Вы тут

Міхаіл Клімін: Усход — справа тонкая. Адчуў на сабе


Як беларусы гуляюць у хакей у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.

За сваю гульнявую кар'еру Міхаіл Клімін выступаў амаль за ўсе клубы беларускай экстралігі. Затым стаў самым маладым у гісторыі галоўным трэнерам, але пасля некалькіх гадоў работы на радзіме вырашыў паспрабаваць сябе ў больш экзатычным хакеі і адправіўся ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Там Міхаіл на працягу двух гадоў гуляў сам і трэніраваў не толькі дарослых, але і дзяцей. Пра тонкасці Усходу, экзатычны хакей, пра вяртанне ў Беларусь (цяпер спецыяліст працуе ў салігорскім «Шахцёры») і перамены ў айчынным хакеі ён расказаў у сваім інтэрв'ю.


«Ёсць шанц ператварыцца ў хакейную краіну»

— Міхаіл, давайце пачнём з надзённага. Ужо два месяцы вы працуеце ў «Шахцёры», як трапілі ў гэты клуб?

— Пасля таго як вырашыў з'ехаць з ААЭ, на мяне выйшаў Максім Трубіцын, прапанаваў папрацаваць трэнерам па развіцці ў фарм-клубе «Шахцёра». Я доўга не разважаў, прыляцеў і праз пару дзён прыехаў на перамовы, мяне ўсё задаволіла. Вельмі хутка ўліўся ў трэнерскі калектыў — мы думаем у адным кірунку. На цяперашні момант я шчаслівы, што знаходжуся на гэтым месцы. Сёння перад намі стаіць задача падрыхтаваць гульцоў для перадачы ў вышэйшае звяно — зборныя і першую каманду «Шахцёра».

— Нядаўна ў нацыянальнай зборнай Беларусі з'явіўся новы галоўны трэнер, як вы адрэагавалі на такія перамены?

— Асабіста я — «за», Міхаіла Захарава выбралі аднагалосна, гэта пра многае сведчыць. У маёй кар'еры сустракалася некалькі трэнераў, якія далі мне вельмі шмат у прафесіі, сярод іх — Міхаіл Міхайлавіч і Андрэй Сідарэнка. Яны падабралі мяне з вуліцы і далі пуцёўку ў жыццё, таму я быў і за аднаго, і за другога. Захараў — заслужаны трэнер нашай краіны, думаю, зараз сярод беларускіх спецыялістаў гэта аптымальны варыянт. Упэўнены, ён падбярэ сабе добры трэнерскі штаб. Як бы гучна гэта ні гучала, але, мне здаецца, менавіта ён адраджаў беларускі хакей раней, таму зможа зрабіць гэта і цяпер. Мне здаецца, станоўчая дынаміка сапраўды павінна быць. Балельшчыкі чакаюць выніку, не жадаюць цярпець, а спецыялісты кажуць, што трэба пачакаць. На самай справе, вядома, прабелы ў беларускім хакеі ёсць, але я ўсё ж такі думаю, што ў нас ёсць шанц ператварыцца ў хакейную краіну ў тым плане, каб трапіць у васьмёрку наймацнейшых у свеце і замацавацца там. Проста трэба закасаць рукавы і працаваць.

— Мінскае «Дынама» вось-вось пачне сезон, а на перадсезонных турнірах каманда паказала не самыя лепшыя вынікі.

— Залежыць, з якога боку гэта разглядаць: калі з пазіцыі балельшчыка, то, так, выступілі няўдала. Але трэба памятаць, што сёлета «Дынама» пайшло па іншым шляху, яны хочуць працаваць у доўгатэрміновай перспектыве, а, значыць, хуткага выніку быць не можа. Вынік цяпер не ставіцца ў аснову.

«У Эміратах я ўбачыў гультаёў»

— Як у вашай кар'еры з'явіўся варыянт з Эміратамі?

— Мне патэлефанавалі з Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, прапанавалі паспрабаваць папрацаваць у ААЭ. Паміж нашым Прэзідэнцкім клубам і іх федэрацыяй хакея падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Якраз быў вольны, англійскай мовай валодаю добра, да таго моманту ўжо папрацаваў у экстралізе і спрабаваў трэніраваць дзяцей. Праўда, гадоў пяць ужо не гуляў у хакей, але былых хакеістаў не бывае. Вядома, калі прыехаў, давялося старанна папрацаваць, каб набраць форму. Першы год адыгралі, на другі вырашылі, што для дасягнення мэт нам не хапае яшчэ двух трэнераў, таму прыцягнулі беларусаў Сяргея Задзялёнава і Арцёма Сінкевіча. І на другі год з іх дапамогай выканалі ўсе задачы: выйгралі Кубак Прэзідэнта, які яны ніколі не выйгравалі, першы ў гісторыі Кубак Кувейта, мясцовы чэмпіянат і прайшлі яго ўпершыню без адзінага паражэння, а са зборнай ААЭ ўпершыню ў гісторыі выйшлі на чэмпіянат свету ў 3-м дывізіёне.

