Вы тут

Як сям'я з вёскі Канюхі беражліва захоўвае памяць пра Алеся Адамовіча


«Самае таямнічае, легендарнае месца ў маёй біяграфіі — гэтыя самыя Канюхі, у іх я нарадзіўся... Я анічога з канюхоўскага жыцця не памятаю...» — пісаў Адамовіч у сваёй апошняй кнізе «Vіхі» («Пражыта»). Тут маленькі Алесь з'явіўся на свет 3 жніўня 1926 года. Пра гэта сведчыць і штамп у яго пасведчанні ад нараджэнні. Усе яго дзіцячыя ўспаміны пачынаюцца ўжо з Глушы. Але ж без Канюхоў не было б і Глушы. І хоць адлегласць паміж населенымі пунктамі немаленькая, тут, у Канюхах, што на Капыльшчыне, пісьменніка добра ведаюць і помняць. Пра загадкавыя супадзенні, звязаныя з гэтай мясцовасцю, дачка пісьменніка Наталля Адамовіч расказвала неаднойчы. Але ж выбрацца сюды разам з ёй у нас атрымалася зусім нядаўна.

Нерэалізаваная ідэя

Тац­ця­ну Кор­зун  і На­тал­лю Ада­мо­віч  аб'­яд­на­лі Ка­ню­хі.

Мы едзем на маршрутцы Мінск — Слуцк. Наталля расказвае, як у жыцці яе бацькі з'явіўся населены пункт Канюхі.

— Мой дзед Міхаіл Адамовіч быў студэнтам медыцынскага аддзялення БДУ, калі ажаніўся з прыгажуняй Ганнай Тычынай. У 1924 годзе ў іх сям'і нарадзіўся сын Яўген, а ў 1926-м чакалася чарговае папаўненне. Каб пракарміць сям'ю, дзед летам падпрацоўваў у канюхоўскім Доме адпачынку. Вядома толькі, што летам бабуля прыехала да мужа ў Канюхі і 3 жніўня нарадзіла. Калі б гэта адбылося ў тым жа верасні, калі пачаліся заняткі ў інстытуце, маленькі Алесь мог бы з'явіцца на свет зусім у іншай мясцовасці. Напрыклад, у вёсцы Рачэнь, дзе жылі бацькі дзеда, або ў Забалацці, на радзіме маці, дзе нарадзіўся іх першынец — дзядзька Жэня. У 1928 годзе, пасля заканчэння ўніверсітэта, дзеда накіравалі працаваць у пасёлак Глуша на Магілёўшчыне. З таго моманту гэта месца стала для сям'і самым галоўным на зямлі. Пра Канюхі нават ніхто ўжо і не ўзгадваў.

Наталля не чакала, што пасля смерці бацькі атрымае адтуль сігнал. Той тэлефонны званок яе нават збянтэжыў.

— Калі я пачула ў трубцы, што мяне «турбуе Таццяна Корзун з Канюхоў», крыху разгубілася, — усміхаецца Наталля Адамовіч, згадваючы гісторыю пятнаццацігадовай даўніны. — Уяўляеце мае адчуванні? Па-першае, Канюхі, па другое — Корзун. Прозвішча галоўнай гераіні твораў «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой»...

Таццяна тэлефанавала паведаміць, што ў Канюхах ёсць людзі, якія хацелі б увекавечыць імя Алеся Адамовіча ў памятным знаку. І Наталля вырашыла асабіста пазнаёміцца з Таццянай і тым чалавекам, які збіраўся гэта зрабіць — увасобіць гэтую ідэю ў жыццё.

Прадпрымальнік Анатоль Самусевіч — выхаванец дзіцячага дома ў Канюхах. Для яго гэта месца — самая што ні ёсць малая радзіма. Нядзіўна, што ў яго ўзнікла жаданне ўшанаваць памяць славутага земляка.

— Ён пажадаў устанавіць помнік у выглядзе вялікага каменя, нават ужо шукаў прыдатны варыянт, — кажа Наталля. — А я звярталася да Алеся Шатэрніка, каб зрабіў добры эскіз шыльды на гэтым камяні. Разам з прадпрымальнікам ездзілі і ў Капыль, каб узгадніць устаноўку памятнага знака. Але там да ідэі Анатоля аднесліся без энтузіязму, папярэдзілі, што давядзецца ўзгадняць яшчэ і на ўзроўні Міністэрства культуры і Мінскага аблвыканкама.

Самусевіч пасля гэтага засумаваў, бо працэс легалізацыі помніка абяцаў перарасці ў доўгую цяганіну. Яго імпэт згас, і памятны знак у Канюхах так і не з'явіўся.

