Вы тут

Алесь Суша: Мабыць, упершыню за апошнія стагоддзі выданні Скарыны не вывозіліся з Беларусі, а прывозіліся


Днямі адбылася без перабольшання гучная падзея — прэзентацыя факсімільнага выдання Берасцейскай Бібліі, мабыць, самай дарагой, вялікай і загадкавай кнігі ў гісторыі айчыннага кнігадрукавання наогул. Такі шыкоўны падарунак землякам зрабіла Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая рэалізавала праект сумесна з кампаніяй «Белнафтастрах». Падобны прыклад міжнароднага супрацоўніцтва і прыватна-дзяржаўнага партнёрства ў гэтай сферы далёка не першы: у свой час менавіта так былі вернутыя ў Беларусь многія выданні Францыска Скарыны, адноўленыя Тураўскае і Слуцкае Евангеллі, першы ў свеце «Буквар»...

Натуральна, аднаўленне нацыянальнай кніжнай спадчыны — справа не аднаго дня і нават не аднаго года. Што браць за пункт адліку, як працуюць кніжныя «Індыяны Джонсы» і як заахвочваць прыватны бізнес падтрымаць высакародную справу, размаўляем з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці, старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Алесем СУШАЙ.


— Часам ідэі факсімільнага ўзнаўлення выношваюцца дзесяцігоддзямі. У самым канцы 1980-х — пачатку 1990-х быў пэўны бум факсімільнага перавыдання, — успамінае Алесь Аляксандравіч. — У той перыяд, калі ішло наноў дзяржаўнае будаўніцтва суверэннай Беларусі, многія даследчыкі і грамадскія дзеячы звярнуліся да каранёў: факсімільна перавыдалі пражскія выданні Скарыны, Статут Вялікага Княства Літоўскага, цэлы шэраг выданняў так званага новага беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя... Гэтыя выданні зрабілі выключную справу ў плане ўмацавання годнасці і гонару насельніцтва Беларусі за свае традыцыі, культуру.

Я быў зусім малы, але памятаю, з якім гонарам хадзілі мае бацькі, атрымаўшы ў рукі Статут ВКЛ ці трохтомнік Скарыны. Калі ўжо настаў перыяд стабілізацыі, у тым ліку ў галіне культуры і ў бібліятэчнай справе, калі ў поўнай меры сфарміравалася навуковае асэнсаванне беларускай мінуўшчыны, бачанне перспектыў, куды наша краіна ідзе, мы прыступілі да больш сістэмнага аналізу сваіх набыткаў. Я прыйшоў у 2004 годзе ў Нацыянальную бібліятэку, і мы абмяркоўвалі як амаль нерэальныя задумкі — было б хораша выдаць Берасцейскую Біблію, усе выданні Скарыны факсімільна ўзнавіць, проста дзеля таго, каб іх убачыць, бо цалкам, у добрым стане іх няма ні ў адной бібліятэцы свету, тым больш няма ў Беларусі. У 2006 годзе, калі бібліятэка пераехала ў новы будынак, склаліся даволі спрыяльныя абставіны для таго, каб паспрабаваць вярнуць некаторыя кніжныя помнікі. Спачатку мы выступалі як дапаможная сіла — супрацоўнічалі з Акадэміяй навук, некаторымі выдавецтвамі ў рэалізацыі падобных праектаў. Часам ініцыявалі іх: напрыклад, пасля цудоўнага з'яўлення Слуцкага Евангелля якраз нашы спецыялісты ідэнтыфікавалі і апісалі яго і ініцыявалі фундаментальнае навуковае даследаванне, а ў выніку было падрыхтавана ўзнаўленне спачатку ў электронным, а потым і ў факсімільным выглядзе.

Таніраванне абрэза кнігі ў традыцыйныя для XVІ стагоддзя колеры: цёмна-зялёны і залаты.

