Вы тут

Як даглядаць агуркі, таматы, баклажаны і перцы


Нягледзячы на цёплы і сухі чэрвень, дажджлівы і халаднаваты ліпень, непрадказальны жнівень, мы сёлета вырасцілі добры ўраджай памідораў, перцу і баклажанаў! Адных агуркоў у адкрытым грунце на градках штодзень знімаем па 2-3 вядры — свежанькіх зялёненькіх прыгажуноў. Але каб так было, патрэбен своечасовы і якасны догляд гэтай культуры. Што мы робім і як даглядаем нашы агурочкі?


На кожную градку пад агурочнік кладзём тоўсты слой (да 20—25 сантыметраў) скошанай свежай газоннай травы, а яшчэ рэгулярна забяспечваем паліў агурочных градак настоем зялёных траў, але толькі летняй адстоенай вадой. Агуркам патрэбна пастаянная лёгкая вільгаць, а яшчэ і падкормка. На агурочніку ў гэты жнівеньскі час трэба выразаць старое лісце, што дазваляе павялічваць плоданашэнне. Процістаяць хваробам агурочніку дапамогуць народныя сродкі. Калі ж раптам на нейкай градцы агуркі захварэлі на бактэрыёз, то многія спрактыкаваныя дачнікі апырскваюць такі агурочнік фітаспарынам. А яшчэ мы практыкуем падкормку агуркоў дражджавымі дабаўкамі. Абаронай ад іншых захворванняў з'яўляецца кісламалочная сумесь або сыроватка.

У канцы жніўня і нават у верасні таматы, баклажаны і бульбу можа пашкодзіць фітафтора, таму трэба літаральна штодзень праветрываць цяпліцы і парнікі, а ў адкрытым грунце мы гэтыя расліны апырскваем і паліваем сыроваткай, а таксама робім дражджавыя падкормкі.

У гэты час неабходна абрываць усё лісце на кустах таматаў і зразаць верхавінкі раслін — такім чынам мы засцерагаем плады ад фітафторы. І яшчэ дзякуючы гэтаму ў нас хутчэй адбываецца наліванне і паспяванне пладоў.

А яшчэ ў таматаў і баклажанаў варта выдаліць бакавыя парасткі і суквецці. А вось каб паскорыць выспяванне пладоў, кусты гэтых раслін добра падкарміць настоем птушынага памёту. Для яго прыгатавання бяром 0,5 кілаграма сухога ўгнаення і заліваем 10 літрамі вады, накрываем плёнкай і настойваем 2-3 дні. Атрыманы настой разводзім вадой у суадносінах 1:10, а затым льём пад кожную расліну па літры.

На перцах таксама трэба выдаліць усе маленькія атожылкі, якія выходзяць з пазух раслін унутр куста. У канцы жніўня і верасні, калі крыху пахаладае, нашаму любімаму перцу патрэбны ўмераны паліў цёплай летняй вадой. А вось ураджай перцу мы збіраем кожныя 3-5 дзён, часам нават не чакаем, калі плады пачырванеюць: ведаем, што ў зялёных перцах больш вітаміну С, а ў чырвоных — больш караціну. А яшчэ недаспелыя перцы выспяваюць у нас на падаконніку.

Трэба сказаць, што цяпер самы зручны час адабраць на насенне лепшыя сарты і плады таматаў, перцу, агуркоў і баклажанаў. Трэба толькі ведаць, што гібрыдныя сарты непрыдатныя на насенне, бо страчваюць сваю спадчыннасць.

Яўген САЛАНОВІЧ, дачнік са шматгадовым стажам

Загаловак у газеце: Вось дык ураджай!

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.