Вы тут

Трыенале маладых мастакоў як паказчык творчага мыслення


Усё ёсць — мастацтва ў розных жанрах аб'яднаў першы конкурс для маладых мастакоў, арганізаваны дзяржавай і шэрагам творчых устаноў. Усё, што было адметнага ў нашым мастацтве, удзельнікі конкурсу нагадалі. Што далей? — задаюцца пытаннямі спецыялісты, таму што будучыню вызначае здольнасць мысліць інакш і прапаноўваць інавацыйныя рашэнні творчых задач.


Фота Кастуся ДРОБАВА

Вось самы галоўны клопат: рух ёсць там, дзе ёсць пошук і жаданне рабіць не так, як папярэднікі, але і прафесійнасць у мастацтве выключыць немагчыма. Экспазіцыя першай Трыенале маладых мастакоў атрымалася даволі традыцыйная, як і большасць таго, што прапаноўваецца гледачу. Можа, у гэтым уся справа: моладзь хоча спачатку займець гледача, а потым будзе думаць пра тое, як яго здзіўляць?

— Для кожнага мастака важна, каб яго твор быў прыняты гледачом, — адзначыла першы намеснік міністра культуры Наталля Карчэўская. — Мы і далей будзем надаваць увагу творчасці маладых таленавітых мастакоў. Я шчыра жадаю, каб шмат для каго гэтая выстаўка стала адпраўным пунктам, ад якога пойдзе далейшы шлях, у тым ліку і ў тым, каб прадстаўляць Беларусь на сусветных пляцоўках.

Але пакуль варта вызначыцца ў арыенцірах: што добрага маем і чаму яно добрае. Журы было няпроста, як адзначыла яго старшыня кандыдат мастацтвазнаўства Ірына Скварцова, у некаторых намінацыях пераможцаў вырашылі не называць наогул. І, як ні дзіўна, зусім не таму, што была надта высокая канкурэнцыя. Старшыня журы звярнула ўвагу на жаданне нашай моладзі ісці пратораным шляхам. Вось і работы пераможцаў у намінацыі "жывапіс" пра гэта сведчаць, бо зробленыя дабротна: Алена Вярстак і пяць яе твораў "Пра з'яўленне" арыгінальныя хіба што спробай стварыць дынаміку ўспрымання чалавечай асобы. Ляўкас пераможцы ў другой групе Крысціны Мельнік "Звеставанне" — увасабленне традыцыйных каштоўнасцяў беларускай культуры.

Крытычна паставілася журы да прэтэндэнтаў на перамогу ў намінацыі "Графіка". У першай групе пераможцаў не назвалі наогул, лаўрэат вызначаны ў другой групе — Марыя Кошалева і яе работы з серыі "Танец". Адзін з членаў журы Андрэй Басалыга, які калісьці атрымаў Гран-пры на імпрэзе "Новыя імёны", зладжанай Саюзам мастакоў Беларусі, лічыць:

— Беларуская школа графікі вельмі моцная, яна вядомая і ўплывае на шмат плыняў графікі ў свеце. Але менавіта таму журы вельмі крытычна паставілася да кандыдатаў. Трэба быць больш вольнымі, больш смелымі, уражлівымі, здольнымі ламаць стэрэатыпы.

Як ні дзіўна, іх хочуць ламаць дзяўчаты — ужо тым, што выбіраюць спецыяльнасці, у якіх традыцыйна дамінавалі мужчыны. Выкладчык кафедры скульптуры БДАМ Канстанцін Касцючэнка адзначыў, што апошнім часам дзяўчаты ўступаюць у працу з каменем і металам. Вось і вынікі таму падцверджанне: Аляксандра Рыбалка атрымала перамогу дзякуючы твору "Малітва". Праўда, Антон Нічыпарук стаў пераможцам у другой групе дзякуючы рабоце ў бронзе "Эрозія" — у ёй ёсць вобраз і нейкі ўнутраны рух, чаго у творах маладых наогул бракавала.

— На жаль, так бывае, што мастакі, якіх на пачатку іх шляху хвалілі, потым нічога не паказваюць, — выказаў меркаванне загадчык кафедры малюнку акварэлі і скульптуры БНТУ прафесар Мікалай Кірэеў. — Спядзяюся, што сёлетнія лаўрэаты не стануць працягам гэтай тэндэнцыі... Смеласці не хапае, дзёрзкасці не хапае. Вельмі шмат прыкладаў, якія ўжо былі паказаныя іншымі мастакамі на іншых выстаўках. Мы ўсім жадаем поспехаў, але яны не з'яўляюцца самі па сабе, яны вырастаюць унутры кожнага мастака.

