Вы тут

Агляд чытацкай пошты


«Зямля — аснова ўсёй айчыне»

Вельмі многае з нашага жыцця, а тым больш з жыцця нашых дзядоў і прадзедаў, сышло б у нябыт і, што называецца, беззваротна. Але ж калі-нікалі разгорнеш сямейны альбом, убачыш здымкі і...


Пад вось гэтым, самым даўнім, унізе надпіс: «Аграрная жараб'ёўка. Рассяленне на хутары сялян сяла Капланцы Ігуменскага павета Мінскай губерні. Члены камісіі і хадакі-сяляне». То-бок на фатаграфіі не што іншае, як факт гісторыі — сталыпінская аграрная рэформа, распачатая ў 1906 годзе. Яе мэтай, як пісалі ў падручніках па гісторыі, было прыглушыць рэвалюцыйны ўздым за кошт новых дробных землеўласнікаў, пашырыць сацыяльную падтрымку ўлады, павысіць эфектыўнасць сялянскай працы.

Таму не дзіва, што ў камісію па жараб'ёўцы ўваходзілі не толькі свяшчэннік Ілья Ліванаў, выконваючы абавязкі псаломшчыка Ігнат Сасіноўскі, благачынны свяшчэннік Мацвей Кіркевіч, але і найбольш аўтарытэтныя сяляне. У прыватнасці, чацвёрты справа сярод прысутных (за бацюшкам, худзенькі, з чорнай барадой) — мой прадзед Анісім Аляксеевіч Бурко.

Ён, паводле ўспамінаў, як і герой «Новай зямлі», цвёрда верыў, што

«...Зямля не зменіць і не здрадзіць,

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне,

Зямля — аснова ўсёй айчыне».

Дзве дачкі і тры сыны майго прадзеда слухаліся бацьку, шчыра працавалі, аднак...

Чалавек, як вядома, мяркуе, а вось размяркоўвае не столькі ён.

Старэйшы сын Анісіма Аляксеевіча Ціхон (чамусьці не Ціхан) — мой дзед, не вярнуўся з фінскай вайны. Нявестка, аплакаўшы пахаванку, пакінула непаўналетняе дзіця на старога, а сама яшчэ раз выйшла замуж.

Другі сын Піліп заўзята працаваў на выдзеленых яму дзесяцінах і, дзякаваць богу, меў з кім. Яго найпершай надзеяй і апорай былі сыны — хлопцы надзіва майстравыя, а да таго — яшчэ і музыканты: Ілья іграў на скрыпцы, Саша — на гармоніку, Мікола — на цымбалах, Цімох падбіваў у бубен...

Дзякуючы сваім здольнасцям, браты былі першымі кавалерамі, запатрабаванымі на ўсіх вечарынках і вяселлях.

Ладзіліся ў іх справы і па гаспадарцы. У сям'і меліся касілка і малатарня, два кані, дзве каровы, свінні, авечкі, гусі... Усе мужчыны — прычым з ювелірнай дакладнасцю — выконвалі сталярныя і цяслярныя работы, ніколі не карысталіся наёмнай працай і на той час лічыліся досыць заможнымі...

Акурат вось такіх, як вядома з гісторыі, савецкая ўлада прызнавала кулакамі, і далей іх лёсу ўжо ніхто не зайздросціў.

Вось і Піліп перад высылкай у Сібір пакінуў свайму бацьку, старому Аніську, адмысловую ступу з таўкачом, у якой мая матуля-ўдава (муж загінуў у час Вялікай Айчыннай) таўкла льняное семя ды церла каноплі для пецярых дзяцей і дзеда Аніські...

Засталася на ўспамін і яшчэ адна добрая рэч — куфар, усю накрыўку якога мая матуля «спісала» вялікай колькасцю палачак — уласных працадзён у калгасе. Уся астатняя маёмасць «кулацкай» сям'і была разрабавана, дом — перададзены пад пачатковую школу. І толькі праз дзесяцігоддзі, пасля рэабілітацыі бацькі, аднаму з пяці яго ацалелых у вайне сыноў — бязрукаму інваліду, дзяржава такі сплаціла кампенсацыю ў суме 100 рублёў...

