Вы тут

Галоўны гаспадар — Яе Вялікасць Кніга


Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме, відаць, — адна з лепшых нагод пагутарыць з міністрам інфармацыі нашай краіны Аляксандрам Карлюкевічам. І не толькі пра свята…


— Пачнём усё ж з Дня беларускага пісьменства ў Слоніме. Чым адрозніваецца праграма сёлетняга свята?

— Чвэрць стагоддзя адзначаецца Дзень беларускага пісьменства ў нашай краіне. Сёлета — дваццаць шосты раз. Геаграфія самая шырокая, прадстаўнічая: Полацк, Навагрудак, Орша, Заслаўе, Глыбокае, Быхаў, Ганцавічы, Смаргонь, Шчучын… Дзе толькі не пабывала свята! Можна нават адмысловую карту стварыць. Канешне, канцэптуальна свята мае свае абрысы, традыцыі. І наўрад ці лагічна было б парушаць іх адно толькі дзеля навацый. Экспедыцыя «Дарога да святыняў», навуковапрактычная асветніцкая канферэнцыя, урачыстае адкрыццё, фестываль кнігі і прэсы, адкрыццё помніка ў знак мясцовай знакамітасці альбо ў знак асветніцтва, гістарычных адметнасцяў той ці іншай старонкі… Але з кожным годам прыходзіць у праграму нешта новае. Пачалі ўручаць у Дзень беларускага пісьменства прэміі за найлепшы мастацкі твор — спярша, калі памятаеце, гэта было ўручэнне прэміі «Залаты купідон», пасля — Нацыянальнай літаратурнай прэміі. А яшчэ навацыяй у апошнія гады стаў Рэспубліканскі конкурс чытальнікаў «Жывая класіка».

— Калі ўсё ж такі гаварыць пра Слонім…

— На свяце будзе працаваць «Друкарскі двор XVI стагоддзя». Праект хаця і вядомы, але сёлета гэта яшчэ і магчымасць падсумаваць вынікі калекцыянерскай, асветніцкай, гісторыка-краязнаўчай працы вядомага беларускага калекцыянера, лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава і яго паплечнікаў па праекце Выдавецкага дома «Звязда» — «У пошуках страчанага». Пры дзяржаўнай падтрымцы выдадзена цэлая бібліятэка падарожных філакартычных кніг. Усяго іх дваццаць пяць. Прайшлі розныя выстаўкі па ўсёй Беларусі. І зараз у Слоніме будзе магчымасць «апрануць» на сябе вопыт першадрукара Францыска Скарыны і аддрукаваць старонку, падобную на старонкі яго кніг. Аддрукаваць па старадаўніх тэхналогіях, на паперы, якая зроблена ідэнтычна той, што меў і наш першадрукар.

Тым, хто робіць першыя крокі ў спасціжэнні беларускай гісторыі, раю прыняць удзел у квэст-гульні «Код Сапегі». Цікавостак у гэтым праекце шмат. Што прыемна, у свята з’явілася шмат партнёраў. Ужо і заснавальнкамі яго поруч з Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам культуры лічацца яшчэ і іншыя міністэрствы: Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. На святочных пляцоўках шмат розных імпрэз, цікавых мерапрыемстваў правядуць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальны гістарычны музей, Нацыянальная бібліятэка Беларусі… Мы вельмі ўдзячны музейшчыкам за розныя ініцыятывы. Тое, што яны ладзяць пэўныя праекты ў межах Дня беларускага пісьменства, дае магчымасць аматарам з правінцыі адкрыць нешта новае, цікавае, магчыма, з тых шэрагаў, тых тэматычных абсягаў, якія ім са свайго рэгіёна разгледзець цяжка, ды і не ва ўсіх ёсць магчымасць часта наведваць сталіцу.

— І ўсё ж такога маштабу свята — гэта відовішчы, імпрэзы... Статычнасць тут — не лепшы спадарожнік, пэўна?

— А хто вам сказаў, што праекты, арганізаваныя, напрыклад, музейшчыкамі ці бібліятэкарамі, носяць статычны характар?!. Між іншым, і прыўнесеныя з Мінска ідэі надзвычай інфармацыйныя. Возьмем, напрыклад, мерапрыемствы з удзелам Нацыянальнай бібліятэкі, коласаўскага музея: выстаўка «Слонім і наваколле», прысвечаная Году малой радзімы і вядомым людзям Слонімшчыны, выстаўка рэдкіх і каштоўных кніг па гісторыі Слонімшчыны, выставачная экспазіцыя да 60-годдзя музея Якуба Коласа. Дапоўняць іх «Коласаўскія чытанні», арганізаваныя ўжо Слонімскай раённай бібліятэкай імя Якуба Коласа і прымеркаваныя да 75-годдзя гэтай скарбніцы ведаў. Купалаўскі музей з музеем гісторыі беларускай літаратуры адкрыюць выстаўкі «Мы ёсць народам! (Мітрафан Доўнар-Запольскі)», прысвечаную гісторыі беларускай дзяржаўнасці, і — «Маладая Беларусь: асоба і творчасць Янкі Купалы ў гісторыі краіны», прысвечаную 100-годдзю ўтварэння БССР.

