Вы тут

«Дыхаю чаромхавым настоем...»


Многія пісьменнікі адгукнуліся ў Год малой радзімы напісаннем твораў, у якіх расказваюць і пра раёны, адкуль яны родам, і пра свае родныя вёскі. Найчасцей гэта публіцыстычна-мастацкія кнігі, што выходзяць у дзяржаўных і недзяржаўных выдавецтвах. А паэтэса Таццяна Цвірка зямлі маленства прысвяціла паэму «Зноў з табой я, месцейка святое!». Асобным зборнікам паэму выпусціла ТАА «Колорград».


Прызнаючыся ў любові да малой радзімы, аўтарка падпісала гэты твор не толькі сваім цяперашнім прозвішчам Т. Цвірка, пад якім увайшла ў літаратуру, а і дзявочым. Таму і прамаўляе з чытачом Таццяна Цвірка (Шалоха).

Спачатку колькі слоў пра свой родны кут яна гаворыць у прадмове-прысвячэнні «Вёсцы, роду, землякам». Аднак асноўныя думкі, канечне ж, выказаны ў паэме. Аповед пачынаецца з даўніх часоў. Тады гэтая вёска ў цяперашнім Клецкім раёне зусім і не Рассветнай называлася. Такую назву ёй далі савецкія ўлады, палічыўшы, што ранейшая — немілагучная. Магчыма, тут і была свая праўда. Толькі жыхары лічылі інакш, але да іх меркаванняў не прыслухаліся.

Карані ж ранейшай хаваюцца яшчэ ў язычніцкіх часах. Даўным-даўно каля Клецка «каменны ідал стаяў […] жанчынай сціплай». Калі ў тамашнія мясціны прыйшло хрысціянства, яго разбілі. Аднак «людзі веру не пакідалі, // Кавалкі Бога свайго збіралі», неслі туды, дзе жылі:

Найперш жаночу голаў забралі,

І вёска стала Галавачамі.

Зубкам на зубы пашанцавала.

Узнога ногі сабе прыдбала.

Няцяжка здагадацца, што Галавачы, Зубкі, Узнога — назвы вёсак. А вось і яшчэ адна: «І Цыцкавічы сяло назвалі. // А людзі сталі ў ім — цыцкаўцамі». Сапраўды, гэтыя дзве назвы не сказаць каб з лепшых. Але ж яны гістарычныя. Дый хіба Рассветная, рассветнаўцы лепш? Але не будзем дыскутаваць. Тым больш што ёсць магчымасць сказаць пра больш істотнае: Т. Цвірка напісала твор, які можна ўспрымаць як паэтычны гімн сваёй вёсцы. Не ў назве сутнасць, а ў тым, што атрымалася, хай сабе і невялічкая, як бы энцыклапедыя яе.

Хораша расказваецца як пра ўчарашні дзень Рассветнай, так і пра сённяшні. Няхай не такі радасны, бо запісалі яе да неперспектыўных населеных пунктаў. Толькі гэта калі да ўсяго падыходзіць афіцыйна. У душы ж, у сэрцы тых, хто тут нарадзіўся (і Т. Цвіркі таксама), іншае ўспрыманне таго, што было і што ёсць. Учытваешся ў старонку за старонкай, і ажывае даўняе і сённяшняе. Паўстаюць вобразы вяскоўцаў. Пра кожнага з іх гаворыцца не так і шмат. Называюцца не прозвішчы, а імёны, часам толькі вясковыя мянушкі.

Гэтага, аднак, дастаткова, каб дзякуючы Т. Цвірцы ўявіць чалавека так, нібы з ім сустрэўся. Пачуў нешта ад яго самога... Такое «знаёмства» адбываецца праз добрае слова, прамоўленае аўтарам паэмы, пра яе згадкі аб тым, чым быў кожны адметны. Гэта і баба Бібіха, якая «адвесці ўмела любое ліха. // Калі спалохаў каго сабака, // Імчаў да бабкі той небарака. // Яна перапалах вылье сходу // На яйка, воскам ці так — на воду». Яшчэ той знахаркай была і бабуля Люлька — так празвалі яе, «бо, як мужчына, люлькай дыміла».

Прачулыя, удзячныя радкі Т. Цвірка прысвяціла сваім бацькам Аляксандры Пятроўне і Канстанціну Іванавічу. Цепліцца радасць і ад яе згадак пра аднакласнікаў. Праўда, непрыкметна з’яўляецца і смутак ад таго, што ў Рассветнай усё менш людна. Толькі гэта не перашкаджае любіць родную вёску па-ранейшаму.

Назва паэмы набывае сімвалічнае гучанне. «Зноў з табою я месцейка святое, // Дыхаю чаромхавым настоем!» — так сказаць могуць усе, хто, нарадзіўшыся ў вёсцы, не забывае яе, а па магчымасці наведваецца. Калі ж такой мажлівасці няма, у думках прамаўляе словы любові. Па сутнасці, тое ж самае, што Т. Цвірка выказала паэтычнымі радкамі. З задавальненнем былы вясковец праглядае і старонкі сямейнага альбома даўняй пары, часіны свайго маленства і юнацтва.

Такі альбом ёсць і ў кнізе. Тэкст дапаўняюць здымкі. Гэта, як і сама паэма, не толькі «летапіс» адной сям’і, а ў пэўнай ступені і вёскі Рассветная Клецкага раёна.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».