Вы тут

Сучасныя тэхналогіі здабычы нафты адкрываюць магчымасці і перспектывы


Але ж сучасныя тэхналогіі здабычы нафты адкрываюць неверагодныя магчымасці і перспектывы. Пра іх даведалася наш карэспандэнт, якая паднялася на буравую і адчула водар чорнага золата Беларусі.


Дэ­гус­та­цыя во­да­ру наф­ты.

Начальнік Светлагорскага ўпраўлення буравых работ РУП ВА «Беларуснафта» Віктар Архіпенка праводзіць экскурсію для журналістаў на пляцоўцы ў Хойніцкім раёне, дзе цяпер распрацоўваецца свідравіна № 23 Карташоўскага радовішча:

— Радовішча тут маладое. Яно адкрыта нядаўна, у 2013 годзе. Цяпер тут толькі 11 свідравін. Аб'ём вымаемых запасаў складае каля 580 тысяч тон нафты. Гэта толькі тое, што разведана. Здабыта каля 18 %, ці 100 тысяч тон. Наперадзе яшчэ гады работы. У нас 22 буравыя ўстаноўкі, і толькі мы займаемся бурэннем нафтавых радовішчаў у Беларусі. Робім у год 50 свідравін, з якіх штогод здабываецца
каля ста тысяч тон нафты.

Свідравіна глыбінёй 4400 метраў бурыцца прыкладна за чатыры месяцы. Тая, на якой мы пабывалі, будзе ўводзіцца ў эксплуатацыю прыкладна праз месяц. Кабіна аператара буравой не разлічана на гледачоў. Але ж вельмі цікава было пабачыць, як з дапамогай джойсціка Віталь Башылаў кіруе працэсам угрызання ў глыбіні зямныя.

Чарговая вялізарная труба быццам лёгка аддзяляецца ад астатніх і пачынае акуратна спускацца зверху. Яе шлях працягнецца прыкладна на тры кіламетры ва ўлонне зямлі і накіруецца да месца, дзе будзе забой свідравіны. Рабочыя тут высокакваліфікаваныя — выкарыстоўваецца самае сучаснае беларуска-італьянскае абсталяванне. Персаналу дапамагае розум магутных камп'ютараў. «Мозг» буравой — серверная займае асобныя пакоі ў цокалі ўстаноўкі.

Ёсць тут і «кроў» свідравіны. Так называюць, між іншым, вадкасць, якая запампоўваецца ў свідравіну, а потым уздымаецца з глыбіні
нетраў. З выгляду — звычайны бруд. Яго запампоўваюць у спецыяльныя вялізныя ёмістасці, каб вывучаць састаў рэчываў і па ім арыентавацца ў далейшым працэсе бурэння.

Дэгустацыя нафтавага «парфюму» чакае нас унізе. Вадкасці ў прыгожых невялічкіх колбачках адрозніваюцца не толькі подпісам — з якога радовішча прывезены. Яны маюць зусім розныя колер і водар. Тут жа ўзоры керну.

Гэта горная парода, якую дасталі спецыяльным абсталяваннем са свідравіны. Па выглядзе і ўласцівасцях гэтых камянёў спецыялісты даведваюцца пра наяўнасць ці адсутнасць вуглевадародаў у пародзе. З асобных, багатых на вуглевадароды ўзораў керну пад сонцам выступаюць тлустыя чорныя кропелькі. Такія пароды з'яўляюцца калектарамі нафты.

Наф­та зда­бы­ва­ец­ца з вад­ка­сці,  якая на 96 % скла­да­ец­ца з ва­ды.

Дарэчы, сёлета беларуская нафтавая галіна адзначае 55-годдзе. У 1964 годзе свідравіна № 6 Рэчыцкага нафтавага радовішча літаральна зафантанавала чорным золатам. Так была пацверджана наяўнасць прамысловых запасаў нафты ў БССР.

Між тым легендарная свідравіна дагэтуль дае чорнае золата. Яна — самы ганаровы член клуба мільянераў з існуючага фонду «Беларуснафты». Усяго такіх свідравін 15. Начальнік нафтагазаздабыўнога ўпраўлення «Рэчыцанафта» Сяргей Стэльмашок падрабязна расказвае аб самым буйным радовішчы ў краіне — Рэчыцкім:

— Яго пачатковыя геалагічныя запасы складаюць 95 мільёнаў тон. Пачатковая вымаемасць склала 45 мільёнаў тон. На сённяшні дзень астаткавая — 10 мільёнаў тон. За ўвесь тэрмін эксплуатацыі — а гэта 55 гадоў — мы здабылі з гэтага радовішча 35 мільёнаў тон нафты. Пры гэтым толькі тут прабурана больш за 400 свідравін. Палова з іх знаходзіцца ў эксплуатацыі і дагэтуль даюць нафту. Штогод тут здабываецца каля 500 тысяч тон сыравіны.

