Вы тут

Прэзідэнт: Галоўнае — зберагчы кожнае зярнятка


Першае, што адзначыў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ААТ «Азярыцкі-Агра», — 31 жніўня з’яўляецца звычайным днём. Сённяшняя субота стала для кіраўніка краіны працоўнай — ён абмеркаваў ход уборачнай і падрыхтоўку да наступнага сельскагаспадарчага года.


Беларускі лідар падкрэсліў, што паняцце «барацьбы за ўраджай» для нашай краіны ўжо неактуальнае. Напрыклад, з улікам змены клімату аграрыі пераарыентаваліся і бяруць зерне з кукурузы.

«Таму гэта ўжо не бітва. Сем мільёнаў тон атрымаць для Беларусі з такой насычанай тэхнікай, узроўнем земляробства — гэта ўжо не праблема. Проста традыцыйна мы зерневым каласавым удзяляем больш увагі, таму што іх убраць трэба хутчэй», — звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што накарміць беларусаў праблем ніколі не было. Хапае корму і жывёле. Галоўнае — зберагчы кожнае зярнятка, не згубіць ніводнай магчымасці прыбытку ад расліны.

«Гляджу на гэты лес кукурузы, думаю — мы ж толькі катах возьмем, і тое ад яго толькі зерне. Астатняе ўсё перамелем, зааром. Шкада становіцца такі лес браць на зерне, а астатняе практычна знішчыць», — выказаў уражанне Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што амаль скончанае жніво — гэта толькі 25-30 працэнтаў усёй уборачнай кампаніі: наперадзе яшчэ другі хлеб (а яго будзе практычна столькі ж, колькі збожжавых каласавых), агародніна, садавіна і галоўнае, кукуруза.

Аляксандр Лукашэнка паставіў прысутным у прыклад працу «Азярыцкага-Агра». Тут усё, як па падручніку: ідзе уборка бульбы, падрыхтоўка глебы пад зябліва, сяўба, даспяванне кукурузы...

«Вось так трэба працаваць. Прыемна паглядзець, бачна, што тут ёсць гаспадар. Ужо, пэўна, трэці ўкос. Завярнула ў плёнку — не вывезе зараз, вывезе праз дваццаць дзён. Але гэта корм. Вось гэтага ў нас яшчэ не хапае: улезем ва ўборку зерневых і цярэбімся там, па-сялянску кажучы, целяпаемся з гэтымі зерневымі, забываючы, што пасля ўборкі трэба пераараць, падрыхтаваць адразу глебу пад азімыя, пасеяць», — звярнуў увагу кіраўнік краіны.

Міністр сельскай гаспадаркі Анатоль Хацько далажыў Прэзідэнту, што з панядзелка ў кране пачынаецца ўборка кукурузы на зерне. Скончана сяўба азімага рапсу.

Што да галоўнай «гераіні» працоўнай паездкі, бульбы, яе ўраджайнасць перавышае леташнюю і складае 365 цэнтнераў з гектару. Валавы збор кіраўнік сельскагаспадарчай галіны чакае каля 1100 тысяч тон — і гэта толькі ў грамадскім сектары. А цалкам па рэспубліцы, дзякуючы фермерам, — каля сямі мільёнаў.

«Уся бульба будзе ў бульбасховішчы», — запэўніў міністр.

На ўборку часу яшчэ хапае, але і марудзіць не трэба, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Самае святое — стабілізацыйныя фонды. Гэта рэзервы для насельніцтва. Каб у нас была свая бульба на паліцах крамаў, самых лепшых гатункаў. У нас малайцы вучоныя, сяльчане нашы малайцы — навучыліся вырошчваць добрыя сарты», — запатрабаваў Прэзідэнт.
Ён адзначыў вельмі высокую якасць беларускіх гатункаў бульбы, у якой упэўніўся асабіста, вырошчваючы розныя сарты ў загараднай рэзідэнцыі. Сваю бульбу Прэзідэнт звычайна прэзентуе калегам з іншых краін.

«Гэта цуда-бульба, новыя сарты. Таму калі нехта хоча закупіць бульбу, асабліва Расія, пастсавецкія рэспублікі (дзесьці неўраджай) — яны разумеюць, дзе найлепшая бульба», — але галоўнае, падкрэсліў Прэзідэнт, уласнае насельніцтва накарміць добрай бульбай. У Мінску, абласных цэнтрах, раёнах — дзе толькі маюцца склады — трэба закласці ўраджай у стабілізацыйныя фонды.

Нагадаў кіраўнік дзяржавы і не забыцца на фермераў, якія вырошчваюць пераважную большасць усяго валу бульбы. Калі ў сяльчан ёсць лішкі, усё трэба выкупіць, дапамагчы прадаць.

