Вы тут

У гаспадарцы ААТ «Цішоўка» распачалі ўборку другога хлеба


Аграном Аксана Таўшканава працуе ў цэйтноце і асаблівай радасці ад увагі журналістаў не адчувае. На старэнькіх «Жыгулях» яна лётае па бясконцых «цішоўскіх» палях (ад аднаго краю да другога 50 кіламетраў) і не паспявае даваць і кантраляваць заданні. Жніво закончылася, але часу адпачываць няма. «З сакавіка да лістапада з палёў не вылазім», — уздыхае яна. Вытанчаная, са смуглым ад пастаяннай работы пад сонцам тварам, яна здаецца зусім яшчэ дзяўчынкай. Але колькі ў голасе рашучасці, шчырай трывогі за ўраджай. Перш-наперш мы едзем глядзець, што робіцца на бульбяных палетках. Гаспадарка, дарэчы, спецыялізуецца на вырошчванні сорту «Брыз».


Аг­ра­ном Ак­са­на Таў­шка­на­ва  паказвае сё­лет­нія бу­ра­кі.

Ураджай — справа тонкая

Па бульбяным полі плошчай 150 гектараў жвава імчыць трактар. За рулём вопытны кіроўца Дзмітрый Філімонаў. Ад работы адрываецца толькі на хвіліну, каб перакінуцца парай фраз. Ён у гаспадарцы працуе з 18 гадоў, у якасці трактарыста — чатыры апошнія.

— Падвозіў ваду каровам, зараз бацвіннем займаюся — ачышчаю поле для капання бульбы, — удакладняе ён. — Ураджай па знешнім выглядзе добры.

Дзмітрый нырае ў кабіну трактара, і машына зноў імчыць па полі, падымаючы слупы пылу. За апошнія спякотныя дні зямля высахла і стала як камень.

— З бульбай клопатаў хапае — то каларадскі жук, то драцянік, — дзеліцца набалелым Аксана. — Каб захаваць ураджай, апрацоўваем клубні перад сяўбой. Сёлета, на шчасце, каларадскага жука не было.

Такога, як раней, калі студэнты ездзілі на бульбу, цяпер у калгасах не практыкуецца: ручную працу замянілі камбайны. Аксана ўспамінае, што збірала бульбу рукамі, толькі калі вучылася ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Але там былі выключна вопытныя палі, каб будучыя аграномы маглі практыкавацца. З дапамогай тэхнікі прыбіраць бульбу нашмат лягчэй. А каб на полі было чыста, насельніцтву пасля заканчэння копкі дазваляецца сабраць усё, што засталося пасля камбайна, але за невялікую плату. На поле дзеля гэтага нават бухгалтар выязджае.

Нягледзячы на тое, што праца стала па максімуме механізаванай, рытм застаўся напружаны.

— З 20 жніўня да 20 верасня ў нас сяўба азімых, хутка пачнём уборку кукурузы на кармы. Механізатары ледзь паспяваюць перасаджвацца з аднаго камбайна на другі. Адны на бульбяныя селі, другія пайшлі на сеялкі. Трэба рапс сеяць, глебу рыхтаваць. У сельскай гаспадарцы ўсё ўзаемазвязана. Калі нехта дрэнна выконвае свае абавязкі, агульная работа кульгае, — заўважае суразмоўніца.

Чалавек і справа

На зернесушыльным комплексе (КЗС) знаёмлюся з новымі цікавымі людзьмі. Стаж кіроўцы Анатоля Цітова ў гэтай гаспадарцы складае 48 гадоў. Ён возіць збожжа, бульбу з поля, працуе на таку. Апошнія 10 гадоў кіруе вялікагрузным МАЗам.

— Дапамагаў перавозіць ураджай ад камбайнаў, зараз задзейнічаны на КЗС, — рапартуе ён. — Ячмень, пшаніца, трыцікале, авёс — усё ўжо ўбралі. Чысцім КЗС, а збожжавыя ўбіраем на склады. Хутка пачну вазіць бульбу.

