Вы тут

Як працавала беларуская пошта да Вялікай Айчыннай вайны?


Правобраз сучаснай беларускай пошты пачаў стварацца яшчэ ў часы Расійскай імперыі. Але адносна трывалая сувязь падтрымлівалася толькі ў губернскіх гарадах. Большасць жа насельніцтва тады жыла ў сельскай мясцовасці. Падчас восеньскіх дажджоў, бездарожжа, веснавых паводак дабрацца ў вёскі і асабліва на хутары было не так і проста. Разам з тым работа паштовага ведамства пастаянна ўдасканальвалася.


Пра ўсё гэта расказала супрацоўніца гісторыка-інфармацыйнага цэнтра РУП «Белпошта» Таццяна ГУЗЯНКОВА.

— Зусім нядаўна да нас паступіў вельмі цікавы дакумент. Гэта «Зборнік пастаноў і распараджэнняў па Народным камісарыяце поштаў і тэлеграфаў № 1». Датаваны ён сакавіком — красавіком 1919 года. Знайшлі яго выпадкова. Гэты зборнік некалькі дзесяцігоддзяў праляжаў на гарышчы аднаго з паштовых аддзяленняў у Мінскім раёне. І быў знойдзены толькі падчас яго капітальнага рамонту.

Таўшчэзны фаліянт, якому зусім нядаўна споўнілася сто гадоў, захаваўся для свайго часу вельмі нядрэнна. Пагартаўшы яго старонкі, знаходзім падрабязны пералік усяго, чаго толькі можна — правілаў дастаўкі, аплаты і нават звод законаў аб ахове працы. У спецыяльным дадатку пералічаны формы, якія запаўняюцца супрацоўнікамі пошты. Напрыклад, форма № 8, якая датычыцца ўручэння паштовых адпраўленняў, з невялікімі карэкціроўкамі дажыла і да нашых дзён. Змяняліся толькі моманты, якія ад пошты не залежаць.

— А яшчэ гэты дакумент стаў рэвалюцыйным у тым плане, што ён абумовіў, кажучы сучаснай мовай, гендарны баланс. У часы Расійскай імперыі паштальёнамі працавалі ў асноўным мужчыны. У паштовых канторах жанчыны таксама былі, але прымалі іх з вялікімі абмежаваннямі. Напрыклад, правілы 1865 года прадпісвалі, што тэлеграфісткай магла стаць толькі незамужняя дзяўчына, старэйшая за 18 гадоў. Прымалі таксама ўдоў і жонак паштовых супрацоўнікаў. Лічылася, што асабістае жыццё ў шлюбе можа перашкодзіць стабільнай рабоце пошты. І таму існавала афіцыйная норма, што калі жанчына з нейкіх прычын адсутнічае, то на яе пасаду павінен заступіць муж.

— У кіеўскім архіве захаваліся дакументы, якія сведчаць пра казусную гісторыю. Муж і жонка Чарных працавалі на пошце. Але з нейкіх прычын галава сям'і звольніўся. У такім выпадку павінна была сысці і жонка. Хоць заробак тэлеграфісткі быў не вельмі вялікі — прыкладна 150 рублёў на год, — але жанчыны звальняцца не жадалі. Адзіны спосаб захаваць месца на пошце быў... развод. Праўда, ён у нашым выпадку аказаўся фіктыўны.

Так вы­гля­да­лі паш­таль­ё­ны 95 га­доў та­му.

Яшчэ адна пераломная дата для беларускай пошты — 1924 год. Тады ў БССР была ўтворана кальцавая пошта. На конях лістаношы развозілі газеты, лісты, пасылкі, бандэролі і тут жа на месцы прымалі ўсе неабходныя адпраўленні. Фактычна па гэтым прынцыпе цяпер працуюць аўтакрамы. Вось толькі сетка паштовых аддзяленняў у знявечанай вайной рэспубліцы была вельмі малая. Таму ўручэнне і прыём арганізоўвалі пераважна ў хатах-чытальнях. Што ўсё роўна стала прагрэсам параўнальна з царскім часам, калі «перавалачнай базай» служылі крамы, чые гаспадары, натуральна, патрабавалі з адрасантаў за свае паслугі камісійныя.

Конь заставаўся асноўным сродкам дастаўкі пошты на месцах да ваеннага часу. Так, у 1930 годзе ў Мінску была ўзведзена транспартная кантора, дзе сталіцы было выдзелена некалькі грузавікоў для развозкі пошты. Але магутнасцяў савецкіх аўтазаводаў не хапала. Таму ў Мінск прыехалі замежныя грузавікі. Аднак на закупку патрэбнай іх колькасці фізічна не хапала грошай.

