Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: У нас надзвычай добрыя адносіны з Казахстанам


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Казахстан Ермухаметам Ертысбаевым, які завяршае сваю місію ў нашай краіне. 


Фота БЕЛТА

Кіраўінк беларускай дзяржавы адзначыў, што паміж Беларуссю і Казахстанам выбудаваны адносіны, якія дазваляюць шматкроць перавысіць наяўны эканамічны вынік.

— У нас надзвычай добрыя адносіны з Казахстанам, іх можна параўнаць толькі з адносінамі паміж Беларуссю і Расіяй. Мы ўтрох заўсёды былі ініцыятарамі самых лепшых стасункаў паміж народамі, асабліва пасля распаду Савецкага Саюза, — сказаў беларускі лідар. — Заўсёды ініцыявалі інтэграцыйныя працэсы, блізкае супрацоўніцтва ў эканоміцы. Эканоміка — гэта фундамент усяго, без яе няма дыпламатыі і палітыкі. 

Тут Беларусі няма ў чым папракнуць Казахстан, як і наадварот, дадаў Аляксандр Лукашэнка. «Але перспектывы і магчымасці ў нас яшчэ больш важкія, чым вынікі, якіх мы дасягнулі. Вы, як пасол, самі цудоўна разумееце, што з такой прасунутай інтэграцыяй, якая ў нас з вамі існуе, мы не павінны казаць пра мільярд тавараабароту — гэта павінны быць мільярды долараў, і мы гэта можам зрабіць», — выказаў упэўненасць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка не сумняваецца, што пад кіраўніцтвам новага Прэзідэнта Казахстана добрыя адносіны з Беларуссю будуць захаваныя. «Я вельмі добра знаёмы з вашым цяперашнім Прэзідэнтам Касым-аке. Вельмі прыстойны, адукаваны і мной шануемы чалавек. У нас з ім атрымаюцца добрыя адносіны, гэтак жа, як і ў Казахстана з Беларуссю будуць працягнутыя адносіны ў гэтым жа рэчышычы», — сказаў ён. 

Прэзідэнт Беларусі папрасіў перадаць віншаванні і добрыя пажаданні свайму казахстанскаму калегу і пажаданні добрага здароўя былому кіраўніку краіны — Нурсултану Назарбаеву, якога назваў сваім даўнім сябрам, з якім з’едзены не адзін пуд солі. 

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў бліжэйшы час у яго будзе магчымасць пабываць у Казахстане і абмеркаваць увесь комплекс двухбаковых адносін.

«Мы ў свой час са спадаром Такаевым дамовіліся, што спяшыць не будзем, сур’ёзна прарэвізуем нашы адносіны, выпрацуем план дзеяння на будучыя гады, і думаю, што ў Нур-Султане зацвердзім дарожную карту, але сур’ёзна падрыхтуемся. Для гэтага збяром міжурадавую камісію ў бліжэйшы час, паглядзім на праблемныя пытанні, і выпрацуем далейшыя адносіны», — паведаміў Прэзідэнт. 

Дыпламат прызнаўся, што пакідае Беларусь са змешанымі пачуццямі, бо тут на некаторы час застаецца яго жонка, якая закахалася ў гэтую краіну. 

«З 23 мая, калі мы апошні раз сустаркаліся, прайшло тры месяцы і дзякуючы вам (вялікі вам дзякуй ад нашай краіны) на 40 працэнтаў павялічыўся казахстанскі экспарт у Беларусь, — сказаў Ермухамет Ертысбаеў. — Думаю да канца кастрычніка, калі адбудзецца ваш афіцыйны візіт у Казахстан, гандлёвы баланс яшчэ больш палепшыцца, спадзяюся, вы не будзеце супраць, бо штогод сальда складалася для нас адмоўным ў памеры 750-800 мільёнаў долараў». 