Дарэчы, на тэрыторыі нашай краіны адкрыта 85 радовішчаў нафты, а ў эксплуатацыі зараз знаходзіцца 61. Усяго цяпер у эксплуатацыйным фондзе 849 свідравін.

Гэта некалі нафта фантанавала і яе атрымлівалі па некалькі сотняў тон у суткі. Цяпер лічыцца нядрэнным вынікам здабыць 5 тон. Напрыклад, з той жа легендарнай Рэчыцкай свідравіны № 6. Праўда, для гэтага трэба спачатку адпампаваць 200 тон вадкасці, 96 % якой складае вада. Такая нафта лічыцца цяжка вымаемай. Спецыяльныя спосабы дазваляюць атрымліваць такую нафту з найменшымі затратамі.

Між тым беларускія тэхналогіі і спецыялісты запатрабаваны не толькі на радзіме. Сёння прадпрыемствы РУП «Беларуснафта» паспяхова рэалізуюць разнастайныя праекты ў Венесуэле і Эквадоры, Расіі і Украіне.

Цэнт­раль­ны пункт кі­ра­ван­ня на ўста­ноў­цы пад­рых­тоў­кі наф­ты.

На Рэчыцкім радовішчы мы сустракаемся з Наталляй Магілевіч. Яна трымае у руках здымак, зроблены ў далёкім 1967 годзе, калі яе дзявочае прозвішча было Севярынец. З фота шчыра ўсміхаецца маладая прыгожая дзяўчына ў рабочай вопратцы, якая трымае колбу з нафтай.

— Тады я выпадкова стала гераіняй усяго Саюза, — Наталля Сямёнаўна і сёння хвалюецца, калі ўспамінае тыя даўнія часіны. — Фота сімвалізавала мільённую тону здабытай нафты. Гэта было свята. Фотакарэспандэнт запрасіў мяне ўзяць колбу з нафтай і стаць мадэллю. Потым здымак быў апублікаваны ў розных газетах і часопісах...

20-гадовая фотамадэль была ў той час звычайнай лабаранткай хімічных аналізаў. Цяпер ужо 37 гадоў працоўнага стажу ў галіне за плячыма і той жа вясёлы агеньчык у вачах.

Начальнік НГЗУ «Рэчыцанафта» Сяргей Стэльмашок нагадвае пра яшчэ адну памятную старонку гісторыі прадпрыемства. У 1965 годзе, калі быў уведзены ў эксплуатацыю Рэчыцкі ўзбуйнены нафтапромысел (потым нафтагазаздабыўное ўпраўленне «Рэчыцанафта»), першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў адкрываў умоўную засаўку, каб і беларускія вуглевадароды пайшлі ў нафтаправод «Дружба». Менавіта ў той час была падрыхтавана першая «кандыцыйная» прамысловая беларуская нафта.

Размова, дарэчы, ідзе каля самой устаноўкі падрыхтоўкі нафты, пабудаванай у 1972 годзе.

Пульт кіравання ўстаноўкі — некалькі манітораў, за якімі ўважліва сочаць два спецыялісты. Тут жа адбываецца кантроль за адгрузкай нафты, праводзяцца прыёма-здатачныя аперацыі і афармляецца пашпарт якасці на гатовы прадукт.

Размова непазбежна заходзіць пра перспектывы нафтаздабычы ў нашай краіне. Сяргей Стэльмашок запэўнівае, што мінімум 30 гадоў на тэрыторыі Беларусі яшчэ будуць здабываць чорнае золата:

— Хоць стан рэсурснай базы і пагаршаецца, мы прырастаем у здабычы нафты. У 2018 годзе ўпершыню ў гісторыі прадпрыемства гадавы аб'ём здабытай нафты перавысіў 1 мільён 670 тысяч тон. Пры гэтым новыя свідравіны далі больш за 94 тысячы тон нафты. Гэта найлепшы вынік за апошнія 23 гады. І ўпершыню за 20 гадоў прырост запасаў нафты ў Беларусі дасягнуў узроўню здабычы. Налета таксама будзем усё рабіць для таго, каб прырошчваць аб'ёмы здабычы. Гэтаму садзейнічае ўкараненне новых тэхналогій. Пастаянна ідзе сейсмічная разведка нафтавых рэсурсаў на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, чатыры гады таму на Рэчыцкім радовішчы быў адкрыты Ланскі залеж, пра які спачатку нават геолагі і прамыславікі не падазравалі. З развіццём тэхналогій пошуку вуглевадародаў мы падыдзем да новых магчымасцяў, якія нам дазволяць працягваць здабычу нафты на беларускай зямлі і праз 30 гадоў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Цяпер не фантан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?