Вы тут

Па вострым лязе лёсаў


Роздум вакол кнігі Зіновія Прыгодзіча “Літаратура як лёс. Пра літаратараў і літаратуру”


Зіновій Прыгодзіч з зямлячкай-настаўніцай Валянцінай Раманцэвіч сустрэліся ў рэдакцыі газеты “Голас Радзімы”

Ягоная выключная працавітасць у немаладым ужо веку вельмі ўражвае. Пару гадоў таму я пісаў пра грунтоўны трохтомнік “Постаці”: “Журналісцкая трылогія пра сучаснікаў” — ГР, 5.05.2017. Здзіўляўся: старэйшы калега на грунце даверлівых, шчырых гутарак з вядомымі людзьмі культуры й мастацтва Беларусі стварыў трыццаць жыццёва-творчых партрэтаў. Ого, якая праца! Тэксты друкаваліся ў СМІ, потым выйшлі кнігамі. А летась Зіновій Кірылавіч падарыў мне зялёны томік “Літаратура як лёс. Пра літаратараў і літаратуру” — “Кнігу першую” з сяброўскім надпісам, аўтографам і пазнакай “5.ХІ.2018”. Зусім нядаўна пабачыліся мы ў вестыбюлі Дома прэсы, дзе разам працуем — і надпісаў мне аўтар “Вечаровае. Пра час і пра сябе”. Кнігу, патлумачыў галоўрэд папулярнага выдання “Гаспадыня. Сямейны часопіс”, выдаў толькі што (сваім коштам, як і ранейшыя) да 75‑годдзя: увосень адсвяткуе юбілей. А ўжо выйшлі, казаў, і тры кнігі ягонай асабістай “серыі” “Літаратура як лёс”.

Эх, лёс, лёс… Што мы пра яго ведаем? Можна было б паразважаць і пра нябачнае ласо лёсу ў літаратуры, якое ў свой час, у далёкія 30‑я, многіх творцаў звяло са свету. І пра вострае лязо таго ўладнага лёсу, што вельмі балюча раніць. Як там у Высоцкага: “Поэты ходят пятками по лезвию ножа/ И ранят в кровь свои босые души…”. А ў імя чаго тое ўсё, можа сёння запытаць маладзён-прагматык? Нейкага матэрыяльнага прыбытку з такое працы, пэўна, Зіновію Прыгодзічу няма. Дзе толькі часу ды грошай бярэ працавіты паляшук (з вёскі Лышча родам ён, з Піншчыны), кандыдат філасофскіх навук, даўно прапісаны ў Мінску, на такія рамантычна-затратныя праекты?

Адказ цікаўным знойдзецца ў тым самым “Вечаровым”, дзе аўтар гранічна шчыра піша: “Праца ў часопісе стала не толькі сродкам матэрыяльнага забеспячэння. Яна дала мне таксама выдатную магчымасць для творчасці. (Во дзе лёс!.. Бо ствараў гэтае выданне Зіновій Кірылавіч з сябрамі з нуля ў сакавіку-красавіку 1992 года, можна сказаць, як выратавальны круг, ад безвыходнасці: былога партработніка проста нідзе не бралі на працу. — Аўт.). Усё лепшае, што напісана мною, напісана ў гэтыя гады. Я маю на ўвазе перш за ўсё трылогію “Постаці”, тры кнігі пра літаратуру й літаратараў ды шэраг іншых дакументальных твораў”. Прычым, удакладняе Зіновій Кірылавіч, ягоны літаратурны набытак высока ўжо ацэнены на дзяржаўным узроўні. Ён — лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, мае званне “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь”.

Прыйшоў жа ў дакументальную літаратуру, “прыкіпеў” да яе назаўсёды мой старэйшы сябар дзякуючы журналістыцы. Мы, дарэчы, абодва “звяздоўцы”: ён працаваў у старэйшай беларускай газеце “Звязда” ў 1967–77 гадах (якраз тады я ў школе вучыўся…), а наша газета “Голас Радзімы” год таму трапіла пад крыло Выдавецкага дома “Звязда”. Лёсы, бач ты, сышліся… Лёс і тое, што знаёміў нас вялікі пісьменнік Янка Сіпакоў: мы ў 90‑я з Іванам Данілавічам поплеч працавалі ў рэдакцыі часопіса “Беларусь”, куды запрасіў нас галоўрэд Аляксандр Шабалін — сябар Зіновія Прыгодзіча. Што да праекта “Літаратура як лёс”, то магчымым ён стаў, пэўна ж, якраз дзякуючы вялікаму колу сяброў і знаёмых Зіновія Кірылавіча, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, у колах літаратараў. Ну так склаўся лёс: з лютага 1977‑га ён, яшчэ пісьменнік-пачатковец, працуючы ў аддзеле культуры ЦК кампартыі Беларусі, курыраваў якраз літаратуру. (Праўда, нядоўга: у хуткім часе змяніў на пасадзе памочніка сакратара ЦК Кузьміна вядомага журналіста, і сябра свайго, Аляксандра Шабаліна.)