У гэта цяжка паверыць, але ў тым жа 1930 годзе ў беларускай сталіцы налічвалася ўсяго толькі 12 публічных паштовых скрынак. Праўда, і горад быў значна сціплейшы па насельніцтве — так, звесткі перапісу 1926 года сведчаць пра тое, што ў Мінску жыло крыху менш за 130 тысяч чалавек. Але ўжо ў тыя часы была створана цікавая сістэма кантролю работы паштальёна. Кожны дзень ім выдаваліся сцяжкі розных колераў — напрыклад, учора былі чырвоныя, а сёння — сінія. І калі паштальён зачыняў паштовую скрынку пасля забору карэспандэнцыі, то мусіў туды пакласці атрыманы сіні сцяжок і забраць адтуль чырвоны. Пасля ён вяртаўся ў паштовае аддзяленне, здаваў чырвоныя сцяжкі, і тым самым атрымлівалася справаздача аб тым, што яго работа выканана на належным узроўні і ўсе паштовыя скрынкі абыдзены. Гэты прынцып захаваўся на многія дзесяцігоддзі, ажно пакуль не сталі з'яўляцца іншыя сродкі кантролю.

Да­рэ­ва­лю­цый­ныя паш­то­выя скрынкі.

Вядома, што ў 1932 годзе працавала нават паштовая авіялінія Мінск — Глуск — Парычы — Мазыр. Лісты развозіў самалёт У-2. А яшчэ раней — у 1922-м годзе — праз тэрыторыю Беларусі была запушчана паветраная лінія Масква — Кёнігсберг. У Мінску пры неабходнасці самалёты рабілі пасадку і дазагружаліся адпраўленнямі.

Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі на далучаных тэрыторыях да канца 1940 года працавалі ўжо 523 прадпрыемствы сувязі. Сярод іх — 312 агенцтваў, 106 аддзяленняў і 105 паштовых кантор. Агульная ж іх колькасць у нашай рэспубліцы тады дасягнула дзвюх тысяч.

Але наступіў злашчасны чэрвень 1941 года... У кнізе «Гісторыя мінскага паштамта» апісваецца час, калі сталічная пошта спыніла работу на тры гады.

Тац­ця­на Гу­зян­ко­ва.

«25 чэрвеня ў 4 гадзіны раніцы паштовая кантора страчвае ўсялякую сувязь з іншымі гарадамі. Кіраўніцтва ажыццяўляе эвакуацыю аддзелаў канторы на загарадныя пункты ў Смалявічы і Чэрвень. У гэты ж дзень Мінскай паштовай канторы не стала». У той час яна размяшчалася на вуліцы Карла Маркса, бліжэй да плошчы Свабоды. Калі горад вызвалілі, то вярнуцца пошце на старое месца аказалася немагчыма — будынак быў зруйнаваны. Таму кантора заняла першы паверх іншага жылога дома.

— З усходніх і цэнтральных раёнаў Беларусі недастаўленую пошту паспелі тэрміновым парадкам адправіць на ўсход. Там яна і захоўвалася ўвесь час ваеннага ліхалецця. Калі ж падчас аперацыі «Баграціён» тэрыторыя нашай краіны была вызвалена, то ўсё адпраўленні прыехалі назад. Адрасаты, якія перажылі акупацыю, атрымалі лісты, паштоўкі і пасылкі, нават адпраўленыя ўвечары 21 чэрвеня 1941 года. Сёе-тое з неадпраўленай з Беларусі пошты схавалі ў сваіх дамах і тыя супрацоўнікі ведамства, якія не паспелі эвакуявацца на ўсход. Напрыклад, цягнік, які адвозіў 22 чэрвеня з Мінска пошту, трапіў у раёне Пухавіч падчас авіяналёта. Начальнік паштовага вагона вярнуўся ў Мінск пешшу. Вось толькі пасля атрымалася наступнае: родныя і блізкія многіх вайскоўцаў ужо атрымалі паведамленне аб іх смерці, а тут у 1944 годзе прыходзіць паштоўка з апошняга мірнага дня. Фактычна гэта былі галасы з таго свету...

Вайну ў Мінску перажылі толькі два будынкі, дзе знаходзіліся паштовыя аддзяленні. Ад астатніх засталіся адны руіны. Таму ўжо ў першыя дні пасля вызвалення горада Мінская паштовая контора пачала аднаўляць сувязь як у горадзе, так і ў Мінскім раёне. І ўжо да восені 1944 года яна была наладжана для ваеннага часу проста выдатна.

Пра тое, якім абсталяваннем карысталіся нашы паштальёны ў пасляваенны час, мы раскажам у наступным выпуску «Кантакту».

Цікава ведаць

Да сярэдзіны XІX стагоддзя паштовая сувязь на нашай тэрыторыі развівалася надзвычай марудна. Першая паштовая станцыя ў Беларусі з'явілася ў Полацку ў 1558 годзе. Мінск жа далучыўся да гэтых шэрагаў толькі ў 1667 годзе пасля заключэння Андрусаўскай мірнай дамовы Рэчы Паспалітай і Рускага царства. Ён стаў перавалачнай базай на паштовым тракце Магілёў — Вільня. Дарэчы, да Вільні, якая знаходзіцца ўсяго за 180 кіламетраў ад Мінска, лісты тады ішлі 21 дзень. Прычына — адсутнасць нармальных дарог. Ды і тое, як толькі пачыналіся працяглыя дажджы, вясновыя паводкі і зімовыя завірухі, дастаўка пошты спынялася, так бы мовіць, да лепшых часоў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».