Корзун, але не Ганна

У біб­лі­я­тэ­цы Тац­ця­ны Кор­зун ця­пер ёсць кні­гі  з да­роў­ны­мі над­пі­са­мі ад На­тал­лі Ада­мо­віч.

Прататыпам галоўнай гераіні Адамовіцкай дылогіі «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой», як вядома, была маці пісьменніка. У кнігах яна згадваецца як Ганна Корзун. Гэтае прозвішча пісьменнік «запазычыў» у сваёй роднай цёткі. Але так сталася, што і ў Канюхах знайшліся жыхары з такім прозвішчам. Таццяна і Віктар Корзуны — прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі. Іх цікавасць да гісторыі вёскі і ў прыватнасці Алеся Адамовіча дазволіла сабраць карысны матэрыял пра той самы загадкавы перыяд яго жыцця. Мы сядзім на іх утульнай верандзе, дзе пад столлю развешаны макеты савецкіх самалётаў (юнацкае захапленне Віктара Корзуна), п'ём чай і разважаем пра тое, якое непрадказальнае можа быць жыццё.

— Я не мясцовая, родам з вёскі Каменка Уздзенскага раёна, дзе калісьці ў школе працаваў Кандрат Крапіва. Вырасла на творах беларускіх класікаў, — расказвае Таццяна. — У Канюхах я з 1977 года, прыехала па размеркаванні. Свой лёс, лічы, сустрэла ў аўтобусе. Малады чалавек, які сядзеў за мной, і быў той самы Віктар Корзун, які потым стаў маім мужам. Калі мы з ім пазнаёміліся, я вельмі была ўражана яго прозвішчам. Ведала, што ў Канюхах нарадзіўся Алесь Адамовіч, але не чакала сустрэць тут Корзунаў. Спачатку нават падумала, што гэта радня.

Даследаваннем адамовіцкай тэмы ўшчыльную Таццяна занялася, калі пачала выкладаць у школе-інтэрнаце беларускую мову і літаратуру. Яе здзівіла, што пра пісьменніка, які тут нарадзіўся, амаль няма ніякай інфармацыі. Некаторыя нават сцвярджалі, што ён не канюхоўскі, а глушанскі. Разам з мужам яна знайшла тое месца, дзе жылі бацькі Алеся Адамовіча, але звязацца з іх нашчадкамі дапамог той самы Анатоль Самусевіч са сваёй ініцыятывай наконт памятнага знака. Дзякуючы намерам былога вучня школы-інтэрната Таццяна ўсё ж такі рызыкнула выйсці на сям'ю пісьменніка. Яна прачытала ў часопісе «Роднае слова» артыкул Міхася Тычыны, сваяка Алеся Адамовіча, набралася храбрасці і патэлефанавала ў рэдакцыю, каб даведацца тэлефонны нумар аўтара. А хутка яна ўжо размаўляла і з самой Наталляй Адамовіч. Тады ж, 15 гадоў таму, адбылася і іх першая сустрэча ў Мінску. Потым была яшчэ адна ў мінскай кватэры Адамовічаў. Яшчэ жывая была маці Наталлі — Вера Сямёнаўна.

— Мяне ўразіла мноства кніг у кватэры і тая шчырая, добразычлівая атмасфера, якая там панавала, — згадвае Таццяна. — У Канюхі я прывезла цэлае багацце. Гэта былі копіі фотаздымкаў, дакументаў, кнігі — мне далі столькі матэрыялу, што вочы разбягаліся. Яшчэ адным падарункам стала фотавыстаўка, прысвечаная Алесю Адамовічу, здымкі для якой былі зроблены яго сябрам Яўгенам Коктышам. Мы яе размясцілі ў кабінеце беларускай літаратуры і мовы нашай школы-інтэрната. Дзеці-сіроты асаблівыя, іх жыццёвы вопыт вельмі суровы, па прымусе нічога рабіць не будуць. Але тэма іх зачапіла.

У хатнім архіве Таццяны Корзун захоўваецца цэлая папка з матэрыяламі пра Алеся Адамовіча. Тут жа даследаванні школьнікаў на гэтую тэму і іх сачыненні. Былая настаўніца вельмі ганарыцца, што ў яе атрымалася абудзіць у вучнях цікавасць да славутага земляка.

Вось гэта вуліца, вось гэты дом

Тац­ця­на Кор­зун бе­раж­лі­ва за­хоў­вае ў ся­бе до­ма па­мяць пра Але­ся Ада­мо­ві­ча.