З 2009 года мы пачалі рабіць кніжныя ўзнаўленні ўжо ўласнымі сіламі. Першым стаў фактычна даведнік — дапаможнік для Кацярыны ІІ па беларускіх губернях (яна ў 1780 годзе рабіла падарожжа па новадалучаных да Расійскай імперыі беларускіх землях, і расійская Акадэмія навук адмыслова зрабіла даведнік па ўсіх гарадах і вёсках, праз якія пралягаў маршрут). Гэта было цікавае выданне, даволі рэдкае ў Беларусі. Фактычна ад пачатку да канца я займаўся гэтай работай, ад сканавання і апрацоўкі кожнага малюнка да напісання навуковага тэксту і падрыхтоўкі кнігі да друку. З таго часу да 2012 года мы ўжо распрацавалі цэлую праграму па факсімільным узнаўленні кніжных помнікаў, асабліва тых, якія не захаваліся ў Беларусі. Прычым галоўнае — нават не матэрыяльнае іх вяртанне, каб кніга была ў бібліятэцы, а вяртанне ў грамадскую свядомасць, каб у Беларусі гаварылі пра гэта і ведалі, чым яшчэ мы можам ганарыцца. Работа стала сістэмнай, і на сёння ўжо ёсць дакладнае разуменне, што трэба вяртаць і як гэта рабіць — то-бок, амаль кожны год рэалізуюцца цікавыя, прадуманыя і загадзя падрыхтаваныя ініцыятывы, якія часам гадоў пяць абдумваюцца, гады з тры-чатыры рэалізуюцца, прымяркоўваюцца да значных агульнадзяржаўных ці нават міжнародных падзей, дат, як гэта было з 400-годдзем першага «Буквара».

У 2012 годзе апякунскі савет Нацыянальнай бібліятэкі зацвердзіў цэлы спіс кніжных помнікаў, вартых узнаўлення. Адкрывае яго рэлігійная літаратура, што лагічна, бо самыя старажытныя кніжныя рарытэты якраз маюць царкоўнае паходжанне, першыя свецкія, мастацкія і навуковыя выданні з'явіліся пазней. Але, безумоўна, ёсць у спісе і іншыя аб'екты, вяртанне якіх у Беларусь таксама вельмі важнае.

— Сярод «нерэлігійных», помніцца, кіраўнік бібліятэкі Раман Матульскі называў «Мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча. Якія яшчэ кнігі і аўтары стаяць у планах на ўзнаўленне?

— Абсалютна розныя. Ведаеце, якой была ідэя? Раскрыю карты. Кожны такі праект каштуе даволі вялікіх грошай. Прытым, на наш погляд, з многіх прычын рэалізоўваць іх немэтазгодна за бюджэтныя сродкі, якія больш патрэбны для развіцця бібліятэчнай справы, вырашэння сістэмных, стратэгічных задач, у той час як факсімільнае ўзнаўленне — хутчэй, іміджавыя праекты. Таму мы склалі рэестр прывабных «інвестыцыйных праектаў» па вяртанні ў грамадскі ўжытак найбольш знакавых кніжных помнікаў беларускага паходжання, забытых ці адсутных у Беларусі, і прапанавалі ўдзел у іх камерцыйным установам — бізнесу, кампаніям, якія маглі б рэалізаваць добрыя ідэі. І гэта практыка мецэнацтва, прыватна-дзяржаўнага партнёрства цалкам спрацавала. Аналізуючы сітуацыю, я бачу гэта наступным чынам: калі ў 90-я гады можна было заявіць не сапсаваным рэкламай беларусам, што «мы банк нумар адзін» або «мы самая моцная страхавая кампанія» і г. д., то сёння гэта ўжо не працуе, і лабавую рэкламу трэба падмацоўваць іншым. Напрыклад, робячы добрую справу, праз якую людзі зразумеюць: о, вы клапоціцеся пра культуру, значыць, зацікаўленыя не толькі ў прыбытку, вам можна давяраць і прыемна супрацоўнічаць...

