Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» выправіліся ў антынаркатычны рэйд


Праваахоўнікі сур'ёзна заклапочаны ростам спажывання ў краіне марыхуаны, якая разам з гашышам займае 80% прадуктаў наркарынку. Па звестках МУС, сёлета падчас праграмы «Мак», якая праводзіцца з чэрвеня да верасня, знішчана больш за 70 гектараў (78 тон) дзікарослых канапель і маку.

Журналісты «Звязды» ў рамках антынаркатычнай праграмы далучыліся да супрацоўнікаў Буда-Кашалёўскага РАУС.


Трохметровыя каноплі

— Каноплі спеюць да сярэдзіны верасня. Таму наша задача — паспець знішчыць іх да таго, як яны трапяць у рукі наркаманаў, — тлумачыць старшы ўпаўнаважаны групы па незаконным абароце наркотыкаў і супрацьдзеянні гандлю людзьмі капітан міліцыі Уладзімір Іваноў.

Насенне дзікарослых канапель разносяць вецер, птушкі. На Гомельшчыне, кажа суразмоўнік, добры клімат для нарказмяшчальных раслін: цёпла, вільготна. На поўдні краіны яны могуць вырастаць да трох метраў у вышыню.

— Кожны год на тэрыторыі Буда-Кашалёўскага раёна знішчаем каля чатырох гектараў канапель і маку, — прыводзіць статыстыку Уладзімір Васілевіч. — Плантацыя, на якую мы накіроўваемся, — два з паловай гектары, там можа расці амаль тры тоны дурманлівай расліны.

Дзікарослыя каноплі знайшлі паблізу аграгарадка Дуравічы. Населены пункт знаходзіцца за 12 кіламетраў на ўсход ад Буда-Кашалёва і за 40 — ад Гомеля.

— Каноплі любяць гной, а ферм у нас хапае, — тлумачыць суразмоўнік. — Размнажаецца расліна хутка. Каб знішчаць яе канчаткова, трэба апрацоўваць палеткі хіміяй. Гэта дорага і шкодна для глебы: потым тут наўрад ці нешта вырасце.

Змагацца з раслінай дапамагае сельскагаспадарчая тэхніка.

— Айчынны пагрузчык «Амкадор» усюды пройдзе! — хваліць машыну кіроўца Уладзімір Удодаў. — Некалькі дзён карпатлівай работы — і поле будзе чыстае.

Выкарчаваныя каноплі або здрабняюць, або спальваюць, або закопваюць.

— З каноплямі на невялікіх плошчах спрабуем змагацца і з дапамогай кукурузы. Яна не дае дурманлівай расліне шанцаў выжыць, забірае ўсё каштоўнае з зямлі сабе, — дадае капітан міліцыі. — Да кожнага поля міліцыянера ці ахоўніка не прыставіш. Ды і фізічна ўсюды не паспець. Таму чарговы раз даводзіцца нагадваць аграрыям, што за тэрыторыямі, якія знаходзяцца на балансе сельгаспрадпрыемстваў і на якіх «водзяцца» дзікарослыя каноплі, неабходна сачыць.

Ветрам занесла?

— Добры дзень! Мак, каноплі вырошчваеце? — звяртаецца да мужчын на лаўцы каля плота малодшы ўчастковы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі сяржант міліцыі Аляксей Мельнікаў.

— На гэтым агародзе што хочаш ёсць, — усміхаецца гаспадар драўлянага дома Аляксандр Мікалаевіч Карпухін. — Бабка мая абязножала, захварэла, дык у градках чорта знайсці можна!

— Гэта ж незаконна! — уступаю ў размову.

— Ды я жартую! Можаце праверыць. На такое глупства часу ў мяне няма. Лепей памідоры мае сфатаграфуйце. Дзед сам вырасціў! — выхваляецца пенсіянер.

Па статыстыцы, незаконным абаротам «траўкі» займаюцца людзі з частковай занятасцю або беспрацоўныя. У асноўным мужчыны да 35 гадоў. Нярэдка — раней асуджаныя па артыкуле, які звязаны з наркотыкамі.

— Калі некалькі кустоў канапель ці маку растуць у агародзе, можна паспрабаваць паверыць, што чалавек не садзіў іх уласнаручна. Ветрам прынесла, а гаспадар і не заўважыў. Напрыклад, дачнік, які бывае ў загарадным доме раз у месяц. «Толькі збіраўся пайсці на агарод, а тут вы прыехалі», «Часу не хапае за ўсім угледзець», «Учора яшчэ нічога не было, гэта яна за ноч так вымахала», — чуем ад жыхароў. Кожны выпадак разглядаецца ў прыватным парадку.

Але трэба памятаць, што згодна з артыкулам 16.1 КаАП «Пасеў або вырошчванне без мэты збыту або вырабу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў забароненых да апрацоўкі раслін ці грыбоў, якія змяшчаюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы» цягнуць папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічынь.

Мы развіталіся з Аляксандрам Мікалаевічам і рушылі далей.