«У сваёй вёсцы, гэта значыць дзе з'явіўся на свет — у Канюхах, я пабыў аднойчы ўсяго. За ўвесь час пасля таго, як мяне гадавалага адтуль вывезлі. Позірк міжволі шукаў сад, дом з калонамі (такім чамусьці малявала фантазія Дом адпачынку майго маленства). Нейкія забытыя людзьмі хаціны, нават вуліца не разабраць дзе тут праходзіла...» Гэтыя радкі з кнігі «Vіхі» згадаліся самі сабой, калі мы гулялі па ціхіх канюхоўскіх вуліцах. На жаль, вёска мала чым падобная на перспектыўную і сёння. Няма ўжо і таго «дома з калонамі» — былы дом адпачынку быў разбураны яшчэ падчас вайны. Дарэчы, размяшчаўся ён у былым панскім маёнтку Грыгарэвічаў, пра што дагэтуль нагадвае алея з высачэзных таполяў. На яго месцы быў пабудаваны іншы дом, дзе на момант прыезду Адамовіча і размяшчалася школа-інтэрнат. Пяць гадоў таму яна прыпыніла сваё існаванне. Цяпер у яе сценах размясціўся Грозаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат.

Перад уваходам ва ўстанову нас сустракае яе дырэктар Ірына Давідоўская. Аказваецца, яна таксама мае дачыненне да адамовіцкай тэмы. Яе маці Ванда Іваноўская родам з Глушы.

— Яна добра ведала і Алеся Адамовіча, і яго брата, — удакладняе Ірына Леанідаўна. — Свет вельмі цесны. Здавалася б, дзе Глуша, а дзе Канюхі. Сама я ніколі не была ў Глушы. А мая маці прыехала ў мястэчка Грозава па размеркаванні пасля вучобы ў тэхнікуме.

Дырэктар дэманструе, чым жыве сёння дом-інтэрнат. Вялікая тэрыторыя былога панскага маёнтка патанае ў зеляніне і кветніках. Адпачываць тут у летні спякотны дзень адно задавальненне. Побач цяпліцы, пабудаваныя з дапамогай ірландцаў, дзе спеюць агуркі, памідоры, перцы, баклажаны і нават кавуны. Вітамінамі на зіму дом-інтэрнат сябе дакладна забяспечыў.

За ўстановай — прыгожае возера Стаян. Кажуць, што яно тут таксама з панскіх часоў. За ім аднапавярховы каменны будынак з забітымі дзвярыма і вокнамі.

— Гэта былая школа, — кажа Таццяна. — У 2004 годзе, калі яна закрылася, тут вучылася 47 чалавек.

Мы ідзём па вуліцы з рамантычнай назвай Рамонкавая. Кажуць, што імя ў яе з'явілася зусім нядаўна. Раней існавалі толькі нумары дамоў. За агароджамі буяюць кветкі, спеюць яблыкі. Што адметна, амаль зусім няма агародаў — спрэс газоны, пляцоўкі для адпачынку. Вёска, здаецца, вялікая, але пастаянных жыхароў мала.

— Вось на гэтым месцы стаяў невялічкі дамок, дзе жылі бацькі Алеся Адамовіча, — Таццяна Корзун звяртае ўвагу на вялікую дыхтоўную пабудову. — Калі я прыехала сюды ў 1977-м, хатка яшчэ была. Зусім несамавітая, нават не абшалёваная.

Гаспадыня дома Людміла Ганчарык пагаджаецца, што так яно і было. Таго дома даўно няма, але цікавасць засталася. Расказвае, што народ перыядычна цікавіцца, ці праўда, што тут жылі бацькі класіка. Жанчына пацвярджае, што праўда. І вельмі ганарыцца, што жыве на такім легендарным месцы.

Наша экскурсія скончылася, і мы рушым на прыпынак, дзе спыняецца транспарт на Мінск. Гэта амаль ускраек вёскі. Крыж пры дарозе з іконай Божай маці і бясконцая, на колькі хапае вачэй, прастора — здаецца, расправіў бы крылы і паляцеў. Цяпер зразумела, адкуль у Віктара Корзуна такое захапленне самалётамі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Вунь удалечыні паказалася маршрутка, і трэба развітвацца. Спадзяюся, што гэта не апошняя наша сустрэча. Бо ёсць тое, што нас цяпер звязвае, — Алесь Адамовіч.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Капыльскі раён, вёска Канюхі

Фота аўтара

Збор сродкаў на музей працягваецца. Далучыцца да добрай справы можаце і вы. Разліковы рахунак існуе пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама

р/р BY84АKBB36421292723267100000 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», БІК АKBBBY21703, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова.

Загаловак у газеце: Містычнае месца — Канюхі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.