Вы тут

Адходы: выкарыстоўваць ці захоўваць?


З 1 жніўня на тэрыторыі сталічнага палігона «Прудзішча» спыніўся прыём адходаў на захаванне. Гэта значыць, што ў межах Мінска і Мінскага раёна застаўся адзіны падобны аб'ект, куды трапляюць усе адходы ад фізічных і юрыдычных асоб, — «Трасцянецкі». Нягледзячы на тое, што гэты палігон — самы малады (ён дзейнічае з 2007 года), з закрыццём «Прудзішча», а раней і «Паўночнага» нагрузка на яго моцна ўзрасла. І праз некалькі гадоў праблема, куды падзець смецце, стане вострай...


Для энергетычных мэт

Адзін з варыянтаў для яе вырашэння — пабудаваць новы палігон. Над гэтым праектам сёння працуюць у камунальным унітарным прадпрыемстве па абыходжанні з адходамі «Экарэс». Як паведаміў дырэктар прадпрыемства Аляксандр ЛІСОЎСКІ, прапрацоўваецца пытанне і рыхтуецца праект па выдзяленні ўчастка плошчай ад 22 да 24 га для стварэння яшчэ аднаго палігона ў магілёўскім напрамку, які будзе адпавядаць усім неабходным патрабаванням экалагічнай бяспекі.

З 1 жніўня на палігоне «Прудзішча» спынілася захаванне адходаў.

— Не адмаўляюцца ад ідэі і выкарыстання адходаў для атрымання цеплавой і электраэнергіі, расказала начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Вольга САЗОНАВА. Першапачаткова ў Нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года прадугледжвалася будаўніцтва каля Мінска завода для спальвання смецця. Але цяпер для гэтых мэт плануецца не ствараць новую вытворчасць, а рэканструяваць адну са сталічных ЦЭЦ — яна будзе пераводзіцца з выкарыстання традыцыйных відаў паліва на камунальныя адходы. Падобныя тэхналогіі сёння дзейнічаюць у Эстоніі — з 2013 года на ЦЭЦ «Enefіt Green» у Таліне ўведзены ў эксплуатацыю блок для спальвання смецця. Сёння на ім перапрацоўваецца каля паловы ўсіх змяшаных бытавых адходаў, што ўтвараюцца ў краіне.

— Падрыхтаваны праект распараджэння прэм'ер-міністра аб стварэнні рабочай групы па прапрацоўцы пытання спальвання на ЦЭЦ у Мінску ЦКА і зацвярджэння адпаведнага плана мерапрыемстваў, — расказала Вольга Сазонава. — Цяпер праводзяцца падрыхтоўчыя работы, у тым ліку вызначэнне аб'ёмаў адходаў, якія могуць пастаўляцца на ЦЭЦ, іх марфалагічны склад, фізіка-хімічныя характарыстыкі і «каларыйнасць».

Спецыялістам таксама неабходна будзе вывучыць адходы попелу, што ўтвараюцца падчас спальвання, на прадмет небяспекі для наваколля і здароўя людзей і разгледзець варыянты іх утылізацыі ці выкарыстання.

Увогуле цвёрдыя камунальныя адходы для атрымання цеплавой і электрычнай энергіі сёння выкарыстоўваюцца ў многіх краінах Еўропы, у тым ліку ў Германіі, Даніі, Швецыі. У апошняй, напрыклад, дзейнічае каля 40 заводаў для спальвання смецця, дзе ўтылізуецца каля паловы ўсіх ЦКА.

— У Беларусі не плануецца будаваць столькі прадпрыемстваў, як у Швецыі, — важна паглядзець, як гэты механізм будзе працаваць для Мінска, — адзначыла Вольга Сазонава. — Іншыя ж рэгіёны могуць па-іншаму выкарыстоўваць змяшаныя камунальныя адходы. Напрыклад, на Гродзеншчыне, дзе шмат цэментавых заводаў, з іх можна атрымліваць RDF-паліва.

Важным застаецца пытанне падтрымання на такім прадпрыемстве высокага ўзроўню экалагічнай бяспекі.

— Пры выкананні ўсіх экалагічных патрабаванняў да такога аб'екта яго дзейнасць прынясе значна менш шкоды наваколлю і здароўю чалавека, чым эксплуатацыя палігонаў ЦКА па старых тэхналогіях, — падкрэсліла Вольга Уладзіміраўна.

Другасныя рэсурсы — не для палігона

Сёння ў краіне дзейнічае каля 160 палігонаў і 840 міні-палігонаў. Многія з гэтых аб'ектаў не адпавядаюць сучасным патрабаванням экалагічнай бяспекі, таму павінны быць закрытыя.