Найлягчэйшым, магчыма, было жыццё самага малодшага з нашчадкаў прадзеда Аніські. Ён, Міхаіл, падросшы да юнака, вырашыў наведаць месца ссылкі свайго брата Піліпа ў сібірскім горадзе Бійску. Там ён пазнаёміўся з прыгожай дзяўчынай — дачкой свяшчэнніка, ажаніўся, потым вярнуўся на радзіму, і, пасля заканчэння педінстытута, працаваў дырэктарам Бардзілаўскай школы.

...Што датычыцца дачок прадзеда Анісіма, то выдзеленая зямля шчасця ім не прынесла: адна з іх у лепшы свет сышла інвалідам у вёсцы Хватаўцы, другая — у Каменным Барку.

Вось такім чынам абярнулася аграрная жараб'ёўка (а па вялікім рахунку дык і сапраўднае лёсаванне!) для аднаго з яе ўдзельнікаў — Анісіма Аляксеевіча Бурко.

Ніна Бурко, в. Капланцы, Бярэзінскі раён


Пакуль жывыя нашчадкі

Два гады таму «Звязда» расказвала, як у вёсцы Ёвічы адкрывалі мемарыял памяці 92 мірных жыхароў, спаленых фашыстамі ў лютым 1943-га. Манумент гэты цікавы, у прыватнасці тым, што ён адзіны ў Жыткавіцкім раёне, узведзены выключна на сродкі нашчадкаў.

Імёны ахвяр аднаўлялі па кнізе «Памяць» і ўспамінах відавочцаў, у тым ліку — адзінай на сённяшні дзень сведкі тых страшных падзей Вольгі Кірылаўны Катовіч. Яна, тады сямігадовая, ратавалася ў лесе, потым дапамагала пераносіць і хаваць астанкі спаленых аднавяскоўцаў на грамадзянскіх могілках...

А не так даўно ў Ёвічах адбылася яшчэ адна ўрачыстая падзея. Тыя самыя нашчадкі зноў сабралі грошы і на гэтым сакральным месцы ўзвялі звон. Варта адзначыць, што яго — з асаблівым гучаннем — замаўлялі на заводзе ў Падмаскоўі, і ў вёску бясплатна даставілі беларускія дальнабойшчыкі.

Перш чым ушанаваць памяць бязвінных ахвяр (а гэта ў асноўным дзеці, старыя) хвілінай маўчання, званы асвяцілі, памінальную службу правёў настаяцель царквы аграгарадка Ленін айцец Зміцер.

Хочацца выказаць асаблівыя словы падзякі людзям, якія арганізавалі гэту святую справу: Вользе Пятроўне Мета (Чопчыц), Жанне Мікалаеўне Катовіч, Еве Міхайлаўне Цехановіч, Аляксандру Канстанцінавічу Катку, Мікалаю Іванавічу Дарафею, Мікалаю Уладзіміравічу Катовічу і многім іншым.

Тамара Трафімовіч,

в. Мілевічы, Жыткавіцкі раён


«Лячэнне» піскам

Гэтага хлопца, аднакласніка майго сына, я добра ведаў, бо раней ён жыў у нашым пад'ездзе, да таго ж змалку вылучаўся тым, што быў высокі, моцны. І голас меў адпаведны — досыць грубы, але...

Якраз з ім, Мішавым голасам, час ад часу нешта здаралася. Ну, напрыклад, варта было хлопцу, не ведаючы ўрока, выйсці да дошкі, і ад гэтай грубасці нічога не заставалася: голас ператвараўся ў звычайны піск.

Вучні (а ўпотай і настаўнікі) спачатку смяяліся з яго, але ж потым неяк прывыклі — перасталі звяртаць увагу, нават забыліся.

Помніла хіба настаўніца рускай мовы і літаратуры: яна, калі была не ў гуморы, выклікала Мішу да дошкі і прасіла прачытаць які-небудзь верш — накшталт «Барадзіно». Вучань чытаў, клас слухаў — настаўніца, хаваючы твар у далонях. І дзеці па яе дрыжачых плячах здагадваліся, што яна смяецца... А яшчэ яны ведалі, што потым, адсмяяўшыся, яна падабрэе і павядзе ўрок зусім па-іншаму.

