Вы тут

Як юныя геолагі дасягаюць высокіх вынікаў


«Займацца геалогіяй мяне натхніла наша кіраўніца. Яна змагла паказаць, наколькі гэта навука можа быць цікавай», — расказала пра свой выбар Марына Кузьмар, вучаніца мінскай сярэдняй школы № 53. Яе словы падтрымалі ўсе сябры па камандзе «Юныя геолагі Беларусі», якая прынесла нашай краіне другое месца ў агульным заліку на ІІ Міжнароднай палявой алімпіядзе юных геолагаў у Новасібірску.


Ужо другі раз беларуская каманда ўваходзіць у тройку лідараў Міжнароднай палявой алімпіяды юных геолагаў.

«Пачалося з авантуры»

На спаборніцкі шлях гэта каманда ўстала толькі два гады таму, але ў скарбонцы яе ўдзельнікаў ужо некалькі медалёў і дыпломаў. А пачалося ўсё, як кажуць хлопцы і дзяўчаты, з авантуры, калі ў 2017 годзе яны пагадзіліся ўзяць удзел у 11-й Усерасійскай адкрытай палявой алімпіядзе юных геолагаў, у ходзе якой аргкамітэт прыняў рашэнне аб правядзенні ў яе рамках першай Міжнароднай алімпіяды.

— У Расіі дзіцяча-юнацкі геалагічны рух развіты вельмі добра. Там шмат тэматычных школ і клубаў, і дзеці займаюцца з вельмі ранняга ўзросту. Нядзіўна, што ўсе яны падрыхтаваны на вельмі высокім узроўні. У Беларусі, на жаль, гэта не так распаўсюджана, таму і вопыту ў такіх спаборніцтвах у нас менш, — расказала настаўнік геаграфіі і кіраўнік каманды Жанна ГВОЗД. — Калі нас упершыню запрасілі на алімпіяду з такімі сур'ёзнымі сапернікамі, мы насамрэч не ведалі, чаго чакаць. Вырашылі, што паедзем на разведку. Вядома, мы трэніраваліся, але так, як самі гэта разумелі. І першы блін не атрымаўся камяком — вынікам нашага ўдзелу сталі бронзавыя медалі.

Міжнародная алімпіяда праходзіць раз на два гады і складаецца з 11 геалагічных спаборніцтваў, чатырох геалагічных конкурсаў, а сёлета яшчэ дадалі навукова-практычную канферэнцыю. Паставіўшы ў 2017 годзе даволі высокую планку, каманда сёлета ўжо не магла вярнуцца з пустымі рукамі. Па іх словах, разлічвалі хоць на такі ж вынік, як мінулы раз. Таму заслужанае «серабро» парадавала ўсіх.

— Алімпіяда вельмі складаная. У некаторых кірунках, напрыклад «Мінералогія», нам цяжка набрацца практычнага вопыту, бо з-за геалагічнай будовы нашай краіны мы не можам убачыць усе горныя пароды і мінералы ў прыродзе. Музейныя экзэмпляры з'яўляюцца эталоннымі, а на алімпіядзе выкарыстоўваюць палявыя ўзоры. Таму цяпер будзем шукаць прыватныя калекцыі, — расказала Жанна Яўгенаўна.

Для высокага выніку таксама вельмі важна не страціць ужо набыты запал паміж алімпіядамі. Для гэтага каманда юных геолагаў у 2018 годзе ўдзельнічала ў адкрытай палявой алімпіядзе ў Татарстане, а ў ліпені 2019-га — у першым беларускім рэспубліканскім злёце юных геолагаў, дзе заняла першае месца. У савецкія часы такія злёты праводзіліся часта, і, па словах настаўніцы, вельмі добра, што яны вяртаюцца, бо дапамагаюць набірацца вопыту і новых ведаў.