Марыхуана пад лямпай

— Іншая рэч, калі нарказмяшчальныя расліны гадуюцца ў спецыяльна абсталяваных памяшканнях, — працягвае Уладзімір Іваноў. — Так, у канцы ліпеня ў сталіцы затрымалі 25-гадовага хлопца, які вырошчваў каноплі ў кватэры. Расліны мінчанін размясціў у палатцы з ізаляцыйнай фольгай, лямпай дзённага святла, двума вентылятарамі, гадзіннікам-таймерам, блокам сілкавання.

Малады чалавек працаваў поварам у закусачнай, жыў з бацькамі. Пра тое, што сын вырошчвае каноплі, яны не ведалі. Хлопец запэўніў, што разводзіць «агароднінныя культуры». Усяго быў канфіскаваны 31 грам марыхуаны.

Згодна з часткай 2 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса «Незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка або незаконны збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў» караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў са штрафам або без штрафу. Без мэты збыту — абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў (частка 1 артыкула 328 КК).

— Апраўданняў, чаму «ўцягнуўся» ў наркабізнес, няма, — упэўнены Аляксей Мельнікаў. — Гэта проста прага лёгкіх грошай! Не пойдзе гультай на ферму працаваць ад цямна да цямна.

Заробак у гандляроў расліннымі наркотыкамі невялікі, але ўсё залежыць, канешне, ад аб'ёмаў. Мак, напрыклад, могуць аддаць нават за бутэльку гарэлкі або віна. На апошняе часцей за ўсё ідуць людзі з алкагольнай залежнасцю.

— Звычайна той, хто прадае наркотык, ужывае і сам. Наркаманы па сваёй натуры адзіночкі — не любяць дзяліцца! Але «здаюць» адно аднаго з задавальненнем. Маўляў, мяне не чапайце, я лепей пра Васіля раскажу! — гаворыць Уладзімір Васілевіч.

Тэлефануюць у міліцыю з просьбай праверыць «падазронага» суседа і самі жыхары. Але часцей за ўсё праваахоўнікі даведваюцца пра наркагандляроў ад уласных крыніц. Сітуацыю пад кантролем трымаюць і ўчастковыя інспектары.

У сталіцы — «хімія», у правінцыі — раслінныя

— У савецкі час каноплямі засявалі цэлыя палі. Ведаеце, якія трывалыя вяроўкі з іх рабілі? — сустракаюць на ганку Святлана Яўгенаўна і Аляксандр Васілевіч Юцянковы. — Нашы матулі саджалі каноплі каля яблынь, каб жука не было. Тады і плады кожны год збіралі! А зараз што?

Юцянковы жывуць у Буда-Кашалёве каля 30 гадоў. Раней, кажуць, у іх, маладых, нават і думак пра наркотыкі не было: «Працавалі цэлымі днямі, марылі галаву на падушку хутчэй палажыць».

Узрост тых, хто ўжывае «мясцовыя» наркотыкі, вар'іруецца ад 14 да 50 гадоў. Месяц таму, расказвае Уладзімір Васілевіч, затрымалі 43-гадовую жанчыну. «На ігле» яна з 2000 года. Але ў асноўным гэта ўсё ж такі моладзь.

— Калі ўзяць вялікія гарады, напрыклад Мінск, то там больш распаўсюджана «хімія» — сінтэтычныя наркотыкі (альфа-PVP, спайсы). У правінцыі — наркотыкі расліннага паходжання, — кажа капітан міліцыі.

Першы раз за ўжыванне наркотыку расліннага паходжання прадугледжана адміністрацыйная адказнасць і пакаранне ў выглядзе штрафу ад 5 да 10 базавых велічынь (часткі 4—6 артыкула 17.3 КаАП). Паўторна на працягу года — крымінальная адказнасць.

— Але самае страшнае тут нават не адказнасць, а тая шкода, якую наркаманы робяць самі сабе, — дадае Уладзімір Васілевіч. — Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, але скажу, што пакутуе ўвесь арганізм! Экстракцыйны опій, які наркаманы атрымліваюць з насення маку, па сваім дзеянні параўнальны з гераінам і метадонам. Працягласць жыцця спажыўцоў — пяць-сем гадоў. Як паказвае практыка, саскочыць з наркатычнай залежнасці вельмі цяжка.

— Макі — кветкі прыгожыя. Раней уздоўж дарожкі пасаджу і любуюся! Даўно гэта, праўда, было, — уздыхае Святлана Яўгенаўна. — Ну яго! Як пачую па тэлевізары, што ён з людзьмі робіць, — страх! Адзінае, магу крыху маку купіць, каб у булкі ці бліны дадаць. Муж любіць.

Трэба адзначыць, што мак, які мы выкарыстоўваем для харчовай прамысловасці, не мае нічога агульнага з макам, з якога робяць наркотык. У крамах прадаецца апрацаваны, «чысты» прадукт.

На пытанне, чаму ў нас нельга легалізаваць марыхуану, як у многіх іншых краінах, пенсіянеры ўпэўнена адказваюць: «Наступствы будуць страшныя. А здароўе нацыі трэба берагчы».

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Мінск — Буда-Кашалёва — Мінск

Загаловак у газеце: Знішчыць дурман

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Распрацоўшчыкі — пра новы Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Распрацоўшчыкі — пра новы Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Летась Падатковы кодэкс Беларусі зазнаў істотныя змяненні.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Любачка і На варце маёмасці.

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.