Яўген Шастакоў, г. Гомель


Жыццё ў навушніках

Музыка... Разам з намі яна і весяліцца, і плача. Песні — на ўсе выпадкі жыцця, прычым першыя, ад мамы, немаўляты чуюць ледзь не адразу пасля з'яўлення на свет. І потым — у садку, у школе, у святы і будні, пры сустрэчах з сябрамі...

Здавалася б, музыка ўвесь час да месца: яна можа падняць настрой альбо наадварот — дапамагчы засяродзіцца, сабрацца з думкамі. Значыць, вось яны — лекі для душы. Аднак...

Апошнім часам з'явілася мода слухаць музыку ў навушніках — у транспарце, на вуліцы, у краме. Асобныя «меламаны» нават падчас разлікаў за свае пакупкі не кантактуюць з прадаўцамі.

Нехта скажа, што гэта — забава моладзі. Але ж у навушніках можна сустрэць і тых, хто ў свой час на «ўсю катушку» ўключаў магнітолу, вешаў яе на плячо і хадзіў па вуліцах. Ім, даўно пасівелым, таксама хочацца на сваёй нейкай хвалі дабрацца да патрэбнага месца, прабавіць час, з дапамогай любімых песень справіцца з жыццёвымі праблемамі. Што, здавалася б, зразумела: калі ў чалавека зламаная правая рука, ён пачынае карыстацца левай. Так і з псіхікай: мы стараемся зберагчы тое, што пакутуе, што баліць. Але ж пры гэтым, на жаль, можам нажыць яшчэ большыя праблемы.

Ну сапраўды: чалавек у навушніках многага не заўважае, не чуе, да яго складана дастукацца. І «паклікалі — не звярнуў увагі» — гэта яшчэ дробязі. Здаралася, на жаль, калі такі вось слухач, пераходзячы дарогу, не зрэагаваў на машыну, а то і на цягнік.

Да таго ж частае праслухоўванне музыкі ў навушніках дрэнна ўплывае на слых.

Такім чынам музыка і дапамагае чалавеку, і прыводзіць яго да бяды. Пазбегнуць яе можа з правільна падабранай гучнасцю (пры якой можна чуць гаворку паблізу). А калі з'яўляецца жаданне нешта «ўрубіць» пагучней, то, як раяць спецыялісты, не больш чым на паўтары гадзіны ў дзень, прычым з перапынкамі хвілін на 15—20.

Што датычыцца навушнікаў на вуліцы, то варта ўзяць сабе за правіла здымаць іх у кожным патэнцыйна небяспечным месцы.

Ілона Папова, студэнтка БрДУ імя А. С. Пушкіна


«Падчапіла Соня летам кавалера з інтэрнэту...»

 

Я навокал кіну вокам

І прыпевачкі складу,

Пасылаю недалёка:

У любімую «Звязду».

* * *

Неяк шэфа без машыны

На дарозе дождж застаў.

Лёцьма беглі падхалімы:

Каб хаця ж ён не растаў!

* * *

І вясною, і улетку

На праспектах —

Краскі, кветкі...

На задворках, ох, бяда —

Дзьмухаўцы і лебяда.

* * *

Сэлфі — трэндавы «тавар»,

Хоць бы чым праславіцца:

Хто тату «наб'е» на твар,

Хто на зад — і хваліцца.

* * *

Вітаміны пастаўляюць

Польшча, Індыя, Кітай.

На Палессі —

хоць павесся! —

Прападае ўраджай.

* * *

Людцы, чулі ці не чулі

Аб сярэбранай цыбулі?

Залатою бульба стала

Ды брыльянтавае сала.

* * *

Падчапіла Соня летам

Кавалера з інтэрнэту.

Быў разумнік,

быў падводнік...

Яшчэ той...

альфонс-нягоднік!

Любоў Чыгрынава, г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.