Вы тут

У Мінску пройдзе міжнародны турнір «Bеlаrus Іntеrnаtіоnаl — 2019»


З 29 жніўня да 1 верасня ў Мінску пройдзе міжнародны турнір «Bеlаrus Іntеrnаtіоnаl — 2019». У спартыўна-забаўляльным комплексе «FАLСОN СLUB» на працягу чатырох дзён выступіць 160 спартсменаў з 35 краін свету. Мінскі турнір стане адным з кваліфікацыйных да Алімпійскіх гульняў 2020 года, на ім будзе разыграна пяць камплектаў медалёў — мужчынскія і жаночыя ў адзіночных гульнях, а таксама мужчынскія, жаночыя і змешаныя ў парах.


Нагадаем, першы міжнародны турнір па бадмінтоне ў Беларусі прайшоў у 2018 годзе, ён быў тэставым спаборніцтвам да ІІ Еўрапейскіх гульняў, праз год адбыліся самі Гульні, высокі арганізацыйны ўзровень гэтых турніраў уразіў як саміх спартсменаў, так і міжнародных гасцей, таму Мінску даверылі яшчэ адзін буйны турнір. Калі на першых спаборніцтвах у Беларусі сабраліся спартсмены з 24 краін, то гэтым разам Bеlаrus Іntеrnаtіоnаl налічвае ўжо прадстаўнікоў 35 краін. Гэта спартсмены з Ірана, Венгрыі, Германіі, Індыі, Аўстраліі, Швецыі, Кітая, Аўстрыі, Бельгіі, Канады, Англіі, Балгарыі, Беларусі, Малдовы, Чэхіі, Польшчы, Расіі, Шры Ланкі, Італіі, Амерыкі, Ізраіля, Фінляндыі, Швейцарыі, Нарвегіі, Эстоніі, Славеніі, Ісландыі, Украіны, Даніі, Турцыі, Нідэрландаў, Азербайджана, Латвіі, Літвы і Славакіі.

«Мы вельмі рады і ганарымся, што да нас едуць топ спартсмены, гэта вялікі вопыт. Такая колькасць удзельнікаў зарабляецца краінамі гадамі, — адзначае старшы трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па бадмінтоне Улада ЧАРНЯЎСКАЯ. — Прыедзе вялікая дэлегацыя з Кітая, гэта адны з сусветных лідараў. Планавалася, што ў нас выступіць легенда сусветнага бадмінтона, неаднаразовы алімпійскі чэмпіён і чэмпіён свету Лінь Дань, але ў апошні момант па нейкіх акалічнасцях ён зняўся з турніру. Акрамя яго ў Мінску будзе шмат вядомых гульцоў — шмат азіятаў і топ-гульцы еўрапейскага бадмінтона», — адзначыла трэнер і дадала, што зараз узровень еўрапейскага бадмінтона значна вырас, таму казаць пра канкрэтныя краіны і спартсменаў, якія будуць прэтэндаваць на перамогу ў Мінску, складана. Абсалютна дакладна можна казаць, што барацьба будзе сур'ёзная, а для гледачоў асабліва цікавымі стануць супрацьстаянні еўрапейскіх гульцоў з азіятамі, бо гэта зусім розныя стылі гульні.

Беларусь на дамашніх спаборніцтвах прадставяць 13 спартсменаў — асноўная нацыянальная каманда і юніёры. «Не ўсе юніёры змогуць згуляць у Мінску, таму што некаторыя ў гэтыя ж тэрміны з'язджаюць на першынство Еўропы для спартсменаў, да 17 гадоў, якое будзе праходзіць у Польшчы. А наогул і для дарослых спартсменаў, і для маладых такі турнір — добры шанц паспрабаваць свае сілы з наймацнейшымі бадмінтаністамі свету. Нашым спартсменам трэба паказаць свой узровень, сваю гульню і набраць як мага больш ачкоў», — адзначае Улада Чарняўская.

Адзначым, што з мая 2019 да мая 2020 года спартсмены набіраюць рэйтынгавыя ачкі, каб трапіць на Алімпійскія гульні ў Токіа. З беларусаў найбольшы шанц адабрацца на турнір сёння ёсць у Алесі Зайцавай. «Для гэтага трэба гуляць вельмі шмат турніраў. Мы будзем прыкладаць усе намаганні для таго, каб пастарацца прабіцца. У перадалімпійскі год узровень турніраў вельмі вырас, таму што ўсе жадаюць трапіць у Токіа», — кажа настаўнік.

У параўнанні з першым міжнародным турнірам па бадмінтоне ў Мінску рэйтынг цяперашніх спаборніцтваў таксама вырас. Калі раней турнір у Беларусі лічыўся чэленджам, то цяпер ён інтэрнэшнл, гэта значыць, ачкі, якія ідуць у агульны залік ад удзелу ў ім, сталі большымі.

Улада Чарняўская адзначае, што арганізаваць такі турнір досыць складана, як правіла, падрыхтоўка да яго пачынаецца за год да старту. Адзін з самых важных момантаў — падбор суддзяў. Калі галоўную судзейскую брыгаду рэкамендуе Еўрапейская федэрацыя бадмінтона, то вось усе астатнія суддзі падбіраюцца краінай-арганізатарам. «Мы стараемся, каб гэта былі кваліфікаваныя спецыялісты, бо судзейства вельмі шмат значыць», — адзначае старшы трэнер.

Арэна «FАLСОN СLUB» ужо стала адной з самых любімых для беларускіх бадмінтаністаў, яна вельмі зручная як для спартсменаў, так і для суддзяў, і для гледачоў, таму што корты добра бачныя з усіх бакоў. «Пляцоўка кампактная і ў той жа час досыць вялікая. Добрае асвятленне», — адзначае Улада Анатолеўна.

Арганізатары спадзяюцца на цікавасць да турніру з боку беларускіх аматараў спорту. «На тэставым турніры ў 2018 годзе на трыбунах у асноўным былі людзі, якія займаюцца бадмінтонам на аматарскім і прафесійным узроўнях, а аматарскі бадмінтон у нас цяпер вельмі развіты, таму што ёсць добрыя арэны, увечары корты на іх ніколі не пустуюць, — тлумачыць старшы трэнер нацыянальнай каманды. — Еўрапейскія гульні ў Мінску далі яшчэ большы імпульс для развіцця гульні, спадзяёмся, што і цяпер гледачоў будзе шмат, тым больш што ўваход на турнір бясплатны. Усіх аматараў спорту запрашаем і чакаем!»

У чацвер, 29 жніўня, адбудуцца кваліфікацыйныя спаборніцтвы, 30 жніўня — 1/16 і 1/8 фіналу, раніцай 31 жніўня пройдуць 1/4 фіналу, увечары — паўфіналы, у сваю чаргу, 1 верасня адбудуцца ўсе пяць фінальных гульняў.

Навінкай міжнароднага турніру па бадмінтоне «Bеlаrus Іntеrnаtіоnаl 2019» стане тое, што абсалютна ўсе матчы на чатырох кортах будуць трансліравацца ў прамым эфіры на Yоutubе і ў мабільнай праграме Bаdmіntоn Еurоре. Нагадаем, што на леташнім турніры анлайн-трансляцыя вялася толькі з дзвюх гульнявых пляцовак. А анлайн-версія ІІ Еўрапейскіх гульняў ішла толькі з цэнтральнага корта.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Індусы, кітайцы, аўстралійцы...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».