— Што для вас было самае дзіўнае ў арабскім хакеі?

— Хакей усюды аднолькавы, узровень розны. Па-першае, Арабскія Эміраты займаюць 47-е месца з 50 у рэйтынгу ІHF, гэта значыць узровень падрыхтоўкі там вельмі слабы. Хоць ёсць пару добрых хлопцаў, якія ўмеюць катацца, кідаць, абыграць, але ў тактычным разуменні гульні, як мне казалі арабы, на ад'ездзе адтуль нашага Юрыя Файкова ўсё скончылася. Арабы з таго пакалення, дарэчы, маюць добры ўзровень — навучаныя, матываваныя, цікавыя. А вось потым ідзе велізарны 10-гадовы прабел — ні людзей, ні падрыхтоўкі. Калі мы прыехалі, узровень быццам бы зноў ссунуўся з мёртвай кропкі.

— У хакей там гуляюць аматары?

— Так, у арабаў няма работы ў нашым яе разуменні, усе яны займаюць высокія пасады, наогул жа іх усяго восем працэнтаў у краіне. Напрыклад, наш капітан каманды «Абу-Дабі Стормз» — гэта наш жа бос. Астатнія 92 працэнты замежнікаў у краіне працуюць на мясцовых. У хакей яны таксама гуляюць не за грошы, хоць некаторыя атрымліваюць зарплаты. У камандзе, у якой я гуляў, было ўсяго пяць легіянераў, астатнія — мясцовыя, але гэта ў асноўным старое пакаленне.

— У чым заключаецца асноўная розніца паміж трэніроўкамі ў ААЭ і ў Беларусі?

— У Эміратах я ўбачыў гультаёў. Калі сёння ты правёў трэніроўку на зямлі, яны трошкі стаміліся, то заўтра на трэніроўцы нікога не чакай, яны проста прыйдуць толькі да лёду, як ні ў чым не бывала. Або калі на лёдзе іх моцна паганяць, заўтра можа палова каманды не прыйсці, сказаць, маўляў, у мяне справы, работа ці захварэў. Гэта раздражняла. Даводзілася ўжываць хітрыя метады, абыгрываць. Калі мы іх і нагружалі, то хавалі гэта гульнявымі заданнямі, былі так званыя схаваныя бягі — яны гэтага не разумелі, але былі выціснутыя, як лімоны. Часам казалі, што заўтра пагуляем у хакей, яны прыходзілі ўсе, а мы зноў толькі трэніраваліся.

«Хакей не супярэчыць іх рэлігіі»

— Вы там не толькі былі гульцом, трэнерам у дарослай камандзе, а займаліся яшчэ і з дзецьмі?

— Так, мы трэніравалі дзяцей ад самага першага набору да нацыянальнай зборнай, плюс яшчэ жаночая нацыянальная каманда. Даводзілася пісаць вельмі шмат планаў, думаць, які да каго падыход знайсці, бо трэба было падладзіцца пад кожны ўзровень. На лёдзе праводзілі да шасці гадзін у дзень, трэніраваліся чатыры дні на тыдзень. Было вельмі складана, хоць па сацыяльным сеціве некаторым здавалася, што мы там адпачывалі. На самай справе выхадныя сыходзілі на тое, каб падрыхтавацца да наступнага тыдня.

— Арабскія дзеці чымсьці адрозніваюцца ад нашых у плане спорту?

— Там жа шмат еўрапейцаў, таму дзеці таксама былі розныя — і фіны, і канадцы. Арабскіх дзяцей у асноўным на трэніроўкі прыводзілі няні, яны іх пераапранаюць, перад трэніроўкай кормяць, чаго, вядома, рабіць нельга. Натуральна, што ў такіх умовах дзеці таксама гультаі, але ўсе яны паслухмяныя, вельмі выхаваныя, з вялікай павагай ставяцца да старэйшых і да трэнера. Нашы дзеці ў параўнанні з усімі астатнімі больш заціснутыя.

— Жаночы хакей у ААЭ таксама развіваецца?

— Так, ёсць нават зборная краіны. Вельмі матываваныя, паслухмяныя, таварыскія, вясёлыя дзяўчаты. Хакей не супярэчыць іх рэлігіі. У Саудаўскай Аравіі таксама цяпер ствараецца жаночая каманда. Наверх на хіджаб яны надзяваюць шлем.

