Вы тут

Наколькі небяспечныя ў наш час дзіцячыя пляцоўкі і хто павінен кантраляваць іх стан?


Усё часцей дзіцячыя пляцоўкі з месца для адпачынку ператвараюцца ў нагоду для спрэчак, самыя сур'ёзныя з якіх даходзяць да судоў. Справа ў тым, што значна ўзрасла імавернасць атрымаць траўму падчас гушкання на арэлях ці катання з горкі. Заклапочаныя бацькі задаюць справядлівыя пытанні: наколькі небяспечныя ў наш час дзіцячыя пляцоўкі і хто павінен кантраляваць іх стан?


Упаў, ачуўся, гіпс

Фота Марыны Бегунковай.

Па статыстыцы, са 100 тысяч беларускіх дзяцей 8-10 тысяч атрымліваюць траўмы на дзіцячых пляцоўках. Лічба немаленькая. Асабліва калі мець на ўвазе, што гэтыя самыя пляцоўкі ствараюцца ў першую чаргу для бяспекі: не было б іх, увогуле невядома, куды б малыя лезлі ў вольны час. Але, як паказвае практыка, не ўсё так адназначна.

Чатыры гады таму дзве сталічныя школьніцы трапілі ў бальніцу акурат з дзіцячай пляцоўкі. Падчас гульні на іх упала бетонная арка. Абедзве дзяўчынкі атрымалі пераломы і, вядома, вельмі напужаліся. Ніхто нават і ўявіць не мог, што двор, на якім яны рабілі яшчэ свае першыя крокі, паднясе такі «сюрпрыз». Ці яшчэ адзін прыклад: мінулай вясной васьмігадовы хлопчык траўміраваўся на каруселі — нагу заціснула настолькі, што давялося рабіць дзве аперацыі, каб ён зноў мог хадзіць. Маці школьніка была ўпэўненая ў вінаватасці камунальнікаў, якія не выявілі няспраўнасць гульнявога абсталявання, і напісала заяву ў міліцыю. У сваю чаргу, супрацоўнікі жыллёва-экспуатацыйнай канторы даказвалі, што карусель была ў парадку. Ва ўсялякім выпадку, гэта зафіксавалі праваахоўныя органы. У выніку адказнасць за сітуацыю ніхто на сябе так і не ўзяў, кожны застаўся пры сваім меркаванні. Але ці павінна так быць?

У Беларусі дзейнічае адзіны дзяржстандарт, які прадугледжвае выраб, устаноўку і эксплуатацыю абсталявання для дзіцячых гульнявых пляцовак. Фактычна адказнасць за пляцоўкі нясе тая арганізацыя, якая займаецца абслугоўваннем прыдамавой тэрыторыі. Як правіла, гэта жыллёва-эксплуатацыйная ўстанова. У адным толькі Мінску больш за чатыры тысячы пляцовак, якія змяшчаюць каля 27 тысяч адзінак гульнявога і спартыўнага абсталявання, знаходзяцца на абслугоўванні гарадской жыллёвай гаспадаркі. Аднак ёсць пляцоўкі, што належаць таварыствам прыватнікаў, і тады адказнасць ляжыць на іх. У стандарце прапісана, што кантроль за гульнявым і спартыўным абсталяваннем павінен ажыццяўляцца штодзённа. Напрыклад, падчас уборкі дворнікамі. Больш дэталёвая праверка (у тым ліку і на трываласць) прадугледжана раз на 1-3 месяцы супрацоўнікамі ЖЭУ. Двойчы на год — восенню і вясной — адбываюцца планавыя агляды спецыяльнымі камісіямі.

Акрамя таго, штогод у адмысловыя рэйды па дзіцячых пляцоўках адпраўляецца пракуратура. Перад пачаткам летніх вакацый яе прадстаўнікі абыходзяць выпадкова абраныя пляцоўкі і правяраюць, наколькі яны падрыхтаваныя да сезона. Вынік — нязменныя прадпісанні з патрабаваннямі неадкладна прывесці ў належны стан гульнявое абсталяванне ці заняцца санітарным станам месца.

Любіш катацца?

Любі і за пляцоўкай назіраць

Будзем рэалістамі: далёка не ўсе камунальнікі настолькі дысцыплінаваныя, каб штодзень правяраць, ці не здарылася чаго-небудзь з арэлямі за ноч. Нельга выключаць чалавечы фактар — няспраўнасць можна проста не заўважыць. Да таго ж дзіцячыя пляцоўкі час ад часу «акупуюць» зусім не тыя, для каго яны прызначаныя. Гэта і таварышы з бутэлькамі піва ці чаго мацнейшага, і падлеткі, якім рукі свярбяць што-небудзь зламаць. Таму адзінае, што можна параіць бацькам: калі адпраўляеце дзяцей адных у двор, самі спачатку пераканайцеся, што там усё нармальна.

