Вы тут

Ты — мне, я — табе. А ім?..


На гендарна-сямейных франтах чарговыя баі, звязаныя з патэнцыйным новаўвядзеннем у Кодэкс аб шлюбе і сям'і — у інтэрнэце стварылі петыцыю, аўтары якой прапануюць абавязаць атрымальнікаў аліментаў даваць справаздачу, на што канкрэтна былі патрачаны грошы. Адрасаваная прапанова Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, падпісалі яе, праўда, пакуль толькі 64 чалавекі, а аўтар... здагадайцеся, хто? Сядайце, мама з трыма дзецьмі, правільна: мужчына.


Хоць чаму — правільна? Няправільна гэта, няладна. І рэч не ў пасыле — устанавіць абмежаванне памеру наяўных выплат аліментаў, а ўсю астатнюю суму пералічваць на рахунак і мець магчымасць кантраляваць, каб яна выдаткоўвалася менавіта на інтарэсы дзіцяці. Справа ў тым, што ролю людзей, якія перасталі быць мужам і жонкай, але засталіся бацькамі СВАІМ дзецям, вымяраюць найперш грашыма. Хто больш заплаціў, той і маладзец. А дзеці — памятаеце савецкі фільм-казку пра Пітэра Пэна і бліскучы песенны дыялог мамы і таты (дзякуй геніяльнаму паэту Леаніду Дзербянёву) — гэта не толькі кветкі, уцеха і вясновага сонца промні, але і «расстройства страўніка, вятранка, краснуха і запаленне сярэдняга вуха», новыя адзенне і абутак, які падабаюцца табе, але не падабаюцца дзецям, бясконцыя «хачу» і «не хачу», «дапамажы» і «я сам», лекі, паліклінікі, урокі, секцыі і гурткі, паступленне, перажыванні, бясконцыя крызісы ўзросту... Пералічваць можна доўга, на ўсе літары алфавіту, але галоўнай будзе «А». Дзеці — гэта адказнасць з моманту нават не нараджэння, а зачацця, а яшчэ лепш планавання.

І таму вельмі дзіўна, калі гэту адказнасць бацькі з усіх сіл стараюцца дэлегаваць, а прасцей кажучы, спіхнуць на кагосьці іншага: выхоўвае няхай школа, займае летнія канікулы — бабуля, загартоўвае і мацуе — трэнер у спартыўнай секцыі, вядзе прафілактыку хвароб — педыятр у паліклініцы. А я грошай заплачу, колькі там трэба, і ўбаку пастаю, палюбуюся, як дзіця расце.

Але гэта так не працуе — ні ў поўных сем'ях, ні, тым больш, у сем'ях, якія распаліся. Калі ад дзіцяці толькі адкупляцца грашыма альбо маніпуляваць адказнасцю за яго, усяляк перабольшваючы свой унёсак і прымяншаючы ролю «былога(ой)», рана ці позна падрослае дзіця гэта зразумее. Вам што больш даспадобы: каб нашчадкі глядзелі на вас як на кашалёк альбо ціха ненавідзелі за раўнадушша і недададзеную любоў? Пакуль былыя бацькі матляюць адно аднаму нервы, то забараняючы дзецям выезд за мяжу, то патрабуючы да капейчыны справаздачу, на што патрачаны аліменты (у інтэрнэце яны ва ўсіх астранамічна вялікія, у рэальнасці аказваюцца сярэднестатыстычныя і досыць часта спаганяюцца ў судовым парадку, бо добраахвотна бацькі выплачваць грошы на ўтрыманне дзіця не спяшаюцца), дзецям патрэбны не толькі і не столькі матэрыяльны дабрабыт, колькі паўсядзённы клопат і ўвага.

Усё зразумела, скажаце вы, зараз аўтар уключыць старую шарманку пра тое, што ў разведзеных сем'ях усе маці гераіні, а таты здраднікі, хоць у жыцці нярэдка бывае наадварот і нямала жанчын жывуць прыпяваючы на бацькавы аліменты і не працуюць, а мужчыны ваююць за права пакінуць дзяцей сабе... А вось і не, я пастараюся ўтрымацца ад пазіцыі абаронцы ці абвінавачвальніка. Бо кожны выпадак — індывідуальны, кожная нешчаслівая сям'я, паводле Льва Мікалаевіча Талстога, няшчасная па-свойму, і мераць усіх на адзін капыл як мінімум некарэктна. Магчыма, я ідэаліст, аднак вельмі хочацца, каб дарослыя людзі ўсё ж навучыліся не толькі ваяваць, але і дамаўляцца. Давайце паспрабуем не лічыць грошы ў кішэні былога, не дзяліць на «вы» і «мы», бо гэтая спрэчка не скончыцца ніколі, і не прыводзіць гіпатэтычных прыкладаў далёкіх сваякоў і знаёмых, а адказваць кожны за сябе, за свае ўчынкі і за сваіх дзяцей. На мове закону Кодэкс аб шлюбе і сям'і падае гэта так: «Абавязак бацькі і маці па ўтрыманні непаўналетніх дзяцей з'яўляецца роўным і безумоўным». Або, калі хочаце, лірыкай: усё найлепшае — аддавайце дзецям. Бо калі не мы, то хто?..

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.