Загадчыца склада Надзея Марозава на гэтай пасадзе восем гадоў, а ўсяго працуе ў гаспадарцы 33 гады. Жанчына адбівалася ад мяне як магла — «сушыць трэба, спраў столькі, што не паспяваю», але ж пагадзілася прадэманстраваць вынікі сёлетняга жніва. Тым больш што ўраджай сапраўды добры.

— На жаль, дажджы збожжа падмачылі, — уздыхае яна. — Але мы яго высушылі як трэба.

— Гэта вельмі цэнны работнік, не можа яна працаваць «пусці павалюся», — характарызуе загадчыцу склада Аксана Таўшканава, калі мы зноў садзімся ў машыну і едзем глядзець, як спеюць цукровыя буракі. — Жанчына ўжо на пенсіі, але яшчэ запатрабаваная. Паважаю яе за тое, што яна ніколі не адступае перад цяжкасцямі, не скардзіцца, што ёй нешта перашкаджае. Наадварот, шукае спосаб, як выйсці са становішча і зрабіць усё як трэба. Наш Мікалаевіч таксама прафесіянал. У любы склад заедзе акуратна, загрузіць, разгрузіць — у яго руках справа спорыцца.

— А ці шмат маладых у гаспадарцы? — задаю набалелае пытанне і нават не веру сваім вушам.

— Так. Шмат маладых механізатараў працуюць на розных франтах — уносяць угнаенні, капаюць бульбу. Сярод спецыялістаў таксама шмат моладзі: галоўны інжынер, загадчык майстэрняў, галоўны ветурач. Выйграём за кошт таго, што наша гаспадарка прыгарадная. Мінус толькі ў тым, што ёсць цякучка. Толькі спрацаваўся з чалавекам, а ён ужо звальняецца. Але людзей зразумець можна. Цяжка ў сельскай гаспадарцы працаваць.

На­дзея Ма­ро­за­ва  дэ­ман­струе сё­лет­ні ўра­джай.

Асаблівасці атрымання цукру

Мы едзем сярод апрацаваных палёў, пасля жніва яны зноў задзейнічаны ў бясконцым сельскагаспадарчым абароце. Вунь спее кукуруза на сілас, а адразу за лесам пачынаецца плантацыя з цукровымі буракамі. Спачатку мне падалося, што буракі не ўдаліся — бацвінне нейкае малое.

— Не ўдаліся? — абураецца Аксана. — Ідзём глядзець.

І сапраўды падалося. Пад здавалася б сціплым бацвіннем сядзяць моцныя караняплоды.

— Вялікая плошча харчавання, таму яны і выраслі да такіх памераў, — заўважае суразмоўніца. — У раёне хапае гаспадарак, якія вырошчваюць цукровыя буракі — гэта выгадна, няблага акупляецца.

Але гэта толькі здаецца, што з буракамі ніякіх клопатаў. На самай справе тут столькі розных нюансаў.

— Мы сталі вырошчваць гэтую культуру гады тры таму, — кажа аграном. — Першы раз засеялі 30 гектараў, зараз 150. Культура добрая, але капрызная. Яшчэ трэба для яе глебу падабраць. На кіслай яна не расце, на пясчанай пладаносіць, але не вельмі. А колькі з ёй клопатаў, пакуль расце! Летась для буракоў было выключнае надвор'е — і для праполак, і для росту. А сёлета наадварот. Праполкі пачаліся — дажджу няма, а хімпрэпараты жорсткія. Што рабіць? Прыходзілася звяртацца да спецыялістаў. А вясной, калі буракі толькі ўзыходзілі, іх замаразкі прыхапілі. Лісце стала фіялетавым, скруцілася. Я ноччу спаць не магла, усё думала, што рабіць. З больш вопытнымі аграномамі раілася, па вайберы ім фоткі адпраўляла. І так кожны раз усё нейкія новыя праблемы ўсплываюць. Але, калі бачыш вынік сваёй працы, сэрца радуецца.

Буракі таксама ўбіраюць у гаспадарцы выключна камбайны. З дапамогай пагрузчыкаў яны загружаюцца ў вялікія грузавікі і едуць на чыгуначны вакзал. Адтуль ужо ў таварняках адпраўляюцца на Слуцкі цукровы камбінат.