Інтэрактыўная карта на сайце 115.бел, які створаны для паляпшэння жыллёва-камунальных паслуг у гарадах краіны, штодзень папаўняецца дзясяткамі прэтэнзій менавіта ад матуль і татаў. «Дзе сядушка на арэлях? Дзеці калыхаюцца на голым жалезе!», «Дзірка ў пластыкавай горцы. Сын рэгулярна прыходзіць дадому ў падраных штанах. Зрабіце што-небудзь», «Калі прывараць турнікі? Яшчэ некалькі тыдняў у такім стане — і яны ўпадуць каму-небудзь на галаву», — пішуць бацькі. За выпраўленнем недахопаў можна сачыць у рэжыме анлайн. Зручна. Але самае важнае — тут праблемы сабраныя і выкладзеныя ва ўсеагульны доступ. Так бы мовіць, адзін заўважыў і папярэдзіў усіх астатніх.

Забавы не па дзяржстандарце

У 2015 годзе героем сродкаў масавай інфармацыі стаў звычайны пенсіянер з вёскі Агароднікі, што ў Лідскім раёне. Мужчына сваімі рукамі змайстраваў насупраць дома шыкоўны спартыўна-забаўляльны комплекс, якому маглі б пазайздросціць многія гараджане. Валейбольная і танцавальная пляцоўкі, арэлі і турнікі на любы густ, з'явілася нават горка, з якой можна было спускацца ў самаробны басейн. І ўсё гэта на маляўнічым беразе Нёмана. Дзецям з навакольных вёсак месца, канешне, палюбілася. Прыязджалі бавіць час госці з Гродна, Мінска і нават замежнікі.

Услед за натоўпамі адпачывальнікаў падцягнуліся і мясцовыя ўлады. Па заканадаўстве пенсіянер не меў права «захопліваць тэрыторыю» і «займацца самадзейнасцю», хоць і з добрымі намерамі. Праверкі, штрафы і падтрымка соцень людзей, якія прыкіпелі да «пляцоўкі дзеда Славы» — за некалькі гадоў мужчына прайшоў праз усе бюракратычныя колы толькі таму, што «забавы зробленыя не па дзяржстандарце» і няма афіцыйнай асобы, якая б несла адказнасць за комплекс. Тут ужо нічога не скажаш: закон на тое і закон, каб яму падпарадкоўвацца. З другога боку, сам мужчына фактычна і быў назіральнікам за комплексам: і траву касіў, і прыбіраўся, і правяраў спраўнасць абсталявання. І ўсё ж на добрым слове такая справа трымацца не можа. У выніку вясковы актывіст і ўлады прыйшлі да кампрамісу. Сельсавет пачаў пакрысе яму дапамагаць. Праўда, гэта адзіны выпадак, які скончыўся мірна. Большасць самаробных дзіцячых пляцовак (а такія ёсць ледзь не ў кожнай другой вёсцы, толькі па маштабе меншыя) або застаюцца незаўважныя, або дэманціруюцца.

У тэму

Беларускія траўматолагі зазначаюць, што большасць дзіцячых траўмаў, атрыманых падчас гульняў на вуліцы, звязаныя з арэлямі. Урачы не стамляюцца паўтараць: лепш за ўсё, калі дзеці (асабліва дашкольнага ўзросту) гушкаюцца на іх пад наглядам дарослых. Акрамя таго, самым заўзятым аматарам гэтай забавы трэба нагадваць элементарныя правілы бяспекі. Напрыклад, зваліўся з арэляў — адразу не ўскоквай, бо яны ж без цябе працягваюць вагацца і могуць ударыць па галаве. На другім месцы па колькасці нанесеных траўмаў — каруселі. Тут часцей за ўсё бяда здараецца, калі падчас руху рукі, ногі і адзенне неспадзявана зазрасаюць паміж элементамі абсталявання — трэба быць уважлівымі. Горкі — яшчэ адзін лідар па пастаўцы дзяцей у прыёмны пакой бальніц: адсутнасць борцікаў, няправільная ўстаноўка і нясвоечасовы догляд прыводзяць да падзенняў зверху.

Ганна КУРАК

Загаловак у газеце: Гульні з наступствамі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.