Вы тут

«Спас — бяры рукавіцы ў запас»


Чаму нельга есці яблыкі да сярэдзіны жніўня?


Жыццё нашых продкаў на працягу многіх стагоддзяў падпарадкоўвалася законам прыроды і ў той жа час рэлігійным абрадам. А часам яны спалучаліся (і злучаюцца сёння) у мудрагелістыя камбінацыі. Напрыклад, тое, што вырасла ў агародзе ці ў садзе, можна было есці не адразу, калі яно толькі саспела, а пасля пэўнага свята. Вось, напрыклад, Яблычнага Спаса, які ў народзе адзначылі колькі дзён таму.

Вы ведалі, што да гэтага часу яблыкі нельга было есці? На маёй роднай Мёршчыне кажуць, што Бог кідае льдзінку ў ваду на Ілью, 2 жніўня, і пасля гэтага дня ні ў якім разе купацца ў возеры нельга. Але паводле традыцыі іншых рэгіёнаў, восень надыходзіць у сярэдзіне жніўня. Пасля гэтага дня і буслы збіраюцца ў вырай, і ўраджай варта збіраць як мага хутчэй.

Свята, пра якое ідзе гаворка, звязана з выспяваннем пладоў. Так, раней і сёння ў гэты дзень у храмах асвячалі яблыкі і іншую садавіну і гародніну, толькі пасля гэтага дазвалялася іх есці. Існуе нават прымаўка: «Добра яблычка к Іспасу». Да Яблычнага Спаса яблыкі (а таксама грушы, агрэст, гарох і боб) есці забаранялася, асабліва жанчынам, у якіх раней паміралі дзеці. У адпаведнасці з павер’ем, у гэты дзень Бог ці Божая Маці на нябёсах раздае ўсім памерлым дзеткам па яблычку, а тое дзіця, чыя маці каштавала іх раней дазволенага часу, пачастунку не атрымае. Страшылі таксама бацькоў, якія дачасна елі яблыкі, бо з-за гэтага ў іх памруць дзеці.

Як кажуць навукоўцы, нашы продкі былі ўпэўненыя, што есці яблыкі да гэтага дня непажадана. Магчыма, гэта звязана з тым, што яблык, праз розныя біблейскія гісторыі, лічыўся садавіной граху, праз які Ева і Адам пазбавіліся Раю. Але па традыцыі менавіта ў гэты дзень пачынаўся збор ураджаю, бо дагэтуль усё лічылася няспелым і неядомым. Да Яблычнага Спаса ніякай гародніны, акрамя агуркоў, не елі.

Пасля таго, як яблык быў асвечаны, трэба адкусіць кавалачак і загадаць жаданне. Праз некаторы час, верылі: яно здзейсніцца. У гэты дзень прынята было брацца шлюбам: бо новая сям’я будзе моцная і здаровая. Прынята частаваць яблыкамі сяброў і знаёмых.

Дарэчы, як і на любое важнае свята, у беларусаў на Спас прынята завітваць на могілкі. Так, асвечаныя яблыкі пакідалі на магілах блізкіх людзей. У дзень Яблычнага Спаса забаронена сварыцца з тым, хто побач. Лічыцца, што ўсё кепскае, зробленае ў гэты дзень, вернецца памножаным на тры разы. Лічыцца таксама, што няварта пасля гэтага дня пакідаць на полі ўраджай: ён будзе знішчаны. У гэты дзень прынята адзяваць белае адзенне, каб збіраць ураджай ці займацца працай па доме.

У народзе Спас лічылі таксама і днём адлёту буслоў. Існуюць і своеасаблівыя прыкметы: калі буслы пачыналі рыхтавацца да вылету ў вырай за тыдзень перад Спасам, чакалася, што зіма надыдзе раней і будзе марозная, а вясна — цяплейшая; калі ж пасля Спаса — восень будзе цёплая, зіма позняя, а вясна халодная. Адлёт буслоў сведчыў пра набліжэнне зімы, а прыказкі нагадваюць: «Спас — лета шась!», «Спас — бяры рукавіцы ў запас». Калі няма дажджу, то і восень будзе сухая, а зіма — суровая. Калі дажджлівы дзень, то і восень будзе шчодрая на ападкі.

Смешна, але на Спас забаронена забіваць насякомых. Лічыцца: калі муха села на вас у гэты дзень двойчы, то вас будзе суправаджаць поспех.

Дарэчы, у гэты дзень да ўзыходу сонца праводзілі абрад выгнання клапоў. «Прыйшоў Спас, штоб не было клапоў у вас!». Паколькі на тую пару з’яўляецца шмат аваднёў, то ў Лельчыцкім раёне кажуць: «Прыйшоў Спас, то пабярэ чорт і нас».

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Альфрэда МІКУСА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?