Вы тут

У Мінскай і Гродзенскай абласцях з'явіўся кардыяпатруль


«Сардэчны патруль / Здароўе ў кубе» — гэта мабільны пункт экспрэс-дыягностыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў на рабочых месцах. Ён прыбывае ў офіс кампаніі, і медыкі вымяраюць супрацоўнікам артэрыяльны ціск, частату і раўнамернасць пульсу, узровень глюкозы і халестэрыну ў крыві. А для таго каб выявіць рызыкі сардэчна-сасудзістых хвароб, праводзіцца анкетаванне кожнага ўдзельніка. Урач-кардыёлаг вышэйшай катэгорыі адказвае на пытанні, у індывідуальным парадку дае парады па здаровым харчаванні і спосабе жыцця.


Медыцынскае абследаванне праводзіцца на ўмовах поўнай ананімнасці. Кожны ўдзельнік атрымлівае індывідуальную картку са сваімі данымі — пры трывожных выніках з гэтымі паказчыкамі можна звярнуцца да ўрача. Таксама ўдзельнікам прапануюць завесці свой профіль на сайце, унесці свае даныя і атрымаць персанальныя рэкамендацыі ўрача.

Асноўная ідэя ініцыятывы «Сардэчны патруль / Здароўе ў кубе» — звесці да мінімуму рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў у мужчын, старэйшых за 35 гадоў, навучыць іх разумець і адчуваць свой арганізм, каб своечасова вызначыць сімптомы негатыўных працэсаў, прабудзіць адказнасць за ўласнае здароўе. Падчас абследавання кардыёлаг зможа выявіць рызыку ўскладненняў захворванняў сэрца і сасудаў, якія ўжо ёсць.

Ініцыятыва праводзіцца ў два этапы. На першым урач-кардыёлаг расказвае пра асноўныя рызыкі, што існуюць у супрацоўнікаў кампаніі, якія вядуць сядзячы і маларухомы спосаб жыцця, а таксама дае рэкамендацыі аб тым, як іх пазбегнуць. На другім этапе адбываецца экспрэс-дыягностыка стану здароўя, медыкі даюць кансультацыі па харчаванні і спосабе жыцця.

Таксама праводзіцца і ролевая гульня «Вось дык сітуацыя!», мэта якой — ненадакучліва прыцягнуць увагу мэтавай групы да праблемы сардэчна-сасудзістых хвароб, даць стымул задумацца аб сваім здароўі і паклапаціцца аб ім да надыходу пагрозлівых сімптомаў. У гульні апісана восем жыццёвых сітуацый, заснаваных на рэальных падзеях з практыкі ўрачоў і расказаў іх пацыентаў. Кожны ўдзельнік гульні можа пабываць на месцы пацярпелага, яго блізкага і нават доктара, які выратоўвае жыццё хворага.

Першы выезд кардыяпатруля адбыўся сёлета ў красавіку ў Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі. Усяго такіх выездаў было ўжо 12. Праект пастаянна развіваецца: у найбліжэйшы час запланаваны практычныя семінары, навучанне валанцёраў, кансультацыі кардыёлагаў, а таксама спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы.

Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праекта «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага спосабу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» (БЕЛМЕД), які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, ЮНІСЕФ І ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя. У межах праекту летась у Гродненскай і Мінcкай абласцях адбыўся ІІІ конкурс ініцыятыў, накіраваных на прасоўванне здаровага спосабу жыцця і прафілактыку неінфекцыйных хвароб на мясцовым узроўні. Ініцыятыва «Здароўе ў кубе» стала пераможцам у Мінскай вобласці.

— Ідэя правядзення такога мерапрыемства не была спантаннай, ужо існаваў інфармацыйны праект Cardіo.today, які і атрымаў такое, варта прызнацца, нечаканае развіццё ў выглядзе перамогі ў конкурсе, — кажа аўтар ініцыятывы Дзмітрый БОЛАШАЎ.

Як стаць удзельнікам ініцыятывы? Вельмі проста: дастаткова пакінуць заяўку на электронны адрас ceo@cardіo.today з указаннем назвы прадпрыемства, кантактных звестак, жаданай даты і часу правядзення. Пасля гэтага з вамі абавязкова звяжацца адміністратар.

Арганізацыя, якая рэалізуе ініцыятыву, працуе пры падтрымцы РПНЦ «Кардыялогія». Эксперты праекта — урачы першай і вышэйшай кваліфікацыйных катэгорый.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Слухай сваё сэрца

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.