— Мы стараемся зрабіць усё магчымае, каб прыцягнуць школьнікаў да такой цікавай і важнай навукі, як геалогія. Так, у 2017 годзе сумесна з дэканам факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ распрацавалі праект супрацоўніцтва школы і ВНУ дзеля развіцця дзіцяча-юнацкага геалагічнага руху ў Беларусі. Праект быў удастоены гранта Мінгарвыканкама. У рамках рэалізацыі гэтага праекта ў 2018 годзе адбылася першая інтэрнэт-алімпіяда па геалогіі. Дарэчы, супрацоўнікі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ і цяпер нам вельмі дапамагаюць. Можна сказаць, што мы супрацоўнічаем і сябруем. Таксама вялікую навуковую падтрымку падчас падрыхтоўкі да алімпіяды нам аказалі супрацоўнікі рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі» і ААТ «Беларуськалій», а матэрыяльную — група кампаній «СОХРА» і ААТ «Рузэкспедыцыя», — адзначыла Жанна Гвозд.

Адзін — за ўсіх, і ўсе — за аднаго

Па словах настаўніцы, будучы геолаг абавязкова павінен быць настойлівы, інтэлектуальна развіты, амбіцыйны, сур'ёзны і ў той жа момант з рамантыкай у душы. А яшчэ яму неабходна ўмець працаваць у камандзе.

— Гэтыя дзеці настолькі жывыя, што знойдуць агульную мову з кім заўгодна, але ім і разам ніколі не бывае сумна. Такая згуртаванасць вельмі важна для каманднай гульні, — падкрэсліла Жанна Яўгенаўна. — У любой дзіцячай камандзе абавязкова ёсць яшчэ і бацькі, якія падтрымліваюць сваіх дзяцей, бо калі ўсе не будуць на адной хвалі, то нічога не атрымаецца. Узаемасувязь «дзеці — бацькі — педагогі» працуе ў нас вельмі добра. Калі мы, напрыклад, ездзілі на Пціч, каб папрактыкавацца ў гідралогіі, радыёметрыі, шліхавым апрабаванні і геалагічным маршруце, дзеці амаль цэлы дзень працавалі, а бацькі ў гэты час побач смажылі шашлыкі для ўсіх удзельнікаў вялікай каманды.

Усе ўдзельнікі каманды, як адзін, кажуць, што займацца геалогіяй іх натхніла кіраўніца. Яна «праліла святло на гэту цудоўную навуку». Такі ж прыклад калісьці быў і ў самой Жанны Яўгенаўны.

— Я скончыла педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «настаўнік геаграфіі», але ва ўніверсітэце любімым прадметам была геалогія. Яе ў нас выкладаў вельмі вядомы ў Беларусі геолаг Барыс Мікалаевіч Гурскі. Да яго было сорамна прыйсці непадрыхтаваным нават тым, хто не вельмі любіў напружвацца, — расказала настаўніца. — Але пасля вучобы я рэдка сутыкалася з геалогіяй, бо ў школьным курсе яе амаль няма, пакуль мы не вырашылі паўдзельнічаць у гэтай авантуры. І я не шкадую. Думаю, ніхто з юных геолагаў таксама не шкадуе. Я чула, што аднакласнікі спачуваюць дзецям з каманды, таму што летам, падчас канікул, ім давялося ехаць на алімпіяду. Не разумеюць, навошта працаваць на канікулах, калі можна адпачываць. Вядома, гэта складаная і адказная праца — прадстаўляць сваю краіну на мерапрыемстве такога ўзроўню, але ж і які важны вопыт!

Самі ж юныя геолагі пакуль вырашаюць, ці звяжуць сваё жыццё з геалогіяй. Але такія мэтанакіраваныя юнакі і дзяўчаты дакладна даб'юцца поспехаў у любой прафесіі.

Кацярына КІРЭЕВА

Фота з архіва герояў

Загаловак у газеце: «Робім усё, каб прыцягнуць дзяцей да геалогіі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.