Вось і ў “Вечаровым” зборніку згадвае, што бываў па тым часе, напрыканцы 70‑х, на сходах творчых калектываў, юбілеях такіх магутных майстроў слова, як Максім Танк, Янка Брыль, Іван Шамякін… І лёгка зразумець, што збліжала тых творцаў, хоць і такіх розных людзей — агульныя вясковыя родавыя карані.

Нарадзіцца ў вёсцы — лёс. Прайсці-вырасці, прабіцца з вясковае глыбінкі ў вялікую літаратуру — таксама. Паглыбляючыся ў дыялогі Зіновія Прыгодзіча з ягонымі суразмоўцамі з 1‑й кнігі праекта “Літаратура як лёс”, я заўважыў: а яны ж усе-ўсе вяскоўцы! 10 прозвішчаў — 10 непаўторных дарог “ад самае зямлі” да славы, прызнання ў літаратурным свеце. Васіль Быкаў, Аляксей Дудараў, Уладзімір Ліпскі, Максім Лужанін, Адам Мальдзіс, Георгі Марчук, Алесь Савіцкі, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў, Генадзь Бураўкін — усе, як кажуць, з хат. І кожны па лязе лёсу пад назвай літаратура змог выйсці ў людзі.

Зіновій Прыгодзіч, безумоўна, перажывае за лёс айчыннай літаратуры. І сапраўды: ну хто ж гэта будзе кніжкі чытаць, а тым больш па-беларуску, калі моладзь “патанае” ў інтэрнэце? А між тым, слушна заўважае ў прадмове аўтар, менавіта “кніга робіць чалавека духоўна багатым, а яго жыццё — эмацыйна насычаным. Кніга вучыць нас думаць, суперажываць, любіць, дараваць…” Народжаны й выхаваны ў пару высокіх ідэалаў, “завостраны” жыццём змагацца за іх, Зіновій Кірылавіч і ўзвышае свой голас за чытанне, за разумную, мудрую кнігу. І ў імя таго ахвяруе свой час, уласныя сродкі. Разумеючы, аднак, што адзін у полі — не воін, ён і звяртаецца да тых, “для каго літаратура стала не гульнёй, не прыемным заняткам, а справай жыцця, дзе лёс цесна й арганічна пераплёўся з прызнаннем і прадвызначэннем”.

Кожны з яго субяседнікаў — Асоба. Многа і святла, і мудрасці, і болю ўмясціла вялікае эсэ пра Генадзя Бураўкіна. Драматычна, з мноствам нюансаў, паўтаноў і глыбокіх развагаў, вострых, але гранічна ўзважаных фармулёвак пра месца пісьменніка ў сённяшнім, постсавецкім, спажывецкім свеце пададзены аповед пра гэтага прызнанага паэта, вядомага дзяржаўнага дзеяча. Дарэчы, ягонай кар’еры ў свой час, прызнаваўся паэт, спрыяў Пётр Машэраў, сімпатызаваў яму. І быў яшчэ такі цэкоўскі сакрэт: Бураўкіна рыхтавалі, аказваецца, у сакратары ЦК КПБ па ідэалогіі, аднак пасля трагічнай гібелі Пятра Міронавіча “ўсё заглухла”. Шчымліва-шчыра, у стылістыцы асабістага дзённіка вернага сябра (якім і быў доўгія гады Зіновій Кірылавіч для Генадзя Мікалаевіча) выпісана эсэ “З любоўю і нянавісцю зямною. Генадзь Бураўкін: згадкі і роздум”. Амаль паўкнігі заняло — звыш 170 старонак. Столькі ўсяго, раней прыхавана-невядомага, чытаем пра “вінцікі-калёскі” ў дзяржаўным, літаратурным жыцці! Згадваюцца, у тэму нашай газеты, словы Рыгора Барадуліна пра Генадзя Бураўкіна як “цэлую эпоху ў нашым адраджэнні. Там, дзе ён быў, там была беларушчына. І на тэлебачанні, і ў часопісе “Маладосць”, і ў ААН. Дарэчы, менавіта Бураўкін першым з савецкіх чыноўнікаў працягнуў руку беларускай эміграцыі. Гэта паэт і палітык шырокага маштабу”. А колькі залацінак з бураўкінскіх вершаў выбраў сябар! Напрыклад, з кнігі “Жураўліная пара”, у якой, разважае аўтар эсэ, “як ні ў адной з ранейшых, шмат болю, горычы, самоты, журбы, але яшчэ больш цеплыні, святла, любові, шчымлівай пяшчоты”.

Па новых кнігах Зіновія Прыгодзіча можна вывучаць як гісторыю беларускай літаратуры, яе руплівых працаўнікоў, так і гісторыю Бацькаўшчыны. У трохтомніку сабраны каштоўны жыццёвы досвед вядомых пісьменнікаў, іх мудрыя выслоўі, што падсвечваюць не проста іх унутраныя светы — патаемныя глыбіні калектыўнага светапогляду, беларускай ментальнасці.

Іван Ждановіч

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?