Вы тут

Збіральнік скарбаў, сябар Песняра


У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы працуе асобная выстава, прымеркаваная да 100-годдзя з дня смерці вядомага грамадскага дзеяча, палітыка, археолага Івана Луцкевіча


Наведнікі ля партрэта Івана Луцкевіча

Музейная экспазіцыя назву мае паэтычную: “У народ і край свой толькі веру”. Сімвалічна, што адкрылася яна ў музеі Янкі Купалы. Справа ў тым, што калісьці сядзіба сям’і Луцкевічаў па вуліцы Садовай у Мінску, дзе цяпер разбіты Купалаўскі парк і знаходзіцца музей, стаяла побач з домам Песняра. Гэта была хата маці Івана і Антона Луцкевічаў, Зоф’і Луцкевіч, у якой браты жылі з 1896 года, пасля пераезду з Лібавы. (У лютым 1906‑га яны перайшлі на нелегальнае становішча і пераехалі ў Вільню). Суседзі паміж сабой сябравалі. Менавіта старэйшыя браты Луцкевічы, Іван і Антон, запрасілі паэта на працу ў рэдакцыю газеты “Наша Ніва”. А малодшы брат Стэфан уратаваў ягонае жыццё, аказаўшы першую медыцынскую дапамогу, калі Купала ўчыніў спробу самагубства ў лістападзе 1930 года ў часе сталінскіх рэпрэсій.

У першы дзень працы выставы, 20 жніўня, асвяцілі памятны камень на колішняй сядзібе Луцкевічаў у парку. Ён устаноўлены год таму (архітэктар Юрый Градаў, скульптар Канстанцін Селіханаў). Устаноўкай памятнага знака займалася Маргарыта Пярова — унучатая пляменніца Луцкевічаў, культуролаг з Санкт-Пецярбурга. Была яна і на ўрачыстасці адкрыцця выставы. Вечарам таго дня памяць Івана Луцкевіча была ўшанавана ў касцёле Святога Роха на Залатой Горцы, у часе Святой Імшы.

Цікава, што Іван (Ян Герман) Луцкевіч нарадзіўся ў 1881 годзе ў Шаўлях (цяпер Шаўляй, Літва) у сям’і ўдзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага, змагара за Рэч Паспалітую Абодвух Народаў. Быў адным з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай грамады (1903). Яго імя цесна звязана з БНР. Па ініцыятыве Івана Луцкевіча выдаваліся газеты “Наша Доля” (1906), “Наша Ніва” (1906–1915, 1920) і “Гоман” (1916–1918), створана Беларускае выдавецкае таварыства (1913). Дзякуючы яго намаганням адкрылася першая ў Вільні беларуская гімназія (1919), дзе ён сам выкладаў краязнаўства і беларусазнаўства. Да таго ж Іван Луцкевіч заснаваў знакаміты “Беларускі музэй”.

Пра жыццё і лёс Луцкевіча на выставе сведчаць матэрыялы са збораў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры й мастацтва, а таксама грамадскай арганізацыі “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча” (Вільнюс, Літва). Рэалізаваць такі маштабны праект дапамаглі Амбасада Літвы ў Беларусі і Міністэрства культуры Беларусі.

Копія бюста Івана Луцкевіча, які стаяў у першым “Беларускім музэі” ў Вільні

Раней нямногія ведалі, што Янка Купала на працягу многіх гадоў падтрымліваў прыязныя адносіны з братамі Луцкевічамі — пра тое сведчаць і лісты, і падпісаныя фотаздымкі з экспазіцыі. Упершыню дэманструюцца асабістыя рэчы Івана Луцкевіча з прыватнага архіву сям’і. Напрыклад, ручнік са слуцкім узорам, які вышыла нявеста Юліяна Мэнке ў падарунак Івану на Каляды. Хоць Юліяна й была немкай (нарадзілася ў сям’і нямецкага купца ў Вільні), яна разам з Цёткай, Іванам Луцкевічам ды іншымі дзеячамі беларускага руху адкрывала першыя беларускія школы ў Літве і настаўніцкія курсы, а ў Віленскай беларускай гімназіі выкладала педагогіку і нямецкую мову. На выставе ёсць і родавы пярсцёнак, які Юліяна Мэнке вярнула сям’і Івана Луцкевіча. Чаму? Бо не спраўдзілася іх мара ажаніцца: жаніх памёр у 1919 годзе ад сухотаў (так называлі туберкулёз). Можна пабачыць і копію бюста Івана Луцкевіча, які адкрываў экспазіцыю “Беларускага музэя” ў Вільні. Шмат кніжак, дакументаў са штампам музея Івана Луцкевіча таксама выстаўлены для агляду.

Нашымі днямі ўсё часцей вядзецца гаворка пра тое, каб адрадзіць знакаміты “Беларускі музэй”. Спачатку Іван Луцкевіч, як археолаг па адукацыі, збіраў, захоўваў, даследаваў і прапагандаваў помнікі гісторыі, этнаграфіі, мастацкія творы пры Віленскай рэдакцыі газеты “Наша Ніва”. Пазней яго сярэднявечныя пячаткі, манеты, слуцкія паясы, прадметы этнаграфіі, галаснікі Каложскай царквы ў Гародні, рукапісныя кнігі й старадрукі, сярод якіх былі выданні Францыска Скарыны, татарскія аль-кітабы, Статут ВКЛ 1588 года, размясціліся ў будынку былога кляштару базыльянаў у самым цэнтры Вільні. Яны ж і склалі аснову “Беларускага музэя”. Перад смерцю, у 1919‑м, Іван Луцкевіч паспеў перадаць уласныя музейныя і кніжныя зборы Беларускаму навуковаму таварыству, якое таксама было створана па яго ініцыятыве. Яно наноў адкрыла музей, бібліятэку і архіў у 1921 годзе. Калекцыя папаўнялася на працягу двух дзесяцігоддзяў. Паводле інвентару 1941 года, музей утрымліваў 13 450 экспанатаў. Бібліятэка ў 1933 годзе налічвала амаль 14 тысяч тамоў. А ў архіве на той час было каля 9 тысяч дакументаў XVІ — XX стагоддзяў. Велізарныя скарбы!

У часы Другой сусветнай вайны ўнікальны музей і беларускую гімназію ў Вільні ліквідавалі. Пасля вайны музейныя экспанаты расфармавалі паміж рознымі літоўскімі ўстановамі, сярод іх Нацыянальны музей Літвы і Бібліятэка Акадэміі навук Літвы. Пэўная іх частка патрапіла ў Беларусь і захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі, Нацыянальным архіве, Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры й мастацтва ды іншых установах.

Ганна Лагун

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.