Вы тут

Як Брэст будзе святкаваць 1000-годдзе


Хто нядаўна вярнуўся ў горад з адпачынку, адразу заўважыў значныя перамены. Брэст расквеціўся сцягамі, стала больш яркіх фарбаў на вуліцах і фасадах будынкаў, з'явіўся асаблівы ўрачысты настрой, які бывае ў чаканні блізкай важнай падзеі. Пра будучае свята гавораць у сем'ях, ва ўстановах, у транспарце. Адным словам, абласны цэнтр гатовы сустрэць свой значны юбілей.


Моладзь піша пажаданні на святочным банеры.

На пляцы каля Вяслярнага канала прадстаўнікі замежнай фірмы ўжо тыдзень манціруюць галоўную сцэну міленіума. У горадзе шчыруе сталічная рэжысёрская група. Рэжысёр-пастаноўшчык Марыя ТРАЦЦЯКОВА расказала, што такой сцэны, шматфункцыянальнай і складанай, Беларусь яшчэ не бачыла: гэта не сцэна, а цэлы тэхнічны комплекс. Там прадугледжваецца некалькі сцэнічных узроўняў, у тым ліку з выкарыстаннем вады. Перад сцэнай будзе разгорнуты басейн з вадаспадамі, водны экран ды іншыя цікавінкі, якія павінны зрабіць заключнае шоу святкавання «Міленіум» не проста канцэртам, а нечым большым.

На адной сцэне, паводле праграмы, будзе знаходзіцца больш за 600 чалавек: музыканты, танцоры, акрабаты. Масавыя пастаноўкі пакажуць станаўленне і развіццё горада ад сярэднявечча да нашых дзён. Гэта амаль усе падрабязнасці, якія паведамляюць арганізатары, астатняе захоўваецца ў тайне, бо павінна ж мець інтрыгу такая грандыёзная дзея. Таму рэпетыцыі праходзяць не на месцы выступленняў, а ў памяшканні футбольнага манежа.

Вядома, што да ўдзелу ў двухгадзіннай феерыі прыцягнута вялікая колькасць харэаграфічных калектываў, у тым ліку найлепшыя культурныя сілы самога Брэста. Трэба спадзявацца, што шоу стане надзвычай відовішчным і запамінальным. Але названае мерапрыемства запланавана як фінальная кропка ў вялікай праграме трохдзённых святкаванняў. Усяго ж гэтых падзей будзе больш за сотню. І многія з іх абяцаюць стаць асабліва цікавымі, відовішчнымі, змястоўнымі.

Пачнуцца юбілейныя мерапрыемствы апоўдні 6 верасня ўрачыста-святочным прадстаўленнем, прысвечаным пачатку святкавання 1000-годдзя Брэста на плошчы Леніна. А ў сем вечара на гэтым месцы адбудзецца канцэрт «Горад святла». Загадчыца сектара культуры Брэсцкага гарвыканкама Святлана СЯМАШКА паведаміла, што на ім выступяць як беларускія, так і замежныя зоркі. Чакаецца выступленне Джо Цёрнэра, Ісайі, былога брастаўчаніна Сашы Ісаева ды іншых. «Горад святла» абяцае зацікавіць маладых.

Тым часам з вуліцы Гогаля пачнецца міжнародны парад аркестраў краін СНД «Марш 1000-годдзя». У Брэст на святкаванні прыедуць 10 аркестраў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Ніжняга Ноўгарада, Нур-Султана, іншых гарадоў. Яны дадуць сольныя канцэрты, а таксама паўдзельнічаюць у парадзе і гала-канцэрце. Напрыклад, у 18 гадзін 6 верасня на вуліцы Савецкай сваю праграму пакажа аркестр штаба Паўночна-Заходняй акругі войск нацыянальнай гвардыі Расійскай Федэрацыі, а ў 19 гадзін пачнецца канцэрт аркестра Маскоўскага кадэцкага музычнага корпуса. Пройдуць канцэрты ў Брэсцкай крэпасці і на іншых пляцоўках горада. А ў 15 гадзін 7 верасня на скрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Леніна пачнецца маляўнічы карнавал. Яго праграму ўпрыгожаць музыкай беларускія і замежныя аркестры. У гэты ж дзень у 15.30 пачнецца гала-канцэрт. Зводны аркестр з 400 музыкантаў адкрые яго ўрачыстай фанфарай Тысячагоддзя, напісанай спецыяльна для гэтага мерапрыемства (аўтар твора Алег Галубец з Гродна).

— Цяпер поўным ходам ідзе падрыхтоўка зводнага аркестра, — расказаў кіраўнік Брэсцкага гарадскога духавога аркестра Валерый КОВАЛЬ. — Важна адпрацаваць кожны крок: выхад, пастраенне і само выступленне.

Наогул жа мерапрыемстваў у афішы шмат, запланаваны шэраг фестываляў, асобных свят, такіх як Міжнародны дзіцячы фестываль тэатраў і кніг. Ён, дарэчы, пройдзе ў новым тэатры лялек, які толькі што здадзены ў эксплуатацыю і з'яўляецца адным са шматлікіх аб'ектаў тысячагоддзя. Гэтыя аб'екты — масты, дарогі — пабудаваны і абноўлены за грошы, якія краіна выдзеліла пад значны юбілей, і праслужаць гораду яшчэ многія дзесяцігоддзі — галоўнае, каб было мірнае неба ды здароўе і сілы ў гараджан для далейшай работы на карысць горада. Таму вельмі лагічным выглядае пачынаць святкаванне з малітвы. Усе канфесіі падрыхтавалі сваю духоўную праграму на святочныя дні. Боская літургія і падзячны малебен у памяць 1000-годдзя Брэста пройдуць ва ўсіх праваслаўных храмах, адслужаць месу і ўзнясуць малітвы за горад і гараджан католікі, памоляцца ў сваіх святынях прадстаўнікі іншых канфесій. Званы цэркваў і касцёлаў у гэты дзень будуць абвяшчаць велічны юбілей горада.

Брэст чакае вельмі многа гасцей. У гасцініцах ужо забраніраваныя фактычна ўсе нумары. Тураператары абвясцілі, што амаль не застаецца месцаў у хостэлах, разабралі турысты і бюджэтныя кватэры. Гасцям застаецца шукаць знаёмых, сяброў. Думаю, у гэтыя дні амаль кожная брэсцкая сям'я будзе рада прыняць гасцей: сваякоў, сяброў, знаёмых ці нават знаёмых сяброў. Так што чакаем свята!

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».