааналізаваць справаздачы краін пасля прыняцця новых стратэгічных рамак КБА ААН і зрабіць усё магчымае, каб у будучыні атрымліваць рэпрэзентатыўныя даныя аб прагрэсе ў дасягненні стратэгічных мэт і задач канвенцыі, а таксама задач 15 Мэты ўстойлівага развіцця», — дадаў Андрэй Кузьміч.

Чакаецца, што падчас канферэнцыі бакоў краіны разгледзяць вынікі глабальнай ацэнкі па дэградацыі зямель. Яна ўпершыню была праведзена з дапамогай дыстанцыйнага зандзіравання і верыфікацыі даных нацыянальнымі экспертнымі групамі. Гэта дазволіць устанавіць базавую лінію па стане якасці зямель на перыяд з 2015 года.

На парадку дня таксама будзе пытанне па засухах — якія механізмы па змякчэнні іх наступстваў могуць быць распрацаваны ў рамках канвенцыі. Пагавораць эксперты і пра важнасць прынцыпаў адказнага землеўладання для дасягнення нейтральнага балансу дэградацыі зямель.

Настасся АЛЯКСЕЕВА

Загаловак у газеце: Каб Зямля не ператварылася ў пустыню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.