Хто такія шаферы?


Таццяна П. з г. Мінска пытаецца: «Нядаўна была на вяселлі. Сяброўка жаніла сына. Сваякі з боку нявесты звярталіся да сяброўкі нявесты незвычайным для мене словам — шаферка. Растлумачце, што гэта за слова. Звычайна сяброўку нявесты і сябра жаніха сёння называюць ганаровыя сведкі».


Пачаць наступны дыскурс мы таксама хацелі з уласных успамінаў. Наша калега выдавала дачку замуж. Мы ведалі літаральна ўсіх, хто быў на вяселлі з боку нявесты. Пачалі знаёміцца з дружынай жаніха. Бацька нявесты ахвотна расказваў пра кожнага. На пытанне: «А хто шафер?» той на некалькі імгненняў задумаўся, а затым здзіўлена адказаў: «Госця з такім прозвішчам у нас няма!» Мы супакоілі бацьку, сказаўшы, што калі госці сядуць за стол, шафер знойдзецца сам: той хлопец, які бліжэй за ўсіх будзе сядзець каля нявесты, (?!) хутчэй за ўсё, і будзе шаферам!

У традыцыйным беларускім вяселлі, як правіла, былі задзейнічаны не толькі блізкія і далёкія сваякі жаніха і нявесты, а практычна ўсе жыхары вёскі. Разам з тым працяглая па часе і складаная па структуры вясельная дзея прадугледжвала наяўнасць абавязковага кола людзей, закліканых выканаць самыя адказныя абрадавыя ролі. Іх паўнамоцтвы і абавязкі былі дакладна вызначаны шматвяковай традыцыяй і не дазвалялі ніякіх адхіленняў ці неабгрунтаваных парушэнняў (напрыклад, традыцыя прадпісвала, хто павінен выпякаць каравай, хто яго будзе выносіць і хто дзяліць). Лічылася, што кожны з удзельнікаў, а тым больш той, каго надзялялі паўнамоцтвамі галоўных вясельных чыноў, мог паўплываць на ход сямейна-родавай урачыстасці, а значыць, і на лёс маладых, таму да выбару людзей, на якіх будуць ускладзены ганаровыя абавязкі, ставіліся вельмі адказна.

Бліжэй усіх да жаніха і нявесты знаходзіліся (і ў сэнсе абрадавых адносін, і ў плане размяшчэння за святочным сталом) іх самыя блізкія сябры — шафер і шаферка. У слоўніку У. Даля даецца наступнае азначэнне: «Шафер — дружка, вясельны чын, якіх па два і больш пры жаніху і пры нявесце, для дапамогі і паслуг; яны ж трымаюць вянкі над параю — гэта шаферская справа, абавязак».

Сябры жаніха і сяброўкі нявесты, якія павінны былі выконваць разнастайныя абрадавыя дзеянні, накіраваныя на перасцеражэнне маладога і маладой ад непажаданых кантактаў, а таксама на аказанне дапамогі ў непрадказальных сітуацыях на працягу ўсяго вяселля, у розных рэгіёнах Беларусі зваліся па-рознаму: дружкі, баяркі, князь, князёк (Палессе), маршалак і маршалка (Лельчыцкі раён), поддруж'е; паджанішок і паднявесціца (Віцебскі раён), шаферы (шахвяры) (Мінскі раён), дружбанты (Брэсцкі, Гродзенскі раёны), старшая дружба (Гомельскі раён), старэйшыя або галоўныя дружкі, сябры. «Назаўтра пасля заручын бацькі запрашаюць да сябе дзвюх чужых (калі няма сваячак) дзяўчат, сябровак дачкі, якія ад гэтага часу аж да шлюбу не адыходзяць ад яе. Гэтыя дзяўчаты называюцца бальшанкі», — знаходзім мы ў акадэмічным томе «Вяселле. Абрад».

Сёння шафер і шаферка атрымалі афіцыйна-грамадзянскую назву згодна з іх статусам — ганаровыя сведкі. Яны павінны пацвердзіць сваёй прысутнасцю і сваім подпісам у кнізе рэгістрацыі грамадзянскіх актаў сапраўднасць шлюбу, які адбыўся паміж двума маладымі людзьмі.

«Скупіць дружак» — так звалі на Беларусі абрад, калі сябрам жаніха і нявесты прымацоўвалі адпаведныя «знакі адрознення», а тыя, у сваю чаргу, павінны былі надарыць-адкупіцца грашыма. Хлопцаў маглі перавязаць ручніком, павязаць на руку чырвоную стужку, прышпіліць на шапку пэндзлік ці стужачкі, але часцей за ўсё на грудзі шаферам і шаферкам прымацоўвалі невялікія букеты з сухіх (папяровых) кветак і стужак.

Дружак у жаніха, як правіла, было двое — вялікі і малы, або старэйшы і малодшы, у рэдкіх выпадках дружак было сямёра і нават дванаццаць. Столькі ж іх, адпаведна, павінна было быць і ў нявесты.

І яшчэ адно ўдакладненне. На сучасных вяселлях нехта «прыдумаў» побач з нявестай пасадзіць чужога хлопца, побач з жаніхом — чужую дзяўчыну. На традыцыйным беларускім вяселлі шафер і шаферка з'яўляліся прадстаўнікамі адпаведна радзіны жаніха і радзіны нявесты. Таму шафер займаў месца каля жаніха, шаферка — побач з нявестай.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.