У спісе кніжнай спадчыны мы зрабілі таксама разбіўку па тэмах, бо ў кожнага патэнцыйнага інвестара свае інтарэсы: камусьці даспадобы ідэя падтрымаць навуковы праект, камусьці — вузкаспецыялізаваныя выданні, мастацкую літаратуру альбо рэлігійныя кнігі розных канфесій. З гэтага пераліку многае ўжо рэалізавана. Узяць хоць бы навуковыя працы: першыя падручнікі па айчыннай гісторыі, філалагічныя трактаты і «Граматыкі» (летась рэалізавалі вялікі праект па факсімільным узнаўленні першага ў свеце «Буквара»), альбо тое ж «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча. За апошняе дзесяцігоддзе мы набылі і вярнулі ў Беларусь арыгіналы ўсіх першых выданняў гэтага твора, па якім уся Еўропа фактычна вучылася артылерыі і піратэхніцы — і выданне на лацінскай мове 1650 года ў цудоўным стане, і на французскай мове 1651-га, нямецкае, з дапаўненнямі, 1676-га, англійскае 1729-га... На розных аўкцыёнах знайшлі ўсе гэтыя асобнікі, і з дапамогай партнёраў зноў жа атрымалася іх набыць і вярнуць у Беларусь. Работа працягваецца — не скажу, каб штомесяц, але кожны год нам удаецца вярнуць «жыўцом» арыгіналы тых ці іншых беларускіх кніг. Ёсць яшчэ багата навуковых трактатаў, і падручнікаў, і літаратурных твораў выключнай значнасці. І я часта бачу, як загараюцца вочы ў школьнікаў, калі яны прыходзяць у бібліятэку і на ўласныя вочы бачаць, напрыклад, творы Францыска Скарыны ці Сімяона Полацкага, альбо нават творы пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя ў арыгінале, з аўтографамі і пазнакамі аўтараў.

Адно з рабочых абмеркаванняў макета Берасцейскай Бібліі.

— У 2016 годзе бібліятэка Кембрыджскага ўніверсітэта бясплатна перадала лічбавую копію аднаго з выданняў Скарыны ў Нацыянальную бібліятэку. Па сённяшнім часе гэта цуд. Ці часта ў вашай рабоце здараюцца такія цуды?

— Яны здараюцца найчасцей як вынік сістэмнай працы людзей, пра якую мы не заўжды расказваем, — усміхаецца суразмоўнік. — У згаданым выпадку — вынік даволі працяглых перамоў, перапіскі, нашага супрацоўніцтва з кіраўніцтвам універсітэта і бібліятэкі... Насамрэч, на часе падрыхтоўкі і рэалізацыі мерапрыемстваў да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мы атрымалі лічбавыя копіі выданняў Скарыны амаль з усяго свету, бо вельмі актыўна працавалі наўпрост з захавальнікамі (дзяржаўнымі ўстановамі і прыватнымі асобамі), і на сёння мы ведаем, колькі гэтых асобнікаў наогул існуе, дзе яны захоўваюцца і ў якім стане. Магу публічна абвясціць: у свеце захоўваецца 521 арыгінальнае выданне Скарыны — часам гэта старонка ці нават яе фрагмент, а часам — цэлая кніга, і каля паловы з іх мы маем у выглядзе лічбавых копій з бібліятэк, музеяў, архіваў і навуковых цэнтраў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі, Даніі, Вялікабрытаніі і г. д. Мабыць, упершыню за апошнія стагоддзі выданні Скарыны з Беларусі не вывозіліся, а прывозіліся — многія нам удалося паказаць тут у арыгінале, у Музеі кнігі. Недзе дамаўляліся на бясплатную алічбоўку ўладальнікамі, недзе рабілі за спонсарскія грошы, накіроўвалі сваіх спецыялістаў, альбо ладзілі абмен лічбавымі копіямі з рознымі краінамі.

— Колькі чалавек, як правіла, працуе над факсімільным узнаўленнем таго ці іншага выдання?

— Па-рознаму, ад некалькіх нашых супрацоўнікаў да вялікай міжнароднай каманды з дзясяткаў удзельнікаў. У любым выпадку, адзін чалавек такую працу не асіліць — усё адно далучаюцца дызайнеры, паліграфісты і іншыя спецыялісты. Самае меншае на праектах, да якіх я меў дачыненне, працавалі пяць чалавек. І гэта таксама вельмі добра, бо дазваляе спалучыць як рэтраспектыўны падыход кніжнікаў, так і сучасныя задачы дызайнераў, і камерцыйны аспект, і іміджавы.

