Вы тут

Куды перасяліць буслоў?


Бусел з'яўляецца сімвалам Беларусі, на падсвядомым узроўні мы верым, што гэтая птушка — прадвеснік добрых падзей. Мы захапляемся нават, калі бачым на кожнай апоры паветраных ліній электраперадачы па гняздзе, маўляў, шчаслівае месца. Аднак у электрыкаў на гэты конт іншае меркаванне.


Фота з «Рэкамендацый па ўстаноўцы штучных гняздоўяў для белых буслоў».

Традыцыйна буслы гнездаваліся побач з чалавекам. Раней для свайго дома птушкі часцей за ўсё выбіралі высокія векавыя дрэвы ў вёсках ці на іх ускраінах, а таксама сельскагаспадарчых угоддзях і лугах. Акрамя таго, людзі самі прыцягвалі гэтых птушак на дахі дамоў, гаспадарчых і іншых пабудоў.

За апошнія гады старых дрэў па аб'ектыўных прычынах стала менш. Цяпер у вёсках убачыць гняздо бусла на даху дома — вялікая рэдкасць. На дахах замест прыродных матэрыялаў трыснягу, саломы і драніцы з'явіліся шыфер, метал і іншае, у выніку чаго крылатыя не ў стане пабудаваць на іх гнёзды самастойна. Перасталі людзі рабіць і штучныя платформы для буслоў на слупах, дахах і дрэвах. Таму птушкі ўсё часцей сталі выбіраць апоры ЛЭП. Аднак у такім выпадку самі буслы падвяргаюцца небяспецы.

Як адзначае кандыдат біялагічных навук, загадчыца лабараторыі арніталогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Ірына САМУСЕНКА, гэты тып гнездавання стварае пагрозу для папуляцыі буслоў з-за ўзрастання верагоднасці гібелі птушак ад паражэння электратокам або сутыкнення з правадамі, а таксама ўзгарання гнёздаў альбо іх разбурэння пасля аварый на электрасетках. Птушкі могуць стаць прычынай гэтых самых аварый, а значыць, перабояў у падачы электрычнасці.

Варта адзначыць, што гэтая праблема ўзнікла не сёння, а некалькі гадоў таму. Падчас планавага абслугоўвання ЛЭП электрыкі проста здымалі гнёзды. Бо калі здарыцца аварыя на ўчастку — адказваць будзе канкрэтны майстар. Больш за тое, заканадаўства аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету не забараняе спецыялістам, якія займаюцца тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам паветраных ЛЭП, выдаляць гнёзды буслоў па-за перыядам гнездавання птушак.

Аляксандр ВІНЧЭЎСКІ, дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны»:

— Мы з калегамі наведвалі Літву з нагоды праблемы птушкі і ЛЭП. Трэба сказаць, што беларускія энергетыкі абышлі гэту краіну ЕС у пытанні выкарыстання адмысловых элементаў, якія ізалююць птушак ад небяспечных участкаў ЛЭП. Акрамя гэтага, цяпер ідзе паступовая замена аголенага паветранага провада найбольш масавых ЛЭП 0.4-10 кВ на ізаляваны, даражэйшы, але больш надзейны і бяспечны для птушак. На нарадзе энергетыкі агучылі, што 57 % кабелю ўжо заменена! Яшчэ паўгода таму мала хто з прыродаахоўнікаў верыў, што інжынеры возьмуцца за распрацоўку тэхнічных умоў для бусліных платформаў. Кансэнсус, не кампраміс можа быць знойдзены і тут.

Паводле даных Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах, цяпер больш за 40 % гнёздаў буслоў размешчана на апорах ЛЭП, што, як ужо адзначалася, непажадана і для буслоў, і для людзей. Для выпрацоўкі ўзгодненага рашэння па праблеме захавання гнёздаў буслоў, размешчаных на паветраных лініях, і недапушчэння аварыйных сітуацый Мінпрыроды ў пачатку жніўня правяло нараду, запрасіўшы прадстаўнікоў усіх зацікаўленых арганізацый.

«Удзельнікі нарады пагадзіліся, што адным са спосабаў вырашэння праблемы з'яўляецца мантаж штучных платформаў для гнёздаў буслоў на дзеючых апорах ЛЭП на вышыні больш за адзін метр над правадамі, які паспяхова зарэкамендаваў сябе ў краінах з высокай колькасцю гэтага віду птушкі — у Польшчы, Украіне, Літве і іншых, — паведаміў кансультант аддзела біяразнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Віталь КАРАНЧУК. — Іншы спосаб — гэта адцягненне буслоў ад будаўніцтва гнёздаў на паветраных лініях шляхам устаноўкі штучных платформаў у сельскіх населеных пунктах у бяспечных для птушак месцах: на высокіх дрэвах, дахах розных пабудоў, спецыяльных слупах. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што з гадамі вага гнязда можа дасягаць 700 і больш кілаграмаў».

Праблема гнездавання буслоў на ЛЭП вядомая і нашым суседзям. Так, у 2014 годзе ў рамках 1-й Міжнароднай канферэнцыі па белым бусле ў Зялёнай Гуры (Польшча) адбыўся майстар-клас па ўстаноўцы штучнай платформы для гнёздаў гэтай птушкі.

Добра ведаючы звычкі птушак, навукоўцы НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах пад кіраўніцтвам Ірыны Самусенкі распрацавалі «Рэкамендацыі па ўстаноўцы штучных гняздоўяў для белых буслоў». У дапаможніку разглядаюцца розныя варыянты ўстаноўкі гнёздаў, у прыватнасці, на драўляных і бетонных слупах. Дадзены падрабязныя рэкамендацыі, чарцяжы платформы для гнязда. Навукоўцы прапануюць у якасці альтэрнатывы старым гнёздам на апорах паветраных ліній усталёўваць штучныя платформы.

Карысна!

Усе ахвотныя могуць азнаёміцца з гэтымі рэкамендацыямі навукоўцаў на сайце Мінпрыроды ў раздзеле «Метадалагічныя рэкамендацыі».

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?