Вы тут

Прайшоў адкрыты чэмпіянат па шматбор'і ратавальнікаў


Выратаваць пацярпелых з палаючага будынка, затанулага аўто, з-пад перавернутага чыгуначнага вагона, з дна возера, прадухіліць выкід хімічнага рэчыва ў паветра і ўцечку газу, разабраць завалы... Гэтымі і іншымі здарэннямі шэсць дзён займаліся на адкрытым чэмпіянаце па мнагаборстве ратавальнікаў. Больш за сотню найлепшых барацьбітоў з полымем, вадой і іншымі прыроднымі і тэхнагеннымі катаклізмамі паказвалі сваё майстэрства і пацвярджалі прафесійную годнасць.


Дзевяць «тапельцаў» і 25 метраў пад вадой

Прамысловы альпінізм, работа ў абмежаваных умовах, ратаванне з верталёта, з-пад вады, сілавыя практыкаванні, крос — праз усё гэта прайшлі каманды па дзесяць чалавек з усіх абласцей Беларусі, атрада сталічных ратавальнікаў, рэспубліканскага спецназа і курсантаў Універсітэта грамадзянскай абароны МНС. Кожны баец мае не толькі цудоўную фізічную і псіхалагічную падрыхтоўку, але і навыкі баявой работы — у камандах эліта ратавальнікаў, трапіць сюды проста так немагчыма. Кожны з экіпажаў можна засылаць у любы пункт свету на надзвычайныя сітуацыі, і яны справяцца, дайце толькі абсталяванне упэўнены Сяргей НОВІК, начальнік упраўлення аварыйна-ратавальных службаў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый МНС.

— Кожны з удзельнікаў унікальны і шматфункцыянальны баец, які ўвабраў у сябе комплекс уменняў, навыкаў і практыкаванняў. Усё было зроблена для таго, каб максімальна ўскладніць дыстанцыю, і нават фізічна вынослівыя хлопцы мусілі даваць сабе паўзу ў некалькі секундаў, каб перадыхнуць. На ліквідацыі надзвычайных сітуацый тэхнагеннага характару, напрыклад, ратавальнікам неабходна было паказаць сілу, трываласць і ўменне працаваць з любым відам інструментаў, якія маюцца на ўзбраенні сіл МНС. Некаторыя этапы цягнуліся і па дзве гадзіны. Нават кінуць круг ці «канец Аляксандрава» — вяроўку са спецыяльнай пятлёй на пэўную адлегласць без трэніровак немагчыма, бо для гэтага існуе пэўная тэхніка.

У апошні дзень спаборніцтваў ратавальнікі падымалі пацярпелых са дна возера глыбінёй да чатырох метраў каля пасёлка Светлы гай, што пад Барысавам, плылі пад вадой па 25 метраў, перакульвалі лодку і рэанімавалі «тапельцаў».

Кожная з дзевяці камандаў па шэсць чалавек паказвала свае здольнасці на складаным этапе. Яны стартавалі на лодцы па пэўным маршруце паміж буямі, не кранаючы іх вёсламі. Даплыўшы да азначанага пункта, лодка спынялася, а ратавальнікі ныралі ў пошуках часткі затанулых. Усіх пацярпелых дастаўлялі ў лодку, а ратавальнікаў падымалі на борт з дапамогай «канца Аляксандрава» і ратавальнага круга. Астатніх «тапельцаў» шукалі ўжо ў іншым месцы. Наступным этапам было ратаванне на дошцы: хлопцы ўплаў паміж буямі дабіраліся да азначанага пункта, праплывалі 25 метраў пад вадой да пацярпелага і эвакуявалі яго на бераг. Яшчэ адно заданне — перавярнуць лодку, працягнуць яе ў вадзе метраў 70, ізноў перавярнуць і даплыць да берага. На зямлі кожная з трох пар ратавальнікаў каманды праводзілі рэанімацыю, вяртаючы манекены «да жыцця». На ўсё гэта давалася гадзіна, аднак хлопцы выконвалі заданні ледзьве не ўдвая хутчэй.

Не бывае аднолькавых здарэнняў

Складанасць этапу ратавання з вады ў тым, што ратавальнікі не могуць падмяніць адзін аднаго. Пакуль пэўны чалавек шукае «тапельца», астатнія цярпліва чакаюць. Калі зрабіць гэта не ўдалося, уся каманда атрымае штраф — дадаткова налічаны за праходжанне задання час, так што ўсе выкладваюцца па поўнай. Акрамя таго, неабходна мець сур’ёзную фізічную падрыхтоўку, каб затрымліваць дыханне пад вадой.

— Мы прыдумалі досыць складаную дыстанцыю, каб ратавальнікі не расслабляліся. Рыхтуючы заданні, некаторыя самі ледзьве выконвалі, — кажа капітан унутранай службы Аляксандр НАЗАРАЎ, старшы інструктар-метадыст Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння, каментуючы спаборніцтвы.

Штогод этапы адрозніваюцца адзін ад аднаго і ніколі не паўтараюцца цалкам, каб ратавальнікі не дзейнічалі «на аўтамаце», а «уключалі мозг». Не бывае аднолькавых здарэнняў: пажараў ці надзвычайных сітуацый, штораз сутыкаешся з новым, так і тут.

Бачнасць нулявая. Цярпі! Дыхай!