Казахстанскі дыпламат назваў краўніка Беларусі палітыкам з сусветным імем. «Я ужо зрабіў шмат публікацый у казахстанскай прэсе пра беларускую сацыяльна-эканамічную мадэль, цяпер буду рабіць іх яшчэ больш, бо шчыры прыхільнік вашага палітычнага таленту», — прызнаўся ён.

Адносіны паміж Беларуссю і Казахстанам заўсёды будуць брацкімі, сяброўскімі і рэнтабельнымі, выказаў упэўненасць Ермухамет Ертысбаеў журналістам пасля развітальнай сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы. 

«У нас наладжана супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, у тым ліку гуманітарнай, — дадаў ён. — Адносіны казахска-беларускія — гэта эталон адносін паміж дзяржавамі. Пасля распаду Савецкага Саюза мы — Беларусь і Казахстан — паказалі, як трэба будаваць двухбаковыя брацкія, сяброўскія адносіны». 

Дыпламат паведаміў, што Беларусь і Казахстан — адзіныя дзве краіны ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якія падпісалі дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2026 года. «Вельмі вялікія задачы былі пастаўленыя перад бізнес-суполкай, перад дзяржаўнымі органамі, перад навукова-тэхнічнай і гуманітарнай інтэлігенцыяй дзвюх краін падчас лістападаўскага візіту 2017 года ў Мінск Нурсултана Абішавіча Назарбаева», — нагадаў ён. 

Пасол пацвердзіў, што ў канцы кастрычніка чакаецца візіт кіраўніка Беларусі ў Казахстан. «Гэты візіт канчаткова замацуе тое стратэгічнае партнёрства, якое намечана, і выведзе на новы якасны этап нашы адносіны», — падкрэсліў Ермухамет Ертысбаеў.

Пра сябе ён паведамііў, што сыходзіць з дзяржаўнай службы на пенсію, але збіраецца займацца актыўнай палітчынай і публіцыстычнай дзейнасцю. 

Да ведама: 

Па выніках мінулага года тавараабарот паміж Беларуссю і Казахстанам дасягнуў 896 мільёнаў долараў (130 працэнтаў да ўзроўню 2017 года), сальда для нашай краіны станоўчае ў памеры 671,4 мільёна долараў. Узаемны гандаль працягнуў рост і сёлета — за шэсць месяцаў года 481,7 мільёна долараў (118,8 працэнтаў да аналагічнага перыяду летась).

Ключавымі пазіцыямі беларускага экспарту ў 2019 годзе сталі трактары і сядзельныя цягачы, малако і малочныя прадукты, смятанковае масла, машыны для ўборкі сельскагаспадарчых культур, калійныя ўгнаенні, мэбля, ялавічына, грузавыя аўтамабілі, сыры і тварог. 

Аснову імпарту з Казахстана сфарміравалі нафтапрадукты, каменны вугаль, нафтавыя газы, баваўнянае валакно, насенне ільну, неапрацаваны алюміній. 
Аб’ём гандлю паслугамі ў апошнія паўтара гады, наадварот, скарачаўся: за 2018 год ён склаўся ў памеры 153,2 мільёна долараў (84,5 працэнта да ўзроўню 2017 года), сёлета за шэсць месяцаў — 48,5 мільёна долараў (89,7% да ўзроўню першага паўгоддзя 2018-га).

Летась значна павялічыўся аб’ём казахстанскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі — каля 19 мільёнаў долараў (рост амаль у пяць разоў), але сёлета дынаміка зваротная — зніжэнне амаль у чатыры разы ў параўнанні з першым паўгоддзем 2018-го. 

Беларускія кампаніі маюць у Казахстане свае гандлёвыя плошчы і дылераў. Працуе восем сумесных зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі і абсталявання. У нашай краіне дзейнічае амаль паўсотні прадпрыемстваў з казахстанскім капіталам, у тым ліку 13 сумесных і 36 замежных.

Урады дзвюх краін распрацавалі дарожную карту развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння на два бліжэйшыя гады.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Перспектывы большыя за вынікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».