— Буракі і бульба — гэта таварная прадукцыя, за якую мы атрымліваем грошы, — удакладняе намеснік дырэктара па ідэалогіі ААТ «Цішоўка» Уладзімір Белы. — А асноўны ўпор робіцца на збожжавыя. Сёлета валавы збор склаў 8500 тон. Зараз займаемся пасевам азімых збожжавых — пшаніцы і трыцікале на плошчы 3500 гектараў, пасеялі 500 гектараў азімага рапсу. Прыступаем да ўборкі кукурузы на сілас, бульбы і цукровых буракоў на агульнай плошчы 300 гектараў. Спецыялізацыя нашай гаспадаркі мяса-малочная і ўсё, што вырошчваецца, акрамя дзяржзаказу, ідзе на нашы патрэбы.

— Сёлетні ўраджай збожжавых склаў 40 цэнтнераў з гектара, — удакладняе Аляксандр Кажамяка, галоўны эканаміст гаспадаркі. — Сабралі збожжа на 1000 тон больш, чым летась. Рапсу атрымалі 540 тон супраць леташніх 389. Сенажу заклалі 15 755 тон, летась было 12 710. Ураджайнасць буракоў у мінулым годзе была 618 цэнтнераў з гектара. Сёлета, спадзяёмся, будзе не меншая.

— Наша гаспадарка ўваходзіць у дзясятку найлепшых у вобласці і дэманструе не самыя дрэнныя паказчыкі ў маштабах краіны, — з гонарам кажа Уладзімір Белы. — Нам ёсць чым пахваліцца на «Дажынках». А нашых камбайнераў, жывёлаводаў, механізатараў заўсёды віншуюць — яны вельмі працавітыя. Мы разумеем, што дзяржава ацэньвае нашу працу, таму і трымаем марку.

За дзве гадзіны знаходжання ў гаспадарцы я асабіста пераканалася ў гэтым. Дагледжаныя палі, працавітыя людзі — шчырыя і адказныя. Дзякуючы ім харчовая бяспека нам забяспечана.

У тэму

Першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага райвыканкама Аляксей Шуплякоў:

— Да першага верасня збожжавыя ўбяром, застануцца толькі грэчка і проса. З 30 жніўня пачынаем капаць цукровыя буракі, а потым нарыхтоўваць кукурузу на сілас. Акцэнт у раёне робіцца на зерне, кукурузу і цукровыя буракі. Апошняя культура ў нас расце на плошчы 2257 гектараў. Гародніны ў нас 134 гектары адкрытага грунту, бульбы 400 гектараў (не ўлічваючы фермераў). Збожжавыя былі пасаджаны на плошчы 28 211 гектараў, кукуруза на зерне — на 1400. Збожжавыя сёлета крыху «падгарэлі», ураджай атрымаўся меншы, чым планавалі. Затое спадзяванні на буракі добрыя. Сёлета ўпершыню пасадзілі эспарцэт — пясчаную канюшыну — і атрымалі добры ўраджай. Звычайная канюшына на пяску не расце, а гэта буяе. Цяпер у нас ёсць сваё насенне эспарцэту.

Начальнік аддзела інтэнсіфікацыі раслінаводства і меліярацыі камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Магілёўскага аблвыканкама Лілія Гулінская:

— Да масавай уборкі гародніны гаспадаркі вобласці яшчэ не прыступалі, яна спее. Стабілізацыйны фонд будзе закладвацца восенню — да 13 лістапада. Усё, што зараз збіраецца, — бульба ранняя, капуста сярэдняспелая, яблыкі раннія і гэтак далей, пастаўляецца ў гандлёвую сетку. У вобласці гандаль забяспечваюць вітамінамі на працягу года магілёўская гаспадарка «Кадзіна» і кіраўская — «Світанак». «Кадзіна», напрыклад, летась вырабіла 1000 тон бульбы і 6107 тон агародніны, у тым ліку капусты, морквы, буракоў, цыбулі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Магілёўскі раён

Фота аўтара

Загаловак у газеце: З хлебам, бульбай і цукровымі буракамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.