Вы тут

Ці рэхам, ці рыкашэтам


Тэма Вялікай Айчыннай вайны, напэўна, найбольш балючая і хвалюючая для беларускага народа. Таму мастацтвам заангажаваная назаўжды: яно быццам мае на яе непарушную квоту. І, хутчэй за ўсё, яшчэ не адно пакаленне айчынных творцаў будзе звяртацца і вяртацца менавіта да гэтай тэмы. Ці добра тое, ці дрэнна — пакажа час, бо памяць таксама сціраецца, блякне, як старыя фотаздымкі. Таму невыпадкова ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» ўзнікла кніжная серыя «Дзеці вайны». Раман магілёўскага аўтара Сяргея Антонава «Лоскутные звезды» выйшаў менавіта ў гэтай серыі.


Раман прысвечаны першым месяцам акупацыі горада Быхава нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У цэнтры ўвагі — татальнае знішчэнне ўсяго яўрэйскага насельніцтва, убачанае і расказанае адзінаццацігадовым хлопчыкам, які цудам выжыў. Вайна ў ягоным расповедзе — жах, гэта не рамантычна і не гераічна, у першую чаргу яна нясе смерць і страх, а ў другую — выварочвае кожнага чалавека навыварат, ператварае ў жывёл, хаця... нават жывёлы больш высакародныя, чым многія так званыя людзі.

Першая «акцыя» (так немцы называлі свае масавыя забойствы) у Быхаве адбылася напрыканцы жніўня 1941 года на ўскрайку горада каля Ганьковага рова, побач з якім расстралялі больш за 250 маладых яўрэяў, куды і скінулі потым целы. У пачатку верасня было створана гета ў ваколіцах старадаўняга гарадскога замка, якое праіснавала тыдзень. Больш за 4 тысячы чалавек было расстраляна цягам гэтага тыдня ў Быхаве. Маленькіх дзетак п’яныя паліцаі (якія выслужваліся перад немцамі з імпэтам ганчакоў) і немцы падкідвалі ў паветра і стралялі навыперадкі, быццам гуляліся ў снайпераў. Асабліва «шчыраваў» паліцай Яцэнка, які фігуруе ў рамане. І гэта не выдуманы персанаж.

Аўтар будуе твор нібы мастак, які на адно палатно накладвае іншае, у некалькі пластоў, як бы дэкларуючы сувязь часоў — сённяшняга і мінулага. Бо наступствы рэчаіснасці — гэта вынік падзей, што адбываліся некалі. Ці рэхам, ці рыкашэтам, але яны заўсёды напамінаюць пра сваё існаванне.

Галоўны герой рамана — журналіст з Магілёва, 62-гадовы дужы мужчына — прыязджае ў горад свайго дзяцінства Быхаў на пахаванне бацькі і знаходзіць яго запісы, у якіх той распавядае пра падзеі 1941 года, з усімі прозвішчамі катаў і ахвяр. З запісак герой даведваецца, што яго бацька, яшчэ будучы падлеткам, перажыў некалькі расстрэлаў, бачыў на свае вочы, як знішчылі ўсю яго сям’ю і тысячы іншых. Бачыў, што зверавалі ў дачыненні да яўрэяў у большай ступені свае — паліцаі, якія верылі ва ўласную беспакаранасць. Прыкметны той факт, што тымі запіскамі зацікавілася даволі значная колькасць мясцовых жыхароў, якія нават... намагаліся выкрасці іх у яго!

Запіскі — па сутнасці, абвінаваўчы акт — стаюць прычынай узнікнення дэтэктыўнай гісторыі, якая разгортваецца на старонках рамана з неверагоднай хуткасцю і ператвараецца ледзь не ў галівудскі баявік з пагонямі, стрэламі і трупамі. Паяднанне гістарычнага матэрыялу з белетрыстыкай робіць кнігу захапляльнай, нягледзячы на відавочныя хібы, і ў прыватнасці моўныя. Бо мова, якой напісаны твор, казённая, яна не дыхае жыццём і нагадвае не лепшы пераклад амерыканскіх раманаў Джэймса Хэдлі Чэйза. Магчыма, гэткай была задума. У такім выпадку характар твора вытрыманы ад першага да апошняга слова.

«Лоскутные звезды» — не алегорыя. Падчас вайны жоўтую зорку-латку як «знак ганьбы» нацысты прымушалі нашываць на адзенне яўрэяў дзеля таго, каб адрозніваць іх у грамадскіх месцах. Падзел на годных існаваць (але не жыць), і падлеглых знішчэнню, ператварэнне людзей у жывёл — такія планы фашыстаў. Зрэшты, у творы паказана, што немалая колькасць пераможаных скаралася новай уладзе, а яшчэ — звярэла ад дазволу гэтай улады забіваць і здзекавацца з іншых. Таму самі немцы, асабліва афіцэры, грэбавалі нават вітацца з такімі і стаяць паблізу.

Вайна адкрывае цёмныя бакі кожнага чалавека, і гніллё дае аб сабе ведаць адразу. Гнілля таго выявілася багата, прычым жывучага. Многія з паліцаяў пасля вайны выдавалі сябе за гераічных партызан, бо часам ніхто не мог аспрэчыць адваротнае. Нярэдка здаралася, што ставалі паважанымі і нават недатыкальнымі асобамі ў тых месцах, дзе абжываліся, асцярожнічалі і рашуча пазбаўляліся ад самай маленькай небяспекі, бо чулі пагрозу. Іх ніколі не турбавала сумленне, нягледзячы на кроў тысячы забітых і закатаваных. І калі здараўся цуд — катаў усё ж выкрывалі і абвінавачвалі ў злачынствах, — поўзалі ў нагах у суддзяў, молячы аб дараванні жыцця.

Лёс яўрэяў і беларусаў падчас вайны падобны: татальны генацыд з боку нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А яшчэ раней — з боку НКУС... Перад чытачом паўстаюць няпростыя пытанні.

Такім атрымаўся новы раман С. Антонава, якога найбольш ведаюць як пісьменніка-фантаста і аўтара антыўтапічных раманаў. Твор пра нядаўняе мінулае — даніна памяці тым, дзякуючы каму мы маем магчымасць жыць сёння.

Мікола АДАМ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».