«У бульбе сёлета маюць патрэбу ўсе. І кошт добры, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Трэба забяспечыць Украіну, якая церпіць ад засухі. Можа, прэзідэнт Украіны папросіць і насеннем дапамагчы».

І самае галоўнае: па ўсёй краіне з напружаннем вялікіх сіл пабудаваныя сховішчы. Зараз яны павінны быць поўныя, каб увесну краіна магла прадаць бульбу на знешніх рынках даражэй. Айчынную прадукцыю гатовыя закупляць у тым ліку Сербія, Македонія, Узбекістан.

Генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і пладаагародніннаводстве Вадзім Маханько пазнаёміў Прэзідэнта з сартамі новай селекцыі. Бульба — тавар выдатны, але сціплы. І таму мае патрэбу ў рэкламе.

«Мы адрадзілі культуру, трэба давесці да розуму і прадаваць, — запатрабаваў Прэзідэнт. — Дрэнна працуем з рэкламай. Якасць нашага тавару — дзівосная. Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, якому падараваў бульбу, сказаў: да ты што, я такой смачнай бульбы даўно не еў».

Што да сяўбы азімых, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу аграрыяў на надвор’е, якое не заўсёды будзе такім добрым, як сёння. Часу губляць нельга, рыхтавацца да сяўбы патрэбна, пакуль ёсць магчымасць.

Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэту Анатоль Ісачанка далажыў Прэзідэнту, што пачынаецца ўборка цукровых буракоў. Два цукровыя заводы гатовыя да прыёмкі ўраджаю. Буракі сёлета добрыя, тэхнікі хапае. Праўда, давядзецца папрацаваць над рынкамі збыту, бо ва ўсходняй суседцы сёлета зашмат уласнага цукру.

«Вы мне не пакутуйце, ваша справа — прадаць тое, што вырасцілі сяльчане. Трэба варушыцца не толькі ў полі, а шукаць новыя рынкі збыту. Зніжаць вытворчасць ні ў якім разе нельга», — звярнуўся да адказных асоб Прэзідэнт.

Старшыня Смалявіцкага райвыканкама Міхаіл Загорцаў паведаміў, што ў раёне ўраджайнасць гароху складае 30 цэнтнераў з гектару. Прэзідэнт лічбай астаўся задаволены, але адзначыў, што заўсёды трэба імкнуцца да лепшага: «Трэба за кошт інтэнсіфікацыі вытворчасць браць, а не за кошт экстэнсіўнага фактару».

Дырэктар ААТ «Азярыцкі-Агра» Ніна Жалязнова правяла для кіраўніка краіны міні-экскурсію па сваёй гаспадарцы, прадэманстраваўшы на выставе вынікі вытворчасці. Напрыклад, элітныя сарты беларускага сыру вырабляюцца з азярыцкага малака.

19 жніўня гаспадарка завяршыла ўборку каласавых, атрымаўшы 15,5 тысяч тон зерня пры ўраджайнасці 50,6 цэнтнераў з гектару. Утрымліваюцца ў гаспадарцы і 6200 галоў буйной рагатай скаціны. У планах — будоўля трэцяга малочнатаварнага комплексу.

Удзельнікі нарады абмеркавалі тэму здачы малака на перапрацоўку. З аднаго боку, рэалізоўваць прадукцыю праз біржу, дзе кошт можа быць вышэй на 15 %, было б выгадней. Але і створаныя партнёрскія адносіны з вытворцамі аграрыі губляць не хочуць. Так ці інакш, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: перапрацоўшчыкі нажывацца на кошт сяльчан не павінны.

Беларускі лідар азнаёміўся з ходам уборкі бульбы сорту Гала і перадпасяўной падрыхтоўкай глебы і сяўбой азімага ячменю сорту Тэрэза. Прадэманстравалі Прэзідэнту шампіньёны вытворчасці ААТ «Азярыцкі-Агра» (Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, як іх рыхтаваць), агародніну, сярод якой таматы-чэры, і нават дасягненні ў развядзенні... цытрусавых. Лімоннае дрэўца Ніна Жалязнова падарыла Аляксандру Лукашэнку.

Кіраўнік краіны азнаёміўся з уборачнай тэхнікай, агледзеў палі гаспадаркі. Калі пачуў ад дырэктара гаспадаркі ўдзячныя словы ў адрас Брэсцкага электрамеханічнага завода, наказаў звярнуць увагу на гэта прадпрыемства і дапамагчы яму.

Традыцыйна свой дзень нараджэння кіраўнік краіны правёў на працы, тым не менш, рэдакцыя газеты «Звязда» не можа не далучыцца да шматлікіх віншаванняў Прэзідэнту.

Варвара Марозава

Смалявіцкі раён

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Будзем з бульбай

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.