Вы тут

Як прадухіліць развіццё школьна-залежных захворванняў?


За апошняе дзесяцігоддзе значна вырасла распаўсюджанасць школьна-залежных захворванняў: практычна кожны чацвёрты сярод навучэнцаў мае тую ці іншую паталогію зроку і знаходзіцца на дыспансерным уліку ў афтальмолага, са 100 вучняў прыблізна 40—50 маюць адхіленні ў развіцці апорна-рухальнага апарата, 10—20 — нервова-псіхалагічныя дысфункцыі. Што трэба ведаць бацькам школьнікаў, каб захаваць іх здароўе, карэспандэнт «МС» пацікавіўся ў загадчыка педыятрычнага аддзялення дзіцячай паліклінікі № 2 г. Гродна Аксаны ТРАХІМІК.


— Хацелася б даведацца, якія захворванні можна лічыць школьна-залежнымі?

— Згодна са статыстыкай, на першае месца выходзяць захворванні вачэй: блізарукасць, астыгматызмы, спазм акамадацыі, дальназоркасць. Другое месца ў градацыі школьных захворванняў трывала належыць хваробам апорна-рухальнага апарату, такім як парушэнне паставы, скаліёз, плоскаступнёвасць. На трэцім месцы захворванні нервовай сістэмы: вегетатыўная дысфункцыя, галаўны боль, неўрозы.

На іх развіццё значна ўплываюць працяглыя зрокавыя і эмацыянальныя напружанні, тое, што дзеці не прытрымліваюцца рацыянальнага рэжыма дня і харчавання, а таксама іх недастатковая рухальная актыўнасць. Дарэчы, чым вышэйшы школьны «стаж», тым вышэйшы адпаведная захваральнасць. Напрыклад, калі парушэнні зроку сярод першакласнікаў адзначаюцца ў 7—9 %, то сярод пяцікласнікаў іх удзельная вага ўжо складае 22—23 %, у 8 класах — 27—29 %, а ў 9—11 класах — 30—35 %. Такім чынам гэты паказчык павялічваецца ў чатыры разы.

— Прычына ў напружаным школьным графіку?

— Пагаршэнне зроку правакуюць вялікія нагрузкі падчас навучальнага працэсу, захапленне гаджэтамі і недастатковая прафілактыка блізарукасці на самай ранняй стадыі. Насцярожвае тэндэнцыя да павялічэння колькасці паталогій зроку ў дзяцей, якія ідуць у першы клас. У перыяд 2018—2019 гадоў амаль кожны дзясяты першакласнік меў паталогію зроку, чаго раней не было.

Таксама з узростам значна павялічваецца і распаўсюджанасць паталогій апорна-рухальнага апарата. Скаліёз і скаліятычныя дэфармацыі грудной клеткі рэгіструюцца ў падлеткавым узросце ў дзесяць разоў часцей, чым у першакласнікаў, што сведчыць пра значныя парушэнні функцый пазваночнага слупа, якія патрабуюць працяглай рэабілітацыі.

— Як жа пазбегнуць пагаршэння здароўя дзяцей?

— Неабходна прытрымлівацца некалькіх простых, але важных умоў, правераных жыццёвым вопытам і назіраннямі медыцынскіх работнікаў.

Па-першае, неабходна стварыць аптымальныя ўмовы для «работы вачэй» (дастатковая асвятляльнасць, святло павінна падаць злева зверху, кніга павінна знаходзіцца на падстаўцы на адлегласці 35 сантыметраў ад вачэй, адлегласць ад манітора — даўжыня выцягнутай рукі дзіцяці, сядзець пры гэтым неабходна роўна перад экранам, для пачатковых класаў трэба выкарыстоўваць вялікі шрыфт).

Па-другое, трэба выконваць зрокавы рэжым і адэкватна размяркоўваць нагрузку. Гэта значыць, што трэба прытрымлівацца рэкамендацый да працягласці работы за камп'ютарам і карыстання гаджэтамі: у пачатковай школе 15 хвілін, у сярэдняй — да 30 хвілін, у 10—11 класах дазваляецца гадзіна бесперапыннай работы.

Акрамя таго, неабходна забяспечыць дзецям дастатковую працягласць адпачынку і сну — на працягу 8—10 гадзін.

Уплывае на здароўе школьнікаў і збалансаванае рацыянальнае харчаванне. Асаблівае значэнне маюць прадукты, якія ўтрымліваюць вітамін А, караціноіды (морква, апельсіны, тыква, капуста, салат), вітамін С і прыродныя антыаксіданты (чарніцы, шыпшына, цытрусавыя, парэчкі, журавіны), вітаміны Е і В2, амега-3-полінасычаныя тлустыя кіслоты, цынк, селен (расліннае масла, арэхі, авакада, мяса, рыба, яйкі, малочныя прадукты) і калій (бульба, дыня, разынкі, курага).

Штогод трэба кантраляваць зрок дзяцей: у школьным медкабінеце і пры неабходнасці кансультавацца ў афтальмолага. Штодня рабіць зрокавую гімнастыку пасля працяглай нагрузкі на вочы.

А яшчэ неабходна кантраляваць паставу. Трэба памятаць: няправільная поза за сталом першасная, а блізарукасць другасная!

Гутарыла Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Гаджэты старшакласнікам — не больш за гадзіну!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.