Што да відовішчаў, то ў Слонімскім цэнтры культуры і адпачынку па вуліцы Чырвонаармейская, 25 пройдзе спектакль «Вечар» у пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Гэта ж унікальная падзея: адзін з галоўных тэатраў краіны прыехаў у раённы цэнтр!.. Такая цікавостка павінна стаць пастаяннай у праграме свята ў іншых рэгіёнах краіны. Спадзяёмся, што Купалаўскі тэатр і надалей застанецца добрым партнёрам і Міністэрства інфармацыі, а самае галоўнае — Дня беларускага пісьменства.

 Вечарам 1 верасня Слонімскі драматычны тэатр пакажа спектакль па п’есе У. Рудава «Камедыя».

— Свята святам, песні песнямі, пастаноўкі пастаноўкамі, а вось кніга… Друкаваная кніга. Як яна будзе пачувацца на Дні беларускага пісьменства?

— Яе Вялікасць Кніга — галоўны персанаж, галоўная царыца балю на свяце пісьменства. І ў ранейшыя гады, і цяпер, у Слоніме. Многія мерапрыемствы праграмы — з удзелам, па ініцыятыве беларускіх пісьменнікаў, Саюза пісьменнікаў Беларусі. На Фестывалі кнігі і прэсы будуць прадстаўлены найлепшыя мастацкія выданні, літаратура адукацыйнага характару, энцыклапедычныя выданні. Адмысловая пляцоўка «Слова пісьменніка» дасць магчымасць наладзіць многія прэзентацыі, аўтограф-сесіі. Асобна будуць вылучаны кнігі-юбіляры, кнігі — пераможцы Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі», кнігі, якія выдадзены з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Пройдзе адмысловая выстаўка «Самаробная кніга». Падкрэслю, што ААТ «Белкніга» арганізуе шырокі гандаль кнігамі. Літаральна дзясяткі тысяч (!) назваў кніжных навінак 2018 і 2019, а таксама ранейшых гадоў выдання будуць прадстаўлены ў продажы. І гэта пры тым, што ў Слоніме пачала працаваць новая кнігарня з прыгожай асветніцкай назвай «Санет». Варта ўжо сёння назваць імя кіраўніка Гродзенскага філіяла «Белкнігі» Ігара Лапенкі, які шмат зрабіў для арганізацыі прадуктыўнай працы гэтай кнігарні, для знаёмства сланімчан з кніжнымі навінкамі, у тым ліку праз добры дзясятак прэзентацый, якія ў «Санеце» паспелі правесці за два месяцы працы — кнігарня адчыніла свае дзверы для работы ў тэставым рэжыме 15 чэрвеня.

Гаворачы пра кнігу, хацеў бы звярнуць увагу на значныя праекты, якія засведчылі і мастацкі ўзровень выданняў, іх адмысловае паліграфічнае выкананне і цікавы мастацкі ці дакументальны змест. Па традыцыі, якая ўсё болей пашыраецца, выдадзена цэлая лінейка кніг замежных аўтараў на рускай і беларускай мовах. А гэта і альманах «Созвучие», які ўжо пяты раз прыходзіць да чытача, і кнігі з серый «Сябрына: паэзія народаў Расіі», «Светлыя знакі: паэты Кітая», і аповесць украінскага пісьменніка Уладзіміра Даніленкі… Пералік, паверце, можа быць доўгі.

— Сёння ўжо можна сказаць, куды далей рухаецца Дзень беларускага пісьменства?

— Маршрут пралягае ў Бялынічы, на Магілёўшчыну. Рашэнне прынята арганізацыйным камітэтам па правядзенні Дня беларускага пісьменства. Сімвалічна эстафета аб перадачы свята адбудзецца ў час урачыстага закрыцця Дня беларускага пісьменства ў Слоніме. Заўважу, што ўжо зараз нараджаюцца першыя ініцыятывы, дарэчы, досыць, канкрэтныя, — адносна святкавання Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах. Запрашаю ўсіх чытачоў рабіць прапановы і ўжо сёння планаваць свае першыя выхадныя дні ў верасні 2020 года з разлікам на паездку ў Бялынічы. Усіх чытачоў «Літаратуры і мастацтва» — са святам! З Днём беларускага пісьменства ў Слоніме!

Гутарыў Максім ВЕЯНІС

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.