Вы тут

Італьянская “Фелічыта” і карэйскі k-pop


З канца мая па канец верасня доўжыцца сезон святаў нацыянальных культур у Верхнім горадзе ў Мінску


Эстонскі танцавальны калектыў “Куу”

Беларусь — краіна шматнацыянальная, і тое можна пабачыць на свае вочы ў Верхнім горадзе. Адкрываў сезон святаў нацыянальных культур напрыканцы мая самабытны беларускі фэст “Вясновы букет”, а 1 чэрвеня мы знаёміліся з культурай Швецыі. Кітайцы закрыюць сезон 28 верасня. Усяго сёлета 15 розных нацыянальнасцяў, прадстаўнікі многіх з якіх жывуць у Беларусі, знаёмяць мінчан са сваёй культурай. Амбасады згаданых краін, а таксама Расіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Італіі, Карэі, Эстоніі, Украіны, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Малдовы, Грэцыі ды Ізраіля, дапамагаюць сваім грамадзянам патрапіць у Мінск і выступіць тут з цікавай і насычанай праграмай.

У чэрвені сваю нацыянальную самабытнасць, дасягненні дэманстравалі Швецыя, Расія, Польшча й Вялікабрытанія. Швецыя разгарнула ў Верхнім горадзе 17 пляцовак, сярод якіх турыстычная, спартыўная, індустрыяльная, аўтамабільная, а таксама пляцоўка віртуальнай рэальнасці. У эказоне наведнікам прапанавалі экапрадукты, паказалі экаспектакль. Стакгольмскія й беларускія клоўны паўдзельнічалі ў парадзе, зладзілі шоу мыльных бурбалак. Упершыню прайшлі спаборніцтвы дарожна-будаўнічай тэхнікі, а іх пераможцы цяпер змогуць паехаць на экскурсію ў шведскі горад Эскільстуна. Было на свяце Швецыі шмат музыкі. Многім запомніўся выканаўца лірычных баладаў Йенс Лекман, шведскі хор, выступленне спявачкі й пераможцы “Еўрабачання‑2012” Лорын і групы J: Морс.

Вялікабрытанія паўдзельнічала ў фестывалі другі раз. Свята пачыналі валыншчыкі Каралеўскага ірландскага палка, якія шэсцем прайшлі ад Амбасады Вялікабрытаніі да галоўнай сцэны каля Ратушы. Шэраг англійскіх твораў быў упершыню ў той дзень прадстаўлены на беларускай мове. Пісьменнік Найджэл Робертс прэзентаваў сваю кнігу “Гід па Беларусі”. На фуд-кортах гасцям прапанавалі стравы, згатаваныя па рэцэптах брытанскай кухні.

Амбасада Італіі падаравала свята ў Мінску ў чацвёрты раз — тое было 13 ліпеня. Спачатку выступалі сцяганосцы з камуны Сант-Эльпідыя-а‑Марэ. У той дзень гучала класічная й папулярная італьянская музыка, прайшло “Шоу піццайола”, паказ мод, майстар-класы па футболе і ўрокі прыгажосці. У знак сяброўства паміж Італіяй і Беларуссю на сцэне разам выступалі артысты абедзвюх краін. Па горадзе разносіліся такія знаёмыя для беларусаў песні, як “Фелічыта” і “Лашата мі кантарэ”. Госці спрабавалі італьянскія піцу, лазанню й брускету.

Жнівень у Верхнім горадзе распачалі карэйцы. Урачыстасць адкрываў Амбасадар Рэспублікі Карэя ў Беларусі Тхэ Чжун Ёль. Музычнае шоу на нацыянальных ударных інструментах самульнары́ паказаў калектыў “DoodulSorі”. Можна было пачуць і модную музыку k‑pop, якая ўзнікла ў Паўднёвай Карэі ды мае мільёны прыхільнікаў сярод моладзі па свеце. Мы даведаліся пра гісторыю карэйскага народнага касцюма “ханбок”, ацанілі выступленне ансамбля карэйскай культуры “Арыранг” Асацыяцыі беларускіх карэйцаў у Мінску.

10 жніўня ў Верхнім горадзе выступалі эстонцы: у днях нацыянальных культур паўдзельнічалі другі год запар. Олівер Манглус, кіраўнік эстонскай суполкі “Ластаўка” ў Беларусі, пастараўся запрасіць на свята гурты з краіны, дзе нарадзіўся. Пры падтрымцы Амбасады Эстоніі змаглі выступіць камерны хор “Кунгла” (Вільяндскага павета), Моладзевы духавы аркестр Хар’юмаа і Струнны аркестр Хар’юмаа (Хар’юскага павета). Парадаваў гледачоў і фальклорны гурт “Лійсо” з Таліна, жаночы танцавальны калектыў “Куу” з Пярнускага павета, а таксама народны танцавальны калектыў “Каякас” з горада Пярну. Ужо ў другі раз перад мінчанамі выступаў духавы аркестр Saxson з Пярну. У аркестры граюць 2-3 пакаленні музыкантаў, ім ад 13 да 78 гадоў. Самыя старэйшыя пачыналі граць у аркестры яшчэ у 70‑х гадах. Артыст Марка Матверэ з Таліна выканаў песні выбітнага эстонскага савецкага опернага і эстраднага спевака Георга Отса (эст. Georg Ots, 1920–1975). Беларусам спадабалася й музыка, якую гралі піяністка з Таліна Тарма Ээсперэ і баяніст з Пярну Маргус Луур. Гасцей эстонцы частавалі рыбнымі стравамі, згатаванымі па адмысловых рэцэптах. Не абышлося і без тэхнічных навінак: сваю прадукцыю прэзентавала эстонская транспартная кампанія “Lux Express”.

Эстонскія кухары частавалі гасцей рыбай

Грузінскі фестываль “Тбілісоба” распачаўся 24 жніўня. Яго хедлайнерам стаў адзін з самых папулярных калектываў Грузіі “Мгзавребе”. Гурт стварыў Гігі Дзедаламазішвілі, ён выступае ў стылі рок-фолк. Папулярнасць да яго прыйшла пасля выхаду фільма “Город мечты”, у якім “Мгзавребе” выканаў свой саундтрэк. Слухачы цёпла віталі й вядомы калектыў з Грузіі “Швідкаца”, а таксама ўладальніка першай прэміі сёлетняга “Славянскага базара ў Віцебску” Георгія Путкарадзэ.

Усяго ў жніўні святы нацыянальных культур зладзілі 5 краін: Карэя, Эстонія, Украіна, Грузія, Арменія. У верасні праграма ў Верхнім горадзе будзе не менш насычанай: мы пабачым святы ад Азербайджана, Малдовы, Грэцыі, Ізраіля, Кітая.

З 2015 года, калі пачалі ладзіцца дні нацыянальных культур у Мінску, адбылося каля 40 такіх святаў.

Ганна Лагун

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?