Вы тут

Гладкай дарогі!


Ужо больш за паўтара стагоддзя (прынамсі, з часоў Дуніна-Марцінкевіча) своеасаблівы касцяк беларускай літаратуры складаюць найбольш таленавітыя і самабытныя творцы, якія пісалі і пішуць на мове тытульнай нацыі. Аднак на працягу ХІХ — пачатку ХХ стст. у літаратурны працэс Беларусі актыўна «ўліваліся» і тыя творцы, якія пісалі на мовах найбольш буйных этнічных супольнасцяў — польскай, рускай і яўрэйскай (ідыш). Адной з найбольш цікавых з’яў у рускамоўнай літаратуры Беларусі стала творчасць прадстаўнікоў т. зв. «Мінскай школы» паэзіі, якая склалася ў 1960—70-я гг. і існуе па сёння.


Гэтая адмысловая паэтычная школа аб’ядноўвае рускамоўных сталічных паэтаў рознай нацыянальнай прыналежнасці і найчасцей нонканфармісцкай, андэграўнднай скіраванасці. Менавіта да згаданай «Мінскай школы» адносіцца і творчасць Алены Кошкінай, якая нядаўна выдала чарговую кнігу вершаў пад назвай «Железная дорога». У выданне ўваходзіць усё найбольш значнае (на думку самой аўтаркі) з дзвюх яе папярэдніх кніг, а таксама многія раней не друкаваныя вершы. Першыя з іх былі створаны яшчэ дзесьці ў 18 гадоў. Праўда, даты напісання вершаў не пазначаны, таму часам немагчыма зразумець, якія з іх напісаны ў маладосці, а якія — ужо ў сталым веку.

Шмат вершаў прысвечана тэме дарогі, шляху і руху, што пацвярджаецца ўжо назвай кнігі і асобных твораў: «Счастье — вместе идти по дороге», «Мы уходим по белому снегу», «Дни пошли кромешным частоколом», «Милые, чужие пути», «Жизнь пришла и взяла за горло» і інш. Дарога для паэткі — гэта выпрабаванне, праверка на жыццёвую трываласць і духоўную моц. Прычым падчас гэтага руху калі-нікалі здараецца і сапраўдны цуд. Аўтарка прызнаецца: «Забыла совсем об усталости, потому что мне надо дойти». Нягледзячы на ўсе складаныя сітуацыі і нават пакуты, паэтэса заўжды спадзяецца на найлепшае і працягвае верыць у светлы жыццёвы шлях. І нават дае параду чытачам:

Даже если под этой звездой

То, что встретится, встанет стеной,

Ты иди вдоль стены, жив пока.

И да будет дорога легка.

Аўтарка добра ўсведамляе хуткаплыннасць і незваротнасць часу, шкадуе пра няздзейсненае і часам маркоціцца ад таго, што «жизнь пронеслась, как дитя вниз по лестнице, выплеснув слёзы и смех». Аднак надзеі і аптымізму не губляе: «всё же в надежде опять с нею (“жизнью”. — Э. Д.) встретиться я поднимаюсь наверх». Ды і як інакш, калі аўтарка яшчэ не выканала ўсяго, што ёй прызначана лёсам і калі ёй «всё ещё видится, всё ещё чудится, всё ещё хочется жить»!

Паэтэса глыбока перакананая ў тым, што чалавечае жыццё — непрадказальная і крохкая субстанцыя, таму яго трэба любіць і берагчы. У той жа час яна заклікае чытача ніколі не губляць пачуцця ўласнай годнасці і ўмення радавацца кожнаму новаму дню, апяваць кожную хвіліну быцця — нават калі знаходзішся на мяжы знікнення:

Мы стоим у раскрытой оконной створки

На крутой кудыкиной сизой горке,

На краю, на грани исчезновенья.

Тем прекрасней, милые, наше пенье.

Адметна, што ў зборніку змешчана і некалькі вершаў бацькі паэтэсы Вадзіма Кошкіна — філолага, перакладчыка, выкладчыка нямецкай мовы, які аказаў вялікі ўплыў на творчае станаўленне дачкі.

Але выданне гэтае не пазбаўлена пэўных недахопаў і хібаў. Найбольш відавочныя — некаторая блытаніна і алагічнасць у паэтычным мысленні аўтаркі, а таксама ўласцівае многім вершам празмернае шматслоўе, тыповым прыкладам чаго з’яўляюцца радкі: «Ты с моего лица сотрешь беду и гордость, / И сотни тысяч верст в мир выбегут с лица». Гэта бачыцца спробай сумясціць несумяшчальнае — то-бок аб’яднаць у штосьці цэлае чалавечы твар і чыгунку, што не звязваецца ў адно, не стварае гарманічнай цэласнасці і адзінства.

Шматслоўнасць размывае тэкст, нярэдка не дазваляе зразумець галоўны паэтычны пасыл твора і разам з тым перашкаджае ўсяму набору слоў скласціся ў арганічную і цэласную паэтычную карціну, якую можна было б ярка ўявіць і лёгка запомніць. Прычым гэта тлумачыцца не толькі тым, што аўтарка, як казалі старажытныя, «растекается мыслью по древу», але і часта выкарыстоўвае паўторы асобных слоў, словазлучэнняў, цэлых радкоў. На мой погляд, такія паўторы найчасцей не нясуць ніякай дадатковай вобразна-сэнсавай нагрузкі і проста штучна зацягваюць/расцягваюць верш, робяць яго больш грувасткім, у выніку чаго амаль губляецца соль верша. Непрыемны асадак пры чытанні кнігі пакінуў той прыкры факт, што тут слова ў слова паўтараюцца нават цэлыя… вершы («Сонет», «Луч», «Песня»), што, безумоўна, з’яўляецца сур’ёзным праколам аўтара і рэдактара. Цікава, што хібы гэтыя былі заўважаны не толькі мной, але і... рэдактарам кнігі, пра што сама паэтка шчыра напісала ў вершы «Вокруг да около». Паводле зместу верша, рэдактар слушна папракае паэтэсу ў яе няўменні коратка і ясна выказваць свае думкі і пачуцці: «Ты всё словами окружаешь слово главное».

Псуе агульнае ўражанне ад вершаў, на маю думку, выкарыстанне мноства слоў і словазлучэнняў са старадаўняга лексікона: «многошумны долы», «дневный свет», «родной град», «на сей земле», «поди», «коль» і г. д. Падобныя выказванні выглядалі арганічнымі і натуральнымі ў паэтаў пазамінулага стагоддзя. Зусім не ўпрыгожвае зборнік наяўнасць лаянкавых выразаў, заснаваных на згадванні... чорта: «поди ко всем чертям», «черт побери», «какого чёрта» і падобнае.

Аднак у цэлым новая кніга вершаў прадстаўніцы «Мінскай школы» Алены Кошкінай уяўляе сабой даволі яркі і самабытны артэфакт сучаснай рускамоўнай паэзіі Беларусі. З аднаго боку, гэтае выданне нібы падводзіць пэўныя вынікі яе творчага шляху даўжынёй амаль у паўстагоддзя. А з другога — пераканаўча сведчыць пра тое, што наперадзе моцную духам паэтэсу чакаюць новыя жыццёвыя і мастацкія дарогі, якія яна, без сумнення, адужае...

Эдуард ДУБЯНЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».