— Як у ААЭ будуюцца каткі?

— У славутым «Дубаі Моле» каток знаходзіцца на шостым паверсе. Ён прызначаны і для хакея, і для масавага катання. Таксама ў Абу-Дабі, хутчэй за ўсё, ужо ёсць вялікая арэна — яны планавалі яе будаваць. Іншае пытанне, навошта яны ім і хто там будзе трэніравацца? Летась у набор прыйшло 18 дзяцей, сёлета — 94. Для арабаў заняткі абсалютна бясплатныя. Але сёння яны прыйшлі, а заўтра сышлі, у іх хапае забаў і ім усё цікава, пакуль няцяжка.

— Хадзілі чуткі, што каманда з ААЭ можа з'явіцца ў КХЛ...

— Я не бачу арабаў у КХЛ. Якім чынам яны там будуць гуляць? Ні адзін з іх па ўзроўні не змог бы там выступаць, ім і самім гэта не трэба. Напрыклад, у нас быў добры хлопец, яму 19 гадоў, навучаўся ў Канадзе, у яго машына за 500 тысяч долараў, багатыя бацькі і яму цяпер плечы там у КХЛ разнясуць. Навошта? Ён гуляе ў сваё задавальненне.

Мі­ха­іл Клі­мін ра­зам з Сяр­ге­ем За­дзя­лё­на­вым (пер­шы зле­ва) і Ар­цё­мам Сін­ке­ві­чам (чац­вёр­ты зле­ва).

«Паспрабаваў сябе на дне хакея, каб убачыць верх»

— Замежнікі на хакеі ў Эміратах могуць зарабіць добрыя грошы?

— Вядома, мы атрымлівалі там значна больш грошай, чым было б на гэты момант у Беларусі, хоць і ў нас раней былі добрыя часы. Аднак з сыходам Файкова легіянеры ў ААЭ сталі абясцэньвацца. Мы трапілі ўжо ў больш абрушаны рынак — яны не разумеюць, хто перад імі, якога ўзроўню легіянер. Напрыклад, глядзяць у пашпарт — калі чалавек фін, гэта для іх аўтаматычна значыць, што добры хакеіст, хоць ён можа быць і таксістам. Усход — справа тонкая. Адчуў на сабе.

— Ці карыстаецца там хакей глядацкай папулярнасцю?

— Больш за 100 чалавек на трыбунах сабраць складана, хоць, бывае, у «Дубаі моле», калі гульня цікавая, гэта атрымліваецца. Напрыклад, цікавыя гульні ў нас былі з камандай «Кэмэлс» — там вельмі шмат канадцаў, гуляюць яны вельмі брудна, таму мы называлі іх «пэцкалі», даводзілася іх увесь час трошкі дубасіць, шкло трашчала, людзей гэта прыцягвала. Арабы — людзі гарачыя.

Як яны ў цэлым ставяцца да спорту?

— Любяць футбол, хакей, бокс. Спорт у іх, вядома, такі палавіністы, несапраўдны. А самае папулярнае ў ААЭ — джыу-джытсу.

— Што далі вам гэтыя два гады ў плане трэнерскага вопыту?

— На самай справе, многае. Я паразмаўляў з замежнымі спецыялістамі, даведаўся шмат цікавага, паспрабаваў сябе на дне хакея, каб убачыць верх. Акрамя таго, я хацеў паспрабаваць хакей на англійскай мове, і гэта ў мяне атрымалася.

— Ці складана было прызвычаіцца да новай краіны ў бытавым плане і чаму ўсё ж такі вы вырашылі з'ехаць адтуль?

— Нескладана, нас забяспечылі вялікім домам — усе беларусы жылі там, — машынамі. Гэта краіна першага свету, дзе ёсць усё. Так, існуе забарона на алкаголь, але ў іх ёсць крамы, дзе ты можаш яго купіць, прынесці ў чорным пакеце дадому і там выпіць. Праўда, перад гэтым табе трэба будзе ўзяць паперу ў свайго боса на рабоце, дзе ён напіша, колькі алкаголю ты можаш купляць. А так — краіна бяспечная, усе прыязныя, рухомыя, няма злых людзей, канфліктаў. Побач добрае мора, праўда, гарачае, асабліва ў ім не асвяжыцца. Чаму вырашыў вярнуцца? Я два гады быў у ААЭ без сям'і, гэта цяжка. Да таго ж мы крыху не сышліся па ўмовах, ну і, вядома, хочацца ў сапраўдны хакей.

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?