— Зусім хутка, падчас святкавання 1000-годдзя Брэста, будзе шырока прадстаўлена факсіміле Берасцейскай Бібліі. Вы кіравалі гэтым праектам і рабілі навуковае даследаванне. Штосьці новае для сябе адкрылі?

— Здавалася б, гэты помнік шырока вядомы і павінен быць даследаваны цераз кожную старонку, але на здзіўленне гэтага не было і дагэтуль няма. Нават для саміх берасцейцаў, можа, толькі апошнім часам адбываецца вяртанне Берасцейскай Бібліі ў грамадскую свядомасць. З'явілася сімвалічная скульптура перад уваходам у абласную бібліятэку, на айчынных тэатральных сцэнах ёсць пастаноўка «Біблія князя Радзівіла», праходзяць канферэнцыі, «Берасцейскія кнігазборы», распачатыя Алай Мяснянкінай — нястомнай руплівіцай, якая, на жаль, пайшла ўжо з жыцця, але якая абудзіла ў рэгіёне цікавасць да знакавага кніжнага помніка. Пакрысе з'яўляецца і сувенірная атрыбутыка — пано на сценкі, статуэткі, нейкія рэчы, якія перадаюць значэнне гэтай Бібліі як аднаго з сімвалаў горада над Бугам. Што да маіх уласных адкрыццяў, то падчас работы знайшоў пацвярджэнні, што нашы продкі былі не проста актыўнымі ўдзельнікамі, але і ініцыятарамі многіх культурных падзей таго часу. Берасцейская Біблія сведчыць пра наўпроставыя стасункі з еўрапейскімі інтэлектуаламі, напрыклад, з Жанам Кальвінам, які вельмі зацікавіўся перакладам і выданнем і накіроўваў сваіх калег сюды для ўдзелу ў праекце...

Пяць фактаў пра Берасцейскую Біблію

Берасцейская Біблія — першы на беларускіх землях поўны пераклад тэксту Свяшчэннага Пісання на старапольскую мову.

Кніга была настолькі дарагая, што некаторыя шляхціцы менавіта яе, а не грошы ці нерухомасць, перадавалі ў пасаг дочкам.

Тут упершыню ў гісторыі айчыннага кнігадрукавання зроблены прадметны паказальнік, а таксама ўнікальны каляндар царкоўных службаў на кожны дзень года: якую частку Бібліі ў які дзень трэба чытаць.

Па адной з версій, дзеці канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага з рэлігійных перакананняў знішчылі працу бацькі — публічна спалілі ўсе знойдзеныя экзэмпляры Берасцейскай Бібліі. Аднак даследчыкі прыйшлі да высновы, што гэта міф.

Каштарыс факсімільнага ўзнаўлення выдання, рэалізаванага ў дзяржаўна-прыватным партнёрстве, склаў каля 10 тысяч еўра (выдадзены 11 асобнікаў). У Нацыянальнай бібліятэцы гатовыя дадрукоўваць кнігу далей па замовах — кошт самага дарагога фаліянта ў скураной вокладцы і з багатай фурнітурай ацэньваюць прыкладна ў 3,5 тысячы беларускіх рублёў.

Яшчэ выявіў безліч памылак пра Берасцейскую Біблію. Адкрыйце артыкул Вікіпедыі — там шмат недакладнасцяў, пачынаючы ад памераў і аб'ёму кнігі (у ёй 1,5 тысячы старонак, а не 700) да яе зместу і меркаванага тыражу. Такія звесткі трапілі нават у навуковыя манаграфіі і энцыклапедыі, і факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі нарэшце дазволіць выправіць гэтыя памылкі.

— Ці ёсць у вас кніга-мара, да ўзнаўлення якой хацелася б прычыніцца?

— Такімі маглі б стаць і выданні Скарыны, і першы Буквар, і Берасцейская Біблія, але праекты спраўдзіліся раней, чым я паспеў аб іх памарыць. Натуральна, маю пэўныя мары і спадзяванні, але стаўлюся да іх прагматычна: будзе магчымасць — зраблю, не будзе — зробіць нехта іншы, так ці інакш, работа працягнецца.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і з архіва Алеся СУШЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?