Вось і ў намінацыі "Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва" пераможца выяўлены толькі ў першай групе: Ганна Плотнікава. Удзельнікаў у намінацыі "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва" таксама крытыкавалі за эксплуатацыю напрацовак папярэднікаў. Тым не менш у першай групе гэтай намінацыі адзначылі Вікторыю Тарасевіч з пластычнай кампазіцыяй "Жыццё прасторы". У другой групе — Наталлю Шкрабу з яе керамічнай гісторыяй у малюнках.

І ўсё ж небанальнасць варта адзначаць, нават калі знаўцам яна здаецца адноснай. Дар'я Сямчук, якая выстаўлялася пад творчым псеўданімам Цемра, выказалася на тэму культурных трэндаў. Чорны прамавугольнік з лагатыпам Adіdas у пафаснай рамцы — гэта алюзія сучаснай культуры сёння і яе прыярытэтаў. Нельга сказаць, што думка (і нават выяўленне) надта новая, але ў вялікай экспазіцыйнай прасторы твор усё-такі вылучаўся хутчэй жаданнем арыгінальнасці. Журы прысудзіла спецыяльны дыплом: за абуджэнне думак і разваг, чаго звычайна і чакаюць ад мастацтва.

І вось самае цікавае: хто чакае? Таму што глядач па-ранейшаму хоча бачыць, каб было прыгожа і падобна. Адсюль і вельмі прадказальныя вынікі глядацкага галасавання. І калі перамогу сярод гледачоў Алесі Скарабагатай можна патлумачыць пазнавальнасцю яе твораў, якія глядач меў магчымасць палюбіць дзякуючы яе ўдзелу ў шматлікіх вялікіх выстаўках (у тым ліку "Асеннім салоне"), то Дарына Даўгадзіліна (і яе работа "Погляд"), хутчэй за ўсё, закранула сэрцы гледачоў менавіта прадказальнасцю і фатаграфічнай выверанасцю. Але падабенства ў мастацтве даўно саступіла месца думцы і пошукам. А жыхары Беларусі, падобна, не надта добра ведаюць і разумеюць мастацтва, нават айчыннае, у якім ёсць і свае рэвалюцыянеры, постаці, асобы, якіх шануюць менавіта за адметнасць. Не хапае ведаў па мастацтве — гэта праблема на ўзроўні грамадства, ліквідаваць яе можна толькі доўгай і маштабнай асветнай работай, у тым ліку і праз арганізацыю выставак, якія павінны ўцягваць у дыялог. А гэта значыць — патрэбны выстаўкі небанальныя. І каму яны павінны належаць у першую чаргу, калі не моладзі?..

— Мне як маладому мастаку хацелася б, каб усё праходзіла крыху жывей, — адзначае мастачка Цемра. — Пры тым, што я маю досвед удзелу ў "Асеннім салоне", на трыенале магу адзначыць добрую арганізацыю, увагу да мастакоў, якія таксама частка мерапрыемства. Можна прыдумаць нестандартныя суправаджальныя імпрэзы. Калі я думаю, якую выстаўку хацелася б наведаць мне, то з пункту гледжання работ — каб сама экспазіцыя была арганізавана больш цікава. Такіх вялікіх выставак, калі творы проста развешаны ў прасторы, даволі шмат, усе насыціліся. Мне здаецца, трэба нешта мяняць, каб было незвычайна. Трэба быць бліжэй да людзей. Бо для каго ўсё гэта праходзіць?

— Лічу, што конкурсы патрэбныя моладзі, таму што гэта ў першую чаргу магчымасць выставіцца, такім чынам ты не ствараеш у стол альбо для сябе самога. Я люблю кераміку, для мяне было важна ўдзельнічаць з творам, у якім ёсць форма, — прызнаецца Вікторыя Тарасевіч. — А падчас конкурсу ты можаш спаборнічаць, лепш бачыш сваё развіццё...

Магчыма, менавіта з думкамі пра развіццё будуць жыць нашы маладыя мастакі наступныя тры гады.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: След маладых. Рух?

Выбар рэдакцыі

Культура

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

Раім вам у наступным годзе адправіцца туды самім.

Культура

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Імя мастачкі гучыць усе пяць гадоў правядзення «Асенніх салонаў».

Спорт

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Як варатар зборнай Беларусі па пляжным футболе сумяшчае гульню з роляй настаўніка і бацькі.  

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.