Кожны манекен, затоплены ў вадзе, важыць амаль як звычайны чалавек, кілаграмаў 50, а адзін, запоўнены камянямі, — усе 70. Вось і паспрабуйце знайсці такога ў халоднай мутнай вадзе і прыцягнуць на сушу. А ратавальнікі сёлета ледзьве не штодня выцягваюць з вады чалавека, які сапраўды тануў.

— На сябе яго кладзі і плыві на спіне, — раяць гомельскія ратавальнікі свайму паплечніку, які намагаецца, знайшоўшы манекен, даплыць з ім да берага.

— Самым цяжкім на этапе было ныранне на 25 метраў і пошук на дне. Бачнасць нулявая, і нават тое, што манекены белыя, не дапамагае, — дзеліцца эмоцыямі Станіслаў СІЛІВОНЧЫК, ратавальнік Гомельскага гарадскога падраздзялення МНС, які толькі што прыцягнуў «тапельца».

Некаторыя знаходзяць «ахвяр возера» з першага ж нырца. Кожную такую маленькую перамогу сустракаюць дружнымі воклічамі.

— Жэня, цярпі, дыхай, правей бярыся, грабі, — накіроўваюць удзельніка з каманды курсантаў, які знайшоў свайго «тапельца» адразу.

Яўгену Старадубу, курсанту трэцяга курса Універсітэта грамадзянскай абароны МНС дастаўся той самы манекен з камянямі. Хлопец ледзьве паспявае перавесці дыханне і імчыць на наступны этап, рэанімаваць манекен.

За часам сочаць пільна, бо ён уплывае на жаданую перамогу. Аднак гэта на этапе яны сапернікі, а ўвечары — адна сям’я, запэўнівае Сяргей Новік, які яшчэ і галоўны суддзя спаборніцтваў.

Спаборніцтвы — як сапраўднае ратаванне

За выступленнем брэсцкіх ратавальнікаў я сачу ўжо з адной з дзвюх лодак, якія суправаджаюць байцоў на ўсіх этапах і пільна сочаць за выкананнем, заўважаюць любы агрэх. Брастаўчане пачалі вельмі хвацка. Першых манекенаў выратавалі за восем хвілін, гэта хутка, каменціруе Аляксандр Назараў і тут жа крычыць:

— Куды?! Дзе вашы камізэлькі?!

Хлопцы, якія збіраліся выправіцца на наступны этап на дошцы для ратавання, з самага пачатку не заявілі камізэлькі, і цяпер замяніць іх іншымі не могуць.

Прыйдзецца чакаць, пакуль на бераг не прыплывуць іх таварышы на лодцы і не перададуць тое абмундзіраванне, што на іх.

— Нам сказалі, што можна без камізэлек на дошцы, а толькі ў касцюмах, — скардзяцца яны, але суддзя няўмольны:

— Хто сказаў? Толькі я магу тлумачыць, што можна, што не.

Здавалася б, час для адчаю. Нават я падскокваю ў лодцы і спачуваю ратавальнікам, якія губляюць час упустую. Тым больш што на гэты момант у іх найлепшыя паказчыкі па ўсіх этпах чэмпіянату. Аднак, сцяўшы зубы, хлопцы плывуць шукаць наступныя манекены.

— Сяргей, яшчэ ёсць час, шукай, адплыві ад буя ў іншы бок, там яма ёсць, — падбадзёрваюць ратавальніка, які ўжо разоў восем даў нырца і ніяк не знойдзе манекен.

Апошняе пагружэнне перад тым як кінуць пошукі і... манекен у руках. Лодка імчыць на бераг. Пара ратавальнікаў у камізэльках кідаецца ў ваду. У брастаўчан арыгінальная тэхніка — яны абодва сядзяць на дошцы верхам. У астатніх двойках адзін чалавек гроб, другі — штурхаў дошку ззаду.

— Няпросты этап, вялікая глыбіня. Аднак падрыхтоўка і тактыка нашай каманды сыгралі сваю ролю, — кажа Сяргей МАРЧУК, ратавальнік Брэсцкага гарадскога падраздзялення МНС, той самы, хто ўсё ж пераўпарціў манекена і адшукаў яго. — Гэтага пацярпелага складана было знайсці, яшчэ і тэмпература там ніжэйшая. А на дошцы мы дома трэніраваліся так плаваць — атрымліваецца хутчэй.

Апошні «тапелец» брастаўчанамі знойдзены, ратавальнікі ўклаліся ў час. На беразе пераможны роў, хоць не выступалі яшчэ дзве каманды. Аднак па ўсім відаць, што абысці ратавальнікаў з Брэста ўжо нікому не ўдасца. Так і адбылося — сёлета пераможцамі сталі менавіта брэсцкія байцы.

У мнагаборстве немагчыма ўтрымаць перамогу нават два гады запар. Для ратавальнікаў справа гонару стаць першымі ў гэтых спаборніцтвах, таму кожны раз змагаюцца, нібыта сапраўдных людзей ратуюць. А літаральна праз дзень пасля амаль тыдня, насычанага выпрабаваннямі, ратавальнікі прыступілі да сваёй звычайнай работы, падчас якой, дзякаваць богу, ратаваць прыходзіцца менш.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Распрацоўшчыкі — пра новы Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Распрацоўшчыкі — пра новы Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Летась Падатковы кодэкс Беларусі зазнаў істотныя змяненні.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Любачка і На варце маёмасці.

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.