Вы тут

Чаму ліфты ў гродзенскіх дамах мяняюць марудна?


Замена гэтых агрэгатаў у гродзенскіх шматпавярховіках ідзе марудна.

Увесь ліфтавы фонд краіны неабходна прывесці ў належны тэхнічны стан да 2020 года. Такая задача пастаўлена кіраўніком дзяржавы яшчэ два гады таму. Але не ўсюды гэта работа вядзецца належным чынам. КДК Гродзенскай вобласці выявіў негатыўныя факты ў гэтай справе.


Дзяржаўная праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» прадугледжвае замену ліфтаў, якія эксплуатуюцца звыш нарматыўнага тэрміну, гэта значыць больш за 25 гадоў.

Працэс не такі хуткі, як хацелася б жыхарам дома. З асабістых назіранняў, работы могуць ісці каля двух месяцаў. Пры гэтым не толькі вядзецца замена самой пад'ёмнай кабіны на новую — у мэтах бяспекі ідзе ўстаноўка новага шахтнага абсталявання. Гэта хоць і больш затратна, але павялічвае тэрмін эксплуатацыі да 30 гадоў.

Аднак ліфтавыя казусы апошнім часам здараюцца даволі часта. Нават пасля таго як новы ліфт пушчаны, яго чамусьці часта адключаюць, нешта яшчэ рамантуюць, гэта, вядома ж, стварае для жыхароў праблемы. Менавіта з такімі наступствамі сутыкнуліся жыхары дамоў па вуліцах 17 верасня, Кляцкова, Дзяржынскага, што ў абласным цэнтры. Свае заўвагі яны накіравалі ў КДК Гродзенскай вобласці. У сваю чаргу, такія непаладкі адбіваюцца на тэмпах работ, бо спецыялісты вымушаны працаваць на гэтых аб'ектах, замест таго каб праводзіць планавую работу на новых.

Ва ўсялякім выпадку, замена ідзе марудна. За 2017 год, калі пачалася сістэмная работа ў гэтым кірунку, у вобласці замянілі толькі 50 ліфтаў, хоць планавалася 117. Найбольш актыўна работы ішлі летась, калі была распрацавана абласная праграма па замене старых ліфтаў. Як зазначылі ў абласным ЖКГ, на гэтыя мэты было выдзелена 10 мільёнаў рублёў. Кошт замены аднаго ліфта — 44 тысячы. Акрамя Гродна, дамы з ліфтамі ёсць у Лідзе, Смаргоні, Ваўкавыску, Слоніме і Мастах. Усяго па вобласці летась планавалася замяніць 240 ліфтаў.

Аднак частка планаў засталася на паперы. Як сведчыць праверка КДК, уведзена ў эксплуатацыю толькі 108 ліфтаў. Гэта значыць, што яны прайшлі выпрабаванні і атрымалі заключэнні Прамнагляду. А больш за палову адзінак не атрымалі такога пасведчання — значыць, работы на іх будуць працягвацца.

Не палепшылася сітуацыя з заменай ліфтаў і сёлета, канстатуюць у КДК. За першыя паўгода здадзена толькі 24 ліфты замест 47. Між тым планка на 2019 год даволі высокая — замяніць на новыя трэба 120 ліфтаў. Адставанне даволі значнае. Прычын нізкіх тэмпаў работы некалькі.

— Адна з іх — марудная распрацоўка праектаў па замене ліфтавага абсталявання, — адзначае начальнік упраўлення кантролю за работай галін гаспадаркі КДК Гродзенскай вобласці Наталля Жур. — Другая важная прычына — рост кошту замены абсталявання. Прычым цэны штогод растуць, хоць ёсць магчымасць іх знізіць — напрыклад, выключыць з праектаў неабгрунтаваныя затраты.

Пастаўкі абсталявання ажыццяўляе ААТ «Магілёўліфтмаш». Для гэтага распрацаваны графікі. Магчымасці прадпрыемства «Гродналіфт», якое ажыццяўляе мантаж ліфтаў, — не больш за дзесяць у месяц. Таму ў ЖКГ шукаюць іншыя падрадныя арганізацыі, каб паскорыць работу. У іх ліку — прадпрыемства «Гроднажылбуд», дзе таксама ёсць ліцэнзія на ўстаноўку ліфтаў. Дарэчы, у новых ліфтах прадугледжана і сістэма відэанагляду. Праўда, практыка паказвае, што відэакамеры не працуюць, хоць на іх устаноўку затрачаны значныя сродкі.

У ЖКГ Гродзенскай вобласці мяркуюць кампенсаваць адставанне і да 2020 года замяніць яшчэ 300 ліфтаў, большая частка якіх знаходзіцца ў абласным цэнтры.

Маргарыта Ушкевіч

Загаловак у газеце: Калі запрацуе ліфт?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».