— Такія аб'екты з цягам часу ператвараюцца ў моцную крыніцу забруджвання атмасфернага паветра, глеб і падземных вод, — адзначыла Вольга Сазонава. — Паводле даных Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў вобласці аховы навакольнага асяроддзя, у 2018 годзе перавышэнні фонавых канцэнтрацый забруджвальных рэчываў падземных вод у 10 разоў і больш зафіксаваны на 25 % палігонаў краіны.

Акрамя таго, у працэсе захавання адходаў на палігонах утвараецца так званы звалачны газ — сумесь метану і вуглякіслага газу (парніковых газаў). Вырашыць гэту праблему дапамагаюць біягазавыя ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць «звалачны газ» для вытворчасці цеплавой і электраэнергіі. Але пакуль у нашай краіне такая практыка не вельмі распаўсюджана — падобныя ўстаноўкі дзейнічаюць толькі на сталічных палігонах «Трасцянец» і «Трасцянецкі», «Паўночны», а таксама ў Магілёўскім, Аршанскім, Віцебскім, Гомельскім, Полацкім раёнах.

— Замест міні-палігонаў і адпрацаваных палігонаў неабходна ствараць рэгіянальныя комплексы, якія будуць адпавядаць сучасным прыродаахоўным патрабаванням і дапамогуць рашыць лакальна вялікую колькасць праблем, — упэўнена эксперт.

Аддзяліць паперу ад... баршчу

Яшчэ адна важная праблема, якая ўплывае на рост палігонаў, — недастатковы ўзровень выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). На жаль, сёння многія грамадзяне лічаць непатрэбным сартаваць свае адходы. Так у кантэйнеры для змяшаных адходаў трапляюць пластык, шкло, папера, якія потым з-за безадказнасці спецыялістаў захоўвацца на палігонах. Толькі за першае паўгоддзе 2019 года падчас праверак Мінпрыроды было выяўлена 1252 факты захавання ДМР.

— Узмацненне кантролю Мінпрыроды ў адносінах да забароны захавання ДМР, выкананне схем абыходжання з ЦКА і меры з боку мясцовых улад дазволілі дасягнуць пэўных вынікаў у сферы абыходжання з адходамі, — адзначыла Вольга Сазонава. — За першае паўгоддзе 2019 года ўзровень выкарыстання ЦКА склаў 25,4 % (за аналагічны перыяд 2018-га — каля 17,6 %).

Але каб дасягнуць узроўню другіх еўрапейскіх краін (у Швецыі і Швейцарыі збіраецца паасобна 33 % адходаў, у Германіі — 48 %), трэба змяняць падыходы да гэтай дзейнасці яшчэ на першым этапе — каля крыніцы ўтварэння. І галоўнае, што стрымлівае рост сартавання адходаў, — няствораныя для гэтага ўмовы арганізацыямі, што абслугоўваюць жылфонд.

Выправіць сітуацыю прызваны тэхнічны кодэкс устаноўленай практыкі абыходжання з камунальнымі адходамі, які цяпер распрацоўваецца. У выніку для такой дзейнасці будуць існаваць адзіныя патрабаванні — адзіныя падыходы да аснашчэння кантэйнернага парку, стварэння дадатковай колькасці пляцовак і г. д.

Але, па словах Вольгі Сазонавай, дакумент не вырашыць усе праблемы. Неабходна яшчэ на стадыі праектавання прадугледжваць розныя тэхнічныя рашэнні для збору адходаў — пачынаючы ад выдзялення асобных памяшканняў да выкарыстання пнеўматранспарту.

Хвалюе спецыялістаў прыродаахоўнага ведамства і тэндэнцыя, калі розныя віды ДМР збіраюцца ў адзін кантэйнер, а потым ідуць на сартаванне ці дасартаванне.

— З пункту погляду Мінпрыроды такая сістэма не адпавядае мэтам паасобнага збору і павышае выдаткі на сартаванне, — адзначыла Вольга Сазонава. — Прыярытэтным павінен быць збор шкла, пластыку і паперы ў розныя кантэйнеры.

У Беларусі ёсць пэўныя зрухі адносна збору раслінных астаткаў (лісця, травы, галін), але харчовай арганіцы амаль не ўдзяляецца ўвагі. Пры гэтым менавіта яна — галоўны забруджвальнік другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Па словах эксперта, сёння таксама важна працаваць над укараненнем тэхналогій для матэрыялаў, якія пакуль у нашай краіне не перапрацоўваюцца, і тэхналогій кампаставання адходаў. Акрамя таго, плануецца распрацаваць нарматыўны прававы акт аб паэтапным зніжэнні выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі з яе замяшчэннем экалагічна бяспечнай.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.